Магілёвец падпаў пад крыміналку, забраўшы памылкова выданыя яму грошы

Касір банка памылкова выдала магілёўцу большую суму грошай. Ён іх забраў і стаў фігуратнам крымінальнай справы.

Па якую непасрэдна грашовую аперацыю прыйшоў у банкаўскае аддзяленне 43-гадовы жыхар Магілёва, міліцыя не паведамляе. Пры гэтым адзначае, што ён атрымаў замест 20 тысяч расійскіх рублёў 70 тысяч. Іх яму памылкова выдала касір банка. 

Жанчына хутка зразумела сваю памылку, але кліент з грашыма ўжо пакінуў банк. У выніку банкаўская работніца звярнулася ў Кастрычніцкі РАУС Магілёва, паведаміўшы, пра недастачу грошай пасля правядзення касавай аперацыі.

Праз непрацяглы час мужчыну выявілі, памылкова выданыя грошы вярнулі ў банк, а магілёвец стаў фігурантам крымінальнай справы па факце крадзяжу.

Скрыншот ТГ “Міліцыя Магілёўшчыны”

Мост у Бабруйску патаннеў на 8 млн рублёў

Кошт рэканструкцыі моста ў Бабруйску стаў на чвэрць меншым пасля праверкі Камітэта дзяржкантроля.

У Магілёўскай вобласці прадухілілі неабгрунтаванае расходаванне бюджэтных грошай пры рэканструкцыі моста ў Бабруйску. Парушэнні выявіў Камітэт дзяржаўнага кантролю падчас праверкі адной з будаўнічых арганізацый рэгіёна.

Як высветлілі кантралёры, у праектна-каштарысную дакументацыю былі ўключаныя завышаныя аб’ёмы работ, у прыватнасці – па афарбоўцы пуцеправода. У выніку кошт гэтых «лішніх» работ склаў амаль чвэрць ад агульнай цаны ўсяго праекта.

Пасля ўмяшання КДК праект быў перагледжаны. У дакументацыю ўнеслі змены, што дазволіла значна знізіць кошт работ.

У выніку агульныя выдаткі на рэканструкцыю моста былі скарочаныя больш як на 8 мільёнаў рублёў.

Паводле сайта Бабруйскага гарвыканкама, работы ідуць на 189-метровым пуцеправодзе на вуліцы Крылова, які праходзіць праз чыгунку. Заказчык – УКБ Бабруйска, генпадрадчык – ААТ «Мостабуд». Па пашпарце аб’екта заканчэнне работ запланавана на 31 ліпеня 2027 года.

Фотаздымак: ТГ Камітэта дзяржкантроля