Палонны расійскі найміт з Бабруйска даў новае інтэрв’ю

Бабруйчанін Сяргей Тарас, які як расійскі найміт трапіў ва ўкраінскі палон, распавёў новыя падрабязнасці пра сябе.

У сакавіку 2026 года Сяргей ужо распавядаў журналістам тэлеканалу “Вот так” пра тое, як наняўся забіваць украінцаў, а потым трапіў ва ўкраінскі палон. У тым інтэрв’ю яго прозвішча – Тарасаў. У новым, якое з ім зрабіў блогер Аляксандр Кабанаў на YouTube-канале BelPol, – Тарас. 

Згодна новых падрабязнасцяў, апошнія гады ён ездзіў на заробкі ў Смаленск. Пры гэтым адзначае, што раней вучыўся ў Кіеве. У маладосці быў асуджаны за крадзёж. Таксама ў Сяргея Тараса нібыта ёсць малодшы брат. 

Падпісаў кантракт з расійскай арміяй у 2024 годзе. Грошы, якія яму пералічылі, былі немалыя – каля 4 млн расійскіх рублёў (3 млн 700 тыс. расійскіх рублёў згодна першаму інтэрв’ю), але ён атрымаць іх не змог, бо яны знаходзяцца на банкаўскім рахунку, да якога Сяргей цяпер не мае доступу.

Цяпер Тарас сцвярджае, што першапачаткова не разумеў, што давядзецца забіваць украінцаў, але, трапіўшы на перадавую, зразумеў, «што тут трэба ваяваць». Раней пра такое неразуменне нічога не казаў.

У першым інтэрв’ю адзначаецца, што бабруйчанін прайшоў падрыхтоўку ў Варонежы, а потым – купянскі кірунак у складзе 1-й танкавай арміі. Цяпер жа, паводле яго, пасля падпісання кантракта ён два тыдні праходзіў ваенную падрыхтоўку як стралок у вучэбнай часці на Смаленшчыне, а затым яшчэ два тыдні – у Луганскай вобласці.

«Нас набіралі ў штурмавыя роты», – кажа ён і адзначае, што актыўнага ўдзелу ў баявых дзеяннях не прымаў. «Я быў у закрэпах. У нас кантакту прамога [з праціўнікам] не было. Мы ахоўвалі», – сцвярджае Сяргей.

Пра абставіны, пры якіх ён трапіў да ўкраінцаў, мужчына не расказвае, але з папярэдняга расповяду вядома, што яго ўзялі ў палон ваяры Расійскага добраахвотніцкага корпусу.

Як і ў сакавіку, так і цяпер Сяргей спадзяецца, што яго абмяняюць на ўкраінскіх ваеннапалонных. Цяпер жа ён яшчэ звяртаецца да суайчыннікаў, якія могуць разглядаць магчымасць удзелу ў вайне.

«Няхай падумаюць, перш чым нешта рабіць. Не на п’яную галаву, а на цвярозую. Вайна – гэта смерць. Чалавек няхай рэальна думае, што ён не проста так ідзе туды, а ідзе паміраць», – кажа бабруйчанін.

Скрыншот @osbbelpol / youtube

Бабруйчане штурмавалі новы гандлёвы цэнтр “Этажэрка”

У Бабруйску адкрыццё новага гандлёвага цэнтру “Этажэрка” адзначылася не толькі пераразаннем чырвонай стужкі, але і цісканінай напоўпу ў дзвярах магазіна.

Гандлёвы цэнтр адчыніўся 25 чэрвеня 2026 года з традыцыйнай урачыстасцю – прамовамі чыноўнікаў і пераразаннем чырвонай стужкі. 

Ганаровыя госці адкрыцця, сярод якіх былі прадстаўнікі гарадскіх улад, увайшлі ў новы гандлёвы цэнтр першымі. Затым у яго пачалі заходзіць людзі, ладна разгарачаныя чэрвеньскім сонцам. Праўда, зайсці можна было толькі пасля прахаджэння моцнай цісканіны перад дзвярыма. Прычым натоўп не знікаў цягам паўгадзіны пасля афіцыйнага адкрыцця. Гэта не дзіўна, бо цікаўныя пачалі падыходзіць да новага гандлёвага цэнтра яшчэ за паўтары гадзіны да чыноўніцкіх прамоў. Было нямала дзяцей і падлеткаў.

