5 ліпеня ў гісторыі. Аб’яднанне цэркваў. Першае турагенства. «Хатынь». Помнік Э. Севеле. Нарадзіліся У. Вараксін, Л. Рублеўская.

1439 год. Падпісана Фларэнційская царкоўная унія аб аб’яднанні праваслаўнай і каталіцкай цэркваў пад уладай папы рымскага.

Мітрапаліт Ісідар Кіеўскі разам з грэчаскім арцыбіскупам Васілём Бесарыёнам падпісаў царкоўную унію аб аб’яднанні праваслаўнай і каталіцкай цэркваў пад уладай рымскага папы. Іх рашэнне было прадыктавана жаданнем аб’яднаць хрысціянскія цэрквы перад пагрозай туркаў, якія ўварваліся ў Візантыю.

Аднак у дзеянне гэтая унія не ўступіла, так і застаўшыся на паперы. Па вяртанні ў Маскву мітрапаліт Ісідар быў варожа сустрэты царом Васілём II, паўстаў перад царкоўным судом і быў заключаны ў турму. 

Праз 3 гады Ісідар уцёк, дабраўся да Рыма, стаў кардыналам і атрымаў ганаровы тытул канстанцінопальскага патрыярха. Але да таго часу Канстанцінопаль ужо быў захоплены туркамі.

1818 год. Нарадзіўся Антон Яленскі (1818-1874).

Грамадскі дзеяч, кіраўнік паўстання 1863-1864 гадоў на Міншчыне. 

Пакараны 15 гадамі катаргі ў Сібіры.

Паўтарыў грамадзянскі подзвіг свайго старэйшага брата Яна (1809-да1848), які браў удзел у паўстанні 1830-1831 гадоў, шматлікіх сваіх сваякоў.

1847 год. Адкрыта першае ў свеце турыстычнае агенцтва і арганізавана першая турпаездка.

33-гадовы баптысцкі прапаведнік і актыўны змагар з павальным у тагачаснай Англіі п’янствам Томас Кук арганізаваў турыстычнае таварыства і першую ў свеце групавую турыстычную паездку. Па яго замове чыгуначная кампанія Midland Counties Railway прадаставіла спецыяльны цягнік з 9 адкрытымі вагонамі для “безалкагольных” 570 працоўных па маляўнічым маршруце паміж гарадамі Лейстэр і Лафбара ў Сярэдняй Англіі.

У далейшым у рэкламных мэтах чыгункі сталі прадастаўляць Куку скідкі, якія дазвалялі арганізоўваць забаўляльныя паездкі і для людзей з самымі абмежаванымі фінансавымі магчымасцямі. Таму кліентаў былі тысячы. Яго экскурсіі засноўваліся на прынцыпе: “Атрыманне максімальнай выгады для максімальнай колькасці людзей па мінімальным кошце”. Так быў пакладзены пачатак сусветнаму групавому турызму.

Лічыцца, што Томас Кук быў першым мэнэджэрам у галіне турызму. Кук распрацаваў маршруты па многіх еўрапейскіх гарадах. У 1865 годзе ён адкрыў для суайчыннікаў Новы Свет, а для амерыканцаў – радзіму іх продкаў. Дзейнасць ажыццяўлялася праз агенцтва “Томас Кук і сын”. Адным з першых амерыканскіх кліентаў фірмы стаў Марк Твен.

Кук быў прызнаны “вынаходнікам турызму”, а заснаванае ім турыстычнае агенцтва Thomas Cook and Son заваявала сусветную вядомасць. Праз пяць дзясяткаў гадоў яго фірма валодала 84 аддзяленнямі, 85 агенцтвамі, і яе паслугамі скарысталіся больш за 3 мільёны чалавек.

1901 год. Нарадзіўся Уладзімір Вараксін (1901-1980).

Беларускі савецкі архітэктар, педагог. Заслужаны будаўнік.

Скончыў омскі мастацка-прамысловы тэхнікум, Ленінградскі інстытут інжынераў камунальнага будаўніцтва. Працаваў у Белдзяржпраекце, выкладаў у Беларускім політэхнічным, Брэсцкім інжынерна-будаўнічым інстытутах.

Сярод асноўных даваенных прац –  будынак педтэхнікума ў Крычаве (1937, цяпер блок СШ № 1 за палацам Пацёмкіна), будынак ЦК КПБ (з А. Воінавым) у Мінску, кінатэатр «Радзіма», комплекс будынкаў прамкамбіната (1939), жылы пасёлак аўтарамонтнага завода (1941) у Магілёве.

Пасля вайны спраектаваў будынкі Беларускага інстытута народнай гаспадаркі, Белкамунбанка, жылыя дамы па вул. К. Маркса, Маскоўскай, Захарава, А. Кашавога ў Мінску, тыпавыя праекты будынкаў раённых камітэтаў КПБ для Гомельскай, Віцебскай і Мінскай абласцей.

Памёр 2 студзеня 1980 года.

1938 год. Расстраляны НКУС Юрый Лістапад (1897-1938).

Беларускі настаўнік, кіраўнік беларускага руху на Случчыне. Удзельнік Слуцкага збройнага чыну.

Скончыў Панявежскую настаўніцкую семінарыю, 1-я Беларускія педагагічныя, Віленскія беларускія настаўніцкія курсы. Працаваў настаўнікам на Случчыне, заснаваў 8 беларускіх школ, выкладаў на Слуцкіх педагагічных курсах. Блізкі сябар Якуба Коласа.

Быў перекладчыкам у мінскіх беларускіх выдавецтвах. Пераклаў на беларускую мову апавяданне У. Караленкі «Бяз мовы», камедыі А. Астроўскага, падручнік «Арытмэтыка» Цыгельмана.

Арыштоўваўся ДПУ у 1925, 1930, 1933 гадах.

Расстраляны ў Байкала-Амурскім канцлагеры.

1938 год. У Магілёве створаны Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці і Цэнтральны гістарычны архіў.

У 1956-1960 гадах Цэнтральны гістарычны архіў размяшчаўся ў касцёле Св. Станіслава, потым – пераехаў у Мінск, а замест яго ў будынак сабора пераехаў Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці. У гэты перыяд храм страціў частку роспісаў, быў беззваротна страчаны арган з рэдкімі керамічнымі трубамі.

Зараз галоўным архівам вобласці з’яўляецца Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці (знаходзіцца ў канцы вуліцы Чалюскінцаў, на выездзе у бок Бабруйска).

1941 год. Пачалася нямецка-фашысцкая акупацыя Клічаўскага раёна.

Пад акупацыяй раён знаходзіўся да 28 чэрвеня 1944 года. Радзіма партызаншчыны на Магілёўшчыне. Цэнтрам партызанскага базіравання сталі Усакінскія лясы.

Тут з’явілася першая партызанская зона ў Беларусі – на тэрыторыі Клічаўскага і Асіповіцкага, Бялыніцкага, Бярэзінскага, Кіраўскага раёнаў.

Зона з’явілася па выніках нарады пад кіраўніцтвам маршала К. Варашылава, якая адбылася 1 ліпеня 1941 года ў штабе Заходняга фронту пад Магілёвам. 3 красавіка 1942 года партызаны абвясцілі, што на тэрыторыі Клічаўскага раёна адноўлена Савецкая ўлада.

Клічаўскую партызанскую зону (у розны час ад 2 да 3 тыс. кв. км) абараняла 18 тысяч чалавек, якія былі аб’яднаны ў 5 брыгад і 16 атрадаў. У вялікіх сёлах партызаны стварылі 40 узброеных атрадаў самаабароны.  На тэрыторыі дзейнічаў Магілёўскі падпольны абкам партыі і абкам камсамола, штаб Магілёўскай ваенна-аператыўнай групы, Бялыніцкі, Бярэзінскі, Магілёўскі і Клічаўскі падпольныя райкамы партыі і камсамола, іншыя ваенныя фарміраванні і органы грамадзянскай улады. У лясной друкарні выдаваліся падпольныя газеты: абласная “За Радзіму”, клічаўская “Голас партызана”.

У «партызанскай сталіцы» – Усакіна дзейнічае мемарыяльны комплекс.

1969 год. Адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнага комплекса «Хатынь».

Ён паўстаў на месцы знішчанай 22 сакавіка 1943 года разам з жыхарамі нямецкімі карнымі падраздзяленнямі пры ўдзеле 118-га паліцэйскага батальёна вёскі Хатынь.

Комплекс “Хатынь” – ушанаванне памяці аб спаленых разам з жыхарамі 186 беларускіх весак, якія не аднавіліся пасля вайны, аб ахвярах 66 найбуйнейшых лагераў (з 270) смерці і месцаў масавай загубы грамадзян, аб 433 вёсках, знішчаных разам з жыхарамі і адроджаных пасля вайны.

Аўтары: скульптар С. Селіханаў, архітэктары Ю. Градаў, В. Занковіч, Л. Левін.  Ленінская прэмія 1970 года.

1965 год. Нарадзілася Людміла Рублеўская (Шніп).

Беларуская паэтэса, пісьменніца, літаратурны крытык.

Працавала ў газетах «Наша слова», «Літаратура і мастацтва». 

Аўтарка папулярнай серыі раманаў «Авантуры Пранціша Вырвіча». Яе гісторыяцэнтрычныя творы параўноўваюць з «меладраматычнымі інтэрпрэтацыямі» мастацкіх ідэй Ул. Караткевіча.

1970 год. Нарадзіўся Андрэй Лукашэвіч.

Беларускі гісторык, картограф. Доктар гістарычных навук, прафесар.

Даследчык ваеннай і палітычнай гісторыі Беларусі, Расіі і Польшчы XVIII-пачатку XX стагоддзяў, аўтар прац па вайне 1812 года,  1-й сусветнай вайны.

1994 год. Памёр Барыс Сачанка (1936-1994).

Беларускі пісьменнік, перакладчык і выдавец.

Сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, загадчык рэдакцыі перакладной замежнай літаратуры выдавецтва «Мастацкая літаратура», галоўны рэдактар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя». Аўтар больш за 20 кніг.

У сааўтарстве з Янкам Сіпаковым і Рыгорам Барадуліным пад псеўданімамі І. Сібарсач ці Р. Сібарсач змяшчалі ў «Вожыку» вострыя і надзённыя крытычныя нататкі, артыкулы, гумарэскі, сатырычныя замалёўкі.

1996 год. Памёр Васіль Вітка (Цімох Крысько, 1911-1996).

Класік беларускай дзіцячай літаратуры, літаратурны крытык, паэт, перакладчык, публіцыст, празаік, драматург, педагог. Заслужаны дзеяч культуры. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР. Занесены  ў Ганаровы спіс Х. Андэрсена (1978).

Працаваў на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце, у газетах «Камуніст» (Бабруйск), «Ударнік» (Жлобін), «Чырвоная змена», сакратаром Беластоцкага абласнога аддзялення СП БССР. Удзельнічаў у паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь.

Пасля вайны прааваў у часопісе «Беларусь», галоўным рэдактарам  «Літаратура і мастацтва», «Вясёлка».

Паводле ўспамінаў унучкі, культуролага Ю. Чарняўскай, пасля рэферэндуму 1995 года аб змяненні дзяржаўнай сімволікі на новую, напісаў да гэтай падзеі верш, пасля якога яго імгненна перасталі друкаваць, а пасля смерці на могілках раптам не стала месца для яго пахавання. Беларускае тэлебачанне не сказала ні слова пра смерць заслужанага дзеяча культуры, не ўдалося таксама дамагчыся мемарыяльнай дошкі на яго доме.

Аўтар больш за 10 зборнікаў вершаў, зборніка сатыры і гумару, каля 20 кніг паэзіі і вершаваных казак  для дзяцей,  п’ес «Прамень будучыні», «Шчасце паэта», прысвечанай Я. Купалу (пастаўлена купалаўскім тэатрам), кніг дзённікаў, нарысаў і апавяданняў, суаўтар чытанак «Роднае слова» для малодшых школьнікаў, перакладаў. У 1973 годзе выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.

2005 год. Памёр Яўген Ціхановіч (1911-2005).

Беларускі мастак мастак і мемуарыст. 

Аўтар дзесяткаў палотнаў, у тым ліку партрэтаў пісьменніка В. Быкава, драматурга У. Галубка, скульптара А. Глебава, сотняў графічных твораў, краявідаў, ілюстрацый да кніг.

2016 год. У Бабруйску ўсталяваны помнік Эфраіму Севеле (Яфім Драбкін, 1928-2010).

Беларускі, рускі, амерыканскі, ізраільскі пісьменнік, акцёр, кінарэжысёр і сцэнарыст.

Нарадзіўся 8 сакавіка 1928 года ў Бабруйску ў сям’і кадравага афіцэра, пасля – трэнера па класічнай барацьбе. Падчас вайны з маці і малодшай сястрой паспеў эвакуіравацца з Бабруйска, аднак падчас бамбёжкі быў скінуты выбуховай хваляй з платформы цягніка. Бадзяжнічаў, у 1943 стаў «сынам палка» і з артпалком дайшоў да Германіі. Узнагароджаны медалём “За адвагу”.

Скончыў БДУ, працаваў карэспандэнтам газеты “Моладзь Літвы”, затым пераехаў у Маскву. Дэбютаваў кінасцэнарыем да карціны “Нашы суседзі”, знятай на “Беларусьфільме” ў 1957 годзе.

