Гарачая ноч – новая масіраваная атака па Украіне, беспілотнікі атакавалі расійскія гарады

У ноч на 26 мая расійскія войскі здзейснілі новы масавы абстрэл тэрыторыі Украіны крылатымі ракетамі і ўдарнымі беспілотнікамі. Украінскія паветраныя сілы ЗСУ паведамілі, што асноўным накірункам атакі сталі усходнія рэгіёны Украіны і Кіеў. 

Над Кіевам сродкі супрацьпаветранай абароны знішчылі ўсе цэлі – распавялі ў гарадской ваеннай адміністрацыі. Гаворыцца аб падзенні абломкаў збітай ракеты на адзін з гандлёва-забаўляльных цэнтраў Кіева і на аўтамабілі ў Абалонскі раёне. Акрамя таго, зафіксавана падзенне абломка на прыватны дом у Шаўчэнкаўскі раёне. Сур’ёзных разбурэнняў няма.

Збітыя 35 цэляў 3 48

Падчас масіраванага нападу ўдар прыйшоўся па горадзе Днепр. У адным з прыватных домаўладанняў адбыўся пажар. “Пашкоджаны 2 дамы і аўто. Занялося і на двух прыватных прадпрыемствах. Агонь ратавальнікі ўтаймавалі” – удакладніў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Лысак. Таксама ў горадзе пашкоджана мясцовая запраўка, раненні атрымаў яе работнік. Цяпер ён лечыцца дома. Акрамя гэтага, значныя разбурэнні панесла транспартнае прадпрыемства.

Усяго па тэрыторыі Украіны былі нанесены ўдары 17-цю крылатымі ракетамі розных тыпаў і 31-м ударным беспілотнікам. Паведамляецца, што сілы супрацьпаветранай абароны Украіны збілі 10 крылатых ракет паветранага базіравання Х-101/Х-555,

23 ударных дрона “Shahed-136/131” і 2 БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню “Арлан-10” і “Мерлін-ВР”.

Пад ударам – Краснадар, Белгарад

Каля 04:00 раніцы па будынку аператара сотавай сувязі МТС у Краснадары быў нанесены ўдар беспілотнікам – паведамляе “Краснадар онлайн”.

Будынак сотавага аператара атрымаў нязначныя пашкоджанні.

Таксама ў ноч на 26 мая беспілотнік атакаваў будынак “Газпрама” ў Белгарадзе, скінуўшы на яго боепрыпас. Паведамляецца, што будынак быў пашкоджаны, пацярпелых няма.

Фота з адкрытых крыніц

Удар беспілотнікамі па Крамлі хутчэй за ўсё быў інсцэніроўкай – ISW

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (Institute for the Study of War, ISW) у сваім штодзённым аналізе падзей на франтах расійска-украінскай вайны выказвае меркаванне, што па ўсіх прыкметах учорашні ўдар беспілотнікамі па Сенацкім палацы ў Крамлі быў інсцэніроўкай.

Так, аналітыкі ISW звяртаюць увагу на той факт, што “расійскія ўлады нядаўна распачалі крокі па павелічэнню патэнцыялу расейскай супрацьпаветранай абароны ўнутры краіны, у тым ліку ў самой Маскве, і таму вельмі малаверагодна, што два беспілотнікі маглі прабіцца праз некалькі слаёў супрацьпаветранай абароны і ўзарвацца або быць збітымі проста над сэрцам Крамля такім спосабам, які забяспечыў уражлівыя выявы, прыгожа злоўленыя на камеру.”

Геаграфічныя здымкі са студзеня 2023 года паказваюць, што расійскія ўлады размяшчаюць комплексы супрацьпаветранай абароны «Панцыр» пад Масквой, каб стварыць круг супрацьпаветранай абароны вакол горада. Той факт, што беспілотнікі змаглі праляцець эшэланіраваную лінію супрацьпаветранай абароны а потым аказацца збітымі над самім Крамлём (па інфармацыі расійскіх афіцыйных крыніц) выклікае вялікі сумнеў у праўдзівасці перакананняў, што за атакай стаіць Кіеў.

Таксама аналітыкі ISW падкрэсліваюць, што рэакцыя афіцыйных асоб Крамля была адначасовай, зладжанай і несупярэчлівай, тады як на іншыя раптоўныя для іх падзеі характар рэакцыі значна адрозніваўся. Вельмі верагодна, што афіцыйны адказ Расіі першапачаткова быў бы значна больш дэзарганізаваным, калі б атака насамрэч была нечаканай – мяркуюць спецыялісты Інстытута вывучэння вайны.

Верагодна, Расея арганізавала гэты напад, каб данесці вайну да расійскай унутранай аўдыторыі і стварыць умовы для больш шырокай мабілізацыі грамадства – дапускаюць аналітыкі.

На фота: купал Сенацкага палаца са слядамі пажару. Фота з адкрытых крыніц

Атакі на ваенныя аб’екты Ірана: што вядома

Ноччу з 28 на 29 студзеня іранскія СМІ паведамілі пра серыю выбухаў на ваенных аб’ектах у Іране – у тым ліку на тых, дзе збіраюць беспілотнікі. Афіцыйныя іранскія крыніцы заяўляюць, што атакавалі міні-дроны і ўсе яны былі збітыя.

На дадзены момант дакладна вядома пра выбух у горадзе Ісфахан – відэа з ім апублікавалі мясцовыя СМІ. Па дадзеных Брытанскага інстытута абаронных даследаванняў, паблізу Ісфахана знаходзіцца іранскае прадпрыемства Shahed Aviation Industries, звязанае з вытворчасцю дронаў-камікадзэ Shahed 131/136. Такія беспілотнікі Расія выкарыстоўвае ва Украіне. Таксама мяркуецца, што ў Ісфахане знаходзіцца завод па перапрацоўцы ўрана і некалькі цэнтраў ядзерных даследаванняў.

Паводле заявы Мінабароны Ірана, міні-дроны атакавалі адзін з цэнтраў ведамства. Адзін беспілотнік быў нібыта збіты сродкамі СПА, два іншыя «трапілі ў абарончыя пасткі і ўзарваліся».

Iran International са спасылкай на паведамленні ў сацсетках піша таксама пра выбухі і пажары у гарадах Карадж, Тэбрыз, Дэзфул і Хамадан. Акрамя таго, пажар адбыўся на прадпрыемстве па перапрацоўцы маторнага масла ў горадзе Шахід-Салімі ў правінцыі Усходні Азербайджан. Ці звязаныя гэтыя падзеі паміж сабой, невядома.

У дадзены момант за атаку ніхто не ўзяў адказнасць на сябе. Як піша The New York Times, некаторыя каналы Telegram, у тым ліку канал Sepah Cyberi, звязаны з Корпусам вартавых ісламскай рэвалюцыі, абвінавацілі Ізраіль і яго агентаў у краіне ў тым, што яны стаяць за атакай. 

The New York Times таксама адзначае, што Іран і Ізраіль вялі ценявую вайну на сушы, на моры, у паветры і ў кіберпрасторы на працягу апошніх трох гадоў, пры гэтым Ізраіль наносіў удары па іранскіх ваенных і ядзерных аб’ектах, забіваў вучоных і высокапастаўленых ваенных чыноўнікаў.

Варта ўлічваць, што на фоне шматмесячных пратэстаў у Іране існуюць праблемы з доступам да інтэрнэта, пагэтаму атрымаць дакладную інфармацыю з месца падзеяў сусветным СМІ вельмі складана.

Фота: iranintl.com