Уступіў у сілу прысуд у адносінах да экс-гендырэктара вытворчага лясгасаб’яднання Магілёўскай вобласці. Не выключана, што карупцыянер быў яшчэ і дэпутатам аблсавета.
Канчатковы вердыкт
Як высветлілася падчас разгляду апеляцыі асуджанага ў Магілёўскім аблсудзе, былы гендырэктар абласнога вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання 10 гадоў браў хабары, сума якіх вылілася ў асабіва буйны памер. Адбывалася гэта са снежня 2016 года па снежань 2024 года на сістэмнай аснове. Карупцыянер атрымліваў хабары ад прадстаўнікоў камерцыйных арганізацый, у тым ліку замежных, а таксама ад індывідуальнага прадпрымальніка.
Хабары перадаваліся за забеспячэнне вытворчасці лясгасамі ў самыя кароткія тэрміны розных піла- і лесаматэрыялаў і ў неабходных аб’ёмах, своечасовыя і бесперабойныя адгрузкі гэтай прадукцыі, пагашэнне запазычанасці па разліках за пастаўленае абсталяванне, а таксама забеспячэнне ў будучыні заключэння новых дагавораў на пастаўку лесагаспадарчага і дрэваапрацоўчага абсталявання і своечасовыя разлікі па іх.
Усяго абвінавачанаму інкрымінаваныя 10 эпізодаў атрымання хабараў на агульную суму больш за 190 тыс. рублёў – яму перадаваліся матэрыяльныя каштоўнасці, грошы ў беларускіх рублях і замежнай валюце, а таксама за яго аплачваўся лізінгавы плацёж.
У выніку экс-гендырэктара, пасля разгляда апеляцыі, калегія абласнога суда пакінула прысуд у сіле: 10 гадоў зняволення са штрафам у памеры 2 000 базавых велічынь (90 тыс.рублёў) і забарона на пяць гадоў займаць кіруючыя пасады.
Метамарфозы з гадамі і сумамі
Цікава, што калі карупцыйная справа гендырэктара перадавалася ў суд першай інстанцыі, а было гэта прыкладна ў кастрычніку 2025 года, у ёй фігуравалі зусім іншыя лічбы.
Тады пракуратура сцвярджала, што грошы абвінавачаны браў з траўня 2014 года па снежань 2024 года. Цяпер, як бачна, два з паловай гады – з траўня 2014-га па снежань 2016-га – ужо не лічацца часам яго злачыннай дзейнасці.
З сумамі хабараў таксама адбылося вялікая змяшэнне. Цяпер агульная сума называецца 190 тыс. рублёў. А ў леташнім кастрычніку – каля 600 тыс. рублёў. Такім чынам рэдукцыя амаль у тры разы з моманту перадачы справы ў суд і вынікам разгляду апеляцыі. Пры тым што колькасць эпізодаў атрымання хабараў тая ж – 10 фактаў.
“Крымінальная справа знаходзілася ў вытворчасці Галоўнага следчага ўпраўлення Следчага камітэта. Вывучэнне матэрыялаў справы паказала, што папярэдняе расследаванне па ім праведзена ўсебакова, поўна і аб’ектыўна, а супрацьпраўныя дзеянні кваліфікаваныя дакладна”, – сцвярджала тады Генеральная пракуратура, што неяк не вяжацца з тым, што атрымалася па выніках пасяджэння судовай калегіі Магілёўскага абласнога суда.
Куды падзеўся дэпутат?
У красавіку 2025 года на пасаду генеральнага дырэктара Магілёўскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання быў прызначаны Уладзімір Субоцін. А да яго структуру ўзначальваў Сяргей Максімовіч. Апошняе ўзгадванне Максімовіча ў тэлеграм-канале лясгасаў Магілёўскай вобласці датуецца лістападам 2024 года. То бок на гэтай пасадзе ён быў не доўга, усяго два гады, бо прыйшоў на яе ў лістападзе 2022 года з крэсла дырэктара Глускага лясгаса, змяніўшы сваёго папярэдніка Уладзіміра Раеўскага.
“Ён прайшоў шлях ад ляснічага Далгоўскага лясніцтва Клічаўскага лясгаса, на працягу пяці гадоў працаваў галоўным ляснічым Бабруйскага лясгаса, пасля – ляснічым Завалочыцкага лясніцтва, а апошнія 8 гадоў узначальваў Глускі лясгас”, – распавядаецца пра яго на старонцы Глускага лясгаса.

У лютым 2024 года Максімовіч удзельнічаў у так званых выбарах у дэпутаты Магілёўскага савета. Балатаваўся па Быхаўскай выбарчай акрузе №13, з разгромным лікам “перамог” намесніцу дырэктара “Быхаўскага раённага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” Алену Гурскую – 10 339 галасоў супраць 4 516-ці.
Аднак, калі цяпер зазірнуць на сайт Магілёўскага аблвыканкама, дзе апублікаваны спіс дэпутатаў Магілёўскага аблсавета, то ў графе “Быхаўская выбарчая акруга №13” нікога няма. Таксама як і няма ў адкрытым доступе інфармацыі, куды ж падзеўся Сяргей Максімовіч.
Фотаздымак: Генеральная пракуратура
