Таймеры

Мінск – гэта не Магілёў: таймеры на светлафорах не адключаць

Мінскія ДАІшнікі абверглі інфармацыю, што пойдуць шляхам магілёўскіх калег і пачнуць адключаць таймеры на светлафорах.

Нагадаем, што напачатку ліпеня ДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкама распарадзілася адключыць таймеры зваротнага адліку на ўсіх святлафорах Магілёва. Мясцовыя ДАІшнікі тлумачылі гэта тым, што, маўляў, таймеры ствараюць «эфект апошняй секунды»: кіроўцы паскараюцца, каб паспець праехаць скрыжаванне напрыканцы зялёнага сігналу, а пешаходы выбягаюць на праязную частку за 2-3 секунды да ўключэння чырвонага. На думку ДАІ, гэта павышае рызыку аварый. Праўда, ніякага статыстычнага пацвярджэння такой высновы людзі ў пагонах не прывялі.

Інфармацыя аб адключэннях светлафораў пачала гуляць па інтэрнэце, пакрысе губляючы са зместу ўзгадванне пра Магілёў, а проста распавядаючы пра Беларусь. З-за гэтага людзі пачалі меркаваць, што адключэнне таймераў тычыцца і, у прыватнасці, Мінску. Аднак там нічога падобнага рабіць не збіраліся і досвед магілёўскіх ДАІшнікаў у сталіцы захаплення не выклікаў.

“У чытачоў можа ўзнікнуць ўражанне, што дадзеныя новаўвядзенні плануюцца да рэалізацыі на тэрыторыі сталіцы”, – напісалі мінскія супрацоўнікі ДАІ ў сваім тэлеграм-канале. Яны звярнулі ўвагу чытачоў, што гэтая інфармацыя атрымала сваё распаўсюджванне пасля выхаду ў эфіры тэлеканала «Беларусь 4 Магілёў» сюжэту, у якім пазначана, што дадзеныя таймеры былі прыбраныя са святлафораў у Магілёве.

“Сталічная Дзяржаўтаінспекцыя інфармуе: у Мінску адключэння святлафорных таймераў зваротнага адліку не плануюцца і рэалізоўвацца не будуць”, – катэгарычна заявілі сталічныя ДАІшнікі.

Магілёўскае адключэнне таймераў выклікала неадназначную рэакцыю. Многія карыстальнікі ў каментарах адзначалі, што яны, наадварот, дапамагалі лепш ацэньваць дарожную сітуацыю, піша “Мінская праўда”.

На думку некаторых аўтамабілістаў, зваротны адлік дазваляў загадзя зразумець, ці паспее машына праехаць скрыжаванне на дазваляльны сігнал, і адмовіцца ад лішняга паскарэння. Іншыя лічаць, што без секундамераў кіроўцам становіцца складаней арыентавацца, з-за чаго яны могуць прымаць больш рызыкоўныя рашэнні.

Таксама гучыць меркаванне, што так званы «эфект апошняй секунды» захаваецца і без таймераў, паколькі частка ўдзельнікаў руху па-ранейшаму будзе спрабаваць праскочыць на перарывісты зялёны сігнал.

Цікава, што ў Брэсце для вадзіцеляў таймеры зваротнага адліку прыбралі яшчэ ў 2019 годзе. У той жа час пакінулі таймеры на пешаходных пераходах, бо многія гараджане лічаць гэтыя лічбы зручным арыенцірам.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

← Усе навіны Магілёва