На Краснапольшчыне беларускамоўнае дашкольнае навучанне цалкам вынішчана

Сёлета ні адзін дзіцёнак не навучаецца ў садках Краснапольскага раёну па-беларуску.

У Краснапольскім раёне тры дзіцячых садкі. Усё яны з рускай мовай навучання. У раёне не існуе нават беларускамоўных груп у садках. Пра гэта сведчыць адказ начальніка аддзела па адукацыі Краснапольскага райвыканкама Алесі Шапавалавай на зварот ад абаронцы беларускай мовы Ігара Случака. Такая сітуацыя адпавядае пачатку 2025-2026 навучальнага года.

У той жа час, у трох дзіцячых садках раёна навучаецца 246 выхаванцаў у 18 групах.

“Спіс і адрасы дзіцячых садкоў з беларускай мовай навучання і беларускамоўных груп у дзіцячых садках не прадстаўляецца магчымасці даць па прычыне іх адсутнасці” – адказала чыноўніца грамадскаму дзеячу.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Бабруйскі рыбак вылавіў васьмікілаграмовага судака

Рыбалоў з Бабруйска Андрэй Балыка выпадкова вылавіў на Бярэзіне судака вагой больш за восем кілаграмаў, здабыўшы рэкордны для сябе і рэдкі па мясцовых мерках улоў.

Нядаўна Андрэй адправіўся на вячэрнюю рыбалку на Бярэзіну, выбраўшы адно з папулярных сярод мясцовых рыбаловаў месцаў. Гэта месца не лічыцца зімавальнай ямай, аднак мае прыкметны перапад глыбінь, што нярэдка прыцягвае драпежніка. Пра гэта бабруйчанін распавёў выданню Fishingby.com.

Рыбалоў доўга стаяў на беразе, спрабуючы выклікаць хоць нейкую рэакцыю рыбы. У ход ішлі самыя розныя прынады: сілікон, воблеры, паралон. Ён эксперыментаваў з праводкай, мяняў тыпы прынад і іх падачу, але ў адказ атрымліваў толькі цішыню. Здавалася, што ў гэты вечар рыба цалкам ігнаруе любыя хітрыкі.

Пераломны момант наступіў, калі рыбак змяніў чарговы воблер на мандулу. На працяглым завісанні прынады ў прыдонным бруі рыбалоў адчуў лёгкі “шкраб”. Гэта быў той самы тонкі сігнал, які можа азначаць і дробязь, і пачатак барацьбы за трафей. На аўтамаце рушыла ўслед падсечка. Вудзіла тут жа ўпёрлася, нібы зачапілася за цяжкае бервяно, але спроба прыпадняць “перашкоду” паказала, што на тым канцы лескі знаходзіцца буйная рыба.

Рыбалоў аслабіў фрыкцыён, і ў тую ж секунду нябачны праціўнік ірвануў у глыбіню, метраў на дзесяць. Сэрца перахапіла ад таго, настолькі магутным быў рывок. Першай думкай было, што на кручку сом. Аднак неўзабаве рыба змяніла паводзіны і павольна пайшла ў бок берага. Праз пару хвілін у промні ліхтара з глыбіні з’явіліся холадна бліскучыя вочы, буйныя, характэрныя. Гэта быў велізарны судак.

Акуратна, але ўпэўнена рыбалоў падвёў трафей да берага. Супраціў рыбы ўжо амаль сышоў на нішто. Калі ён падняў ўлоў, сумневаў не засталося: гэта асабісты рэкорд. Вага судака склала 8,255 кілаграма. Гэта сапраўдны трафей, асабліва ў перыяд бясклёўя.

Па словах Андрэя, ўлоў такой велічыні з’яўляецца падзеяй, якая можа здарыцца толькі аднойчы. І гэты вечар на Бярэзіне стаў для яго менавіта такім – рэдкім, запамінальным і па-сапраўднаму легендарным.

Фотаздымак fishingby.com

Школьнікам Хоцімска зрабілі тэлемост з выхаваўчай калоніяй

Раней сядзеш – раней выйдзеш: у Хоцімску прайшоў тэлемост паміж школьнікамі і выхаваўчай калоніяй.