Паводзіны людзей, зафіксаваня на відэа, выклікалі асуджэнне чытачоў інтэрнэт-выдання bobr.by. “Такое адчуванне, што ў нас голад у краіне, і людзям няма чаго жэрці”, “Жах, сорам і ганьба, трагедыя на Нямізе ім нічога не нагадвае”, “Небяспечная праца ў спевакоў-вядучых на адкрыццях ГЦ : )” – такія каментарыі з’явіліся пад артыкулам аб адкрыцці “Этажэркі”.

Скрыншот @MrBobrby / YouTube

Старыя крыўды: у Бабруйску завершана справа пра жорсткае забойства старога

У Бабруйску завершана расследаванне крымінальнай справы аб забойстве 82-гадовага пенсіянера.

10 лютага 2026 года 73-гадовы бабруйчанін сустрэў на вуліцы 82-гадовага сябра. Пенсіянеры купілі спіртное і адправіліся адзначаць мінулы дзень нараджэння аднаго з іх.

Мужчыны сябравалі амаль чвэрць стагоддзя, але ў той дзень нешта пайшло не так.

Падчас застолля ўспомнілася старая крыўда. У ход пайшоў кухонны нож, і малодшы пенсіянер забіў старэйшага.

Цела было знойдзена праз некалькі дзён дачкой загінулага.

Следства ўстанавіла асобу забойцы, даказала яго датычнасць да злачынства, а сам ён цалкам прызнаў сваю віну.

Справу аб забойстве заведама састарэлага чалавека, учыненым з асаблівай жорсткасцю, накіравалі ў суд.

Фота Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.

У Бабруйску можна было зарабіць на здымках дзіцячага фільма

Здымкі фільму “Прыгоды Фунціка” далі магчымасць зарабіць бабруйчанам, якія прынялі ўдзел у масоўцы.

Гульнявую адаптацыю дзіцячага мультыплікацыйнага фільма пачалі здымаць напачатку чэрвеня ў сталіцы. Вытворчасцю карціны займаюцца расійская кінапракатная кампанія “Вольга” і Беларуская незалежная кампанія “Кінацэх”. 

Днямі частку здымак правялі ў Бабруйску. У масавай сцэне прынялі ўдзел каля 50 чалавек. Здымкі аплочваліся. 

“Нядаўна здымаўся ў масоўцы ў фільме «Прыгоды Фунціка». Чатыры чалавекі з Бабруйска адыгрывалі ролю арыштантаў, міма якіх праходзяць сябры Фунціка. Зачынілі нас у камеру, пасядзелі мы там і ўсё”, – распавёў бабруйскі пенсіянер Аляксандр Сафронаў.

Прэм’ера фільма чакаецца ў 2027 годзе.

Фотаздымак: komkur.info

У Бабруйску атрымліваюць новыя аўтобусы і скарачаюць аўтобусныя рэйсы

Бабруйскі аўтапарк спісаў дзевяць старых аўтобусаў, атрымаў чатыры новых і зменшыў колькасць рэйсаў.

Дзевяць спісаных аўтобусаў выпрацавалі свой рэсурс. Ім на змену прыбылі чатыры новыя – дзве “гармошкі” МАЗ-216 і два кампактныя МАЗ-206, піша komkur.info.

Гэтае абнаўленнне стала трэцім з пачатку года. Усяго за гэты час горад атрымаў 16 новых аўтобусаў.

Абнаўленне рухомага складу аўтобуснага парку адбываецца на фоне скарачэння колькасці аўтобусаў на маршрутах. Паводле прадстаўніка прадпрыемства, выклікана гэта летнім зніжэннем пасажырапатоку і маючым адбыцца сезонам адпачынкаў вадзіцеляў аўтобусаў, асабліва тых, якія, як сцвярджаюць у аўтапарку, працуюць з перапрацоўкамі. З верасня, запэўнілі на прадпрыемстве, часова знятыя рэйсы вернуцца зноў. 

