Могуць страляць, затрымліваць, забіраць машыны – што такое “народнае апалчэнне”

У Беларусі распрацавалі праект новай мілітарысцкай структуры “народнае апалчэнне” на выпадак увядзення ваеннага становішча – інфармуе “Медыязона”.

Новае ўзброенае фармаванне можа з’явіцца ў Беларусі – «Народнае апалчэнне». Разбяраемся, што гэта за структура, якія задачы будзе вырашаць, як будзе камплектавацца, фінансавацца, каму падпарадкоўвацца. 

Народнае апалчэнне – узброеныя фарміраванні. Будуць стварацца з добраахвотнікаў –  грамадзян Беларусі, іншаземцаў, асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Беларусі, якія жадаюць удзельнічаць у «забеспячэнні ваеннага становішча».

Ствараць апалчэнні будуць органы мясцовага кіравання і саветы абароны.

Што могуць рабіць добраахвотнікі падчас ваеннага становішча – прымяняць фізічную сілу, выкарыстоўваць зброю, затрымліваць людзей, якія ўчынілі злачынства або правапарушэнне, каб перадаць іх сілавікам, патрабаваць захавання парадку, абмежаванняў і забарон, уведзеных для забеспячэння ваеннага становішча.

Сумесна з міліцыяй апалчэнцы маюць права абмяжоўваць рух транспартных сродкаў, надглядаць машыны і багаж, затрымліваць транспартныя сродкі, аглядаць кватэры, дамы, офісы, правяраць дакументы, выкарыстоўваць аўтамабілі юрыдычных і фізічных асоб, каб адвезці параненых да медыкаў.

Каго не возьмуць у апалчэнне. Не возьмуць людзей, якія адбываюць арышт, абмежаванне волі з накіраваннем або пазбаўленне волі, тых, хто знаходзіцца пад хатнім арыштам, тых, у адносінах да якіх прынята рашэнне аб інтэрнаванні, людзей, якія прызнаныя недзеяздольнымі або абмежавана дзеяздольным, якія маюць захворванні або фізічныя недахопы, якім проціпаказана валоданне зброяй.

Якія задачы будуць выконваць атрады Народнага апалчэння – асноўная задача,  “аказанне садзейнічання тэрытарыяльным органам унутраных спраў у выкананні імі паўнамоцтваў пры забеспячэнні ваеннага становішча, абароне ўласнасці ад злачынных і іншых супрацьпраўных замахаў”. Іх таксама могуць прыцягваць і для вырашэння “іншых задач па забеспячэнні ваеннага становішча”.

Фінансавае і матэрыяльнае забеспячэнне народнага апалчэння будзе здзяйсняцца за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў, за “добраахвотныя ахвяраванні юрыдычных і фізічных асоб і іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам”.

У кожным атрадзе прызначаюцца камандзір і яго намеснік (намеснікі). Іх кандыдатуры ўзгадняюцца з кіраўнікамі мясцовых органаў унутраных спраў і дзяржаўнай бяспекі.

Агульнае кіраўніцтва народным апалчэннем кладзецца на мясцовы савет абароны. А непасрэднае кіраўніцтва – на тэрытарыяльныя органы ўнутраных спраў.

Падрыхтоўкай добраахвотнікаў і матэрыяльным забеспячэннем атрадаў будзе займацца Савет міністраў. Міністэрства абароны будзе адказваць за зброю і боепрыпасы для апалчэнцаў.

Тэрытарыяльныя органы ўнутраных спраў удзельнічаюць у падрыхтоўцы і вызначаюць задачы для атрадаў апалчэння. Усё астатняе, як адбор добраахвотнікаў, выбар камандзіраў, кантроль за выкананнем задач і гэтак далей кладзецца на плечы мясцовых выканкамаў.

Фота  з адкрытых крыніц.

У Дрыбіне праходзіць фестываль, які фінансава падтрымліваў Еўрасаюз

Тое было ў 2015 годзе, калі ў Беларусі трываў чарговы перыяд лібералізацыі.