Прапагандысты Магілёўскай вобласці прывіваюць вучням законапаслухмянасць, адразу хапаючы быка за рогі: паказваюць, што жыццё за кратамі – не мёд. Па сутнасці, палохаюць школьнікаў зонай. Яны лічаць, што менавіта такі прамалінейны падыход да выхавання будзе самым эфектыўным.

У СШ №2 Хоцімска адбыўся тэлемост паміж вучнямі школ Хоцімскага раёна і выхаваўчай калоніяй №2 дэпартамента выканання пакаранняў МУС па Магілёўскай вобласці.

Што менавіта паказвалі вучням, раённая газета не ўдакладняе, але і без лішніх дэталяў зразумела: «законапаслухмяны лад жыцця» такімі прымітыўнымі метадамі не сфарміруецца. 

Але займацца правым выхаваннем праз вывучэнне асноўных палажэнняў Канстытуцыі і заканадаўства, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна ў Беларусі не прынята, паколькі вельмі часта “не да законаў”.

Дарэчы, ад беларускага рэжыму можна чакаць чаго заўгодна. Бо сам Лукашэнка прызнаваў: законапаслухмянымі яго кіраўнікі становяцца толькі пасля таго, як насёрбаюцца турэмнай баланды.

Фота раённай газеты.

Лукашэнка ў Чавусах толькі на трэцім месцы

Аднафаміліца Аляксандра Лукашэнкі аказалася на трэцім месцы ў спаборніцтве маладых спецыялістаў Чавускага раёна.

Конкурс дзяўчат на званне лепшага спецыяліста адыходзячага года прайшоў у Чавусах. Сярод дзевяці ўдзельніц была Ангеліна Лукашэнка, урач агульнай практыкі раённай бальніцы.

Лепшыя дзяўчыны раёна распавядалі пра сябе, асабістыя дасягненні, першыя дні працы на першым працоўным месцы, спявалі, танчылі, чыталі вершы, паказвалі напісаныя імі карціны і чыталі вершы ўласнага сачынення.

Ангеліна Лукашэнка прадставіла гумарыстычны нумар, які ўразіў журы, але аказалася толькі на трэцім месцы.

Відавочна, лепшую дзяўчыну Чавус выбіралі сумленна, у адрозненне ад выбараў кіраўніка краіны.

Там Лукашэнка, апынаючыся на трэцім і наступных месцах, у выніку заўсёды выходзіў на першае. Напэўна таму, што журы ў выглядзе выбарчых камісій, у гэтым выпадку, асаблівай ролі не адыгрывала.

Фота раённай газеты.

Пераломны момант для Дрыбіна

Дрыбінская “раёнка” апублікавала спіс вясковых клубаў, дзе пройдуць паказы спартыўнай драмы “Пераломны момант”.

Амаль месяц, згодна з планам, гледачы Дрыбінскага раёна будуць атрымліваць асалоду ад твору айчынных кінематаграфістаў – гісторыі спартоўца, які атрымаў траўму, але прадэманстраваў трываласць духу.

На жаль, але ўжо з самага пачатку паказ спартыўнай драмы выкліча ў гледача хутчэй устойлівае непрыняцце, чым цікавасць.

І справа нават не ў тым, што яе сюжэт нагадвае найгоршыя савецкія фільмы, у якіх палітычна безграматны гультай ператвараецца ў перадавіка сацыялістычнай вытворчасці праз пераломны момант у жыцці.

Такое масіраванае рэкламаванне, падаецца, скончыцца тым, што на фільм беларускіх кінематаграфістаў гледачоў будуць заганяць сілай, і гісторыя з фільмам “Класная” паўторыцца: карцінай будуць захапляцца толькі ідэолагі, для якіх захапленне, як у булгакаўскага папугая на бале ў Сатаны – звыклы стан.

Ну, а глядач, у тым ліку і дрыбінскі, проста ўздыхне і пацісне плячыма.

Фота з адкрытых крыніц.

Студнеў прыехаў у родныя мясціны і правёў бой з ценем у Бабруйску

Менавіта ў Бабруйску Студнеў стаў вядомы як бязлітасны змагар з «чырвона-белай чумой», а цяпер змагаецца з ценямі ў агародзе.

Міністр архітэктуры Студнеў правёў прыём грамадзян у Бабруйску, адкуль пачаўся яго кар’ерны ўзлёт.

Будучы «мэрам» Бабруйска, чыноўнік вызначыўся актыўнасцю ў сацыяльных сетках.