Пад псеўданімам Севела ўпершыню быў згаданы як адзін са сцэнарыстаў фільма «Пакуль не позна» (Літоўская кінастудыя). Пад ім жа напісаў сцэнарыі да камедыйных фільмаў на франтавую тэматыку, у тым ліку «Моцны арэшак» (1967) і «Годны да нестраявой» (1968, рэжысёр, сцэнарыст, акцёр).

У 1971 годзе высланы з СССР. У 45 гадоў, праз два гады пасля прыезду ў Ізраіль, удзельнічаў у вайне Суднага дня, і на другі дзень вайны «падбіў з савецкай „базукі“ два танкі Т-54 і супрацьтанкавую гармату», быў паранены. 

У 1977-1990 гадах жыў у ЗША, часта выязджаў працаваць у Лондан, Заходні Берлін, Парыж. У Парыжы  напісаў кнігу апавяданняў «Легенды Інваліднай вуліцы» (пра даваенны Бабруйск, бабруйчан). 

Да кінематографа зноў звярнуўся ў 1986 годзе, зняўшы ў Польшчы фільм «Калыханка», які складаецца з трох лірычных кінанавел, аб’яднаных тэмай жыцця ў гета падчас Другой сусветнай вайны.

З 1990 года жыў у Расіі, паставіў пяць фільмаў па ўласных сцэнарах – “Папугай, які гаворыць на ідыш”, “Ноеў каўчэг” і іншыя.  У 1995 годзе зняў свой апошні аўтадакументальны фільм «Госпадзе, хто я?».

Памёр 18 жніўня 2010 года ў Маскве.

Фота з адкрытых крыніц.

4 ліпеня ў гісторыі. Незалежнасць ЗША. Пошукі Зямлі Саннікава. Разгон Цяньаньмэнь. Тэракт у Мінску. «Мядзведзіроўка» Беларусі.

1695 год. «4 липня… выпал великий снег и пролежал в Могилеве несколько дней» – гарадская хроніка.

1776 год. У амерыканскай Філадэльфіі на Другім Кантынентальным кангрэсе аднагалосна прынята Дэкларацыя незалежнасці ЗША.

Паводле дакумента, брытанскія калоніі у Паўночнай Амерыцы абвясцілі незалежнасць ад Вялікабрытаніі. Гэты дзень святкуецца ў ЗША як Дзень незалежнасці – дзень, калі Злучанымі Штатамі сталі называцца 13 калоній (13 палос на сцягу ЗША сімвалізуюць іх), якія ў выніку дзесяцігадовага супрацьстаяння і лютага змагання адстаялі сваю свабоду і права на дзяржаўнасць.

1783 год. На рынкавай плошчы ў французскім Аноне адбылася першая публічная дэманстрацыя паветранага шара братоў Мангальф’е.

Створаны імі паветраны шар уяўляў сабою злеплены з трывалай і тонкай паперы востраканечны мех з адкрытай гарлавінай у ніжняй частцы дыяметрам каля 11 м.

На ніжняй адтуліне была ўмацавана рашотка з вінаградных лоз, якая ўсталёўвалася на падмосткі. Пад падмосткамі было разведзена вогнішча з саломы. Гарачае паветра падняло шар аб’ёмам 600 кубаметраў на вышыню 2 000 м. Перш, чым апусціцца на зямлю, шар праляцеў больш за 1,6 км.

1890 год. Перапахаванне ў Вавельскім саборы у Кракаве Адама Міцкевіча (1798-1855).

Міцкевіч – самы  вядомы польскі паэт,  адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, асветнік, дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху.

Меў беларускае паходжанне, ураджэнец в. Завоссе (зараз Баранавіцкі раён). Парэшткі перавезлі ў Канстантынопаль.

У Навагрудку, Стамбуле працуюць дамы-музеі А. Міцкевіча; яго імем названы вуліцы, пастаўлены помнікі  ў шматлікіх гарадах Беларусі, Польшчы, Літвы, стаіць помнік у Парыжы.

Дом-музей А. Міцкевіча ў Навагрудку.

1900 год. Пачалася першая руская палярная экспедыцыя Э. Толя на шхуне “Зара” (1900-1903) па пошуках Зямлі Санікава.

У ёй удзельнічалі беларусы – зоагеограф Аляксей Бялыніцкі-Біруля (1864-1937), пазней – член-карэспандэнт АН СССР, геолаг Канстанцін Валасовіч (1869-1919). У якасці гідрофа працаваў лейтэнант Аляксандр Калчак, які стаў вядомым палітычным дзеячам, адміралам. 

У гонар беларусаў названы пяць геаграфічных аб’ектаў на поўначы Еўразіі.

Удзельнікі экспедыцыі. У верхнім радзе: трэці злева над Толем – Калчак (лічба 3). Другі рад: М. Каламійцаў, Ф. Матысен, Э. Толь, Г. Вальтар, Ф. Зееберг, А. Бяльніцкі-Біруля (5)

1922 год. У в. Бахацец (цяпер – Чавускі раён) нарадзіўся Ціхан  Жучкоў (1922-1987).

Савецкі лётчык-ас знішчальнай авіяцыі Ваенна-Марскога флота. Герой Савецкага Саюза. Падпалкоўнік.

З 1930 года жыў у Магілёве, у в. Нядашава, скончыў школу ў в. Амхавая Магілёўскага раёна. Працаваў на розных заводах Магілёва, скончыў аэраклуб.

З чэрвеня 1941 года ў войску. Скончыў Ваенна-марское авіявучылішча імя І. Сталіна. Удзельнічаў у прарыве блакады Ленінграда, у Ленінградска-Наўгародскай, Выбаргскай і Прыбалтыйскай аперацыях. Збіў асабіста 14 і ў складзе групы 11 самалётаў ворага, патапіў 1 катэр і спаліў 6 аўтамашын.

Пасля вайны служыў у ВМФ, у Кіеўскай ваеннай акрузе, у Групе савецкіх войскаў у Германіі і ў Далёкаўсходняй ваеннай акрузе. Памёр 9 сакавіка 1987 года.

1944 год. Савецкія войскі праз 4 дні баёў вызвалілі Полацк – найстаражытны горад краіны, “калыску” беларускай дзяржаўнасці, ад якога “пачаўся свет”.

31 вайсковае злучэнне атрымала назву “Полацкі”, больш за 30 воінаў – званне Герой Савецкага Саюза. Асаблівы гераізм праявілі 23 воіны-гвардзейцы 51-й стралковай дывізіі на чале з лейтэнантам А. Грыгор’евым. Іх гераізму прысвечана песня Ю. Візбара “Цана жыцця”.

1950 год. Пачало вяшчанне Радыё Свабодная Еўропа.

Першыя перадачы ішлі на чэшскай мове, потым колькасць моў паступова павялічвалася. 

Зараз у эфір радыёстанцыі выходзяць праграмы больш як на 20 мовах. Беларуская служба бярэ пачатак ад 20 мая 1954 года. На сядзібе ў Празе працуе 550 супрацоўнікаў.

1952 год. У ЗША памёр Язэп Варонка (1891-1952).

Беларускі палітычны дзеяч, журналіст, публіцыст. Першы старшыня Народнага сакратарыята БНР.

Міністр беларускіх спраў і сябра кабінета міністраў Літоўскай Рэспублікі (1918-1920), старшыня беларускага Чырвонага Крыжа, таварыства «Беларуская грамада ў Коўне».

У 1923 годзе з’ехаў у Чыкага. Узначальваў Беларуска-амерыканскую нацыянальную асацыяцыю, быў адным з кіраўнікоў Беларуска-амерыканскай нацыянальнай рады, выдаваў газету “Беларуская трыбуна”, вёў праграмы на чыкагскім радыё.

Займаўся выдавецкай і публіцыстычнай дзейнасцю. Аўтар брашур “Беларускае пытанне на момант Версальскай мірнай канферэнцыі. Гістарычна-палітычны нарыс”, “Беларускі рух ад 1917 да 1920 году. Кароткі агляд”.

Прытрымліваўся канцэпцыі «двух ворагаў» беларускага адраджэння — Расіі і Польшчы. вёў беларускія і рускія праграмы на чыкагскім радыё.

1989 год. Разгон кітайскімі вайсковымі падраздзяленнямі студэнцкай дэманстрацыі на плошчы Цяньаньмэнь у Пекіне.

Паводле заявы мэра Пекіна падчас “контррэвалюцыйнага мецяжу” загінулі больш за 200 чалавек з цывільнага насельніцтва, уключаючы 36 студэнтаў. Па дадзеных праваабаронцаў, аперацыя кітайскіх вайскоўцаў па “навядзенні канстытуцыйнага парадку” каштавала жыцця 3 500 жыхарам Пекіна, некалькі тысяч атрымалі раненні.

Адны студэнты патрабавалі дэмакратычных рэформаў, другія абураліся беспакаранасцю партнаменклатуры, трэція выступалі супраць інфляцыі і беспрацоўя. Але ўсіх аб’ядноўвала ідэя барацьбы з карупцыяй і лозунг “Далоў прадажных чынуш!”.

Сімвалам гэтых падзей сталі не ахвяры, а просты кітаец з авоськамі, які спыніў танкі на плошчы Цяньаньмэнь і ўтрымліваў іх на працягу паўгадзіны.

2008 год. А 00:25 у Мінску падчас святкавання Дня незалежнасці адбыўся тэракт.

Узрыў выбухнуў на гала-канцэрце пад час выступлення на сцэне Таісіі Павалій, каля стэлы “Мінск – горад-герой”. Ад узрыву самаробнай прылады ў літровым пакеце з-пад соку “Садачок”, якая была начыненая балтамі і гайкамі, ніхто не загінуў, але пацярпелі 54 чалавекі, шпіталізавана – 47.

У серыі тэрактаў (2005, 2008, 2011) былі абвінавачаны і пакараны смерцю ўраджэнцы Віцебска Дзмітры Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў.

2012 год. У Беларусі адбыўся “Плюшавы дэсант” альбо «мядзведзіроўка».

Акцыя шведскіх лётчыкаў, якія  перасяклі межы беларускай паветранай прасторы, праляцелі над Івянцом і даляцелі да мінскага Сухарава. 

Яны скідвалі з самалёта пакеты з парашутамі, на якія былі прывязаны цацкі ў выглядзе мядзведзяў з улёткамі, што заклікалі да выканання свабоды слова ў Беларусі.

28 чэрвеня ў гісторыі. Разгром рускіх захопнікаў. Памідоры – ядомыя. Дэтанатар І Сусветнай. Таямнічая смерць Песняра. Вызваленне Магілёва. Герой з 9-й роты.

1615 год. У Еўропу з Кітая прывезены першы чай.

У партугальскім порце прышвартаваўся карабель, на борце якога ў ліку іншага заморскага тавара была дробна пасечаная чорная пацяруха з Кітая – чай. 

Яе яшчэ звалі “кітайскай травой”, але мала хто тады ўяўляў, што гэта такое і як яна выглядае: еўрапейцам прыходзілася здавольвацца апавяданнямі вандроўцаў, мараплаўцаў і гандляроў. Звязана гэта было з тым, што чай у Кітаі лічыўся нацыянальным здабыткам, яго забаранялася вывозіць пад страхам смяротнага пакарання.

Стагоддзямі ён быў даступны толькі эліце і манахам. Заварачныя чайнікі з’явіліся ў XIV стагоддзі ў Кітаі разам з чайнай цырымоніяй. З развіццём гандлю і таварна-грашовых адносін манаполія Кітая на чай і чаяванне ўпала.

1660 год. Войскі Рэчы Паспалітай разграмілі рускіх захопнікаў пад Палонкай каля Навагрудка.

Войскі Рэчы Паспалітай – дывізія С. Чарнецкага (4 000 чалавек), харугвы П. Сапегі, А. Палубінскага і С. Кміціча (6 000) разбілі маскоўскае войска на чале з І. Хаванскім (быў царскім ваяводам у Магілёве ў 1656-1658 гг.).

Палонкаўская бітва – першая буйная перамога Рэчы Паспалітай на канцавым этапе вайны 1654-1667 гадоў, якая спыніла маскоўскую аблогу Ляхавіцкага замка і прывяла да вызвалення зямель ВКЛ па Дняпры і Дзвіне. 

У 1994 годзе на месцы бітвы быў усталяваны памятны камень, у 2010 адбыўся фестываль з удзелам прадстаўнікоў рыцарскіх клубаў.

Гетман С. Чарнецкі (1599-1665).

1820 год. Даказана, што памідоры ядомыя. Да гэтага яны адназначна лічыліся атрутнымі.

Так, у кнізе “Поўнае кіраўніцтва па садоўніцтве”, выдадзенай у Даніі ў 1774 годзе, паведамлялася, што памідоры “вельмі шкодныя, бо зводзяць з розуму тых, хто іх есць”.

А ў 1776 годзе асабісты кухар Дж. Вашынгтона Джэймс Бэстлі спрабаваў атруціць будучага прэзідэнта, падаўшы яму на абед смажаніну, якая была багата ўпрыгожана свежымі памідорамі. Вашынгтон забабонамі не пакутаваў і з апетытам з’еў усё, тады як кухар быў настолькі ўпэўнены ў поспеху сваёй задумы, што адразу ж данёс камандуючаму ангельскімі войскамі аб хуткай смерці галоўнакамандуючага каланістаў.

