Магілёўскія студэнты-гісторыкі знайшлі незвычайны артэфакт эпохі неаліту

Вывучаючы калекцыю магілёўскага археолага Вячаслава Капыціна, студэнты ўбачылі ў мяркуемай прыладзе працы чалавечую фігуру.

Студэнты Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Аркадзя Куляшова звярнулі ўвагу на крэмневы прадмет. Доўгі час ён лічыўся звычайнай прыладай працы. Аднак яго форма прымусіла маладых даследчыкаў паглядзець на знаходку па-новаму.

Гэта можа быць старажытная антрапаморфная фігурка чалавека, вырабленая некалькі тысяч гадоў таму, мяркуе кіраўнік Цэнтра першабытнай археалогіі МДУ Аляксандр Коласаў.

Артэфакт зроблены з шэрага крэйдавага крэменю. Гэта матэрыял, шырока распаўсюджаны на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Паводле папярэдніх ацэнак, яго стварылі ў эпоху неаліту – паміж V і III тысячагоддзямі да нашай эры.

Знайшоў прадмет яшчэ раней археолаг Вячаслаў Капыцін на стаянцы Доўжанка-2 на правым беразе ракі Друць. Тады знаходку аднеслі да катэгорыі прыладаў працы. Аднак цяпер навукоўцы прапануюць іншую інтэрпрэтацыю. 

«Я не адкрыў новы артэфакт, а толькі паглядзеў на ўжо вядомы прадмет пад іншым вуглом», – адзначае Аляксандр Коласаў.

Пры дэталёвым аглядзе даследчыкі заўважылі прыкметы, якія нагадваюць чалавечы сілуэт. У верхняй частцы вылучаецца нешта падобнае да галавы, па баках сярэдняй часткі праглядаюцца ледзь бачны выступы, якія можна інтэрпрэтаваць як рукі, а ў ніжняй частцы маюцца два выступы, падзеленыя выемкай, што нагадвае ногі.

Паводле археолагаў, патрэбныя контуры былі створаныя пры дапамозе рэтушы, то бок спецыяльнай апрацоўкі каменя, якая надавала яму неабходную форму.

Навукоўцы не выключаюць, што прадмет меў адначасова практычнае і сакральнае прызначэнне. «Для людзей эпохі неаліту гэта было звычайнай з’явай. Адна і тая ж рэч магла выкарыстоўвацца ў побыце і адначасова мець рытуальны або сімвалічны сэнс», – тлумачыць Коласаў.

Цяпер знаходка знаходзіцца ў Інстытуце гісторыі матэрыяльнай культуры Расійскай акадэміі навук у Санкт-Пецярбургу. Там спецыялісты павінны правесці трасалагічны аналіз, каб даследаваць сляды выкарыстання прадмета. Гэты аналіз дапаможа высветліць, ці сапраўды перад навукоўцамі старажытная чалавечая фігурка, або ж усё-такі незвычайна апрацаваная прылада працы.

Магілёўскія даследчыкі настроены даволі аптымістычна. Аляксандр Коласаў лічыць, што гістарычны кантэкст і асаблівасці апрацоўкі крэменю дазваляюць ужо цяпер звязваць знаходку з неалітычнай культурай.

Калі высновы экспертаў пацвердзяць гэтую версію, артэфакт стане першай вядомай антрапаморфнай крэмневай фігуркай, выяўленай на тэрыторыі беларускага Падняпроўя.

Падобныя знаходкі ўжо вядомыя археолагам у іншых рэгіёнах Усходняй Еўропы. Аднак для Магілёўшчыны і ўсяго Падняпроўя такая фігурка можа стаць сапраўднай навуковай сенсацыяй, якая дазволіць лепш зразумець светаўспрыманне людзей, што жылі на нашых землях пяць-сем тысяч гадоў таму.

Фотаздымак: архіў Аляксандра Коласава