У ААТ «Краснапольскі» брыгадзір ходзіць па кароўніку у белым касцюме
У Краснаполлі расказалі пра «пераадоленне стэрэатыпаў»: журналістка ехала на сустрэчу з брыгадзірам фермы «Яноўка» і думала сустрэцца з «суровым, загартаваным гадамі кіраўніком у бясформенай ватоўцы», а ўбачыла «крохкую дзяўчыну ў беласнежным бручным касцюме» з бездакорнай прычоскай. Ці азначае гэта, што ў Краснаполлі канчаткова сцерліся межы паміж сядзеннем у рэдакцыйным кабінеце і працай на ферме? Паспрабуем разабрацца.
Што за гаспадарка, што за раён?
ААТ «Краснапольскі» – адзіная стратная гаспадарка паміраючага Краснапольскага раёна. У 2021 годзе ў адкрытае акцыянернае таварыства аб’ядналі ўсе былыя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна. Атрымаўся некіравальны монстр, з якім па чарзе пакутуюць усе прызначаныя туды кіраўнікі. Разбіраць старыя кароўнікі прадпрыемству дапамагаюць студэнты магілёўскіх ВНУ, а колькасць ахвотных працаваць там растае з кожным днём.
Сам Краснапольскі раён – адзін з пяці раёнаў Магілёўшчыны, якія найбольш пацярпелі ад Чарнобыля. Менавіта сюды прыязджаў Лукашэнка ў 2025 годзе інспектаваць рыбу і мінеральныя ўгнаенні, патрабуючы «разабрацца і пасадзіць». Саджаюць у Краснаполлі насамрэч часта, а вось разабрацца без шклянкі – ніяк.
Кадравы правал
І вось адна дзяўчына, якая працавала на сур’ёзных пасадах у мінскіх гандлёвых сетках, па сямейных абставінах апынулася на Краснапольшчыне. Працу па спецыяльнасці не знайшла і прыйшла на сумоўе ў ААТ «Краснапольскі» – на пасаду сакратара. Дырэктар паглядзеў яе працоўную кніжку, убачыў «Кока-Колу», Zara, кіруючыя пасады і адразу прапанаваў ёй стаць брыгадзірам МТК. Без адзінага дня вопыту ў сельскай гаспадарцы, без профільнай адукацыі, без нават фармальнага сумоўя з кіраўніком жывёлагадоўчага напрамку. Дзяўчына «зажмурылася і пагадзілася».
Гэта не пра смеласць, а пра кадравы правал. Гэта пра тое, што альтэрнатывы не было ні ў яе, ні ў дырэктара.
І за даярку, і за вартаўніка
А цяпер паслухаем саму гераіню аповеду:
- Пра кадры: «Лянівых не трымаю. Тыя, хто не цягне наш рытм, патроху сыходзяць». З гаспадаркі, якая і без таго стратная. Гэта значыць, калектыў працягвае скарачацца.
- Пра падмены: «Калі нехта захварэў або не выйшаў – замяняю сама. Няма даяркі? Бяру апарат і даю. Няма вартаўніка? Застаюся дзяжурыць на ноч». Гэта не «патрабавальны кіраўнік», гэта супрацоўнік, які робіць працу за ўсіх, каго не змог утрымаць штат. Брыгадзір, які стаіць з даільным апаратам а пятай раніцы, таму што даярка не прыйшла, і падмена вартаўніка, які напіўся – бяда, а не подзвіг.
- Пра матывацыю: «Ёсць план, ад якога наўпрост залежыць зарплата людзей. А я хачу, каб мой калектыў атрымліваў годныя грошы. Я кожнаму на пальцах тлумачу, дзе і як можна падзарабіць». Гэта значыць, базавы заробак у стратнай гаспадарцы такі, што штатныя супрацоўнікі павінны шукаць магчымасць «падзарабіць», каб атрымліваць «годныя грошы».
Звяртаем увагу на кампазіцыю здымка. Яна пастановачная ад пачатку да канца. Працаваць у сапраўдным кароўніку ў такім выглядзе фізічна немагчыма: аднаразовы касцюм за 15 хвілін прамокне наскрозь, шапачка спаўзе пасля першага нахілу, белыя красоўкі давядзецца мяняць ужо праз гадзіну.

Такім чынам гэтая гісторыя не пра белы халат на ферме стратнага калгаса, а пра пару сімпатычных дзяўчат, журналіста і кансультанта моднага брэнда, якіх прызначылі тварамі рэкламнай кампаніі «Зробім даяркай каго заўгодна».
І калі журналіст працягне ствараць сельскагаспадарчыя ілюзіі, то новаспечаны брыгадзір, імаверна, хутка стоміцца ад краснапольскага шчасця.
Фота раённай газеты.
