Расійскія сістэмы РЭБ уплываюць на праблемы з GPS у Беларусі, з-за чаго геалакацыя, напрыклад, у Магілёве, пачынае паказваць некарэктна.
Жыхар Магілёва паведаміў пра незвычайны збой у працы GPS. Знаходзячыся ў сваёй кватэры на восьмым паверсе шматкватэрнага дома, ён убачыў у мабільным дадатку карты, што нібыта знаходзіцца ў Смаленскай вобласці Расіі.
Пра гэты выпадак ён расказаў у адным з профільных тэхнічных чатаў, прыклаўшы скрыншот з экрана тэлефона. Паводле яго слоў, пасля таго як ён спусціўся на вуліцу, геалакацыя зноў пачала працаваць нармальна.
Іншыя ўдзельнікі чата адзначылі, што таксама перыядычна сутыкаюцца з падобнымі збоямі. Яны звярнулі ўвагу, што чым вышэй знаходзіцца прылада над зямлёй, тым часцей GPS вызначае няправільныя каардынаты.
Як мяркуюць спецыялісты, гаворка ідзе пра так званы GPS-спуфінг – падмену спадарожнікавага сігналу. У адрозненне ад яго глушэння, калі навігацыя проста перастае працаваць, пры спуфінгу прыёмнік атрымлівае больш магутны фальшывы сігнал і пачынае вызначаць памылковае месцазнаходжанне.
Даследчыкі ўжо неаднаразова звязвалі падобныя перашкоды са Смаленскай вобласцю. Лічыцца, што расійскія сістэмы радыёэлектроннай барацьбы выкарыстоўваюць падмену каардынат для супрацьдзеяння ўкраінскім беспілотнікам, якія рэгулярна атакуюць аб’екты на тэрыторыі Расіі.
Пры гэтым эфект ад працы сістэм РЭБ распаўсюджваецца і на памежныя беларускія рэгіёны. У выніку памылковыя каардынаты могуць атрымліваць не толькі беспілотнікі, але і звычайныя карыстальнікі мабільных тэлефонаў.
Спецыялісты адзначаюць, што такая падмена сігналу можа ствараць праблемы не толькі для аўтамабільнай навігацыі, але і для авіяцыі ды іншых сфер, дзе дакладнасць GPS мае вырашальнае значэнне.
Фотаздымак: “Наша ніва”
