Шакаладны батончык у падарунак – маштаб турыстычнай акцыі на Магілёўшчыне ўражвае

“Вандруй. Адчуй. Натхняйся” – пяць кавярняў на Магілёўшчыне зробяць скідкі для турыстаў на час рэспубліканскай акцыі. І, бадай што, усё.

У Беларусі з 6 па 12 чэрвеня для стымуляцыі ўнутранага турызма будзе праходзіць акцыя “Вандруй. Адчуй. Натхняйся”. У ёй заявілі свой удзел каля 900 аб’ектаў турыстычнай галіны па ўсёй краіне. 

На Магілёўшчыне акцыю падтрымалі 35 аб’ектаў – арганізацыі грамадскага харчавання, аграсядзібы, музеі, прадпрыемствы, што ладзяць экскурсіі па сваёй вытворчасці. Трэба адзначыць, што ў маштабе вобласці ўдзельнікаў акцыі – кропля ў моры. Поўны спіс можна пабачыць тут.

Як вынікае са спісу ўдзельнікаў і са звестак пра асаблівыя прапановы ад аб’ектаў турыстычнай галіны, акцыя праводзіцца “для галачкі”. Так, большасць заяўленых аб’ектаў будуць рабіць усё тое самае, што робяць і без акцыі – музеі будуць праводзіць экскурсіі, ладзіць выставы, а гасцініцы будуць прымаць падарожнікаў на начлег.

Толькі некаторыя аб’екты гандлю абвясцілі пра скідкі на час акцыі. Так, кіраўская “Смажанка” дае зніжку ў 70% на смажанку з грыбамі, буфет у фізкультурна-аздараўленчым комплексе “Жамчужына” ў Асіповічах зробіць скідку ў 50% на марожанае і бульбу-фры і да 80% – на халаднік.

Кавярня “Пікнік” у вёсцы Ермалавічы Магілёўскага раёна пры заказе фірменнага абеда з кавай падорыць наведвальніку шакаладны батончык. А ў чэрыкаўскай кавярні “МІХ” пры заказе двух піц – кава ў падарунак.

Фота ілюстрацыйнае