курган

Археолагі знайшлі калектыўную пахавальню на Кругляншчыне

Падчас археалагічных раскопак старадаўняга кургана ў Круглянскім раёне навукоўцы знайшлі парэшткі адразу пяці дзяцей, пахаваных у Х стагоддзі.

Раскопкі каля вёскі Азёры праводзяць археолагі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук разам са студэнтамі МДУ імя А.Куляшова. Менавіта там знаходзіцца самы вялікі вядомы курган Магілёўскай вобласці – каля шасці метраў вышынёй і амаль трыццаці метраў у дыяметры.

Падчас раскопак у адным з сектараў кургана археолагі выявілі чатыры крэмацыйныя пахаванні, а таксама пазнейшае пахаванне, у якім знаходзіліся парэшткі адразу пяці дзяцей.

Паводле загадчыка Цэнтра археалогіі НАН Беларусі Аляксея Аўласовіча, пакуль можна толькі меркаваць, чаму дзеці былі пахаваныя менавіта ў кургане. Адной з версій навукоўцы называюць эпідэмію або тое, што дзеці маглі быць нехрышчонымі.

Ужо цяпер даследчыкі датуюць могільнік сярэдзінай – другой паловай Х стагоддзя. Пра гэта сведчаць пахавальны абрад, кераміка і урнавыя пахаванні з прахам.

Падчас раскопак таксама знойдзены фрагменты шкляных і касцяных жаночых упрыгожанняў, керамічны посуд і наканечнікі стрэл. Такія рэчы, як адзначаюць археолагі, клалі ў магілы разам з памерлымі паводле тагачасных пахавальных традыцый.

Паводле асаблівасцяў пахавальнага абраду, навукоўцы мяркуюць, што могільнік належаў прадстаўнікам паўднёвых славян, якія пазней сталі вядомыя як радзімічы. Разам з тым галоўнае пахаванне пакуль не знойдзена. Археолагі не выключаюць, што ніжэй або ў іншай частцы кургана можа знаходзіцца магіла племяннога правадыра. Менавіта гэтай версіяй тлумачацца незвычайна вялікія памеры насыпу.

Сёлетнія даследаванні кургана працягнуцца і ў наступным годзе. 

Фотаздымак: БелТА

← Усе навіны Магілёва