На Ленінскай у Магілёве цяпер грае джаз

Каваны саксафаніст стаіць на рагу Болдзіна ў поўны чалавечы рост. Праз квартал ад яго – трубач, далей – віяланчэліст. Гэта джаз-бэнд з чорнага металу, у які ператварылася вулічнае асвятленне цэнтральнай часткі вуліцы Ленінскай: замест стандартных слупоў са свяцільнямі – фігуры музыкаў. Гэта самая прыкметная, але не самая цікавая знаходка праекта.

Першы этап рэканструкцыі галоўнай пешаходнай вуліцы Магілёва – ад плошчы Славы да Болдзіна – выходзіць на фінішную прамую. Тратуарная плітка ўкладзеная, малыя архітэктурныя формы зманціраваныя, і цяпер відаць, на што рабілася стаўка.

Урны кажуць «дзякуй»

Галоўная знаходка праекта – не ў маштабе, а ў інтанацыі. На постсавецкіх пешаходных вуліцах звычайна робяць адно з двух: або «еўрапейскі мінімалізм» з шэрай пліткай і геаметрычнымі лаўкамі, або тэматычны лубок з вычварнымі ліхтарамі пад даўніну.

На Ленінскай выбралі трэці шлях – тэатральны і крыху іранічны. 

Самы красамоўны прыклад – урны. Яны зробленыя ў выглядзе джэнтльменаў, а можа і ільфапятроўскіх “пікейных камізэлек”: капелюшы, камізэлькі, кійкі-парасоны. 

Кожны трымае таблічку з адным словам: «Дзякуй». Не «не смецiце», не піктаграму з кошыкам і чалавечкам, не папярэджанне пра штраф.

Падзяка – авансам, тым, хто яшчэ не кінуў смецце міма. І заўважым – тэкст па-беларуску, што для праекта ў нашым абласным цэнтры з пераважна рускамоўным гарадскім асяроддзем вельмі важны момант.

Сцэнаграфія замест добраўпарадкавання

Каля дзіцячай школы мастацтваў № 4 добраўпарадкаванне пераходзіць у сцэнаграфію. Абноўленае пакрыццё, лаўкі, музычныя інсталяцыі ў выглядзе інструментаў – усё сабрана ў адзін ансамбль, як дэкарацыя да спектакля, які вось-вось пачнецца. На сценах дамоў развешаныя гістарычныя здымкі і гравюры старога Магілёва.

У выніку атрымліваецца, што мінак ідзе не па вуліцы, а па музейнай экспазіцыі.

Паводле гэтай жа логікі працуюць і іншыя аб’екты: вялікія каваныя гадзіннікі, фотазоны, фігуры музыкаў джаз-бэнда. 

Кожны з іх дзейнічае не як «элемент гарадскога асяроддзя», а як рэквізіт. З тонкім разлікам на тое, што побач абавязкова стане чалавек са смартфонам.

Тры кіламетры яшчэ наперадзе

Па прамой Ленінская цягнецца на тры кіламетры: ад плошчы Славы да вуліцы Міронава. Пакуль ператварыўся толькі першы яе адрэзак. Рэканструкцыя, як абяцаюць, будзе працягвацца паэтапна, і наперадзе – новыя фотазоны і арт-прасторы.

Калі абраны стыль удасца вытрымаць на ўсёй працягласці, у Магілёва атрымаецца рэдкая для абласных цэнтраў рэч: галоўная вуліца не з тыпавым наборам пліткі і лавак, а з уласным голасам. Або са сваёй музыкай.

Фота: «Магілёўскія ведамасці».

Найстарэйшы кінатэатр Магілёва сыходзіць на рэканструкцыю

З 9 мая “Чырвоная Зорка”, найстарэйшы кінатэатр Магілёва, знік з гарадскіх афіш. Спачатку супрацоўнікі спасылаліся на абстрактныя тэхнічныя прычыны, затым “Кінавідэапракат” даў лаканічны адказ: установа закрыта ў сувязі з праектнымі і вышукальнымі работамі ў рамках падрыхтоўкі да рэканструкцыі.

