Магілёўскія студэнты-гісторыкі знайшлі незвычайны артэфакт эпохі неаліту

Вывучаючы калекцыю магілёўскага археолага Вячаслава Капыціна, студэнты ўбачылі ў мяркуемай прыладзе працы чалавечую фігуру.

Студэнты Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Аркадзя Куляшова звярнулі ўвагу на крэмневы прадмет. Доўгі час ён лічыўся звычайнай прыладай працы. Аднак яго форма прымусіла маладых даследчыкаў паглядзець на знаходку па-новаму.

Гэта можа быць старажытная антрапаморфная фігурка чалавека, вырабленая некалькі тысяч гадоў таму, мяркуе кіраўнік Цэнтра першабытнай археалогіі МДУ Аляксандр Коласаў.

Артэфакт зроблены з шэрага крэйдавага крэменю. Гэта матэрыял, шырока распаўсюджаны на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Паводле папярэдніх ацэнак, яго стварылі ў эпоху неаліту – паміж V і III тысячагоддзямі да нашай эры.

Знайшоў прадмет яшчэ раней археолаг Вячаслаў Капыцін на стаянцы Доўжанка-2 на правым беразе ракі Друць. Тады знаходку аднеслі да катэгорыі прыладаў працы. Аднак цяпер навукоўцы прапануюць іншую інтэрпрэтацыю. 

«Я не адкрыў новы артэфакт, а толькі паглядзеў на ўжо вядомы прадмет пад іншым вуглом», – адзначае Аляксандр Коласаў.

Пры дэталёвым аглядзе даследчыкі заўважылі прыкметы, якія нагадваюць чалавечы сілуэт. У верхняй частцы вылучаецца нешта падобнае да галавы, па баках сярэдняй часткі праглядаюцца ледзь бачны выступы, якія можна інтэрпрэтаваць як рукі, а ў ніжняй частцы маюцца два выступы, падзеленыя выемкай, што нагадвае ногі.

Паводле археолагаў, патрэбныя контуры былі створаныя пры дапамозе рэтушы, то бок спецыяльнай апрацоўкі каменя, якая надавала яму неабходную форму.

Навукоўцы не выключаюць, што прадмет меў адначасова практычнае і сакральнае прызначэнне. «Для людзей эпохі неаліту гэта было звычайнай з’явай. Адна і тая ж рэч магла выкарыстоўвацца ў побыце і адначасова мець рытуальны або сімвалічны сэнс», – тлумачыць Коласаў.

Цяпер знаходка знаходзіцца ў Інстытуце гісторыі матэрыяльнай культуры Расійскай акадэміі навук у Санкт-Пецярбургу. Там спецыялісты павінны правесці трасалагічны аналіз, каб даследаваць сляды выкарыстання прадмета. Гэты аналіз дапаможа высветліць, ці сапраўды перад навукоўцамі старажытная чалавечая фігурка, або ж усё-такі незвычайна апрацаваная прылада працы.

Магілёўскія даследчыкі настроены даволі аптымістычна. Аляксандр Коласаў лічыць, што гістарычны кантэкст і асаблівасці апрацоўкі крэменю дазваляюць ужо цяпер звязваць знаходку з неалітычнай культурай.

Калі высновы экспертаў пацвердзяць гэтую версію, артэфакт стане першай вядомай антрапаморфнай крэмневай фігуркай, выяўленай на тэрыторыі беларускага Падняпроўя.

Падобныя знаходкі ўжо вядомыя археолагам у іншых рэгіёнах Усходняй Еўропы. Аднак для Магілёўшчыны і ўсяго Падняпроўя такая фігурка можа стаць сапраўднай навуковай сенсацыяй, якая дазволіць лепш зразумець светаўспрыманне людзей, што жылі на нашых землях пяць-сем тысяч гадоў таму.

Фотаздымак: архіў Аляксандра Коласава

Пацверджана: унікальны задыякальны коўш паходзіць са Слаўгарада

Як пісалі два з паловай гады таму mogilev.media, паступова раскрываецца загадка аднаго з самых дзіўных старажытных беларускіх артэфактаў. Навукоўцы зараз дакладна высветлілі, што ўнікальны задыякальны коўш з музея ў Аколіцы патрапіў туды са Слаўгарада.

Коўш, выраблены з бярозавага капа, які экспануецца ў Музеі беларускага народнага мастацтва ў Аколіцы, заўсёды знаходзіўся пад пільнай увагай навукоўцаў і нараджаў самыя неверагодныя тэорыі.

Яго галоўная загадка — дванаццаць малюнкаў у медальёнах, якія апяразваюць вонкавы бок вырабу. Навукоўцы бачаць у іх старажытны задыяк або язычніцкі каляндар.

Лічылася, што коўш цудам ацалеў у руінах царквы або манастыра пасляваеннага Гродна.