Вашынгтон пражыў яшчэ 23 гады, а ліст Бэстлі чамусьці не патрапіў да адрасата і праляжаў у тайніку больш за 40 гадоў, пакуль не быў знойдзены ў тым жа 1820 годзе. Але калі крыху раней раскрытая таямніца патрэсла б уяўленне сучаснікаў жахлівасцю плана выкарыстання памідораў-забойцаў, то зараз яна выклікае толькі ўсмешкі.

1914 год. У Сараеве сербскім студэнтам Гаўрылам Прынцыпам забіты аўстра-венгерскі эрцгерцаг Франц Фердынанд.

Гэта паслужыла нагодай да пачатку 1 жніўня 1914 года Першай Сусветнай вайны (1914-1918).

Падчас гэтай вайны ў рускае войска былі прызваныя 900 000 беларусаў, з якіх загнула каля 70 000. 

У 1915-1918 гадах пад нямецкай акупацыяй была палова Беларусі, яшчэ палова была прыфрантавой зонай. Колькасць бежанцаў-беларусаў склала ад 1,5 да 2,2 мільёнаў. У 1915-1918 гадах у Магілёве знаходзілася руская Стаўка галоўнакамандуючага.

1919 год. Падпісаны Версальскі мірны дагавор: афіцыйна завершылася Першая Сусветная вайна і ўтворана Ліга Нацый.

Ліга Нацый – пэўны правобраз ААН.

Ліквідавана ў 1946 годзе. Мэты Лігі Нацый: раззбраенне, прадухіленне ваенных дзеянняў, забеспячэнне калектыўнай бяспекі, урэгуляванне спрэчак паміж краінамі, паляпшэнне якасці жыцця на планеце.

1923 год. Нарадзіўся Уладзімір Чантурыя (1923-1988).

Беларускі архітэктар, гісторык архітэктуры, доктар архітэктуры, прафесар.

Працаваў у інстытуце «Белдзяржпраект», у Беларускім політэхнічным інстытуце.

Аўтар навуковых прац, прысвечаных даследаванню і прапагандзе архітэктурнай спадчыны Беларусі, фундаментальных «Гісторыі архітэктуры Беларусі да 1917 г.», «Атлас помнікаў архітэктуры і мемарыяльных комплексаў Беларусі» і іншых.

Кіраваў абмерамі помнікаў беларускай архітэктуры (1954-1970) і абследаваннем гістарычных гарадоў БССР (1970-1982).

1941 год. Без сур’ёзных перашкод нямецкія танкі і мотапяхота ўвайшлі ў Мінск, Мар’іну Горку, Бабруйск.

З 28 чэрвеня 1941 да 3 ліпеня 1944 года сталіца БССР знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. У горадзе і наваколлях было створана 9 лагераў і яўрэйскае гета, дзе было знішчана больш за 400 000 чалавек.

1942 год. Пры цьмяных абставінах у Маскве загінуў народны паэт Беларусі Янка Купала (1882-1942).

Упаў у лесвічны пралёт з 10 паверха гасцініцы «Масква».

Існуе тры версіі – няшчасны выпадак, самагубства, і найбольш верагодная, забойства. Афіцыйнай версіяй была абвешчана першая – няшчасны выпадак, быццам Купала ўпаў выпадкова. Аднак вышыня парэнчаў у гасцініцы “Масква” гэтаму пярэчыць. Папулярнай была таксама версія пра самазабойства, аднак яна не стыкуецца з паводзінамі паэта перад смерцю – у бадзёрым настроі, ён пакінуў сваіх сяброў у нумары гатэля, каб “кое з кім пагаваыць”. На забойства і супраціўленне Купалы перад смерцю ўказвае тое, што на месцы, адкуль адбылося падзенне, застаўся адзін яго туфель. 

Пахаваны на Ваганькаўскіх могілках у Маскве.

Неаднаразова з 1921 года падвяргаўся рэпрэсіям і ганенням з боку савецкіх уладаў.

Лесвічны пралёт у гасцініцы “Масква”

1944 год. Савецкія войскі пад час аперацыі “Баграціён” вызвалілі ад нямецка-фашысцкіх войск Магілёў, Быхаў, Асіповічы, Клічаў, Круглае, Крупкі, Лепель, Старыя Дарогі.

1947 год. У памяць аб Янку Купале імем народнага паэта названа беларуская гімназія ў нямецкім Рэгенсбургу.

Гэта адбылася ў 5-ю гадавіну трагедыі.

8-класная гімназія адчынілася 10 снежня 1945 года ў лагеры для перамешчаных асоб з мэтай падрыхтоўкі беларускай моладзі для паступлення ў ВНУ. Працавала да 1950 года: у 1947/1948 у Міхельсдорфе, у 1949/1950 – у Розенгайме, у астатнія – у Рэгенсбургу.

Пры гімназіі існавала вучнёўская бурса, дзе жылі дзеці без бацькоў, дзейнічала скаўцкая арганізацыя, працавалі літаратурны, драматычны, спартыўны гурткі.

Адбылося 5 выпускаў. У розны час гімназію ўзначальвалі А. Орса, М. Рагажэцкі, А. Вініцкі.

Аўген Калубовіч. Выкладчык беларускай мовы і літаратуры гімназіі, прэм’ер-міністр Урада БНР.

1988 год. Ураджэнцу г. Магілёва Андрэю Мельнікаву (1968-1988) пасмяротна прысвоена званне Герой Савецкага Саюза.

Гераічна загінуў у Афганістане.

Прататып галоўнага героя расійскай кінастужкі “9 рота” (2005).

СШ №28 г. Магілёва носіць яго імя. У школьным музее экспануецца яго кулямёт.

1991 год. Савет Эканамічнай Узаемадапамогі (СЭУ) спыніў свае існаванне.

Гэта адбылося на 46-й сесіі арганізацыі ў Будапешце.

СЭУ (1949-1991) – адказ на амерыканскі “план Маршала” па адбудове пасляваеннай Еўропы. У розны час у СЭУ уваходзіла 11 сацыялістычных краін. У рамках СЭУ рэалізаваны праекты: нафтаправод “Дружба”, адзіная энергасістэма “Мір”, вытворчасць “Ікаруса” і іншыя.

26 чэрвеня ў гісторыі. Здарэнне ў Гамельне. «Люблю Беларусь!». Статут ААН. Мінск – горад-герой. Нарадзіліся У. Матыль, Ю. Несцярэнка

Міжнародны дзень барацьбы са злоўжываннем наркатычнымі сродкамі і іх незаконным зваротам (International Day Against Drug Abuse and Illicit Trafficking, з 1987 года).

Устаноўлены Генеральнай Асамблеяй ААН для стварэння міжнароднага грамадства, свабоднага ад наркаманіі.

Да 60% насельніцтва Беларусі ва ўзросце да 21 года можа быць аднесена да групы рызыкі.

За апошнія 8-9 гадоў колькасць школьнікаў і студэнтаў, якія ўжываюць наркотыкі, узрасла амаль у 8 разоў. Колькасць смяротных выпадкаў ад ужывання наркотыкаў за апошнія 10 гадоў павялічылася сярод насельніцтва ў Беларусі ў 12 разоў, а сярод дзяцей – у 42 разы.

Рост наркаманіі рэзка абвастрае праблему СНІДу. Колькасць зарэгістраваных у Беларусі ВІЧ-інфіцыраваных штогод падвойваецца. Сярод іх 80% – наркаманы. Колькасць асоб, якія эпізадычна ўжываюць наркатычныя рэчывы дасягае больш за 8,3 тысячы чалавек. Сярэдні ўзрост хворых 20-22 гады.

Міжнародны дзень у падтрымку ахвяр катаванняў (International Day in Support of Victims of Torture, з 1987 года).

Менавіта ў гэты дзень у 1987 годзе ўступіла ў сілу Канвенцыя супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання.

Нягледзячы на нормы міжнароднага і нацыянальнага права, прынцыпы чалавечнасці і роўнасці, у некаторых краінах працягваюцца катаванні. Прагрэсіўнае чалавецтва асуджае любыя дзеянні, якія прыніжаюць чалавечую годнасць.

Катаванні з’яўляюцца злачынствам у адпаведнасці з прынцыпамі міжнароднага права.

1284 год. У нямецкім Гамельне здарылася маркотнае здарэнне, распачатае са спробы выгнання з горада пацукоў, якія распладзіліся.

Жыхары гатовы былі прапанаваць любыя грошы таму, хто выратуе іх ад пошасці. І вось нечакана з’явіўся незнаёмы. З маёмасці пры ім была толькі дудачка. Але якраз з яе дапамогай ён падахвоціўся вывесці грызуноў з Гамельна за добрую плату.

І сапраўды, зайграў на сваім інструменце і вывеў зачараваных музыкай жывёл. “Як проста!” – закрычалі гараджане і адмовіліся плаціць. 

На наступны дзень на вуліцы зноў пачуліся гукі дудкі. І 130 гамельнскіх хлопчыкаў і дзяўчынак адправіліся ў шлях за “ведзьмаком”, які завёў іх у раку Везер, дзе ўсе патанулі.

Гэта гісторыя добра вядомая з казкі пра “Гамельскіх пацукоў” братоў Грым, напісанай у XIX стагоддзі.  

1863 год. У Вільні створаны Выканаўчы аддзел Літвы (Чырвоны ронд).

Цэнтр кіраўніцтва паўстаннем 1863-1864 гадоў на чале з Якубам Гейштарам і членамі К. Каліноўскім і У. Малахоўскім.

Паролем для вызначэння прыхільнікаў паўстання было: 

-«Каго любіш?» 

-«Люблю Беларусь» 

-«То, узаемна».

Паўстанне выклікала вялікі грамадскі рэзананс у тагачаснай Расіі, прыцягнула ўвагу грамадства да Беларусі як да з’явы з гістарычнымі каранямі, адкрыла «беларускае пытанне».

1909 год. Нарадзіўся Антон Адамовіч (1909-1998)

Беларускі літаратуразнавец, пісьменнік, гісторык, публіцыст, доктар філалогіі, Сябра Рады БНР.

Даследчык творчасці М. Гарэцкага, рэцэнзент кніг, у тым ліку Н. Арсенневай «Сягоння».

Аўтар грунтоўных прадмоў да шматлікіх эмігранцкіх выданняў, у тым ліку У. Дубоўкі, Якуба Коласа, А. Мрыя, аўтар прац па гісторыі, эканоміцы, культуры Беларусі.

Супрацоўнік радыёстанцыі «Свабода».

Пахаваны на Беларусіх могілках у Іст-Брансуіку, штат Нью-Джэрсі.

1923 год. У г. Горкі нарадзіўся Аляксандр Слука (1923–2007).

Сусветна вядомы эканоміка-географ, ганаровы прафесар МДУ імя М.Ламаносава, Ганаровы член Рускага геаграфічнага таварыства, доктар геаграфічных навук.

Выхаванец Горацкай СШ №2. Праз усё сваё жыццё ён пранес сапраўдную любоў, “геаграфічныя пачуцці” да вывучэння праблем насельніцтва, захаваў зусім адмысловае, вельмі цёплае, трапяткое і ўважлівае стаўленне да Беларусі.

Акрамя радзімы, яго другое каханне – Францыя, якую ведаў лепш за большасць французаў.

1927 год. У г. Лепелі нарадзіўся Уладзімір Матыль (1927-2010).

Рэжысёр тэатра і кіно, сцэнарыст. Народны артыст Расіі.

Вядомы значнаму колу гледачоў па фільмах «Жэня, Жэнечка і „кацюша“», «Белае сонца пустыні» (Дзяржаўная прэмія), «Зорка чароўнага шчасця». 

1940 год. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР “Аб пераходзе на васьмігадзінны працоўны дзень, на сямідзённы працоўны тыдзень і аб забароне самавольнага сыходу з працы”.

Згодна з пастановай, рабочыя і служачыя, якія самавольна пайшлі з дзяржаўных, кааператыўных і грамадскіх прадпрыемстваў або ўстаноў, а таксама самавольна перайшлі з аднаго прадпрыемства на другое, аддаваліся суду і маглі падвяргацца турэмнаму зняволенню тэрмінам ад 2 да 4 месяцаў. За прагул без паважлівай прычыны рабочыя і служачыя караліся папраўча-працоўнымі работамі па месцы працы на тэрмін да 6 месяцаў з утрыманнем з заробку да 25%.

1941 год. Нарадзіўся Уладзімір Куляшоў (1941-1999).

Беларускі акцёр, народны артыст.

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут і ўсё жыццё прысвяціў служэнню ў коласаўскім тэатры (Віцебск).

Акрамя тэатральных пастановак, быў задзейнічаны ў кіно – зняўся ў амаль 40 фільмах, у тым ліку “На Чорных Лядах”, “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”, “Плач перапёлкі”, “Дуброўскі”, “Знак бяды”, “Палеская хроніка”, “Людзі на балоце”.

Памёр 22 верасня 1999 года.

1941 год. Расстраляны НКУС у лесе пад Мінскам Зэлік Аксельрод (1904-1941).

Беларускі яўрэйскі паэт, перакладчык беларускай паэзіі на ідыш.

