Рыбачылі і выпівалі – рыбалка на возеры ў Клімавіцкім раёне скончылася трагедыяй

На возеры ў Клімавіцкім раёне патануў 41-гадовы мужчына, які спрабаваў дагнаць лодку. Яго цела з дна вадаёма паднялі работнікі асвода.

Сталі вядомымі падрабязнасці трагедыі, пра якую пісалі mogilev.media. Загінулы з’яўляўся жыхаром г. Касцюковічаў, і разам з 64-гадовым знаёмым яны прыехалі на возера паблізу вёскі Якімовічы Клімавіцкага раёна каб парыбачыць. Паралельна з лоўляй рыбы мужчыны ўжывалі спіртное. 

Увечары 41-гадовы касцюкаўчанін вырашыў праверыць закінутыя прыстасаванні для лоўлі шчупака, для чаго адштурхнуў маторную лодку ад берага, каб маторам не закрануць дно. Лодку стала адносіць ад берага, і мужчына паплыў даганяць яе. Дагнаў, але забрацца ў лодку не змог і стаў тануць. Яго напарнік паспяшаўся на дапамогу, але з-за таго што не ўмеў плаваць, не змог дабрацца да лодкі, якая знаходзілася на глыбіні паведамляе раённая газета “Родная ніва”. 

Супрацоўнікаў міліцыі і ратавальнікаў пасля здарэння выклікалі ўжо відавочцы драматычнай падзеі. Цела патанулага са дна паднялі супрацоўнікі клімавіцкага асвода, а яго лодку даставілі на бераг.  

Фота: “Родная ніва” і з адкрытых крыніц

У Крычаўскім раёне на беразе ракі знайшлі ўкамплектаваную лодку, а гаспадара шукаюць

Гумовую лодку знайшлі супрацоўнікі Касцюковіцкай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету пры правядзенні палявога мерапрыемства на тэрыторыі Крычаўскага раёна. Гэта адбылося паблізу вёскі Вародзькаў каля ракі Волчас. Была выяўлена лодка ў камплекце з адным сядзеннем, помпай і двума вёсламі – паведамляе раённая газета “Крычаўскае жыццё”.

Знойдзеная маёмасць на дадзены момант знаходзіцца ў касцюковіцкай прыродаахоўнай інспекцыі да высвятлення сапраўднага гаспадара лодкі. Пакуль не зразумела, з чым звязана знікненне гаспадара – з няшчасным выпадкам, ці ўцёкамі, бо ў час нераста карыстанне лодкамі забаронена.

Фота ілюстрацыйнае