Кінатэатр на Першамайскай быў перабудаваны ў 1930 годзе з дарэвалюцыйнага ілюзіёна “Чары”, а той стаяў на фундаментах згарэлага манежа-экзерцыргаўза, узведзенага архітэктарам Васілём Стасавым.

Будынак, нягледзячы на ваенныя разбурэнні і перабудовы 1948 і 1954 гадоў, у цэлым захаваў першапачатковы выгляд помніка канструктывізму.

Што з’явіцца пасля рэканструкцыі

Згодна з заданнем на праектаванне, зацверджаным у 2025 годзе, унутраная прастора кінатэатра будзе цалкам перафарматаваная. На двух паверхах размесцяцца чатыры глядзельныя залы, зоны адпачынку і харчавання.

Першы паверх:

  • вялікая зала на 200 месцаў з функцыяй імерсіўнага кіно і планетарыя;
  • сямейная зала на 60 месцаў;
  • камерная зала-“камфорт” на 30 месцаў;
  • кінабар з паўнавартаснай кухняй;
  • фудкорт і агульны гардэроб.

Другі паверх:

  • VIP-зала на 30 месцаў з асобным гардэробам;
  • гульнявая зона з гардэробам;
  • кінабар і фудкорт.
  • Тэхнічнае аснашчэнне:
  • 4K лазерныя праектары ва ўсіх залах;
  • сістэмы аб’ёмнага гуку;
  • цэнтралізаваная музычна-інфармацыйная сістэма ва ўсіх памяшканнях;
  • адзіная апаратная для кіравання чатырма заламі;
  • ліфт для маламабільных наведвальнікаў.

Тэрміны

Распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі павінна была завяршыцца да канца мая. Будаўнічыя работы запланаваныя на 2027 год. Зрэшты, мяркуючы па закрыцці кінатэатра пад падставай “праектных работ”, якія па плане павінны былі ўжо завяршыцца, праект прыкметна адстае ад графіка.

Фота з адкрытых крыніц.

Мост у Бабруйску патаннеў на 8 млн рублёў

Кошт рэканструкцыі моста ў Бабруйску стаў на чвэрць меншым пасля праверкі Камітэта дзяржкантроля.

У Магілёўскай вобласці прадухілілі неабгрунтаванае расходаванне бюджэтных грошай пры рэканструкцыі моста ў Бабруйску. Парушэнні выявіў Камітэт дзяржаўнага кантролю падчас праверкі адной з будаўнічых арганізацый рэгіёна.

Як высветлілі кантралёры, у праектна-каштарысную дакументацыю былі ўключаныя завышаныя аб’ёмы работ, у прыватнасці – па афарбоўцы пуцеправода. У выніку кошт гэтых «лішніх» работ склаў амаль чвэрць ад агульнай цаны ўсяго праекта.

Пасля ўмяшання КДК праект быў перагледжаны. У дакументацыю ўнеслі змены, што дазволіла значна знізіць кошт работ.

У выніку агульныя выдаткі на рэканструкцыю моста былі скарочаныя больш як на 8 мільёнаў рублёў.

Паводле сайта Бабруйскага гарвыканкама, работы ідуць на 189-метровым пуцеправодзе на вуліцы Крылова, які праходзіць праз чыгунку. Заказчык – УКБ Бабруйска, генпадрадчык – ААТ «Мостабуд». Па пашпарце аб’екта заканчэнне работ запланавана на 31 ліпеня 2027 года.

Фотаздымак: ТГ Камітэта дзяржкантроля

У Быхаўскай бальніцы ўсталявалі кавамашыну

Медыцынскае абслугоўванне ў Быхаве ўзнялося на недасяжныя вышыні і не збіраецца апускацца да нядаўняга жаласнага ўзроўню.