Адказны сакратар яўрэйскага часопісу «Беластокер Штэрн» (Зорка), аўтар 4-х кніг вершаў на ідыш.

Выступаў за захаванне школ на мове ідыш. На сходзе яўрэйскіх пісьменнікаў 30 мая 1941 года рэзка пярэчыў кіраўніку Саюза пісьменнікаў Беларусі М. Лынькову, які сцвярджаў, «што яўрэйскія савецкія пісьменнікі… не стварылі вобразы герояў вялікай значнасці». Пасля гэтага здарэння быў арыштаваны.

1945 год. Прадстаўнікі 50 дзяржаў-заснавальніц на канферэнцыі ў Сан-Францыска падпісалі Статут Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Сярод стран-заснавальніц былі і Беларусь, і Украіна.

Статут уступіў у сілу 24 кастрычніка 1945 года і гэта дата адзначаецца як Дзень Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

1965 год. У в. Прыбар Быхаўскага раёна нарадзіўся Юрый Несцярэнка.

Беларускі кампазітар, музыка, краязнавец, выдавец, педагог.

Стваральнік гуртоў “Рок-транс-аўта” (Мінск),  “White Night Blues” (Бялынічы), удзельнік  мінска-полацкай калабарацыі “Тутэйшыя”, магілёўскіх гуртоў “Рынка”, “Фэт Джон” і іншых.

Аўтар артыкулаў ў “Дзеяслове”, кніг для дзяцей, па гісторыі і культуры Бялыніцкага раёна, выпусціў 7 дыскаў.

Разам з А. Макарэвічам запісаў беларускамоўныя каверы на вядомыя песні “Машыны часу”.

1974 год. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Мінску прысвоена ганаровае званне «Горад-герой».

Да гэтага, у 1966 годзе такіх званняў ўдастоены Масква, Ленінград (цяпер- Санкт-Пецярбург), Сталінград (цяпер Валгаград), Кіеў, Адэса, Севастопаль, Брэсцкая крэпасць (Крэпасць-Герой), у 1973 – Новарасійск, Керч.

У гонар гэтай падзеі ў 1985 годзе ў беларускай сталіцы ўзведзены архітэктурна-скульптурны комплекс. Ён уключае абеліск (45 м вышынёй) і бронзавую скульптуру «Радзіма-маць».

2016 год. Памёр Сяргей Картэс (1935, Сан-Антоніа, Чылі-2016).

Беларускі кампазітар, Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР.

Працаваў у Беларускім тэатры імя Я.Купалы, на  «Беларусьфільм», у Дзяржаўным тэатры оперы і балета Беларусі.

З асобай Картэса звязана адкрыццё беларускага опернага мастацтва для еўрапейскай публікі.

2018 год. Памёр Алесь Зайка (1948-2018).

Беларускі краязнавец. Лаўрэат прэміі імя Тадэвуша Касцюшкі. Ганаровы грамадзянін Івацэвіцкага раёна.

Скончыў філалагічны факультэт Брэсцкага педінстытута. Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, загадваў школьным этнаграфічным музеем у роднай в. Заполле Івацэвіцкага раёна.

Збіраў фальклор, запісваў народныя словы і выразы, фатаграфаваў традыцыйную архітэктуру.

Укладальнік выданняў «Дыялектны слоўнік Косаўшчыны», «Населеныя пункты Івацэвіччыны», «Фразеалагічны слоўнік Косаўшчыны», «Прыказкі і прымаўкі, жарты і каламбуры, прыгаворкі і языкаломкі, вясельныя прымаўкі пры дзяльбе каравая, вітанні і зычэнні, ветлівыя і ласкавыя выразы, засцярогі і прысяганні, праклёны і адкляцці, жартоўныя праклёны і дражнілкі-кепікі, зневажанні і параўнанні, прыкметы народнага календара з Косаўшчыны». Аўтар кніг некалькіх кніг прозы, працы «Мікратапаніміка Івацэвіччыны».

Яго клопатам у 25 найбуйнейшых населеных пунктах Івацэвіцкага раёна з’явіліся мемарыяльныя дошкі са звесткамі аб першым згадванні вёскі ці мястэчка.

Фота з адкрытых крыніц.

24 чэрвеня ў гісторыі. Вяртанне Смаленска. Пачатак вайны з Напалеонам. Магілёў – сталіца. Беларус на чале Парада Перамогі. Першы НЛА.

1241 год. Манголы пацярпелі першую паразу ў Цэнтральнай Еўропе.

Пасля заваявання Паўночнага Кітая, Сярэдняй Азіі, Закаўказзя і Русі манголы, якія накіраваліся праз Карпаты ў Цэнтральную Еўропу, пацярпелі першую паразу.

У Маравіі войска царэвіча Байдара, якое абложвала горад-крэпасць Оламаўц, было цалкам разгромлена гарнізонам, які раптам выйшаў за сцены крэпасці пад камандаваннем чэшскага ваяводы Яраслава.

Натыкнуўшыся на супраціў у Польшчы і Чэхіі, манголы працягнулі нашэсце ў паўднёвым кірунку і да пачатку 1242 года выйшлі да Адрыятыкі. Заходнюю Еўропу ўжо ахапіла паніка, але нечакана захопнікі былі адкліканы ў родныя стэпы ў сувязі са смерцю ў сталіцы Чынгізідаў Каракаруме вялікага хана Угедэя.

1404 год. Смаленск вярнуўся ў склад Вялікага Княства Літоўскага.

Горад вядомы з 863 года, цэнтр смаленскіх крывічоў. 

У 1230 годзе трапіў пад уплыў Полацкага княства. Буйны цэнтр беларускага летапісання. 

У 1401-1404 гадах горад выйшаў з-пад апекі ВКЛ. Пасля вяртання ў ВКЛ, паводле некаторых звестак, Вітаўт даў месту прывілей на Магдэбургскае права (калі гэтая інфармацыя праўдзівая, то атрымліваецца, што Смаленск уваходзіць у першую пяцёрку беларускіх магдэбургскіх гарадоў), у другі раз такое права атрымаў 4 лістапада 1611 года. 15 ліпеня 1410 года смаленскія харугвы ўдзельнічалі ў Грунвальдскай бітве.

У 1508-1514, 1611-1654 гадах – сталіца Смаленскага ваяводства.

Герб Смаленскага ваяводства.

1777 год. Нарадзіўся Ян Ходзька (1777-1851).

Пісьменнік, публіцыст, грамадскі дзеяч, масон, удзельнік паўстання 1830-1831 гадоў. 

Старшыня Галоўнага цывільнага суда ў Мінску, суарганізатар масонскіх лож у Мінску і Вільні. 

Выступаў за пашырэнне адукацыі сярод народа. Ганаровы член Віленскага ўніверсітэта, інспектар школ Віленскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў. 

Па палітычных матывах і за ўдзел у паўстанні арыштоўваўся ў 1826, 1830 гадах. Быў вязнем Петрапаўлаўскай крэпасці, сасланы ў Сібір.

 Аўтар п’ес, камедый, мемуараў, прац па гісторыі Міншчыны. 

1796 год. Нарадзіўся Ян Чачот (1796-1847).

Беларускі і польскі паэт і фалькларыст, мовазнавец. Філамат, філарэт, сябра А. Міцкевіча, Т. Зана, І. Дамейкі. За нацыянальна-рэвалюцыйную дзейнасць сасланы на Урал. Выдаў 6 зборнікаў сабраных ім каля тысячы аўтэнтычных беларускіх народных песень у перакладзе на польскую мову і ў арыгінале. 

Упершыню паставіў пытанне аб прынцыпах будучага «крывіцкага» правапісу, зрабіў спробу ўнармавання беларускай граматыкі. Беларускую мову называў «славянакрывіцкай мовай», шырока выкарыстоўваў  выраз «Белая Русь». Аўтар шматлікіх песень, 22 з якіх (болей, чым на словы любога іншага аўтара) пакладзены на музыку С. Манюшкам.

Памёр 11(23) жніўня 1847 года.

Я. Чачот перад смерцю.

1812 год. А 2:00 гадзіне з пераправай праз Нёман французскіх войск пачалася вайна з Расіяй – вайна 1812 года.

На тэрыторыі Беларусі яна пераўтварылася ў сапраўдную грамадзянскую.  

За два дні да гэтай падзеі перад войскамі зачыталі загад Напалеона, у якім ён падкрэсліваў, што вядзе вайну дзеля аднаўлення Польшчы ў межах 1772 года. 

У вайне загінулі ў баях, ад голаду, разрухі мільён беларусаў – кожны чацвёрты. На месцах значных баёў гэтай вайны ўсталяваны помнікі, у тым ліку ў Віцебску, Полацку, Клясціцах, Брэсце, Пінску. 

Пад Магілёвам у 1912 годзе пабудавана мемарыяльная капліца ў памяць аб бітве пад Салтанаўкай 23 ліпеня 1812 года. 

Адной з самых знакамітых у свеце бітвай гэтай вайны стала бітва 29 лістапада 1812 года на Бярэзіне пад Барысавам, дзе каля вёсак Студзёнка і Брылі загінула значная частка арміі Напалеона. Бітва пакінула моцны адбітак у грамадскай свядомасці французаў, якія да гэтага часу ўжываюць слова «Бярэзіна» як метафару поўнага правалу або катастрофы.

М. Самакіш. Подзвіг салдат Раеўскага пад Салтанаўкай, 1912.

1834 год. Памер Людвік Тадэвуш Замбжыцкі (1803-1834).

Адзін з кіраўнікоў паўстання 1830-1831 гадоў. Стрыечны брат мастака В. Ваньковіча. 

За гераізм адзначаны залатым крыжам «Віртуці Мілітары». 

У Францыі стаў сузаснавальнікам Таварыства літоўскіх і рускіх зямель, Літоўскага ваеннага камітэта. Пахаваны на парыжскіх могілках Манмартр. 

1900 год. Нарадзіўся Кузьма Чорны (Мікалай Раманоўскі, 1900-1944).

Беларускі пісьменнік. 

Аўтар шэрагу кніг апавяданняў, п’ес, раманаў, гумарыстычных твораў. 

У шэрагу твораў імкнуўся стварыць «тыпы, якія носяць беларускія імёны» і «павінны стаць абагульненымі вобразамі, зразумелымі ўсім нацыянальнасцям». 

Перакладчык асобных твораў А. Пушкіна, М. Гогаля, А. Астроўскага і іншых. 

Пэўныя яго творы інсцэнізаваны і экранізаваны, як, напрыклад, фільм «Ноч пры дарозе». 

У 1938-1939 гадах знаходзіўся ў турме НКУС. Следчыя рэгулярна катавалі вязня. Змардаваны душой і целам, пісьменнік быў вызвалены 8 чэрвеня 1939 года.

 У 1941-1944 гадах знаходзіўся ў эвакуацыі, пераважна ў Маскве. У верасні 1944 года вярнуўся ў Мінск, працаваў у рэдакцыі часопіса «Беларусь». 

Памёр ад інсульту 22 лістапада 1944 года.

1907 год. У в. Восаў (зараз – Клічаўскі раён) нарадзіўся Язэп Зазека (1907-1977).

Беларускі пісьменнік, навуковец, педагог. Кандыдат філалагічных навук. 

Працаваў намеснікам дырэктара Беластоцкага, Мінскага педінстытутаў, загадчыкам кафедры ў Адэскім універсітэце, дацэнтам БДУ. 

Аўтар зборнікаў апавяданняў, нарысаў, кніг для дзяцей, прац пра беларускі фальклор. Укладальнік зборнікаў партызанскай творчасці.

1941 год. Магілёў стаў часовай сталіцай БССР (24 чэрвеня-3 ліпеня).

Сюды пераехалі ЦК КПБ, СНК БССР, штаб Заходняга фронту. Пачалося фарміраванне народнага апалчэння, эвакуацыя насельніцтва, абсталявання прадпрыемстваў, культурных каштоўнасцей. 

З 25 чэрвеня па 14 ліпеня 1941 года з горада адпраўлена на Усход 935 вагонаў з матэрыяльнымі каштоўнасцямі. Падчас эвакуацыі быў страчаны Крыж Еўфрасінні Полацкай. 

Фота з архіва Д. Лісоўскага. Магілёў ў ліпені 1941 года.

1941 год. Утворана Савецкае інфармбюро (Савінфармбюро).

Утворана з мэтай асвятлення міжнародных падзей, ваеннай абстаноўкі на франтах, жыцця краіны, знешнепалітычнай прапаганды. 

Усяго за вайну прагучала болей за 2 000 франтавых зводак і падрыхтавана 135 000 артыкулаў у бюлетэні амбасад і місій, замежныя газеты, часопісы, радыёстанцыі. Апошняя зводка выйшла 5 мая 1945 года, калі Юрый Левітан паведаміў: “Прыём пленных нямецкіх салдат на ўсіх франтах скончаны”.

1945 год. У Маскве адбыўся Парад Перамогі. 

А 10:00 раніцы маршал Г.  Жукаў выехаў на белым кані на Красную плошчу. Камандуючы парадам, ураджэнец Беларусі, маршал К. Ракасоўскі прадставіў Жукаву рапарт, а потым яны разам пачалі аб’езд войскаў. 

