Кіраўніцтва Крычаўскана раёна сустрэлася з камунальнікамі горада ды вызначыліа прыярытэтныя задачы для работнікаў сферы паслуг.
На сустрэчы з працаўнікамі “Камунальніка” старшыня Крычаўскага райвыканкама Аляксей Шарай паведаміў прафесіяналам сваёй справы нечаканую навіну пра тое, што смецце павінна своечасова вывозіцца, а каля кантэйнераў не павінны з’яўляцца горы буйнагабарытнага смецця.
Аднак самае парадаксальнае, што Шарай запатрабаваў ад камунальнікаў зарабляць грошы. Па яго меркаванню, усе рэсурсы для гэтага ў прадпрыемства ёсць.
“У нашым горадзе хапае аб’ёмаў работ і ёсць фінансаванне. Бярыцеся і рабіце. Не зусім правільна, калі за справу бяруцца прадстаўнікі іншагародніх кампаній” –цытуе словы кіраўніцтва раённае выданне “Крычаўскае жыццё”.
Такія заявы прымусілі калегу Шарая па райвыканкаму Ірыну Пруднікаву пусціць на твар усмешку – бо тое, як зарабляць грошы камунальшчыкам мэр горада не агучыў. Пры гэтым Пруднікава лічыць, што камунальнікі не толькі павінны самі працаваць, але і актывізаваць насельніцтва.
У выніку складаецца ўражанне, што працаўнікі “Камунальніка” выйшлі з гэтай сустрэчы з адсутнасцю разумення ў чым іх першачарговая задача і што ад іх наогул патрабуецца.
У Беларусі распрацавалі праект новай мілітарысцкай структуры “народнае апалчэнне” на выпадак увядзення ваеннага становішча – інфармуе “Медыязона”.
Новае ўзброенае фармаванне можа з’явіцца ў Беларусі – «Народнае апалчэнне». Разбяраемся, што гэта за структура, якія задачы будзе вырашаць, як будзе камплектавацца, фінансавацца, каму падпарадкоўвацца.
Народнае апалчэнне – узброеныя фарміраванні. Будуць стварацца з добраахвотнікаў – грамадзян Беларусі, іншаземцаў, асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Беларусі, якія жадаюць удзельнічаць у «забеспячэнні ваеннага становішча».
Ствараць апалчэнні будуць органы мясцовага кіравання і саветы абароны.
Што могуць рабіць добраахвотнікі падчас ваеннага становішча – прымяняць фізічную сілу, выкарыстоўваць зброю, затрымліваць людзей, якія ўчынілі злачынства або правапарушэнне, каб перадаць іх сілавікам, патрабаваць захавання парадку, абмежаванняў і забарон, уведзеных для забеспячэння ваеннага становішча.
Сумесна з міліцыяй апалчэнцы маюць права абмяжоўваць рух транспартных сродкаў, надглядаць машыны і багаж, затрымліваць транспартныя сродкі, аглядаць кватэры, дамы, офісы, правяраць дакументы, выкарыстоўваць аўтамабілі юрыдычных і фізічных асоб, каб адвезці параненых да медыкаў.
Каго не возьмуць у апалчэнне. Не возьмуць людзей, якія адбываюць арышт, абмежаванне волі з накіраваннем або пазбаўленне волі, тых, хто знаходзіцца пад хатнім арыштам, тых, у адносінах да якіх прынята рашэнне аб інтэрнаванні, людзей, якія прызнаныя недзеяздольнымі або абмежавана дзеяздольным, якія маюць захворванні або фізічныя недахопы, якім проціпаказана валоданне зброяй.
Якія задачы будуць выконваць атрады Народнага апалчэння – асноўная задача, “аказанне садзейнічання тэрытарыяльным органам унутраных спраў у выкананні імі паўнамоцтваў пры забеспячэнні ваеннага становішча, абароне ўласнасці ад злачынных і іншых супрацьпраўных замахаў”. Іх таксама могуць прыцягваць і для вырашэння “іншых задач па забеспячэнні ваеннага становішча”.
Фінансавае і матэрыяльнае забеспячэнне народнага апалчэння будзе здзяйсняцца за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў, за “добраахвотныя ахвяраванні юрыдычных і фізічных асоб і іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам”.
У кожным атрадзе прызначаюцца камандзір і яго намеснік (намеснікі). Іх кандыдатуры ўзгадняюцца з кіраўнікамі мясцовых органаў унутраных спраў і дзяржаўнай бяспекі.
Агульнае кіраўніцтва народным апалчэннем кладзецца на мясцовы савет абароны. А непасрэднае кіраўніцтва – на тэрытарыяльныя органы ўнутраных спраў.
Падрыхтоўкай добраахвотнікаў і матэрыяльным забеспячэннем атрадаў будзе займацца Савет міністраў. Міністэрства абароны будзе адказваць за зброю і боепрыпасы для апалчэнцаў.
Тэрытарыяльныя органы ўнутраных спраў удзельнічаюць у падрыхтоўцы і вызначаюць задачы для атрадаў апалчэння. Усё астатняе, як адбор добраахвотнікаў, выбар камандзіраў, кантроль за выкананнем задач і гэтак далей кладзецца на плечы мясцовых выканкамаў.