Музею цара ў Магілёве зноўку далі ход

Праект па знішчэнні магілёўскага Замчышча і будаўніцтве на яго месцы музейнага комплекса, прысвечанага эпосе і асобе расійскага цара, вярнуўся ў кабінеты гарвыканкама праз год пасля ранейшага абмеркавання.  

На сайце Магілёўскага гарвыканкама з’явілася абвестка пра пачатак грамадскага абмеркавання ацэнкі на навакольнае асяроддзе будаўнічага аб’екта “Узвядзенне музейнага комплекса на тэрыторыі парка ім. Горкага ў г. Магілёве з добраўпарадкаваннем прылеглай тэрыторыі”. Такое грамадскае абмеркаванне – гэта адзін з абавязковых этапаў, які неабходна правесці перад пачаткам рэалізацыі самаго будаўніцтва. 

Пад фармулёўкай “музейны комплекс на тэрыторыі парка ім. Горкага” хаваецца праект, які прадугледжвае будаўніцтва музея, прысвечанага І Сусветнай вайне і перабыванню ў Магілёве Стаўкі Вярхоўнага галоўнакамандуючага, цара Мікалая ІІ. Ён быў прэзентаваны грамадскасці больш за год таму, у ліпені 2024 года. Прычым будаўніцтва прадугледжвае знішчэнне археалагічнага аб’екта – магілёўскага Замчышча, на якім тысячу гадоў таму вырас горад. Mogilev.media вось тут падрабязна пісалі, чаму гэты праект незаконны, і якую жахлівую шкоду ён можа нанесці гісторыі і спадчыне Магілёва.

Калі коратка: 

  • беларускае заканадаўства ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны адназначна забараняе будаўніцтва нейкіх новых аб’ектаў на тэрыторыі падобных археалагічных помнікаў;
  • на падземную частку музейнага комплекса прыходзіцца 2 650 квадратных метраў. Гэта значыць, што ўвесь гэты аб’ём зямлі будзе выкапаны з Замкавай гары, а гэта – тысячагадовы культурны слой таўшчынёй у некалькі метраў, які сведчыць пра самую раннюю і сярэдневяковую гісторыю магілёўскага замка.

Год таму ідэю будаўніцтва Магілёўскі гарвыканкам вырашыў падтрымаць, а цяпер верагодна, завяршыўшы іншы маштабны праект па ўзвядзенні каля музея на Буйнічах QR-кода і вызваліўшы рэсурсы – вярнуўся да патаемнага жадання замяніць беларускую гісторыю Магілёва расійскай.