Падчас параду ліў дождж, што добра відаць на кінахроніцы. У парадзе прынялі ўдзел зводныя палкі 10 франтоў, наркаматаў абароны, ВМФ, ваенна-навучальных устаноў і войскаў Маскоўскага гарнізона. У склад палкоў уваходзілі Героі Савецкага Саюза, кавалеры ордэнаў Славы, праслаўленыя снайперы і найбольш гераічныя ордэнаносцы. Прадстаўлены былі ўсе роды войскаў. Быў прадстаўлены Чырвоны сцяг Перамогі, які быў узняты над рэйхстагам. 

Спецыяльная зводная калона несла апушчаныя да зямлі 200 сцягоў разгромленых нямецка-фашысцкіх войскаў. Пад барабанны грукат гэтыя сцягі былі кінуты да падножжа Маўзалея Леніна.

1947 год. Упершыню быў афіцыйна зафіксаваны НЛА.

Амерыканскі летчык Кенет Арнольд убачыў у паветры 10 дыскападобных аб’ектаў, якія ляцелі шыхтам з хуткасцю каля 2000 км/г. З таго часу фіксуюцца сотні нзіранняў, з’яўленняў НЛА.

Першым афіцыйным паведамленнем пра НЛА над Беларуссю стаў рэпартаж “Роўна ў 4.10” у газеце “Труд” ад 30 студзеня 1985 года. Тады праз нашу краіну ляцеў рэйс № 8352 Тбілісі – Растоў – Талін на самалёце ТУ-134А і а 4:10 ранку, калі да Мінска заставалася 120 км, экіпаж сутыкнуўся з НЛА. Яго бачылі і пасажыры. 

Да гэтагу часу існуюць розныя гіпотэзы і меркаванні наконт НЛА. Феноменам займаецца накірунак даследаванняў – уфалогія.

Малюнак НЛА. Эскіз паводле летчыка Ю. Кабачнікава.

1958 год. Нарадзіўся Канстанцін Красоўскі (1958-2021).

Беларускі дэмограф, доктар геаграфічных навук, прафесар. 

Заснавальнік брэсцкай навуковай школы геадэмаграфіі. Працаваў дэканам геаграфічнага факультэта, першым прарэктарам Брэсцкага дзяржуніверсітэта. 

Аўтар больш за 180 навуковых прац па дэмаграфіі, рассяленні насельніцтва і яго структуры, міграцыях. 

1977 год. У Бабруйску адбыліся замаразкі.

Зафіксаваны своеасаблівы рэкорд – самыя познія ў Магілёўскай вобласці замаразкі за ўсю гісторыю назіранняў.

1989 год. У Вільнюсе пачаўся I Устаноўчы з’езд БНФ  «Адраджэнне» (24-25 чэрвеня).

БНФ – грамадска-палітычны рух за пераўтварэнне грамадства і адраджэнне беларускай нацыі на прынцыпах дэмакратыі і гуманізму, развіццё культуры, за фактычную дзяржаўную незалежнасць Беларусі.

Аргкамітэт БНФ  быў створаны 19 кастрычніка 1988 года па прапанове З. Пазняка. У Вярхоўным Савеце БССР была сфарміравана фракцыя БНФ. А ў 1993 годзе створана партыя БНФ. 

Грамадскае аб’яднанне БНФ “Адраджэньне“ ліквідавана 10 лістапада 2021 года Вярхоўным судом Беларусі. 

Структурныя падраздзяленні БНФ існавалі ў шматлікіх гарадах і раёнах краіны, выдаваліся газеты, бюлетэні. У Магілёве выдаваліся газеты «Абуджэньне», «Ратуша» з дадаткамі «Шклоўскія навіны», «Дэмакратычны Бабруйск», «Панарама» (Глуск), «Сумленне» (Асіповічы), «Паходня» (Бялынічы), «Бацькаўшчына» (Бабруйск), «Крычаўскiя навiны», «Край Вашчылы» (Крычаў), «Веснiк Слаўгарада» і інш.

Галадаючыя дэпутаты апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, 11 красавіка 1995 года.

2021 год. У Магілёве зарэгістравана тэмпература паветра +37°C.

Рэкордная тэмпература за ўсю гісторыю метэаназіранняў. Да гэтага рэкордам у Магілёве было +36,8°C у 2010 годзе.

23 чэрвеня ў гісторыі. Алімпійскі і ўдовій дзень. Пішучая машынка. Аперацыя “Баграціён”. Нарадзіўся Ю. Хадыка

Міжнародны Алімпійскі дзень (International Olympic Day, з 1948 года).

Гэтая дата была абрана з мэтай увекавечыць дату стварэння Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) 23 чэрвеня 1894 года, пасля таго, як энтузіяст адраджэння алімпійскага руху П’ер дэ Кубертэн у Парыжы абвясціў свой гістарычны даклад перад міжнародным атлетычным кангрэсам.

Асноўным мерапрыемствам, якое суправаджае Міжнародны Алімпійскі дзень, з’яўляецца арганізацыя масавых забегаў на доўгія дыстанцыі. МАК рэкамендуе Нацыянальным алімпійскім камітэтам распаўсюджваць алімпійскую канцэпцыю “Спорт для ўсіх”.

Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі заснаваны ў 1991 годзе, што дало магчымасць беларускім спартсменам выступаць самастойнай камандай на Алімпійскіх гульнях.

Міжнародны дзень удоў (International Widow’s Day, з 2011 года).

У сувязі з неабходнасцю ўдзялення асаблівай увагі становішчу ўдоў усіх узростаў, якія жывуць у розных рэгіёнах і культурным асяроддзі, Генеральная Асамблея ААН устанавіла Міжнародны дзень удоў.

Доля ўдоў у Беларусі, паводле вынікаў перапісу 2019 года, склала 18,9% (па перапісе 2009 г. – 18,4, у 1999 г. – 13,0). Гэта амаль у 5 разоў больш, чым удовых мужчын (3,9%). У краіне больш за 800 тысяч удоў. І іх колькасць толькі расце, паколькі Беларусь – краіна жанчын, у краіне павышаная смяротнасць мужчын (алкагалізм, нізкая стрэсаўстойлівасць, траўматызм, захворванні) і больш нізкая працягласць жыцця «моцнай палавіны» – жывуць на 10 гадоў меней за жанчын.

Дзень дзяржаўнай службы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (United Nations Public Service Day, з 2003 года).

ААН заклікала дзяржавы-члены арганізоўваць у гэты дзень спецыяльныя мерапрыемствы, якія асвятляюць значэнне і ўклад дзяржаўнай службы ў працэсе развіцця грамадства, праводзіць узнагароджанне дзяржаўных служачых, а таксама арыентаваць жыццёвыя інтарэсы моладзі ў напрамку прыняцця рашэнняў аб кар’еры дзяржаўнага служачага.

Аграфена Купальніца (Аграфена Лютыя Карэнні, народны каляндар, народная назва дня памяці Св. пакутніцы Агрыпіны).

Гэтае свята ў славянскіх народаў асацыявалася з пачаткам купальнага сезона. У дзень Аграфены Купальніцы ўпершыню пасля доўгай зімы людзям дазвалялася купацца ў рэках, ручаях, сажалках і азёрах. Нашы продкі верылі, што ў гэты дзень Бог апускае ў ваду цеплыню, а Ян Хрысціцель чысціць вадаёмы ад ведзьмаў, вадзяных, змей і іншага паскуддзя, якое апаганьвае іх. 

Акрамя таго, лічылася, што вада ў гэты дзень атрымлівае ад сонца гаючую сілу, карысную для людзей. Людзі купаліся ў рэках і азёрах аголенымі, мыліся ў лазнях, аблівалі адзін аднаго вадой з студняў. Усё, што было звязана з вадой, лазняй і купаннем, знайшло адлюстраванне ў гэты дзень.

К. Макоўскі. Дзяўчына ў вянку.

1868 год. У ЗША запатэнтавана пішучая машынка.

Крыстафер Шоулз з Вісконсіна прыдумаў апарат для паслядоўнай нумарацыі кніжных старонак. Ад гэтай простай прылады і вядзе свой пачатак пішучая машынка.

Запатэнтаваная машынка была памерам з пісьмовы стол, друкавала толькі вялікімі літарамі, а машыністка не бачыла выніку сваёй працы, таму што папера хавалася ўсярэдзіне. Аднак, менавіта ад гэтай машынкі пайшла па свеце знакамітая раскладка QWERTY – першыя шэсць клавіш у верхнім радзе клавіятуры.

Замест клавішы з лічбай 1 выкарыстоўвалі літару “I”, ды і Shift быў дададзены толькі праз 10 гадоў, але раскладка засталася той жа самай.

Шоулз прадаў правы на машынку Ф. Рэмінгтону і яго інжынеры давялі распрацоўку да розуму і выпусцілі на рынак апарат пад назвай “Remington” 1 сакавіка 1873 года.

Адным з першых пакупнікоў прылады стаў М. Твен. Яго знакаміты раман “Прыгоды Тома Соера” стаў першым у свеце класічным творам, надрукаваным механічным спосабам.

З калекцыі пішучых машынак Клічаўскага краязнаўчага музея

1765 год. Нарадзіўся Ежы Валінскі (1765-1840).

Беларускі і польскі танцоўшчык тэатра. Выкладчык танцаў.

Працаваў у тэатры А. Тызенгауза, у варшаўскай трупе «Таварыства танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці», удзельнік спектакляў у каралеўскім замку, у Лазенках, на сцэне Нацыянальнаго тэатра. 

Лазенкі

1933 год. Расстраляны епіскап Слуцкі Мікалай (Шамяціла, 1877-1933).

Беларускі праваслаўны дзеяч.

Падтрымліваў і прапагандаваў сярод вернікаў ідэі беларускага нацыянальнага адраджэння, прыхільнік ідэй аўтакефаліі праваслаўнай царквы Беларусі.

Арыштоўваўся ДПУ у 1926, 1933 гадах.

Па афіцыйнай версіі, памёр ад тыфу ў мінскім шпіталі, па іншых звестках – расстраляны ў Мінскай унутранай турме ДПУ.

1938 год. Нарадзіўся Юрый Хадыка (1938-2016).

Беларускі грамадскі і культурны дзеяч, навуковец, доктар фізіка-матэматычных навук.

У 1969 годзе арганізаваў у АН БССР семінар па вывучэнню старажытнабеларускага мастацтва, прымаў удзел у зборы матэрыялаў і напісанні «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі».

Адкрыў пры АН БССР Музей старажытнабеларускай культуры.

Намеснік старшыні БНФ.

Памёр 11 верасня 2016 года на чужыне, у ЗША, але пахаваны ў Мінску.

1941 год. На другі дзень Вялікай Айчыннай вайны, войскі нацысцкай Германіі занялі беларускія гарады Беласток і Гродна.

Фота. Баі на Беластоцкім выступе 22-25 чэрвеня 1941 года.

1944 год. Пачатак беларускай наступальнай аперацыі “Баграціён” (23 чэрвеня – 29 жніўня 1944).

У ходзе аперацыі савецкая армія нанесла найбуйнейшую паразу нямецкай арміі за ўсю ваенную гісторыю Германіі, разграміўшы групу армій «Цэнтр» Вермахта.

Да чэрвеня 1944 года лінія фронту на ўсходзе падышла да лініі Віцебск – Орша – Магілёў – Жлобін. 

З савецкага боку ў чатырох задзейнічаных франтах на пачатак аперацыі лічылася больш за 1,6 млн чалавек (без тылавых частак). З нямецкага боку, у групе армій “Цэнтр” – 486 тыс. вайскоўцаў (усяго 849 тысяч, уключаючы тылавыя часткі). Да пачатку аперацыі СССР меў перавагу ў танках у 23 разы, у артылерыі ў 9,4, у авіяцыі ў 10,5. Нямецкае камандаванне не чакала савецкага наступу на гэтым участку фронту, замест эшаланаванай мабільнай абароны Гітлер настойваў на абароне фіксаваных геаграфічных кропак-«крэпасцей» Мінск, Віцебск, Бабруйск, Магілёў і іншых. 

У першыя 3 дні савецкія войскі ўзялі 11 з 12 «крэпасцяў». Вялікую ролю ў паслабленні рэзерваў нямецкіх войск адыграла высадка саюзнікаў у Нармандыі.

1944 год. У межах аперацыі “Багрыціён” пачалася магілёўская наступальная аперацыя.

Завяршылася 27 чэрвеня вызваленнем Глуска, 28 чэрвеня – Магілёва, Асіповічаў, 29 чэрвеня – Бабруйска.

1946 год. Заснавана Крывіцкае (Беларускае) навуковае таварыства імя Ф. Скарыны.

Існавала ў 1946-1949 гадах у Германіі, у 1949-1976 – у ЗША.

Заснавана ў лагеры для перамешчаных асоб у г. Рэгенсбург (Германія). Яго старшынямі ў розны час былі Я. Станкевіч, А. Адамовіч  і А. Махноўскі.

Мела на мэце аб’яднаць намаганні вучоных-беларусаў для навуковай працы ў галіне беларусазнаўства.

Таварыства займалася зборам дакументаў, рукапісаў, беларускіх выданняў, якія захоўваліся ў створаным пры ім Беларускім архіве.

Спыніла дзейнасць у 1976 годзе.