Улада атрымлівала грантавую падтрымку ад еўрапейцаў 

Тады рэгіянальны фестываль народнай творчасці, промыслаў і рамёстваў «Дрыбiнскія таржкi» стаў пераможцам у конкурсе садзейнічання развіццю мясцовых ініцыятываў. Ён рэалізоўваўся Праграмай развіцця ААН (ПРААН) пры фінансавай падтрымцы Еўрасаюзу. Бюджэт праекту не агалошваўся, але паводле ўмоваў грантадаўцы, мог сягаць 25 тысяч еўра.

Разам з дрыбінскім праектам былі падтрыманыя яшчэ 17 ініцыятываў з Магілёўскай вобласці.

У 2018-ым Дрыбін адведала кіраўніца прадстаўніцтва ААН у Беларусі Іаана Казана-Вішнявецкая. Яе сустракаў старшыня райвыканкаму. Замежніцу цікавіла, як ажыццяўляецца праект “Стварэнне «Дрыбінскай школы шапавалаў»”, пад які было выдзелена фінансаванне па той жа ААН-аўскай праграме. Бюджэт праекту складаў 12 438 еўра.

Іаана Казана-Вішнявецкая паўдзельнічала ў майстар-класе вырабу сувенірнай прадукцыі. На памяць аб знаходжанні ў Дрыбіне ёй падарылі сувенірныя валёнкі, каралі і эмблему фестывалю «Дрыбінскія таржкі».

Пра супрацоўніцтва з Еўропай у Дрыбіне не згадваюць

У сёлетніх анонсах «Дрыбiнскіх таржккоў» згадкі пра супрацоўніцтва мясцовай улады з еўрапейскай структурай няма. Увага акцэнтуецца на тым, што фестываль праходзіць у 11 раз і на ім будзе весела.

Сёлета ён пачаўся 19 жніўня і завершыцца 20-га. У праграме канцэрты, шоу, майстар-класы, кірмаш. Наведнікам пакажуць рэтрамабілі і для іх спяе Алена Ланская. А потым будзе феерверк. Для жыхароў аддаленага ад буйных людных мясцінаў райцэнтра фестываль – аддушына ў сумным аднастайным жыцці.

«Сёлета ўсе нашы крамніцы і падворкі будуць здзіўляць гасцей рознымі стравамі з цёртай бульбы. І гэта невыпадкова, бо традыцыйныя беларускія дранікі і стравы з цёртай бульбы ўключаны ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў краіны. Аднак гэта не адзіная наша неспадзеўка. Упэўнена, свята пройдзе на высокім узроўні і надоўга запомніцца ўсім гасцям і ўдзельнікам» – абяцала напярэдадні адкрыцця галоўны ідэолаг райвыканкаму Ганна Падворная.

Пра Дрыбін, сьцісла

Дрыбін – найменшы райцэнтр Беларусі. Да Магілёва, абласнога цэнтру, 60 кіламетраў. Да беларуска-расейскай мяжы два дзясяткі напрасткі. Вытворчых прадпрыемстваў у раёне няма. Мясцовая эканоміка трымаецца на «калгасах», камунальных арганізацыях, дзяржаўных установах і прадпрымальніцкай актыўнасці.

Раён стварылі пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Тут багата набудавана пасёлкаў для перасяленцаў з забруджаных радыяцыяй мясцін Магілёўшчыны. Многія дамы пустуюць.

Мястэчка славутае тутэйшай школай шапавальства. У даўнія часы мясцовыя шапавалы выдумалі сваю мову – «катрушніцкі лемезень».

Насельніцтва Дрыбіна – меней за 3 тысячы чалавек. Упершыню ў гісторыі пра яго згадалі ў XVI стагоддзі, як шляхецкае ўладанне ў Мсціслаўскім ваяводстве. У XVII стагоддзі існаваў Новы Дрыбін. Канцлер Леў Сапега ў сваім тастаменце 1633 году ўпамянуў «вёску і пушчу Дрыбінскую».

фота з рэсурсаў dribin.by, horki.info