Могуць страляць, затрымліваць, забіраць машыны – што такое “народнае апалчэнне”

У Беларусі распрацавалі праект новай мілітарысцкай структуры “народнае апалчэнне” на выпадак увядзення ваеннага становішча – інфармуе “Медыязона”.

Новае ўзброенае фармаванне можа з’явіцца ў Беларусі – «Народнае апалчэнне». Разбяраемся, што гэта за структура, якія задачы будзе вырашаць, як будзе камплектавацца, фінансавацца, каму падпарадкоўвацца. 

Народнае апалчэнне – узброеныя фарміраванні. Будуць стварацца з добраахвотнікаў –  грамадзян Беларусі, іншаземцаў, асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Беларусі, якія жадаюць удзельнічаць у «забеспячэнні ваеннага становішча».

Ствараць апалчэнні будуць органы мясцовага кіравання і саветы абароны.

Што могуць рабіць добраахвотнікі падчас ваеннага становішча – прымяняць фізічную сілу, выкарыстоўваць зброю, затрымліваць людзей, якія ўчынілі злачынства або правапарушэнне, каб перадаць іх сілавікам, патрабаваць захавання парадку, абмежаванняў і забарон, уведзеных для забеспячэння ваеннага становішча.

Сумесна з міліцыяй апалчэнцы маюць права абмяжоўваць рух транспартных сродкаў, надглядаць машыны і багаж, затрымліваць транспартныя сродкі, аглядаць кватэры, дамы, офісы, правяраць дакументы, выкарыстоўваць аўтамабілі юрыдычных і фізічных асоб, каб адвезці параненых да медыкаў.

Каго не возьмуць у апалчэнне. Не возьмуць людзей, якія адбываюць арышт, абмежаванне волі з накіраваннем або пазбаўленне волі, тых, хто знаходзіцца пад хатнім арыштам, тых, у адносінах да якіх прынята рашэнне аб інтэрнаванні, людзей, якія прызнаныя недзеяздольнымі або абмежавана дзеяздольным, якія маюць захворванні або фізічныя недахопы, якім проціпаказана валоданне зброяй.

Якія задачы будуць выконваць атрады Народнага апалчэння – асноўная задача,  “аказанне садзейнічання тэрытарыяльным органам унутраных спраў у выкананні імі паўнамоцтваў пры забеспячэнні ваеннага становішча, абароне ўласнасці ад злачынных і іншых супрацьпраўных замахаў”. Іх таксама могуць прыцягваць і для вырашэння “іншых задач па забеспячэнні ваеннага становішча”.

Фінансавае і матэрыяльнае забеспячэнне народнага апалчэння будзе здзяйсняцца за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў, за “добраахвотныя ахвяраванні юрыдычных і фізічных асоб і іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам”.

У кожным атрадзе прызначаюцца камандзір і яго намеснік (намеснікі). Іх кандыдатуры ўзгадняюцца з кіраўнікамі мясцовых органаў унутраных спраў і дзяржаўнай бяспекі.

Агульнае кіраўніцтва народным апалчэннем кладзецца на мясцовы савет абароны. А непасрэднае кіраўніцтва – на тэрытарыяльныя органы ўнутраных спраў.

Падрыхтоўкай добраахвотнікаў і матэрыяльным забеспячэннем атрадаў будзе займацца Савет міністраў. Міністэрства абароны будзе адказваць за зброю і боепрыпасы для апалчэнцаў.

Тэрытарыяльныя органы ўнутраных спраў удзельнічаюць у падрыхтоўцы і вызначаюць задачы для атрадаў апалчэння. Усё астатняе, як адбор добраахвотнікаў, выбар камандзіраў, кантроль за выкананнем задач і гэтак далей кладзецца на плечы мясцовых выканкамаў.

Фота  з адкрытых крыніц.

Падчас меліярацыі на Магілёўшчыне віртуальна саджалі траву

Прыпіскі падчас меліярацыі на Магілёўшчыне склалі больш за 400 тысяч рублёў – Дзяржкантроль.

Камітэт дзяржкантролю Магілёўскай вобласці правёў аналіз выкарыстання сродкаў бюджэту, выдзеленых на правядзенне культуртэхнічнай меліярацыі – вынікі сумныя.

Як устанавілі кантралёры, асобнымі меліярацыйнымі арганізацыямі работы на агульную суму 410 тыс. рублёў былі выкананы альбо толькі “на паперы” або няякасна – піша краснапольская раённая газета “Чырвоны сцяг”.

Да прыкладу, падраднай арганізацыяй “ПМК-90 Водстрой” аб’ёмы выкананых работ толькі па двух аб’ектах у Касцюковіцкім і Краснапольскім раёнах былі прыпісаны на суму больш як 77 тысыч рублёў. Некаторыя ПМК пры адмоўных тэмпературах і высокім снежным покрыве віртуальна рабілі падсеў травы на адхонах меліярацыйных каналаў.