Асабліва гучнай была адна заява. Яна вартая таго, каб прывесці тэкст даслоўна:

“лично я считаю необходимым всех работников органов государственного управления, принимавших участие в борьбе с красно-белой чумой (начиная с лета 2020 года), прировнять к ветеранам Великой Отечественной. Без ложной скромности заявляю, что я и мои коллеги совершили не меньший подвиг, чем наши деды и прадеды в борьбе с немецко-польским геноцидом нашего народа!”.

Ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Студнеў пакуль не стаў. Затое яго нахабнае і зневажальнае да высокага звання салдат Вялікай Айчыннай вайны выказванне пачулі «воіны святла» ў атачэнні Лукашэнкі.

Аляксандра Студнева паднялі да ўзроўню абласнога цэнтра, а потым – і да міністэрскага. Нягледзячы, нават, на тое, што чыноўніку тэрмінова патрэбная трэцяя вышэйшая адукацыя: пасля двух першых ён піша слова «приравнять» з граматычнай памылкай.

У Бабруйску, «прировненный» да міністра, Аляксандр Студнеў хутка разабраўся з падтапленнем падвала жылога дома і ценямі ад будынкаў у агародзе.

Падвал, як і чакалася, адрамантуюць праз год, а цені пакуль застануцца на ранейшых месцах.

Фота “Магілёўскія ведамасці”.

Ліст пра Беларусь – пракуратура прыйшла ў дзіцячыя сады Магілёўшчыны

На думку прапагандыстаў Магілёўскай вобласці, малышы ў дзіцячых садах свядома разважаюць пра сэнс колераў і элементаў дзяржаўных сімвалаў.

Напісаць “ліст пра Беларусь” прапанавалі выхаванцам дашкольных устаноў адукацыі Магілёўшчыны. Гэта сумесны праект генеральнай пракуратуры і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Для правядзення патрыятычнай акцыі “Ліст пра Беларусь” пракурор Касцюковіцкага раёна наведаў Навасаматэвіцкі дзіцячы сад у Дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці №1.

Дзяцей пастараліся апрануць так, каб пазбегнуць злашчаснага спалучэння белага і чырвонага колераў. 

І пайшло-паехала. Пракурор распавёў дзецям пра выкананне законаў, і яны, быццам бы, нешта зразумелі.

А далей адбылося неверагоднае. Як сцвярджаюць прапагандысты-казачнікі, дзеткі чатырох-пяці гадоў “напісалі для аднагодкаў з іншых краін маляўнічае пісьмо пра сваю Радзіму, яе дзяржаўныя і прыродныя сімвалы, гісторыю і традыцыі. Складаючы пасланне, вундэркінды разважалі пра сэнс колераў і элементаў Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба”.

І гэта яшчэ кветачкі. У рамках акцыі пракуратура, акрамя іншага, збіраецца распавесці дзеткам пра расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе жыхароў БССР у гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд.

Такія ж акцыі прайшлі і ў іншых райцэнтрах.

Праўда, у Глуску намеснік пракурора, на ўсялякі выпадак, заўважыў, што “пастараўся гаварыць на максімальна даступнай для малышоў мове”.

І гэта правільна. Улічваючы тое, што большасць выпускнікоў акадэміі кіравання ў нас пакуль яшчэ пішуць з граматычнымі памылкамі, а асобныя гісторыкі перакананыя ў тым, што Францыск Скарына жыў на Фантанцы, можна падумаць, што ў дзіцячых садах выхоўваюцца дзеці індыга.

Але ёсць больш рэалістычная версія падзей. Малышы, вядома, нічога не зразумелі з той ахінеі, якую неслі ім дарослыя. Прапагандысты, як заўсёды, зманілі, а ў псеўдапатрыётаў канчаткова з’ехала страхоўка ад уседазволенасці, калі палезлі са сваімі псіхадэлічнымі наратывамі ўжо і ў дзіцячыя сады.

Фота: “Голас Касцюкоўшчыны”.

У Клімавічах чыноўнік выявіў ямку на дарозе

Намеснік старшыні Клімавіцкага райвыканкама Шапкін, апрануты ў кепку, спрацаваў наперад і знайшоў яму на асфальце.