Аднак даследчыкі абверглі гэтую легенду. Высветлілася, што да рэвалюцыі артэфакт знаходзіўся ў калекцыі Магілёўскага музея. Затым трапіў у Мінск, а падчас Другой сусветнай вайны быў вывезены ў Германію і захоўваўся ў горадзе Кобленц.

Пасля перамогі ўнікальны артэфакт вярнулі ў СССР і коўш трапіў у Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей.

Даследчыкам удалося прасачыць дарэвалюцыйны шлях каўша і высветлілася, што згодна з музейным апісаннем 1898 года, коўш паступіў у магілёўскі збор з царквы Нараджэння Багародзіцы ў Прапойску.

Нягледзячы на тое, што артэфакт усё ж мае магілёўскае паходжанне, трэба аддаць належнае гродзенскім навукоўцам. Менавіта яны выявілі задыякальны роспіс пад пазнейшым пластом жывапісу, які адлюстроўваў хрысціянскіх святых.

Цяпер здагадкі пра тое, што коўш быў прывезены з Расіі (гэта яшчэ адна гіпотэза), абвергнуты. Дакладна вядома, што коўш — узор магілёўскага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва часоў ВКЛ, а час стварэння каўша можна аднесці нават да XV–XVI стагоддзяў.

братчына

Фота: academia.edu.

Унікальны малюнак Магілёва ХІХ стагоддзя быў прададзены на маскоўскім аўкцыёне

Стала вядома пра продаж на аўкцыёне “Літфонд” у Маскве арыгінальнага малюнка з відам Магілёва 1822 года. Навіной пра гэта падзяліўся вядомы магілёўскі калекцыянер і краязнавец Алег Давід Лісоўскі.

Упершыню гэты акварэльны малюнак стаў вядомы восем гадоў таму, калі ён з’явіўся на адным з амерыканскіх аўкцыёнаў. “Акварэль была ўнікальная сваім ракурсам, які дапамог удакладніць канфігурацыю замкавых умацаванняў.” – адзначае Лісоўскі. На малюнку на пярэднім плане выяўлены спуск з Замкавай гары ў тым месцы, дзе зараз знаходзяцца прыступкі бакавога спуска з парка Горкага да Быхаўскага рынку. Выяўлены на акварэлі вал дэманструе рэальныя памеры і структуру старажытнага магілёўскага замка ў гэтым месцы.

Акварэль невядомага мастака “Від горада Магілёва” была прададзеная 9 кастрычніка 2025 года ў аўкцыённым доме “Літфонд”. Канчатковы кошт пакупкі не паведамляецца на афіцыйным сайце, але крыніцы mogilev.media са спасылкай на афіцыйных прадстаўнікоў аўкцыённага дома адзначаюць, што кошт малюнка аказаўся параўнальна невысокім для падобнай унікальнай выявы – усяго некалькі соцень еўра ў эквіваленце.

Дзень у гісторыі: 27 жніўня. Будучы кароль Рэчы Паспалітай Уладзіслаў Ваза стаў маскоўскім царом.

1610 год. Уладзіслаў ІV Ваза абраны маскоўскімі баярамі маскоўскім царом.

Ён перамог Масковію ў Смаленскай вайне, адваяваў Смаленск і прымусіў маскоўцаў адмовіцца ад прэтэнзіяў на землі, якія адышлі Рэчы Паспалітай.

У 1613 адмовіўся ад Маскоўскага, а ў 1635 шведскага стальцоў.

Cтаў Каралём польскім і Вялікім князем літоўскім (1632-1648).

Уладзіслаў Ваза

1916 год. Памёр Уладзіслаў Вярыга.

Філосаф, этнограф. Збіральнік беларускага фальклору. Доктар філасофіі.

Запісаў і апублікаваў народныя песні, казкі Лідскага павету.

 1937 год. Расстраляны савецкімі органамі Аляксандр Ляўданскі

Гісторык і археолаг. Закладаў асновы беларускай археалогіі.

Зрабіў класіфікацыю гарадзішчаў жалезнага веку, першым выказаў думку, што гарадзішчы культуры штрыхаванай керамікі ў Цэнтральнай Беларусі належалі балтам.

Даследаваў шматлікія гарады, Пелагееўскае гарадзішча ў Магілёве.

Абвінавачаны ў «шпіянажы на карысць выведкі буржуазнай Польшчы» і расстраляны. Рэабілітаваны ў 1958 годзе.

Аляксандр Ляўданскі

1937 год. Расстраляны Сяргей Дубінскі.

Археолаг і гісторык.

З Аляксандрам Ляўданскім закладаў асновы беларускай археалогіі.

Даследаваў помнікі ранняга жалезнага веку і сярэднявечча Беларусі, у тым ліку Магілёўшчыны, гарадзішча Банцараўшчына.

Аўтар першых археалагічных карт Магілёўскай вобласці, Беларусі, першай бібліяграфіі па археалогіі Беларусі і сумежных краін.

