Быхаўчан прарвала – людзі не ацанілі гумару з кавамашынай у бальніцы

Бравурны артыкул пра ўзлёт медыцыны ў Быхаве выклікаў шквал негатыўных эмоцый у быхаўчан.
Казка пра новы ўзровень камфорту і тэхналогій у бальніцы, якую тапорна сачынілі журналісты быхаўскай раённай газеты, не прайшла экспертную ацэнку ў быхаўчан. Людзі не ўбачылі ніякіх зменаў у сваім медыцынскім абслугоўванні. Яно, на іх думку, як было, так і засталося ў ў катастрафічным стане. 

Быхаў ЦРБ

Пералічэнне медыцынскага абсталявання з мала зразумелымі назвамі, акцэнт на рамонт асфальтавага пакрыцця бальнічнага двара і нейкія «пераробкі недаробкаў аздаблення» былі ацэненыя так, як і належала іх ацаніць – праўладнае СМІ ў чарговы раз зманіла.

ЦРБ Быхаў

Ніякая кавамашына каля рэгістратуры не выправіць сітуацыю з вострым дэфіцытам урачоў, які Быхаўская ЦРБ адчувае не першы год.
І Быхаў у гэтым сэнсе, на жаль, не выключэнне. Узровень медыцынскага абслугоўвання, пра бясплатнасць якога пастаянна паўтараюць беларускія ўлады, не проста імкліва падае, а ўжо дасягнуў свайго дна.

ЦРБ Быхов

Быхаўшчына ж, калі чым і адрозніваецца ад іншых рэгіёнаў вобласці, дык толькі ўменнем мясцовых уладаў беспардонна хлусіць.

Фота – скрыншот акаўнта «Тік-ток» партала «Магілёў-медыя»

У Быхаўскай бальніцы ўсталявалі кавамашыну

Медыцынскае абслугоўванне ў Быхаве ўзнялося на недасяжныя вышыні і не збіраецца апускацца да нядаўняга жаласнага ўзроўню.

Быхаўчанам абвясцілі пра прарыў у іх медыцынскім абслугоўванні і надыход эры «новага ўзроўню камфорту і тэхналогій».

Завершана рэканструкцыя лячэбнага, дыягнастычнага карпусоў і стаматалогіі. У гэтым годзе ў бальніцу паступіла тэхніка экспертнага класа: відэаэндаскапічная сістэма, відэакалонаскап і сучасны апарат УГД. А ў мінулым годзе прывялі ў парадак тэрыторыю ЦРБ і абнавілі асфальт. Ды што там асфальт! У рэгістратуры сёння можна выпіць каву.

Для Быхава гэта – прарыў, супастаўны з пераходам ад першабытна-абшчыннага ладу адразу да капіталістычнага.

Бо яшчэ ўчора пацыенты карысталіся паслугамі перасоўнага рэнтген-апарата, графік працы якога публікавала мясцовая газета, а замест эндакрынолага і дэрматолага быхаўскіх пацыентаў прымалі ўрачы агульнай практыкі.

Цуды, вядома, здараюцца, але ў выпадку з Быхавам пераскочыць праз рабаўладальніцкі і феадальны ўклады – місія амаль невыканальная.

Фота раённай газеты.