У Бабруйску агітавалі за Радаўніцу без пластыка

Бясплатныя жывыя кветкі раздавалі валанцёры пры ўваходзе на Мінскія могілкі ў Бабруйску.

Ужо чацвёрты год запар мясцовая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя разам з валанцёрамі з таварыства “Экабабры” заклікае бабруйчан не несці на могілкі штучныя кветкі. Сёлета яны не толькі заклікалі, але і прапаноўвалі нешта ўзамен пластыкавых упрыгожванняў, а менавіта – жывыя кветкі для ўшанавання памяці памерлых.

Паводле профільнага абласнога камітэта, у гэтым годзе акцыю “Радаўніца без пластыка” падтрымалі не толькі магазіны кветак, камунальнае прадпрыемства “ДЭП г. Бабруйска”, але і звычайныя жыхары горада, якія прынеслі для гэтага каля 200 саджанцаў.

Надоечы стала вядома, што Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі працуе над новым Экалагічным кодэксам. Праз яго, магчыма, будзе ўведзеная забарона на вытворчасць і пастаўку тавараў, адыходы якіх складана або немагчыма перапрацаваць. Гэтая забарона можа датычыцца штучных пластыкавых кветак. Аднак, не выключана, што гэта ўсё застанецца на ўзроўні размоў, бо прыбытак ад продажу такіх кветак даволі высокі і наўрацці дзяржава будзе забараняць яго.

Фотаздымак: ТГ “Магілёўпрырода”

Вандруй. Адчуй. Натхняйся: на Магілёўшчыне ўдзел у акцыі прымуць 190 турыстычных аб’ектаў

У межах рэспубліканскай акцыі «Вандруй. Адчуй. Натхняйся» жыхары і госці рэгіёна могуць бясплатна наведаць музеі, аграсядзібы, прыняць удзел у квэстах і майстар-класах, а таксама адчуць смак беларускай кухні.

Што такое «Вандруй. Адчуй. Натхняйся»?

Гэта штогадовая ініцыятыва Міністэрства спорту і турызму і Нацыянальнага агенцтва па турызме, якая праходзіць у Беларусі з 2022 года. Мэта — папулярызацыя ўнутранага турызму і знаёмства з турыстычнымі магчымасцямі краіны. Колькасць удзельнікаў расце штогод: калі ў 2022 годзе было 516 аб’ектаў, то ў 2023 — ужо 924, а ў 2024 годзе — больш за 1200. На Магілёўшчыне год таму ў акцыі бралі ўдзел 130 аб’ектаў турыстычнай сферы, пісалі mogilev.media, сёлета – 190. 

Праўда, збольшага, гэта ўдзел чыста фармальны – пераважная большасць арганізацый пазначылі свой удзел вельмі проста: “наведванне аб’екта, азнаямленне з паслугамі”.

Магілёўшчына: што чакае турыстаў?

Тым не менш, з 2 па 8 чэрвеня 2025 года Магілёўская вобласць прапануе некаторую праграму:

  • Бясплатныя экскурсіі ў музеях, мастацкіх галерэях і гістарычных аб’ектах.
  • Квэсты і майстар-класы для дзяцей і дарослых у культурных установах і аграсядзібах.
  • Дні адкрытых дзвярэй ў санаторыях, аграсядзібах, турыстычных комплексах і нават на прамысловых прадпрыемствах.
  • Дэгустацыі страв беларускай кухні ў мясцовых кавярнях і рэстаранах.
  • Экалагічныя сцежкі і прагулкі па заказніках для аматараў прыроды. 

Удзел у акцыі прымаюць розныя аб’екты: ад аграсядзіб і санаторыяў да музеяў і вытворчых прадпрыемстваў. Дакладны пералік усіх удзельнікаў і іх прапановы можна знайсці тут.

Фота: mogilev.media