У Бабруйску прайшоў “дармовы кірмаш” – “Дармаш”

Кірмаш па бясплатным абмене рэчамі – “Сямейны дармаш” прайшоў у Бабруйскім дзяржаўным індустрыяльна-будаўнічым каледжы.

29 і 30 траўня жадаючыя бабруйчане маглі прынесці у каледж і забраць сабе задарма вопратку, абутак, кнігі, школьныя прыналежнасці, рэчы для творчасці і хобі, інструменты. Галоўнай умовай было тое, каб рэчы былі чыстыя і цэлыя.

Праект, які прайшоў у горадзе ўжо ў 13-ы раз, накіраваны на прасоўванне ідэй ўсвядомленага спажывання і беражлівых адносін да прыроды. Галоўнай мэтай “Дармаша” абвешчана магчымасць для жыхароў Бабруйска абсалютна бясплатна абмяняцца адзеннем, абуткам і іншымі карыснымі рэчамі. Такі падыход дазваляе мінімізаваць утварэнне бытавых адходаў.

У дзень адкрыцця “Дармаша” грамадскі эколаг, выкладчык біялогіі і хіміі Наталля Чыбісава правяла лекцыю аб інвазіўных відах раслін і жывёл Беларусі – пра тое, як чужародныя віды пагражаюць мясцовай прыродзе і чаму важна захоўваць біялагічную разнастайнасць.

Фотаздымак: bgsptk.bobr.by

Дармаш – у Бабруйску пройдзе кірмаш па бясплатнай раздачы рэчаў

Гарадская ініцыятыва “Экабабры” ладзіць у Бабруйску бясплатны кірмаш. Ён будзе праходзіць сёння з 18.00 да 20.00 і заўтра 14 верасня з 9.00 да 17.00 у актавым зале індустрыяльна-будаўнічага каледжа па вуліцы Гагарына, 42.

Галоўны прынцып мерапрыемства – экалагічны падыход да спажывання рэчаў.

Можна будзе прынесці, альбо бясплатна забраць:

  •  мужчынскае, жаночае, падлеткавае, дзіцячае адзенне;
  • абутак;
  • кнігі;
  • школьныя прыналежнасці;
  • усё для творчасці і хобі

Усе рэчы павінны быць чыстымі, цэлымі, каб іх было прыемна браць у рукі, папярэджваюць арганізатары.

Фота: bobr.by