Усяго 13 дзён адпрацавала бабруйчанка ў наркамаркеце

Маці траіх дзяцей затрымалі ў Бабруйску з кілаграмам наркотыкаў.

Супрацоўнікі наркакантролю Магілёўшчыны затрымалі 33-гадовую бабруйчанку.

Паддаўшыся на абяцанні добрага заробку, маці траіх дзяцей стала працаваць на наркамаркет.

У выніку жанчына адпрацавала менш за два тыдні і была затрыманая.

Па месцы яе жыхарства, а таксама ў тайніках на тэрыторыі Бабруйска і раёна быді знойдзены кілаграм псіхатропнага рэчыва Альфа-PVP.

Распачата крымінальная справа за незаконны абарот наркотыкаў з мэтай збыту. Бабруйчанцы пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі.

Фота: скрыншот тэлеграм-канала МУС Беларусі.

У Магілёўскай вобласці злавілі закладчыкаў з кілаграмам псіхатропаў

Наркакантроль Магілёўшчыны спыніў дзейнасць двух збытчыкаў забароненых рэчываў. Затрыманымі аказаліся мужчыны 36 і 55 гадоў, якія прыехалі з Гродзенскай вобласці.

Як высветлілі аператыўнікі, прыкладна месяц таму абодва мужчыны адгукнуліся на аб’яву ў сетцы пра хуткі заробак.

На справе гэта аказалася праца на наркамаркет: яны атрымлівалі буйныя партыі Альфа-PVP, расфасоўвалі іх і рыхтавалі для далейшага продажу.

Пры вобшуках у момант затрымання і па адрасах пражывання фігурантаў праваахоўнікі канфіскавалі больш за кілаграм асабліва небяспечнага псіхатропу.

Крымінальная справа распачата па артыкуле пра групавы нарказбыт. Калі віна будзе даказаная, мужчынам пагражае да 20 гадоў зняволення.

Фота: скрыншот тэлеграм-канала МВД Беларусі.

Шматдзетная бабруйчанка асуджана на восем гадоў калоніі за наркотыкі

У Бабруйску асуджана маці чатырох малых дзяцей, якая ўдзельнічала ў распаўсюдзе псіхатропаў праз інтэрнэт.

У снежні мінулага года жанчына адгукнулася на прапанову аб заробку ў адным з мэсенджараў. Пасля перадачы сваіх пашпартных даных і праходжання інструктажу па канспірацыі яна далучылася да групы, якая займалася распаўсюдам псіхатропаў праз інтэрнэт-краму.

Згодна з адведзенай роляй, шматдзетная маці павінна была забіраць партыі наркотыкаў з тайнікоў, фасаваць іх і раскладваць у новых месцах для наступнага збыту.

На судзе жанчына цалкам прызнала віну. Яна паведаміла, што першая спроба атрымаць псіхатропы не ўдалася – тайнік аказаўся пустым. Аднак пры другой спробе забраць рэчыва (мефедрон) яе затрымалі супрацоўнікі праваахоўных органаў.

Суд улічыў шэраг змякчальных абставінаў, у тым ліку шчырае раскаянне і наяўнасць на ўтрыманні чатырох малалетніх дзяцей. Разам з тым абцяжваючай акалічнасцю прызнана здзяйсненне злачынства з карыслівых матываў.

У выніку жанчыне прызначана пакаранне ў выглядзе васьмі гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму. Таксама суд пастанавіў канфіскаваць мабільны тэлефон, які выкарыстоўваўся пры здзяйсненні злачынства.

Вырак пакуль не ўступіў у законную сілу.

Фотаздымак з адкрытых крыніц