Фотаздымак: komkur.info

Бабруйск «запаліў» мінскія вароты

Уязная група Бабруйска з боку Мінскай шашы паўстала ў новым выглядзе. Цяпер стэлу з назвай горада і прылеглую пляцоўку відаць і ўначы.

На пляцоўцы каля ўязнога знака расставілі падсветленыя вазоны і дзве фігуркі «беларусачак» у нацыянальных строях, усталяваныя яшчэ ў сярэдзіне чэрвеня. Побач – лічбы «639» з неонавай падсветкай і абноўлены герб горада.

Гэта апошні штрых у серыі абнаўленняў уезду.

Самі мінскія вароты перанеслі і замянілі яшчэ ў ліпені 2025 года, вясной 2026-га падсветкай абсталявалі стэлы на рагачоўскім, глускім і парыцкім напрамках. Цяпер дайшла чарга і да добраўпарадкавання самой пляцоўкі.

Усе работы прымеркаваны да Дня горада, які Бабруйск адзначыць 25-29 чэрвеня разам з 82-й гадавінай вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Міжнародным фестывалем «Вянок дружбы».

Лічба «639» – узрост горада: першае згадванне пра Бабруйск адносіцца да 1387 года.

Фота Bobrlife.

Амаль зніклая гандлёвая сетка ProStore адчыняе магазін у Бабруйску

Гандлёвая сетка ProStore анансавала на 25 чэрвеня запуск аб’екта ў ГЦ “Этажэрка” ў Бабруйску.

Як адзначаецца на сайце сеткі, гэты магазін стане першым у Бабруйску, дзе ўвасоблены ў жыццё абноўлены дызайн-праект ProStore. Агульная плошча аб’екта – 1700 кв. м. Крама ProStore у ГЦ «Этажэрка» будзе працаваць штодня з 08:00 да 23:00.

У 2019-2024 гадах у Беларусі актыўна закрываліся магазіны ProStore. Дайшло да таго, што ў Мінску засталося толькі два гандлёвыя аб’екты ProStore, яшчэ адзін – у Лагойску. Цяпер да іх павінны дадацца яшчэ два – вышэйузгаданы ў Бабруйску і адзін у сталіцы.

Крамы ProStore з’явіліся ў 2006 годзе. Іх развівала кампанія сям’і бізнэсмэна Юрыя Чыжа “Прастормаркет”. Аднак у снежні 2020 года на сходзе акцыянераў было прынятае рашэнне аб ліквідацыі фірмы. Да таго часу кампанія ўжо некалькі гадоў мела цяжкасці, якія пачаліся ў перыяд арышту яе ўладальніка Юрыя Чыжа, які лічыўся галоўным «кашальком» беларускага дыктатара, але трапіў у няміласць і пад суд. 1 лютага 2024 года “Прастормаркет” быў выключаны з Адзінага дзяржрэгістра.

Пасля гэтага сетка крам ProStore перайшла ў рукі кампаніі «Прасторытэйл», якая да гэтага часу імі кіруе. У 2023 годзе было некалькі судовых разбораў, якія тычыліся невыканання або неналежнага выканання гэтай фірмай абавязацельстваў па дагаворах пазыкі.

Цяпер крамамі ProStore кіруе кампанія «Гандлёвы дом Прастор», якая была створана ў сакавіку 2025 года.

Фотаздымак: www.prostore.by

У Бабруйску прадаюць будынак ліцэя за 270 рублёў

У Бабруйску выставілі на продаж будынак былога ліцэя. За яго просяць усяго 270 рублёў – гэта менш, чым 100 долараў.

Як паведамляе “БУТБ-Маёмасць”, агульная плошча цаглянага будынка вышынёй два і пяць паверхаў – 3 535,5 м2. Да будынка належыць гараж на 42 м2, бетонныя пад’язныя дарогі і пляцоўкі, а таксама пешаходныя дарожкі з лесвіцай, слупы асвятлення і камунікацыі.

Пакупнік таксама атрымае зямельны ўчастак плошчай 1,294 га ў арэнду на 50 гадоў.

У аб’екта няма абцяжаранняў, але абавязковая ўмова продажу: новы ўладальнік павінен весці дзейнасць з выкарыстаннем набытага або збудаванага пасля зносу нерухомай маёмасці не менш за год. Будынак можна выкарыстоўваць як пад установы адукацыі, так і пад гандлёва-бытавыя аб’екты – напрыклад, крамы або цырульні.