Я. Станкевіч

1967 год. У ЗША памёр Мікалай Дзямідаў (1888-1967).

Беларускі грамадска-палітычны і ваенны дзеяч, настаўнік.

Унучаты пляменнік К. Каліноўскага.

Удзельнік Імперыялістычнай вайны, паручнік. Прадстаўнік Рады БНР і камендант Гродна. З уласна сфарміраваным батальёнам ваяваў у складзе арміі С. Булак-Балаховіча. Арганізатар таварыстваў «Беларуская хата» і «Рунь» у Латвіі. Адзін з кіраўнікоў Беларуска-амерыканскай нацыянальнай рады.

 

20 чэрвеня. Дзень у гісторыі. Паўстанне ў Магілёве. “Чортава кола”. Нарадзіліся Жыгімонт ІІІ, мастак Г. Вашчанка.

Сусветны дзень бежанцаў (Word Refugee Day, з 2000 года).

Зацверджаны Генеральнай Асамблеяй ААН. У гэты дзень насельніцтва праяўляе салідарнасць з тымі, каму прыйшлося пакінуць свае дамы па тых ці іншых прычынах.

Калі ў 2014 годзе ў свеце было 43 мільёны бежанцаў (з іх 7 мільёнаў дзяцей), то ўжо ў 2023 годзе статус бежанцаў мелі каля 90 мільёнаў.

З пачаткам агрэсіі Расіі супраць Украіны, колькасць бежанцаў узрасла.

Паводле дадзеных Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў больш за 8 мільёнаў украінцаў пакінулі сваю радзіму (кожны пяты), частка з іх вярнулася да папялішчаў і разбітых хат, у галечу і беспрацоўе. Больш за палову з іх застаецца ў 44 краінах Еўропы.

У Беларусі жыве больш за 9 000 грамадзян Украіны, галоўным чынам з Данецкай (28%), Харкаўскай (17%), Луганскай (14%), Херсонскай абласцей (7%), Кіева і Кіеўскай вобласці (6%).

Сусветны дзень абароны сланоў ў заапарках (Іnternational Day of Action for Elephants in Zoos, з 2009 года).

Гэты дзень закліканы звярнуць увагу грамадскасці на жыццё сланоў, якія ўтрымліваюцца ў заапарках, і ставіць перад сабой канчатковай мэтай вызваленне ўсіх гэтых велічных жывёл з няволі. 

Па дадзеных канадскіх вучоных, іх жыццё доўжыцца ў 3 разы менш, чым у натуральных умовах. Самыя буйныя насельнікі заапаркаў часцей пакутуюць ад хвароб, таўсцеюць ад маларухомасці і перажываюць псіхалагічныя стрэсы.

У гродзенскім, віцебскім, мінскіх заапарках сланоў няма, але плануюцца.

1566 год. Нарадзіўся Жыгімонт ІІІ Ваза (1566-1632).

Кароль польскі і вялікі князь ВКЛ (1587-1632), кароль шведскі (1592-1599). У 1588 годзе зацвердзіў новую рэдакцыю Статута ВКЛ, падтрымаў Берасцейскую унію 1596 года.

Пры ім прыняты пастановы соймаў аб гарантыях правоў праваслаўных. Імкненні да ўвядзення абсалютнай манархію не далі плёну.

Ваяваў са Швецыяй (1600-1629), з Масковіяй (1609-1618), з Асманскай імперыяй (перамога ў Хоцінскай бітве 1621). Шмат у чым яго палітыка спрыяла далейшаму заняпаду Рэчы Паспалітай.

Памёр 30 красавіка 1632 года.

1606 год. У Магілёве выбухнала мяшчанскае паўстанне (1606-1610).

Пачалося пад кіраўніцтвам саладоўніка Стахора Мітковіча (магчыма, поўнае імя – Стахор Міткавіч Рык) на хвалі незадаволенасці злоўжываннямі і хабарніцтвам магістрата.

Пасля ўварвання мяшчан у ратушу (15 ліпеня 1606 года) старая рада была разагнаная і выбраная новая, пераважна з незаможных рамеснікаў. Новая рада кіравала горадам больш за 2 гады, асаблівую ўвагу звяртаючы на інтарэсы гарадскіх нізоў.

Аднак у новай радзе паступова ўтварыўся раскол, і ў жніўні 1608 года частка рады падпісала «ўгодлівы ліст», паводле якога ўлада ў горадзе вярталася да старой рады. Кіраўнік радыкальнага крыла новай рады Хадко Багдановіч быў засуджаны на смерць.

Дзейнасць адноўленага старога магістрата выклікала неаднаразовыя новыя выступленні. Найбольш буйное адбылося ў 1610 годзе, калі гарадскія нізы спрабавалі ўзняць узброенае паўстанне, але яно было задушана войскам, а 5 кіраўнікоў былі пакараны смерцю на Іллінскай горцы.

У далейшым, выступленні мяшчан адбываліся таксама ў 1636 і 1638 гадах.

1740 год. Нарадзіўся Юзаф Сангушка (1740-1781).

Дзяржаўны і вайсковы дзеяч ВКЛ, маршалак надворны.

Абіраўся паслом на вальны сойм. На сойме 1767-1768 гадоў абвясціў «Праект рэформы ўраду», які прадугледжваў прыняцце адзінага кодэксу права для ўсёй Рэчы Паспалітай. Падпісаў акт Кардынальных правоў.

Падтрымаў абранне каралём Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У 1771 годзе таемна далучыўся да Барскай канфедэрацыі.

Памёр 12 мая 1781 года.

1893 год. На прамысловай выставе ў Чыкага запрацавала першае ў свеце кола агляду.

Пабудавана інжынерам Дж. Фэрысам. Яго дыяметр складаў 75 метраў, вага – 2 000 тон. Кола прыводзілася ў рух дзвюма паравымі машынамі. На коле было 36 кабін, памерам прыблізна з аўтобус. У кожнай кабіне было 20 сядзячых і 40 стаячых месцаў. Такім чынам, агульная пасажыраўмяшчальнасць атракцыёна складала 2 160 чалавек.

Абарот кола рабіла за 20 хвілін. Атракцыён газетчыкі ахрысцілі “чортавым колам”.

Пасля закрыцця Чыкагскай выставы кола Фэрыса двойчы пераносілі на іншае месца і канчаткова разабралі ў 1904 годзе.

У Беларусі “чортавы колы” раней працавалі ў шматлікіх гарадах, цяпер  – толькі ў Мінску, Гомелі, Брэсце, Гродна, Віцебску і Хоцімску.

Кола агляду ў Хоцімску.

1928 год. Нарадзіўся Гаўрыла Вашчанка (1928- 2014).

Беларускі жывапісец, Народны мастак БССР, Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, прафесар, Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР.

Працаваў у галіне станковага жывапісу, акварэлі, манументальнай размалёўкі і вітражу. Аўтар станковых і манументальных твораў пра гераізм савецкага народа ў гады Айчыннай вайны і пасляваеннай працы, пра жыццё сучаснага Палесся.

Стварыў партрэты пісьменнікаў, асветнікаў, дзяржаўна-палітычных дзеячаў Беларусі.

Памёр 14 лютага 2014 года.

Гаўрыла Вашчанка. “Радасць быцця”, 1985 г.

1939 год. Нарадзіўся Валерый Раеўскі (1939-2011).

Беларускі тэатральны рэжысёр, Народны артыст Беларусі, Лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і БССР.

На працягу 35 гадоў – галоўны рэжысёр і мастацкі кіраўнік тэатра імя Янкі Купалы, прафесар акадэміі мастацтваў.

Стварыў амаль паўсотню спектакляў, у тым ліку ў краінах Еўропы паводле твораў А. Дударава, А. Макаёнка, В. Быкава, У. Шэкспіра, Ф. Дастаеўскага і інш. Узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны.

Памёр 19 лістапада 2011 года.

1941 год. Скончылася апошняя перадваенная масавая дэпартацыя.

За 2 дні да пачатку вайны завершаны акт савецкага генацыду народаў, скіраваны супраць «варожых элементаў» і іх сямей у заходніх абласцях Беларусі, а таксама Украіны, Малдовы.

За 19-20 чэрвеня з Беларусі высланыя ў Сібір і Казахстан 22 300 чалавек. Гэтая “чэрвеньская” дэпартацыя – з серыі департацый, з 22 траўня па 20 чэрвеня 1941 года, якія закранулі Эстонію (10 тыс.), Латвію (15,5 тыс.), Літву, Малдову і Беларусь (30 тыс. чалавек). 

Да гэтага, 23 лютага 1940 года з Беларусі былі высланы 33 700 асаднікаў, 17 600 служачых лясной аховы, 13 красавіка 1940 года выселена 26 800 чалавек, галоўным чынам, супрацоўнікаў паліцыі, настаўнікаў, выхавацелей, святароў, грамадскіх дзеячаў. 29 чэрвеня 1940 года дэпартыравана 22 900 чалавек, у тым ліку значную частку бежанцаў з Польшчы, габреяў.

1948 год. У Вязынцы для наведвальнікаў расчыніў дзверы філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.

Галаўны музей знаходзіцца ў Мінску з 1944 года, на месцы былога дома паэта.

Акрамя філіяла ў Вязынцы яшчэ працуюць філіялы ў вёсках Харужанцы, Вязынка, Ляўкі (недалёка ад Магілёва) і Яхімоўшчына.

У фальварку Вязынка 7 ліпеня (25 чэрвеня) 1882 года нарадзіўся Іван Луцэвіч, будучы творца Янка Купала.

1963 год. У Магілёве нарадзіўся Сяргей Кавалёў.

Беларускі драматург, крытык, паэт, літаратуразнаўца.

Доктар філалагічных навук. Жыве ў Любліне (Польшча).

Даследуе праблемы сучаснай беларускай паэзіі, шматмоўную літаратуру ВКЛ, аўтар п’ес на гістарычныя, фальклорныя тэмы. Шмат піша і для дзяцей.

1963 год. У Мюнхене памёр Пётр Сыч (1912-1963).

Беларускі пісьменнік, мемуарыст, герой Монтэ-Касіна, журналіст «Радыё Свабода».

Трапіў у савецкі палон як польскі жаўнер, вязень турмаў НКУС, лагера ў Комі.

У 1942 годзе ўступіў у армію генерала У. Андэрса. Паручнікам прымаў удзел у шматлікіх баях, у тым ліку пад Монтэ-Касіна.

Актыўны дзеяч эмігранцкіх арганізацый Вялікабрытаніі, ФРГ, супрацоўнік часопіса «Беларус на чужыне», радыё «Свабода», член Рады БНР. Аўтар мемуараў пра Монтэ-Касіна.

Мемарыял у Монтэ-Касіна.

2001 год. Зацверджаны герб г. Горкі.

Герб 29-тысячнага горада, які ўпершыню згадваецца ў 1544 годзе, паўтарае герб 1867 года. 

Тут ў 1840 годзе адкрылася земляробчая школа – сёння сельскагаспадарчая акадэмія. У 1841 годзе з’явілася метэастанцыя, якая працуе і па сёння.

Дзень у гісторыі. 12 чэрвеня. Арышт А. Аскеркі. Панамскі канал і А. Галынскі. Знішчана гета ў Друі. Катастрофа Су-25. Нарадзіўся Л. Родзевіч.

Сусветны дзень барацьбы супраць дзіцячай працы  (World Day Against Child Labour, з 1997 года).

Устаноўлены Міжнароднай арганізацыяй працы.

Тэма дня-2023 – “Сацыяльная справядлівасць для ўсіх. Скончым з дзіцячай працай!”.

Паводле звестак ААН, колькасць дзяцей, якія працуюць у свеце, ва ўзросце ад 5 да 17 гадоў, складае 160 мільёнаў, прычым больш за 100 мільёнаў з’яўляюцца ахвярамі сучаснага рабства, а 80 мільёнаў з іх заняты небяспечнай працай. Многія з іх практычна не маюць часу, каб хадзіць у школу, а ўжо тым больш – гуляць, часта яны не атрымліваюць належнага харчавання і догляду.

Досвед барацьбы з дзіцячай працай на працягу апошніх трох дзесяцігоддзяў паказаў, што дзіцячую працу можна выкараніць, калі ўхіліць першапрычыны.

1863 год. Рускімі карнікамі схоплены Аляксандр Аскерка (1830-1911).

Адзін з лідараў паўстання 1863-1864 гадоў, беларускі грамадскі дзеяч.

Паручнік (1853-1857) грэнадзёрскага імя караля Фрыдрыха Вільгельма палка.

У 1862 зладзіў у Варшаве выданне беларускага буквара-катэхізу для дзетак-каталікоў.

Вылучаўся ліберальнымі поглядамі, быў прызначаны мінскім губернатарам у камітэт па падрыхтоўцы сялянскай рэформы, працаваў у рэдакцыйных камісіях па рэформе ў Санкт-Пецярбургу, Вільні, у Віленскай археалагічнай камісіі.

Падчас паўстання быў начальнікам Вільні, памочнікам К. Каліноўскага. Быў прыгавораны да смяротнага пакарання, замененага на 15 гадоў сібірскай катаргі.

Пасля катаргі пасяліўся ў Екацярынаславе (сучасны Днепр), дзе з  1872 года рэдагаваў варшаўскі часопіс «Ateneum».