Быхаўчанам абвясцілі пра прарыў у іх медыцынскім абслугоўванні і надыход эры «новага ўзроўню камфорту і тэхналогій».

Завершана рэканструкцыя лячэбнага, дыягнастычнага карпусоў і стаматалогіі. У гэтым годзе ў бальніцу паступіла тэхніка экспертнага класа: відэаэндаскапічная сістэма, відэакалонаскап і сучасны апарат УГД. А ў мінулым годзе прывялі ў парадак тэрыторыю ЦРБ і абнавілі асфальт. Ды што там асфальт! У рэгістратуры сёння можна выпіць каву.

Для Быхава гэта – прарыў, супастаўны з пераходам ад першабытна-абшчыннага ладу адразу да капіталістычнага.

Бо яшчэ ўчора пацыенты карысталіся паслугамі перасоўнага рэнтген-апарата, графік працы якога публікавала мясцовая газета, а замест эндакрынолага і дэрматолага быхаўскіх пацыентаў прымалі ўрачы агульнай практыкі.

Цуды, вядома, здараюцца, але ў выпадку з Быхавам пераскочыць праз рабаўладальніцкі і феадальны ўклады – місія амаль невыканальная.

Фота раённай газеты.

Пад Бабруйскам плануюць пашырыць дарогу да трасы Мінск-Гомель – праз пяць гадоў

Павялічыць колькасць палос руху, паставіць сетку ад звяроў і пабудаваць яшчэ адну развязку збіраюцца на дарозе ад Бабруйска да аўтатрасы М5 Мінск-Гомель. Праўда, не раней 2030 года.

Дарога ад М5 да Бабруйска працягласцю каля васьмі кіламетраў пачынаецца ад развязкі з аўтамагістраллю каля вёскі Баяры і вядзе да гарадскога раёна Яловікі. Пра яе абнаўленне гаварылі яшчэ ў 2010 годзе, аднак да справы не дайшло. За гэты час сама М5 ужо атрымала статус дарогі першай катэгорыі: там пашырылі колькасць палос, усталявалі падзел трафіку бар’ерамі, а таксама сетку ад дзікіх жывёл. Пра гэта піша komkur.info.

Аднак, пад’езд да аўтатрасы з Бабруйска застаўся звычайнай двухпалоснай шашой, якая ўсё цяжэй спраўляецца з ростам транспартнага патоку. Найбольшую нагрузку ствараюць машыны са сталічнага кірунку, транспарт з дачных масіваў на паўночным захадзе раёна, а таксама паток з Асіповічаў. Акрамя таго, дарога з’яўляецца выхадам на трасу Р67 у бок Беразіна і Барысава.

Паводле начальніка тэхнічнага аддзела РУП «Магілеўаўтадар» Аляксандра Даманкова, праектаванне павінна пачацца ў 2028 годзе. Аднак, асноўныя параметры будучай рэканструкцыі ўжо апісаныя.
Гэта:
– пашырэнне дарогі мінімум да чатырох палос , па дзве ў кожны бок;
– стварэнне раздзяляльнай паласы з ахоўнай агароджай;
– новая развязка з дарогай Р67 у Сычкаве.
Таксама павінны перабудаваць чыгуначны пуцеправод у Калініна, бо яго даўжыні недастаткова для пашыранай аўтадарогі, і ўсталяваць уздоўж яе сетку ад дзікіх жывёл.

Пакуль застаецца адкрытым пытанне аб хуткасным рэжыме. Паводле Даманкова, не факт, што дазволеная хуткасць вырасце пасля рэканструкцыі. «У Беларусі ёсць нямала дарог першай катэгорыі з абмежаваннем 90 км/г. Канчатковае рашэнне будуць прымаць разам з ДАІ» – адзначыў ён.

Улічваючы тэрміны праектавання, уласна будаўнічыя працы стартуюць не раней за 2030 год. 

Фотаздымак: komkur.info