Амаль зніклая гандлёвая сетка ProStore адчыняе магазін у Бабруйску

Гандлёвая сетка ProStore анансавала на 25 чэрвеня запуск аб’екта ў ГЦ “Этажэрка” ў Бабруйску.

Як адзначаецца на сайце сеткі, гэты магазін стане першым у Бабруйску, дзе ўвасоблены ў жыццё абноўлены дызайн-праект ProStore. Агульная плошча аб’екта – 1700 кв. м. Крама ProStore у ГЦ «Этажэрка» будзе працаваць штодня з 08:00 да 23:00.

У 2019-2024 гадах у Беларусі актыўна закрываліся магазіны ProStore. Дайшло да таго, што ў Мінску засталося толькі два гандлёвыя аб’екты ProStore, яшчэ адзін – у Лагойску. Цяпер да іх павінны дадацца яшчэ два – вышэйузгаданы ў Бабруйску і адзін у сталіцы.

Крамы ProStore з’явіліся ў 2006 годзе. Іх развівала кампанія сям’і бізнэсмэна Юрыя Чыжа “Прастормаркет”. Аднак у снежні 2020 года на сходзе акцыянераў было прынятае рашэнне аб ліквідацыі фірмы. Да таго часу кампанія ўжо некалькі гадоў мела цяжкасці, якія пачаліся ў перыяд арышту яе ўладальніка Юрыя Чыжа, які лічыўся галоўным «кашальком» беларускага дыктатара, але трапіў у няміласць і пад суд. 1 лютага 2024 года “Прастормаркет” быў выключаны з Адзінага дзяржрэгістра.

Пасля гэтага сетка крам ProStore перайшла ў рукі кампаніі «Прасторытэйл», якая да гэтага часу імі кіруе. У 2023 годзе было некалькі судовых разбораў, якія тычыліся невыканання або неналежнага выканання гэтай фірмай абавязацельстваў па дагаворах пазыкі.

Цяпер крамамі ProStore кіруе кампанія «Гандлёвы дом Прастор», якая была створана ў сакавіку 2025 года.

Фотаздымак: www.prostore.by