Магілёўскую школьніцу асудзілі на восем гадоў за наркотыкі

Восем гадоў зняволення прысудзіў суд у Чэрыкаве непаўналетняй магіляўчанцы па абвінавачванні ў незаконным абароце наркотыкаў.

Суд праходзіў за зачыненымі дзвярыма. Падрабязнасцяў справы ў інфармацыі з Вярхоўнага суда няма. Вядома, што дзяўчыну асудзілі па ч. 4 арт. 328 Крымінальнага кодэксу. Яна прызнана вінаватай у незаконных з мэтай збыту набыцці, захоўванні, перавозцы, незаконным збыце псіхатропных рэчываў, у дачыненні да псіхатропных рэчываў у буйным памеры, у дачыненні да асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў, учыненых арганізаванай групай.

Варта адзначыць, што чацвертая частка данага артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе зняволення ад васьмі да 20 гадоў са штрафам альбо без яго. Школьніца пачне адбываць свой тэрмін у выхаваўчай калоніі.

Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Школьнікам Хоцімска зрабілі тэлемост з выхаваўчай калоніяй

Раней сядзеш – раней выйдзеш: у Хоцімску прайшоў тэлемост паміж школьнікамі і выхаваўчай калоніяй.

Прапагандысты Магілёўскай вобласці прывіваюць вучням законапаслухмянасць, адразу хапаючы быка за рогі: паказваюць, што жыццё за кратамі – не мёд. Па сутнасці, палохаюць школьнікаў зонай. Яны лічаць, што менавіта такі прамалінейны падыход да выхавання будзе самым эфектыўным.

У СШ №2 Хоцімска адбыўся тэлемост паміж вучнямі школ Хоцімскага раёна і выхаваўчай калоніяй №2 дэпартамента выканання пакаранняў МУС па Магілёўскай вобласці.

Што менавіта паказвалі вучням, раённая газета не ўдакладняе, але і без лішніх дэталяў зразумела: «законапаслухмяны лад жыцця» такімі прымітыўнымі метадамі не сфарміруецца. 

Але займацца правым выхаваннем праз вывучэнне асноўных палажэнняў Канстытуцыі і заканадаўства, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна ў Беларусі не прынята, паколькі вельмі часта “не да законаў”.

Дарэчы, ад беларускага рэжыму можна чакаць чаго заўгодна. Бо сам Лукашэнка прызнаваў: законапаслухмянымі яго кіраўнікі становяцца толькі пасля таго, як насёрбаюцца турэмнай баланды.

Фота раённай газеты.