У 1882-1885 гадах пабудаваў драўляную вілу «Падгор’е», частку пакояў якой здаваў пад санаторый. У гэтым доме пабыло нямала знакамітых людзей, у іх ліку паэт А. Адынец, ветэраны паўстання.  

Апошнія гады жыцця правёў у маёнтку Відзы Лаўчынскія каля Браслава. 

Магіла А. Аскеркі на Росах, Вільня.

1895 год. Нарадзіўся Леапольд Родзевіч (1895-1938).

Беларускі драматург, тэатральны і нацыянальны дзеяч.

Рэдактар беларускіх газет «Беларускі звон», «Наша будучыня», «Чырвоны сцяг», часопіса «Бальшавік», дзеяч Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі.

Аўтар шматлікіх п’ес, зборнікаў вершаў: «Беларусь», «На паняволеных гонях» і інш. Многія творы, асабліва «Збянтэжаны Саўка», ставяцца сучаснымі тэатральнымі калектывамі Беларусі. Арыштоўваўся ДПУ ў 1933 і 1938 гадах. 

Загінуў у саратаўскай ссылцы ў 1938 годзе.

П. Бадунова, Л. Родзевіч, Я. Лагіновіч, 1923.

1897 год. Карл Элзенэр запатэнтаваў швейцарскі вайсковы нож.

У 1891 годзе ўладальнік кампаніі па вытворчасці хірургічнага абсталявання Элзенер выявіў, што кішэнныя нажы для швейцарскага войска робяцца ў Нямеччыне. Ён вырашыў забяспечыць армію нажамі швейцарскага выраба і заснаваў Асацыяцыю Швейцарскіх нажоўшчыкаў.

Асноўнай ідэяй “салдацкага нажа” было сумясціць кішэнны складаны нож і адкрутку для разборкі новай швейцарскай вінтоўкі Schmidt-Rubin. Свае нажы Элзенер пастаянна ўдасканальваў і дамогся стварыць нож з двума клінкамі, штопарам, адкруткамі.

1920 год. Афіцыйнае адкрыццё Панамскага канала.

Канал лучыць Атлантычны і Ціхі акіяны. Праз яго праходзяць найважнейшыя марскія шляхі, у тым ліку ад Нью-Ёрку да Сан-Францыска (14 500 км).

Даўжыня канала – 81,6 км, з іх 16,4 км прыходзяцца на Панамскую затоку і Затоку Калумба.

Першапачатковая задума будаўніцтва канала адносіцца да ХVІ стагоддзя, але кароль Іспаніі Філіп II наклаў забарону на разгляд падобных праектаў, бо «што Бог злучыў, чалавек раз’яднаць ня можа». У 1790-я першы праект канала ў Мезаамерыцы быў распрацаваны А. Маласіна.

У 1853 годзе была апублікавана праца з аналізам будаўніцтва канала з указаннем на Панаму Аляксандра (Яна-Іаахіма) Галынскага (1816-1893), удзельніка паўстання 1830-1831 гадоў, падарожніка, саўладальніка маёнтка Крычаў. Ягоны праект паспрыяў планам будаўніцтва (1904-1920) суднаходнага шляху на Панамскім перашыйку.

1934 год. У Менску адкрыты стадыён «Дынама».

Галоўная арэна футбольнай зборнай Беларусі.

Месціцца на вуліцы Кірава. Умяшчальнасць 22 000 чалавек.

Стадыён рэканструяваўся ў 1939 годзе, разбураны падчас Другой сусветнай вайны, адноўлены ў 1954 годзе.

На стадыёне праходзілі футбольныя матчы падчас летніх Алімпійскіх гульняў 1980 года.

1942 год. Нацыстамі знішчана гета ў Друі.

Забіта 1318 габрэяў, згарэла і знакамітая Друйская сінагога.

Падчас расстрэлаў вязні аказалі супраціўленне і падпалілі гета ў розных месцах.

На месцы расстрэлу ў 2001 годзе пастаўлены помнік на сродкі выхадцаў з Друі. 

1947 год. Нарадзіўся Мікалай Мяцельскі.

Беларускі матэматык, доктар фізыка-матэматычных навук, прафесар

Скончыў БДУ. З 1970 працуе ў Інстытуце матэматыкі НАН Беларусі.

Навуковыя працы – па камбінаторнай геаметрыі, дыскрэтнай аптымізацыі. Распрацаваў новыя мэтады даследавання і рашэння задач камбінаторна-геаметрычнае аптымізацыі, тэарэтычныя асновы частковай выкупнасці ў канечнамернай прасторы.

Інстытут матэматыкі НАНБ.

1997 год. У Парыжы памёр Булат Акуджава (1924-1997).

Савецкі і расійскі бард, паэт, празаік, кампазітар балад, лірычных і сатырычных песень, драматург, сцэнарыст.

Аўтар зборнікаў паэзіі «Сакавік велікадушны», «Арбат, мой Арбат», «Прысвячаецца вам», «Міласці лёсу».

Пісаў таксама аповесці і раманы гістарычнай тэматыкі.

Шэраг яго вершаў на беларускую мову пераклалі Р. Барадулін і Л. Баршчэўскі.

1998 год. У ЗША памёр Антон Адамовіч (1909-1998).

Беларускі літаратуразнавец, гісторык, празаік, дзеяч беларускай эміграцыі.

Аўтар манаграфічнага даследавання пра творчасць М. Гарэцкага, прац пра І. Луцкевіча, “Якуб Колас у супраціве саветызацыі”, “Супраціўленьне саветызацыі ў беларускай літаратуры” і інш. Двойчы арыштоўваўся НКУС (1930, 1931).

На эміграцыі з 1943 года. Адзін з кіраўнікоў радыёстанцыі «Свабода».

2012 год. Катастрофа Су-25 пад Навагрудкам.

Загінуў падпалкоўнік Мікалай Грыднеў, лётчык 116-й штурмавой авіябазы (Ліда).

Пасля выканання задання у 15.35 на вышыні 200 метраў самалёт пачаў губляць кіраванне. Кіраўніком палёту была дадзена каманда лётчыку на катапультаванне,, але пілот загінуў, адводзячы самалёт ад вёскі Навіны Навагрудскага раёна.

2021 год. Памёр Ігар Жалязоўскі (1963-2021).

Выбітны беларускі канькабежац, заслужаны майстар спорту СССР, Заслужаны работнік фізічнай культуры і спорту Беларусі.

5 разоў прызнаваўся лепшым спартоўцам году Беларусі (1985, 1986, 1989, 1991, 1993). Адзін з наймацнейшых у свеце канькабежцаў-спрынтэраў ў 1980-1990-х гадах.

Прэзідэнт Беларускага саюзу канькабежцаў, член НАК Беларусі, прэзідэнт Параалімпійскага камітэту Беларусі.

 

10 чэрвеня ў гісторыі. Сусветны дзень мадэрну. Палон Усяслава. Трагедыя Лідзіцэ. Нарадзіўся бард В. Аўраменка.

Сусветны дзень мадэрну (World Art Nouveau Day, з 2013 года).

Устаноўлены для прапаганды мастацтва высокага стылю мадэрн ў архітэктуры, жывапісу, паэзіі, музыцы, а таксама захавання яго спадчыны. Дата прымеркавана да дня скону выдатных прадстаўнікоў мадэрну Антоніа Гаўдзі і Эдэна Лехнера.

У Магілёве стыль мадэрн прадстаўлены будынкам сялянскага зямельнага банка, у якім зараз месціцца мастацкі музей імя П. Масленікава.

Міжнародны дзень геральдыкі (International Day of Heraldry).

Геральдыка, гербазнаўства – спецыяльная гістарычная навука, якая вывучае паходжанне, развіццё, грамадска-прававое значэнне і фармаванне герба і інстытут яго карыстання. 

Інтэнсіўнае развіццё геральдыкі ў ВКЛ пачалося пасля заключэння Гарадзельскай уніі 1413 года, калі 47 найбольш знатных родаў Княства атрымалі гербы.

У ХVІІ стагоддзі распаўсюдзілася гарадская геральдыка. Уласныя гербы мелі больш за 100 беларускіх гарадоў.

1067 год. Кіеўскія Яраславічы захапілі ў палон полацкага князя Усяслава Брачыславіча (1029-1101) і двух яго сыноў.

Гэта адбылося падчас сустрэчы “на Ршы”. Першая пісьмовая згадка пра Оршу. 

Пры Ўсяславе Чарадзеі Полацкае княства дасягнула сваёй магутнасці, быў пабудаваны Полацкі Сафійскі сабор. 

Праз 4 месяцы пасля бітвы на Нямізе (1067), Яраславічы запрасілі Усяслава на перамовы, цалавалі крыж, што не зробяць благога. Але, як толькі Усяслаў пераплыў у чоўне Дняпро для перамоваў, Яраславічы парушылі цалаванне крыжа і схапілі князя з сынамі, адвезлі ў Кіеў і кінулі ў земляную турму. Праз 14 месяцаў, падчас паўстання 1068 года, кіеўляне вызвалілі Усяслава з поруба і абвясцілі вялікім князем кіеўскім.

1633 год. У Магілёве на Троіцу на Дняпры патапілася шмат людзей.

Гэта адбылося падчас пераправы праз раку з Магілёва ў Лупалава. Затануў паром разам з шматлікімі гараджанамі, святарамі.

1794 год. У Гродне ўтворана Цэнтральная дэпутацыя ВКЛ.

Выканаўчы органа паўстання 1794 года.

Заклікі Т. Касцюшкі да простага народа змагацца за незалежнасць выклікалі недавер сялян і сабатаж памешчыкаў. У сялян на працягу стагоддзяў выхоўвалася рабская псіхалогія. Яны, пакорлівыя сваім панам, не былі гатовыя да актыўных дзеянняў у якасці свядомых барацьбітоў за свае правы, за сваю свабоду. Усё гэта ўлічваў Касцюшка і ў кожным звароце да народа стараўся абудзіць яго свядомую актыўнасць, умацаваць веру ў перамогу.

А. Арлоўскі. Паўстанцы Т. Касцюшкі.

1883 год. Нарадзіўся Язэп Гапановіч (1883-1961).

Беларускі грамадскі дзеяч, прадпрымальнік

Быў членам Беларускага гуртка ў Варшаве. У пачатку 1920-х гадоў дзеяч беларускай кааперацыі на Віленшчыне, з ліпеня 1925 года стаў намеснікам старшыні Беларускага нацыянальнага камітэту ў Варшаве.

Быў уласнікам цагельні. Заснавальнік і старшыня Асветнага таварыства беларусаў у Варшаве (1937-1939), аплочваў памяшканне таварыства, дапамагаў незаможным беларускім студэнтам.

Выдаў зборнік вершаў С. Станкевіча «З майго ваконца» (1928). Дзеяч Беларускага камітэту ў Варшаве (1940-1944). Пасля 1956 года ўдзельнічаў у працы Варшаўскага аддзелу Беларускага грамадска-культурнага таварыства, спяваў у хоры таварыства.

Памёр 20 мая 1961 года.

1910 год. Памёр Мікалай Нікіфароўскі (1845-1910).

Беларускі этнограф, фалькларыст, краязнавец, сябра геаграфічнага таварыства, таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім універсітэце.

Рэдактар часопіса “Этнографическое обозрение”, паплечнік па даследаваннях магілёўца Паўла Шэйна (1826-1900).

Аўтар грунтоўных “Нарысаў Віцебскай Беларусі” (8 частак), “Нарысаў простанароднага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі і апісанне прадметаў ужытку”, “Простанародныя прыкметы і павер’і, прымхлівыя абрады і звычаі, легендарныя паданні пра асобы і мясціны” (змяшчае 2307 народных прыкмет, павер’яў, забабонаў, абрадаў, звычаяў). 

1917 год. У Менску выйшаў першы нумар газеты «Вольная Беларусь».

Беларускамоўная грамадска-палітычная, эканамічная і літаратурная газета нацыянальна-дэмакратычнага кірунку пад рэдакцыяй Язэпа Лёсіка.

Выдавалася Беларускім нацыянальным камітэтам, потым Таварыствам беларускай культуры да лістапада 1918 года.

Газета закрылася па заняцці Менска бальшавікамі.

1919 год. У Вільні ўтворана Цэнтральная беларуская рада Віленшчыны і Гродзеншчыны.

Гэта адбылося падчас працы Беларускага  з’езда Віленшчыны і Гродзеншчыны (9-10 чэрвеня). 

Рада – орган палітычнага прадстаўніцтва беларускага нацыянальнага руху Заходняй Беларусі на чале К. Дуж-Душэўскім і М. Кахановічам. Рада выступала ў абарону правоў беларусаў, спрыяла развіццю беларускай культуры, кааперацыі, займалася дабрачыннасцю на карысць пацярпелых ад вайны і дзяцей-сірот. У палітычнай дзейнасці прытрымлівалася актаў БНР.

Удзельнікі з’езда. Пасярэдзіне стаіць К. Дуж-Душэўскі.

1923 год. Памёр Міхал Федароўскі (1853-1923)

Беларускі і польскі фалькларыст, этнограф, археолаг.

Сабраў каля 1 500 беларускіх песенных і танцавальных мелодый, 5 000 беларускіх народных песень, каля 10 000 прыказак, сотні казак, загадак, якія выдадзеныя у 8-томнай працы “Люд беларускі”. Аўтар этнаграфічнай працы “Пружана і яе ваколіцы”.

