У Клімавіцкім раёне ствараецца маштабная інфраструктура для расійскай ваеннай базы

Лагістычны цэнтр у Клімавіцкім раёне, што будуецца, насамрэч з’яўляецца інфраструктурай для грузаў расійскай ваеннай базы, ствараемай на месцы былой авіабазы “Крычаў-6”, высветлілі расследавальнікі.

Як стала вядома “Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі”, на меркаваным лагістычным цэнтры прадугледжаны даволі разгалінаваныя пуці. Там праводзяцца як мінімум восем пуцей рознага прызначэння і стрэлачная развязка, прызначаная для палягчэння і паскарэння манеўровых аперацый.

На тэрыторыю гэтага “лагістычнага цэнтра” вядзе наноў уладкаваны пад’язны пуць, выкананы ў выглядзе прымыкання да перагону Крычаў-1 – Шасцёраўка.

На месцы прымыкання арганізаваны фактычна паўнавартасны паасобны пункт, які ўяўляе сабой пуцявы пост з назвай «Пуцявы пост 245 км» з адпаведным абсталяваннем у выглядзе сігнальных пунктаў – уваходных і выходных святлафораў як з боку станцый Крычаў-1 і Шасцёраўка, так і з боку непасрэдна меркаванага “лагістычнага цэнтра”.

Расследавальнікі адзначаюць, што “лагістычны цэнтр” у Клімавіцкім раёне з’яўляецца прыкрыццём для будаўнічых работ на тэрыторыі былой авіябазы, дзе насамрэч ствараецца ваенная база, насельнікамі якой стануць, цалкам відавочна, расійскія вайскоўцы. А ўладкаванне чыгуначнай інфраструктуры там у прыведзеных аб’ёмах можа сведчыць аб маштабнасці планаваных воінскіх перавозак у гэтым напрамку ў бліжэйшы час.

Створаная там чыгуначная інфраструктура дазволіць эфектыўна і, самае галоўнае, дастаткова ўтойліва праводзіць работы па пагрузцы-выгрузцы воінскага інвентару, абсталявання, тэхнікі, боепрыпасаў, сцвярджаюць у “Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі”.

На карысць таго, што пабудаваны «лагістычны цэнтр» з’яўляецца аб’ектам ваеннай інфраструктуры, служыць факт яго размяшчэння, што ў значна большай ступені прадугледжвае магчымасці рэалізацыі пагрузачна-разгрузачных аперацый на закрытай тэрыторыі ў любы час сутак з прыцягненнем найменшай колькасці работнікаў чыгункі для пропуску саставаў на аб’ект і з аб’екта.

Па афіцыйнай інфармацыі, заказчыкам работ па ўладкаванні пад’язных пуцей на тэрыторыю былой авіябазы «Крычаў-6» з мэтай арганізацыі там “лагістычнага цэнтра” выступае Магілёўскі аблвыканкам. Аднак расследавальнікі высветлілі, што ініцыятарам дадзенага будаўніцтва з’яўляецца Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, і менавіта расійскі бок ёсць заказчыкам гэтага аб’екта. 

Фотаздымак: БелТА

Што адбываецца на тэрыторыі аэрадрома «Крычаў-6»?

Новы спадарожнікавы здымак зафіксаваў змены на былым ваенным аэрадроме пад Крычавам.

Здымак кампаніі Planet Labs ад 9 лютага 2026 года, атрыманы «Радыё Свабода», сведчыць пра працяг работ на тэрыторыі былога ваеннага аэрадрома «Крычаў-6».

За апошнія месяцы аб’ект прыкметна змяніўся: з’явіліся новыя будынкі і тэхніка.

Упершыню на спадарожнікавай фатаграфіі можна разгледзець машыны, якія, меркавана, маюць дачыненне да ракетнага комплексу «Арэшнік».

Акрамя магчымых элементаў ракетнага комплексу, на тэрыторыі зафіксаваныя дадатковыя пабудовы і змены ў інфраструктуры. Гэта можа сведчыць пра працяг стварэння ваеннай базы і падрыхтоўку пляцоўкі для размяшчэння спецыялізаванай тэхнікі.

Пакуль гаворка ідзе толькі пра візуальныя прыкметы, выяўленыя на падставе спадарожнікавых дадзеных.

Фота “Радые “Свабода“.