Сямнаццаць удараў качаргой, а яна прасіла яму дараваць – побытавыя драмы на Крычаўшчыне

Адбылося выязное паседжанне суда Крычаўскага раёна, на якім разглядалася справа аб бытавым гвалце. На ім вынеслі прысуд сямейнаму скандалісту, які збіў сужыцельніцу качаргой.

Абвінавачаны і пацярпелая – сужыцелі з вёскі Іванаўкі Крычаўскага раёна. Ёй 59 год, а яму – 66. Аднак страсці ў пары зашкальваюць, ажно часам да рукапрыкладства. Такі выпадак адбыўся паміж сужыцелямі напярэдадні 8 сакавіка, які пара вырашыла добра адзначыць яшчэ за дзень да наступлення жаночай даты ў календары. З самай раніцы мужчына закупіўся бутэлькамі 0,25 і 0,5 літра гарэлкі. Меншую з бутэлек пара выпіла на дваіх, а другую разам з таварышам, які прыйшоў у госці на дапамогу.

Аднак алкаголь хутка скончыўся, а часу яшчэ было шмат, пагэтаму троіца вырашыла адправіцца да іншага таварыша, захапіўшы папярэдне яшчэ 0,5 літра гарэлкі.

Вяртаючыся ўвечары дамоў сужыцелі, якія былі напатпітку, паспелі моцна рассварыцца, успомніўшы ўсе старыя крыўды. “Напэўна, ён прыраўнаваў мяне да свайго брата” – успамінала потым на судзе жанчына. 

Жанчына, якая першай дабралася да дома, зайшла ў яго і зачыніла дзверы. Мужчына крычаў каб яму адчынілі, але жанчына не рэагавала. Праз паўгадзіны ён зламаў дзверы дома. Прайшоўшы па хаце сужыцель спачатку не змог знайсці жанчыну, пакуль не пачуў кашаль з шафы ў заднім пакоі, у якім яна хавалася. Мужчына хацеў дастаць яе з шафы, але тая збегла ў другі пакой.  

У рэшце раззлаваны мужчына схапіў качаргу і нанёс ёй сужыцельцы каля 17 удараў па галаве, тулаве, руках і нагах. Гэта доўжылася пару хвілін, пакуль жанчына не ўцякла да суседкі. Тая заўважыла кроў на галаве пацярпелай і выклікалі хуткую. А на наступны дзень абвінавачанага забрала міліцыя. У выніку пабояў пацярпелай наклалі чатыры швы на галаве. Таксама вынікам гвалту сталіся сінякі па ўсім целе жанчыны – паведамляе пра здарэнне раённая газета “Крычаўскае жыццё”. 

На судзе жанчына прасіла дараваць сужыцелю, але гэта ўжо не першы зафіксаваны выпадак іх сямейны-побытавых разборак і зваротаў у міліцыю. У выніку ў пары перамір’е, але на мужчыну заведзеная крымінальная справа за наўмыснае прычыненне лёгкіх цялесных пашкоджанняў. Таксама ён павінен будзе заплаціць 40 базавых велічыняў штрафу.

Фота ілюстрацыйнае

Крычаўскі пенсіянер вырашыў уціхамірыць школьнікаў нажом і дубцом

Мужчына вырашыў, што падлеткі дужа перашкаджаюць яму адпачываць.

У лютым 2023 года, тры школьнікі ў адной з вёсак Крычаўскага раёна гулялі на вуліцы, размаўляючы на свае тэмы, што не спадабалася пенсіянеру побач. Два з іх былі яго суседзямі па доме, у якім ён арэндаваў кватэру. Мужчына палічыў, што хлопцы замінаюць ягонаму адпачынку. Доўга не думаючы, ён узяў палімерны прут, які раней выкарыстоўваў для выбівання дываноў, і адправіўся на разборкі. Ён наўмысна нанёс удары гэтым прутом па галаве двум школьнікам.

Пасля здарэння хлопцы ўцяклі ад крыўдзіцеля, правялі свайго таварыша да дома. Толькі вось вяртацца да сябе дадому ім прыйшлося тым жа самым маршрутам. Пенсіянер зноў выйшаў на вуліцу, але на гэты раз у яго руках, апроч палімернага дубца, быў яшчэ і нож. Прыкмеціўшы школьнікаў, ён зноў пачаў ім пагражаць. Падлеткі ўсё ж дабраліся дадому, а пенсіянер быў затрыманы.

Аказалася, што хуліганісты мужчына быў раней судзімы, працяглы час стаяў на ўліку ва ўрача-нарколага з рознымі медыцынскімі дыягназамі. Прычым апошняя судзімасць пенсіянера была якраз за наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, за што ён быў асуджаны на 4 гады.

Цяпер яго чакае чарговая крымінальная справа за хуліганства – піша газета “Крычаўскае жыццё”, а гэта ад 3 да 10 год няволі.

Фота ілюстрацыйнае