Паколькі сацыяльныя сеткі проста завалены скаргамі насельніцтва на стан дарог у абласным цэнтры і раёнах Магілёўшчыны, чыноўнікі, якія не ў стане навесці парадак ні ў год добраўпарадкавання, ні пазней, пачалі працаваць наперад і вырашылі самі інфармаваць грамадскасць пра колькасць ям і выбоін.

Такая “праца”, на іх думку, дазволіць знізіць колькасць скаргаў, якія немагчыма кантраляваць. У выпадку чаго, будзе адгаворка: шукаем, выяўляем, але ж не ўсё адразу.

Адзін з першых гэты метад апрабіраваў намеснік старшыні Клімавіцкага райвыканкама Аляксандр Шапкін

Ён сфатаграфаваўся побач з ямай на скрыжаванні вуліц Зялёная і Камсамольская ў Клімавічах, і заявіў, што гэта “чарговы маніторынг гарадскіх тэрыторый” з “выяўленнем дэфектаў дарожнага пакрыцця, што ўскладняюць праезд да гандлёвых аб’ектаў” і паабяцаў, што з ямай разбярэцца жылкамгас.

Добра, калі ў Клімавічах усяго адна яма, але выглядае на тое, што штаб добраўпарадкавання крыху прыхарошыў рэальны стан спраў.

Фота клімавіцкай раённай газеты.

Лес у Быхаўскім раёне – адзін з найбольш пацярпелых ад стыхіі

Міністэрства лясной гаспадаркі назвала Магілёўскую вобласць і, у прыватнасці, Быхаўскі лясгас сярод тых, што найбольш пацярпелі ад стыхіі.

Падчас сустрэчы з журналістамі, якія 12 лістапада 2025 года наведалі лясгасы Магілёўшчыны, прадстаўнікі міністэрсва прызналі: звычайныя рабочыя ў галіне фактычна працуюць на знос ужо працяглы час.

Па заявах Мінлясгаса, “прадпрыемствы галіны гераічна змагаюцца з выклікамі стыхіі” ўжо каторы год. Праўда, застаецца незразумелым, у чым менавіта праяўляецца гэты “гераізм”, калі гаворка ідзе пра выкананне звычайнай, аплачанай дзяржавай працы.

“Абмяркоўвалі розныя пытанні: ад патрэбы ў драўнінных рэсурсах унутры краіны да мэтазгоднасці распрацоўкі асобных бураломных участкаў, якія могуць прынесці дзяржаве фінансавыя страты замест прыбытку. Не абмінулі ўвагай і тэму перапрацоўкі паваленай драўніны” – паведамляецца ў тэлеграм-канале Мінлясгаса.

Фотаздымак: Мінлясгас

Горацкі цэнтр сацабслугоўвання аформіў 65 падпісак на “Советскую Белоруссию”

Горацкі раённы Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва выдаткаваў 217 рублёў на галоўную праўладную газету – “Советская Белоруссия. Беларусь сегодня”.

З дадзеных на партале дзяржзакупак вынікае, што Горацкі раённы Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (ЦСАН) актыўна закупляе самыя розныя тавары і паслугі. У пераліку патрэб ўстановы прадукты харчавання, базавыя медыкаменты і сродкі догляду. Гэта нядзіўна: ЦСАН адказвае за працу некалькіх сацыяльных аб’ектаў, сярод якіх установы, якія дапамагаюць пажылым людзям і грамадзянам з інваліднасцю.

Некаторыя падраздзяленні цэнтра ў хуткім часе атрымаюць абноўкі: арганізацыя плануе набыць па адной адзінцы бытавой тэхнікі халадзільнік, тэлевізар і пральную машыну.

Акрамя задавальнення матэрыяльна-бытавых патрэб, за кошт раённага бюджэту замоўлена 65 асобнікаў праўладнай газеты “Советская Белоруссия. Беларусь сегодня”. Кошт падпіскі складзе 217 рублёў. Згодна з закупкай, дастаўляцца газета будзе з сакавіка па снежань 2026 года. 

А 217 рублёў – гэта прыкладна столькі ж, колькі ЦСАН плануе выдаткаваць на бінты, антысептыкі, пластыры і мінімальны набор лекаў накшталт зялёнкі, ёду, валяр’яны, мазі Вішнеўскага і нітрагліцэрыну.

Фотаздымак ілюстрацыйны