Пры гэтым пакупнік атрымае права рэканструяваць або знесці будынак і пабудаваць новы. Для гэтага трэба не пазней за шэсць месяцаў пасля здзелкі атрымаць дазвольную дакументацыю ў гарвыканкаме, за два гады пачаць будаўніча-мантажныя работы і за чатыры – завяршыць іх.

Заяўкі прымаюць да 13 ліпеня, а ўласна таргі запланаваныя на 16 ліпеня 2026 года. 

Бабруйскі дзяржаўны прафесійны ліцэй №4 калісьці рыхтаваў спецыялістаў працоўных прафесій – слесараў, швачак, афіцыянтаў і іншых. Больш за 10 гадоў таму быў зачынены з-за змяншэння набора і фінансаванння. З таго часу стаіць закінуты. Была няўдалая спроба яго рэстаўраваць у 2021 годзе. Потым аб’кт быў прададзены прыватнай асобе. Пакупнік затым быў аштрафаваны на 1,5 млн рублёў за невыкананне норм і адсутнасць неабходных узгадненняў. Пасля гэтага якая-небудзь дзейнасць у будынку цалкам спынілася.

Фотаздымак: et.butb.by

Бабруйчанка знайшла чарвякоў у батоне белага хлеба

Жыхарка Бабруйска апублікавала ў Threads відэа, на якім у адрэзаных лустах батона вытворчасці прадпрыемства «Дамачай» бачны жывыя чэрві. 

“З’ела два кавалка і толькі потым заўважыла, што на астатніх поўзаюць жывыя чарвякі! Сваю віну завод не прызнае! Усю віну скідваюць на краму, нібыта чарвякі запаўзлі ад садавіны скрозь закрыты пакет, але яны сядзяць прама ў мякішы! Батон набыты ў той жа дзень што і паступіў у краму! Начальства завода прасіла выдаліць відэа і не псаваць іх рэпутацыю, зазываюць на каву! Дзе гарантыя што я не з’ела гэтых чарвякоў?! А калі б дзіця?” – напісала жанчына з нікам jenia_mango.

Аднак не ва ўсіх карыстальнікаў інфармацыя жанчыны выклікала разуменне і тым больш спачуванне. “У дадзенай сітуацыі вы выглядаеце нашмат горш, чым хлебзавод, паколькі вырашылі байціць тэму. На і куды ж без “А калі б дзіця”. Пара нашым законатворцам уводзіць адказнасць за спажывецкі экстрэмізм”, – напісала карыстальніца Таццяна.

“Калі для вас чарвякі ў ежы – гэта “спажывецкі экстрэмізм”, прыемнага вам апетыту. А я абараняю здароўе сваёй сям’і”, – адказала аўтар відэа.

Фотаздымак: www.threads.com/@jenia_mango

Бабруйскае прадпрыемства не выплаціла 400 рублёў дапамогі прызыўніку

Толькі пасля ўмяшання праўладнага прафсаюза бабруйскае прадпрыемства выплаціла свайму былому работніку належную выхадную дапамогу.

Падчас маніторынгу выканання працоўнага заканадаўства на адным з прадпрыемстваў Бабруйска прафсаюзны інспектар выявіў парушэнне правоў работніка, прызванага на вайсковую службу.

Як высветлілася, пасля атрымання позвы малады чалавек спыніў працоўныя адносіны з наймальнікам. Пры гэтым выхадную дапамогу, якая належыць у такіх выпадках паводле заканадаўства, ён не атрымаў.

Парушэнне выявілі падчас планавай праверкі дакументаў. Паводле Працоўнага кодэкса, работніку, прызванаму на тэрміновую вайсковую службу, павінна быць выплачана выхадная дапамога ў памеры двухтыднёвага сярэдняга заробку.

Пасля таго як наймальніку накіравалі рэкамендацыі па ліквідацыі парушэння, прадпрыемства выплаціла цяперашняму вайскоўцу належныя грошы. Агульная сума выплат склала больш за 400 рублёў.

Фотаздымак: mogilev.1prof.by