Па выніках праведзеных Камітэтам кантрольных мерапрыемстваў у бюджэт вернута больш за 210 тысыч рублёў (спагнанне яшчэ каля 200 тысяч рублёў знаходзіцца на кантролі), да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты 22 кіраўнікі і спецыялісты меліярацыйных арганізацый. У дачыненні да аднаго з кіраўнікоў меліярацыйнай арганізацый узбуджана крымінальная справа, а таксама даецца прававая ацэнка іншым фактам прыпісак і віртуальных работ. 

Фота ілюстрацыйнае

Народныя грошы расходуюцца неэфектыўна – канстатуе Дзяржкантроль

Паводле маніторынга Камітэта дзяржкантролю Магілёўскай вобласці, у рэгіёне працягвацца неэфектыўнае расходаванне грашовых сродкаў – паведамляе mogilevnews.

Напрыклад, Крычаўскі фізкультурна-аздараўленчы комплекс незаконна атрымліваў сродкі на сваю дзейнасць. Больш за 650 000 рублёў гэтых сродкаў ужо вернуты ў бюджэт.

У РУП “Магілёўскае аддзяленне Беларускай чыгункі” “раздувалі” колькасць апарата кіравання, парушалі заканадаўства аб арэндзе, архітэктурнай і будаўнічай дзейнасці. 

Камітэт дзяржкантроля выявіў, што правераныя арганізацыі беспадстаўна аказалі спонсарскую дапамогу на 3 000 000 рублёў. На закупцы тавараў у пасярэдніцкіх структур пераплацілі больш за 2 500 000 рублёў, на ўтрыманне залішняй штатнай колькасці выдаткавалі больш за 1 200 000 рублёў, на беспадстаўную выдачу работнікам беспрацэнтных пазык аддалі больш за 85 000 рублёў. Пры гэтым атрымлівалі грошы пры невыкананні асобных мэтавых паказчыкаў.

Наш каментарый

– Няма дзяржаўных грошай, ёсць толькі народныя. – казала Маргарэт Тэтчэр. 

Пакуль не будзе кантролю за сродкамі з боку падаткаплацельшчыкаў, ніякімі праверкамі КДК сітуацыю не выправіць. Напрыклад, было б цікава даведацца, ці правяраў КДК эфектыўнасць набыцця дарагіх транспартных сродкаў для чыноўнікаў усіх узроўняў,  на якой падставе працоўныя падчас рабочага дня ўдзельнічалі ў аўтапрабегах. А таксама – наколькі эфектыўна і апраўдана захаванне існуючай колькасці чыноўнікаў адміністрацый пры падзенні колькасці насельніцтва. Чаму, напрыклад, павялічваецца колькасць прарэктараў вышэйшых навучальных устаноў пры скарачэнні набору студэнтаў. І шмат іншага.

Фота мае ілюстрацыйны характар

У Горках збіраюць сродкі на рамонт помніка ахвярам вайны. Сам помнік гараджане таксама будавалі за складкі і адстойвалі ад уладаў

Зараз жа прадстаўнікі вертыкалі зноў выступілі з ініцыятывай збору грошай у насельніцтва – цяпер на рэканструкцыю мемарыяла.

Людзі баранілі помнік

Помнік «Тужлівая маці» быў усталяваны на паўночным ускрайку Горак у 2009 годзе. Так было ўшанаванае месца, дзе ў часы вайны нямецкія акупанты расстралялі каля 80 мясцовых падпольшчыкаў і больш за 150 дзяцей, выхаванцаў дзіцячага дому. 

Будаўніцтва вялося за кошт ахвяраванняў жыхароў раёну, якія «збіралі» падчас суботніка, і абышлося ў 500 мільёнаў недэнамінаваных рублёў.

Месца мемарыяльнага комплексу жыхарам горада аднойчы прыходзілася адстойваць ад пасягальніцтваў – у 2015 годзе ўлады меркавалі размясціць побач гаражны масіў. 

Тады дзясяткі гараджан скардзіліся ў дзяржаўныя інстанцыі і дамагліся, каб гаражы былі перанесеныя ў іншае месца. Замест іх побач з мемарыялам пасадзілі яблыневы сад – лаканічна адзначана гэта гісторыя на сайце райвыканкаму.

Месца пафасных імпрэзаў

У апошнія гады месца мемарыяла ператварылася ў пляцоўку, на якой праводзяцца ідэалагічныя акцыі ў савецкім стылі. Як, напрыклад, мітынг са свечкамі смутку 22 чэрвеня. Таксама мемарыял летась быў дапоўнены помнікам, прысвечаным дзецям, ахвярам вайны.

Як паведамляюць Gorki News, акрамя ахвяраванняў гараджане могуць дапамагчы ва ўсталяванні імёнаў ахвяр, што знайшлі свой спачын у брацкіх магілах на месцы мемарыяла. Тыя, хто валодае адпаведнай інфармацыяй, мусяць звярнуцца ў раённы ідэалагічны аддзел.

фота: wwii.space