Найстарэйшы кінатэатр Магілёва сыходзіць на рэканструкцыю

З 9 мая “Чырвоная Зорка”, найстарэйшы кінатэатр Магілёва, знік з гарадскіх афіш. Спачатку супрацоўнікі спасылаліся на абстрактныя тэхнічныя прычыны, затым “Кінавідэапракат” даў лаканічны адказ: установа закрыта ў сувязі з праектнымі і вышукальнымі работамі ў рамках падрыхтоўкі да рэканструкцыі.

Кінатэатр на Першамайскай быў перабудаваны ў 1930 годзе з дарэвалюцыйнага ілюзіёна “Чары”, а той стаяў на фундаментах згарэлага манежа-экзерцыргаўза, узведзенага архітэктарам Васілём Стасавым.

Будынак, нягледзячы на ваенныя разбурэнні і перабудовы 1948 і 1954 гадоў, у цэлым захаваў першапачатковы выгляд помніка канструктывізму.

Што з’явіцца пасля рэканструкцыі

Згодна з заданнем на праектаванне, зацверджаным у 2025 годзе, унутраная прастора кінатэатра будзе цалкам перафарматаваная. На двух паверхах размесцяцца чатыры глядзельныя залы, зоны адпачынку і харчавання.

Першы паверх:

  • вялікая зала на 200 месцаў з функцыяй імерсіўнага кіно і планетарыя;
  • сямейная зала на 60 месцаў;
  • камерная зала-“камфорт” на 30 месцаў;
  • кінабар з паўнавартаснай кухняй;
  • фудкорт і агульны гардэроб.

Другі паверх:

  • VIP-зала на 30 месцаў з асобным гардэробам;
  • гульнявая зона з гардэробам;
  • кінабар і фудкорт.
  • Тэхнічнае аснашчэнне:
  • 4K лазерныя праектары ва ўсіх залах;
  • сістэмы аб’ёмнага гуку;
  • цэнтралізаваная музычна-інфармацыйная сістэма ва ўсіх памяшканнях;
  • адзіная апаратная для кіравання чатырма заламі;
  • ліфт для маламабільных наведвальнікаў.

Тэрміны

Распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі павінна была завяршыцца да канца мая. Будаўнічыя работы запланаваныя на 2027 год. Зрэшты, мяркуючы па закрыцці кінатэатра пад падставай “праектных работ”, якія па плане павінны былі ўжо завяршыцца, праект прыкметна адстае ад графіка.

Фота з адкрытых крыніц.

У магілёўскім кінатэатры “Чырвоная зорка” пакуль без сеансаў

Кінатэатр “Чырвоная зорка” ў Магілёве знік з афішы прадпрыемства “Кінавідэапракат”.

У рубрыцы “Афіша” на сайце прадпрыемства адсутнічае інфармацыя аб бліжэйшых паказах фільмаў у “Чырвонай зорцы”. Гэта заўважылі магілёўцы, якія задаліся пытаннем – чаму так?

Пакуль афіцыйнай дакладнай інфармацыі наконт таго, што адбываецца з кінатэатрам, няма. У тэлеграм-канале “Могилев.Главное” паведамляецца, што “Кінавідэапракат” абяцае афіцыйна паведаміць пра яго далейшы лёс у бліжэйшы час”.

Аднак на сайце прадпрыемства на гэтую тэму няма ніякіх звестак.

Фотаздымак: ТГ “Могилев.Главное”

У Асіповічах кінастужкі беларускай вытворчасці сталі хітамі

На «Пераломны момант» і «Класную» ў Асіповічах не могуць наглядзецца, а выручка кінатэатра зашкальвае.

Газета “Асіповіцкі край”, як і належыць дзяржаўнаму СМІ Беларусі, перабольшвае любоў мясцовых жыхароў да прапагандысцкай прадукцыі.

Журналісты сцвярджаюць, што “самымі запатрабаванымі ў мясцовых кінаманаў сталі дзве апошнія навінкі нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» — «Пераломны момант» і «Класная». Апошняя стужка таксама стала лідарам касавых збораў”.

Калі верыць ідэолагам Асіповішчыны, то беларускія кінематаграфісты канчаткова паклалі Галівуд на лапаткі, а Свіслач пацякла назад. Вось толькі верыць ім не варта.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.