У 1930 года арыштаваны савецкімі органамі па справе «Саюзу вызвалення Беларусі», але быў вызвалены.

У 1937 годзе абвінавачаны ў шпіёнскай дзейнасці на карысць Польшчы і расстраляны.

Рэабілітаваны ў 1958 годзе.

Сяргей Дубінскі

1955 год. Выйшла Кніга рэкордаў Гінеса.

Даведачнік са звесткамі аб унікальных з’явах, выдатных дасягненнях, сусветных рэкордах, курʼёзах.

У 1951 годзе дырэктар ірландскай піваварнай кампаніі «Артур Гінэс, сын і К» вырашыў збіраць інфармацыю пра ўсякія нестандартныя рэкорды і выдаць з імі кнігу.

Кніга атрымала сваю назву ў гонар вядомай піваварні.

Сёння «Кніга рэкордаў Гінэса» выдаецца штогод накладам пад 90 мільёнаў экзэмпляраў на 40 мовах.

Хто трапляе на старонкі сусветнай «Кнігі рэкордаў Гінэса» матэрыяльнага ўзнагароджання не атрымлівае.

Кніга рэкордаў Гінэса

1971 год. Памёр Міхаіл Співак.

Тэатральны рэжысёр. Працаваў у Дзяржаўным рускім тэатры імя Максіма Горкага ў Мінску.

Майстар манументальных сцэнічных палотнаў, масавых сцэн, скульптурнай распрацоўкі мізансцэн.

Міхаіл Співак
1977 год. Памёр Язэп Зазека.

Пісьменнік, навуковец, педагог.

Кандыдат філалагічных навук.

Працаваў у Мінскім, Адэскім педагагічных інстытутах, Беларускім дзяржаўным універсітэце.

Аўтар кніг апавяданняў, нарысаў, артыкулаў пра беларускі фальклор.

Укладальнік зборнікаў партызанскай творчасці.

Язэп Зазека

27 жніўня 1992 год. Пачала выдавацца газета “Вячэрні Магілёў”.

Прыватная газета, першапачаткова вяла нейтральную рэдакцыйную палітыку, якая ў 2020-х гадах змянілася на адыёзную і часам нават чалавеканенавісніцкую.

Вячэрні Магілёў

У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў

Музею цара ў Магілёве зноўку далі ход

Праект па знішчэнні магілёўскага Замчышча і будаўніцтве на яго месцы музейнага комплекса, прысвечанага эпосе і асобе расійскага цара, вярнуўся ў кабінеты гарвыканкама праз год пасля ранейшага абмеркавання.  

На сайце Магілёўскага гарвыканкама з’явілася абвестка пра пачатак грамадскага абмеркавання ацэнкі на навакольнае асяроддзе будаўнічага аб’екта “Узвядзенне музейнага комплекса на тэрыторыі парка ім. Горкага ў г. Магілёве з добраўпарадкаваннем прылеглай тэрыторыі”. Такое грамадскае абмеркаванне – гэта адзін з абавязковых этапаў, які неабходна правесці перад пачаткам рэалізацыі самаго будаўніцтва. 

Пад фармулёўкай “музейны комплекс на тэрыторыі парка ім. Горкага” хаваецца праект, які прадугледжвае будаўніцтва музея, прысвечанага І Сусветнай вайне і перабыванню ў Магілёве Стаўкі Вярхоўнага галоўнакамандуючага, цара Мікалая ІІ. Ён быў прэзентаваны грамадскасці больш за год таму, у ліпені 2024 года. Прычым будаўніцтва прадугледжвае знішчэнне археалагічнага аб’екта – магілёўскага Замчышча, на якім тысячу гадоў таму вырас горад. Mogilev.media вось тут падрабязна пісалі, чаму гэты праект незаконны, і якую жахлівую шкоду ён можа нанесці гісторыі і спадчыне Магілёва.

Калі коратка: 

  • беларускае заканадаўства ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны адназначна забараняе будаўніцтва нейкіх новых аб’ектаў на тэрыторыі падобных археалагічных помнікаў;
  • на падземную частку музейнага комплекса прыходзіцца 2 650 квадратных метраў. Гэта значыць, што ўвесь гэты аб’ём зямлі будзе выкапаны з Замкавай гары, а гэта – тысячагадовы культурны слой таўшчынёй у некалькі метраў, які сведчыць пра самую раннюю і сярэдневяковую гісторыю магілёўскага замка.

Год таму ідэю будаўніцтва Магілёўскі гарвыканкам вырашыў падтрымаць, а цяпер верагодна, завяршыўшы іншы маштабны праект па ўзвядзенні каля музея на Буйнічах QR-кода і вызваліўшы рэсурсы – вярнуўся да патаемнага жадання замяніць беларускую гісторыю Магілёва расійскай.