Атакі на ваенныя аб’екты Ірана: што вядома

Ноччу з 28 на 29 студзеня іранскія СМІ паведамілі пра серыю выбухаў на ваенных аб’ектах у Іране – у тым ліку на тых, дзе збіраюць беспілотнікі. Афіцыйныя іранскія крыніцы заяўляюць, што атакавалі міні-дроны і ўсе яны былі збітыя.

На дадзены момант дакладна вядома пра выбух у горадзе Ісфахан – відэа з ім апублікавалі мясцовыя СМІ. Па дадзеных Брытанскага інстытута абаронных даследаванняў, паблізу Ісфахана знаходзіцца іранскае прадпрыемства Shahed Aviation Industries, звязанае з вытворчасцю дронаў-камікадзэ Shahed 131/136. Такія беспілотнікі Расія выкарыстоўвае ва Украіне. Таксама мяркуецца, што ў Ісфахане знаходзіцца завод па перапрацоўцы ўрана і некалькі цэнтраў ядзерных даследаванняў.

Паводле заявы Мінабароны Ірана, міні-дроны атакавалі адзін з цэнтраў ведамства. Адзін беспілотнік быў нібыта збіты сродкамі СПА, два іншыя «трапілі ў абарончыя пасткі і ўзарваліся».

Iran International са спасылкай на паведамленні ў сацсетках піша таксама пра выбухі і пажары у гарадах Карадж, Тэбрыз, Дэзфул і Хамадан. Акрамя таго, пажар адбыўся на прадпрыемстве па перапрацоўцы маторнага масла ў горадзе Шахід-Салімі ў правінцыі Усходні Азербайджан. Ці звязаныя гэтыя падзеі паміж сабой, невядома.

У дадзены момант за атаку ніхто не ўзяў адказнасць на сябе. Як піша The New York Times, некаторыя каналы Telegram, у тым ліку канал Sepah Cyberi, звязаны з Корпусам вартавых ісламскай рэвалюцыі, абвінавацілі Ізраіль і яго агентаў у краіне ў тым, што яны стаяць за атакай. 

The New York Times таксама адзначае, што Іран і Ізраіль вялі ценявую вайну на сушы, на моры, у паветры і ў кіберпрасторы на працягу апошніх трох гадоў, пры гэтым Ізраіль наносіў удары па іранскіх ваенных і ядзерных аб’ектах, забіваў вучоных і высокапастаўленых ваенных чыноўнікаў.

Варта ўлічваць, што на фоне шматмесячных пратэстаў у Іране існуюць праблемы з доступам да інтэрнэта, пагэтаму атрымаць дакладную інфармацыю з месца падзеяў сусветным СМІ вельмі складана.

Фота: iranintl.com

Рускія ракетныя ўдары амаль па ўсім абласцям Украіны

10 кастрычніка, на 229 дзень расійскай агрэсіі супраць Украіны, рускія войскі здзейснілі ракетныя ўдары амаль па ўсім абласцям краіны, паведамляецца ў СМІ. Абстрэляны і былы горад-пабрацім Магілёва Мікалаеў.  

У Мікалаеве пад ракетны ўдар патрапілі ўніверсітэт, жылыя дамы, складская інфраструктура – паведамляе мэр Аляксандр Сенкевіч і заклікае гараджан не выходзіць на двор. 

Расійскія самалёты робяць авіаналёты на Мікалаеў з боку захопленай Чаплінкі.

Пасля 11:00 ранку з’явіліся паведамленні, што ці то 8, ці то 10 дронаў-камікадзе перасяклі беларуска-украінскую мяжу і ляцяць у бок Кіева і Мікалаева з тэрыторыі Беларусі.

У Івана-Франкоўскай і Львоўскай абласцях пашкоджаны аб’екты крытычнай інфраструктуры. У Львове адсутнічае электразабеспячэнне, адсутнічае гарачая вада з-за пашкоджання гарадской ЦЭЦ. 

Мінімум пяць выбухаў зафіксавана ў Дняпры.