1942 год. Нямецкімі войскамі сцёртая з твару зямлі чэшская вёска Лідзіцэ.

Непасрэднай падставай для расправы стала забойства Рэйнхарда Гейдрыха, пратэктара Багеміі і Маравіі, учыненае 27 мая 1942 года ў Празе. Жыхары вёскі былі абвінавачаныя ва ўкрывальніцтве чэхаславацкіх патрыётаў, якія здзейснілі замах.

Усё мужчынскае насельніцтва старэйшае за 15 гадоў, а гэта 172 чалавекі, было расстраляна, 195 жанчын былі адпраўленыя ў канцэнтрацыйны лагер Равенсбрук. З 98 дзяцей было пакінута 13 дзяцей узростам да аднаго года і прыдатныя для анямечвання. Астатнія дзеці былі забітыя ў газавай камеры ў лагеры смерці каля Хелмна. Усе будынкі вёскі былі спаленыя.

Трагедыя Лідзіцэ.

1958 год. Нарадзіўся Васіль Аўраменка.

Магілёўскі паэт, бард, пісьменнік, урач-неўрапатолаг па прафесіі.

Сталы аўтар часопіса “ARCHE”, удзельнік праекту “Радыё Свабода” “Барды Свабоды”, бардаўскіх канцэртаў, сябра клубу аматараў гісторыі і падарожжаў “Чароўны ўспамін”, аўтар паэтычных зборнікаў, кнігі пра інтымнае жыццё, неафіцыйнага гімну Магілёва.

1972 год. Нарадзіўся Пітэр Серафіновіч.

Брытанскі акцёр беларускага паходжання.

Пачаў працу на радыё BBC Radio 1, прымаў удзел у розных шоў на радыё і тэлебачанні, у тэлесерыялах на брытанскім і амерыканскім тэлебачанні.

Вядомы і ў якасці акцёра агучання, працаваў у рэкламе, дубляжы.

Яго брат Джэймс Серафіновіч – сцэнарыст і рэжысёр, сястра Хелен – замужам за сцэнарыстам Грэгэмам Лінеганам.

2020 год. Памёр Валерый Гаркуноў (1947-2020).

Беларускі глебазнавец, краязнавец, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар МДУ імя А. Куляшова.

Член геаграфічнага таварыства і таварыства глебазнаўцаў, галоўны рэдактар часопіса “Магілёўскі мерыдыян”.

Даследчык глеб Магілёўскай вобласці, аўтар 50 прац па структуры глебавага покрыва вобласці і ўсходняй Беларусі.

Дзень у гісторыі. 2 чэрвеня. Магілёўцам вярнулі цэрквы. Заснаваны Байканур. Новачаркаск залілі крывёй. Нарадзіліся Ю. Віцьбіч, Э. Малафееў, К. Карстэн.

Дзень адмовы ад празмернасцяў у ежы. Дзень здаровага харчавання  (A Day of Abandoning Excesses in Food. Day of Healthy Eating, з 2011 года). 

Праводзіцца ў процівагу амерыканскаму святу “Нацыянальны дзень, калі можна есці ўсё, што хочацца”.

Цікавыя факты. 

Па папулярнасці ў свеце сярод прадуктаў на першым месцы знаходзяцца макароны, на другім і трэцім – мяса і рыс.

Здароўе чалавечага арганізма на 74% залежыць ад той ежы, якую ён спажывае.

На планеце толькі 44% жыхароў пры выбары прадуктаў харчавання кіруюцца меркаваннямі здароўя. Астатнія 66% выбіраюць прадукты сыходзячы з іх кошту.

1633 год. Выйшаў загад караля Уладзіслава IV Вазы аб магілёўскіх цэрквах.

Жыхарам Магілёва вярталіся ўсе праваслаўныя цэрквы, якія былі зачынены і  запячатаны ў 1619 годзе. Гэта адбылося пасля паўстання гараджан 1618 года.

Увосень 1618 года ўніяцкі мітрапаліт І. Кунцэвіч пажадаў наведаць Магілёў і абярнуць жыхароў ва ўніяцтва, аднак жыхары горада пры яго набліжэнні сталі біць трывогу ў вечавы звон. Былі зачынены ўсе гарадскія вароты, на сценах і валах былі расстаўлены ўзброеныя людзі. Пасля гэтага ўлады горада разам з натоўпамі народа з харугвамі ў руках выйшлі насустрач Кунцэвічу, пачалі праклінаць яго як вераадступніка і нават пагражалі забіць, калі ён не адыдзе ад Магілёва. Паўстанне ўзначальваў бурмістр Магілёва Багдан (Мірон) Собаль.

Пасля гэтага Кунцэвіч асабіста адправіўся са скаргай у Варшаву да караля Жыгімонта III. Паводле каралеўскага ўніверсала ад 22 сакавіка 1619 года ўсе завадатары паўстання ў ліку 20 чалавек павінны былі быць пакараныя, на горад быў накладзены буйны штраф на карысць казны, а ўсе праваслаўныя цэрквы і манастыры з іх маёнткамі і прыбыткамі былі перададзены ў падпарадкаванне Кунцэвічу. 

Пры гэтым у рашэнні спецыяльна згадана, што справа тычыцца не прыгнёту веры, а бунту і абразы не толькі архімандрыта, але і самога караля. Акрамя таго, 20 лістапада кароль забараніў жыхарам Магілёва будаваць цэрквы без дазволу Кунцэвіча.

Кароль Уладзіслаў IV Ваза.

1792 год. Наданне каралём С. Панятоўскім герба Браславу “Вока Божае”.

У хрысціянскай іканаграфіі вока ў цэнтры сонечных прамянёў або ў трохвугольніку з’яўляецца агульнавядомым сімвалам чароўнай сілы або ж Тройцы.

Вока сімвалізуе назіранне Бога за жыццём і дзеяннямі людзей, трохкутнік – трыадзінства Бога – Айца, Сына і Духа Святога. Сонца з найстаражытнейшых часоў з’яўляецца сімвалам жыцця, агню, які валодае ачышчальнай сілай.

“Вока Божае” на гербе Браслава ў сімвалічнай форме перадае Божую апеку над горадам, захоўвае яго ад усіх бед. Выява чалавечага вока шырока выкарыстоўваецца для ўпрыгажэння алтароў ў храмах і на прадметах культавага прызначэння.

Цяперашні герб зацверджаны 20 студзеня 2006 года. У краязнаўчым музеі Браслава сабраны шматлікія дакументы з выявай гарадскога сімвала. Больш чым за два стагоддзі свайго існавання ізаграфія герба практычна заставалася нязменнай. Герб Браслава адносіцца да гісторыка-геральдычных помнікаў Беларусі.

1905 год. Нарадзіўся Юрка Віцьбіч (Стукаліч, Алесь Крыжаніч; сапраўднае імя – Серафім Шчарбакоў; 1905-1975).

Беларускі пісьменнік, дзеяч беларускай эміграцыі.

У студзені 1941 года арыштаваны ДПУ. Падчас вайны – член Цэнтральнага ўрада Беларускага культурнага згуртавання, у 1944 годзе выдаў зборнікі публіцыстыкі “Вяліскія паўстанцы. Гэньдзікаўскія змагары”, “Нацыянальныя Сьвятыні”, быў рэдактарам часопіса “Узвышша”.

У 1943 годзе перавёз з Віцебска ў Полацк рэшткі Еўфрасінні Полацкай, якія там знаходзяцца і сёння, спрыяў аднаўленню Полацкай праваслаўнай епархіі. З 1944 года – на эміграцыі.

У 1946 годзе разам з Н. Арсенневай стварыў літаратурнае аб’яднанне “Шыпшына”. Рэдагаваў шэраг беларускіх газет, у тым ліку “Беларускае слова”, выступаў на Радыё “Свабода”. Аўтар цікавых гістарычных нарысаў “Плыве з-пад Святой гары Нёман”. Пахаваны на беларускіх могілках у Саўт-Рыверы.

Помнік змагарам за свабодную Беларусь у Саўт-Рывер.

1942 год. Нарадзіўся  Эдуард Малафееў

Футбаліст, беларускі і расійскі трэнер па футболу, нападнік зборнай СССР, Заслужаны майстар спорту СССР, Заслужаны трэнер БССР і СССР.

Гулец за маскоўскі “Спартак”, у 1963-1974 – у мінскім “Дынама” (забіў 114 галоў), у 1963-1968 гадах гуляў за зборную СССР. Срэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы 1964.

Пасля заканчэння кар’еры перайшоў на трэнерскую працу. У 1978 г. узначаліў мінскае «Дынама», якое прывёў да золата чэмпіянату СССР (1982). Пазней яшчэ два разы вяртаўся ў «Дынама» (1988-1991, 2001-2002).

У 1984-1986 гадах быў галоўным трэнерам зборнай СССР, якая пад яго кіраўніцтвам перамагла ў адборачным турніры да чэмпіянату свету 1986.

Пазней трэніраваў розныя клубы Расіі, Беларусі і Літвы. У 2000-2003 быў галоўным трэнерам зборнай Беларусі, якую прывёў да лепшага дасягнення (3 месца ў адборачным турніры да чэмпіянату свету 2002).

У снежні 2009 года быў прызначаны галоўным трэнерам салігорскага «Шахцёра». Абяцаў прывесці клуб да залатых медалёў чэмпіянату, але з-за хваробы пакінуў пасаду галоўнага трэнера ўжо ў маі 2010 года.

1955 год. Прынята Пастанова Савета Міністраў “Аб новым палігоне для Міністэрства абароны СССР” – Байканура.

Будаўніцтва касмадрома ішло ў пустыннай казахскай мясцовасці ў рэжыме найстрогай сакрэтнасці. 

У маі 1957 года з палігона быў зроблены першы пуск міжкантынентальнай балістычнай ракеты Р-7, потым – першы ў гісторыі штучны спадарожнік Зямлі (4 красавіка 1957), першы касмічны карабель з чалавекам на борце (Ю. Гагарын, 12 красавіка 1961). 

З Байканура ляталі ў космас і пяць беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі, уключаючы і першую жанчыну-касманаўта В. Церашкову (бацька У. Церашкоў родам з в. Выйлава Бялыніцкага раёна, загінуў на фінскай вайне; маці – А. Церашкова родам з в. Ерамееўшчына Дубровенскага раёна).

1962 год. Падаўлены стыхійны мітынг і дэманстрацыя працоўных Новачаркаска Растоўскай вобласці.

Заліты крывёй з дапамогай войск Паўночна-Каўказскай ваеннай акругі. Жыхары пратэставалі супраць павышэння коштаў на прадукты харчавання. Падчас вайсковай аперацыі па “навядзенні парадку” былі забітыя 23 чалавекі, каля 40 чалавек атрымалі раненні. Зроблены масавыя арышты. У ходзе судовага разбору над удзельнікамі хваляванняў у Новачаркаску 14 чалавек былі прызнаны арганізатарамі беспарадкаў, 7 чалавек прыгавораны да расстрэлу, астатнія – да заключэння на тэрмін ад 10 да 15 гадоў.

Як сказана ў пастанове Вярхоўнага Савета Расіі “Аб падзеях у г. Новочеркаску ў чэрвені 1962 года” ад 22 мая 1992 года, “партыйна-савецкімі ўладамі ў г. Новачаркаску была жорстка задушана з ужываннем войскаў мірная дэманстрацыя працоўных, якія патрабавалі паляпшэнні свайго сацыяльна-эканамічнага становішча. Загінулі і атрымалі раненні дзясяткі ні ў чым не вінаватых людзей, у тым ліку жанчыны і дзеці. Многія ўдзельнікі падзей былі падвергнутыя судовай расправе за дзеянні, якія з’явіліся адказам на неправамерныя і правакацыйныя паводзіны ўладаў”.

1970 год. Нарадзіўся Віталь Шкраба (1970-2008).

Беларускі прафесійны баксёр, двухразовы чэмпіён Беларусі ў суперцяжкай вазе (97 кг). Праводзіў баі з многімі вядомымі баксёрамі, у тым ліку  з М. Валуевым і М. Паповым.

17 ліпеня 2008 года знойдзены мёртвым з нажом у грудзях у сваёй кватэры ў Салігорску. Версія следства – самагубства.

1972 год. Нарадзілася Кацярына Карстэн (дзявочае – Хадатовіч).

Беларуская вяслярка ў акадэмічным веславанні, “Кацярына Вялікая беларускага веславання”. Першая двухразовая алімпійская чэмпіёнка ў алімпійскай камандзе Беларусі (1996, 2000); шасціразовая чэмпіёнка свету. Заслужаны майстар спорту СССР. Першы поўны кавалер ордэна Айчыны (2008). 

У 1998 годзе выйшла замуж за нямецкага бізнесмена В. Карстэна. Жыве ў Германіі.

Падпісала адкрыты ліст спартыўных дзеячаў краіны, якія выступаюць за дзеючую ўладу Беларусі пасля жорсткіх падаўленняў народных пратэстаў у 2020 годзе.

2009 год. Зацверджаны герб Лепеля.

Герб «у чырвоным полі Пагоня» дараваны гораду 20 ліпеня 1852 года.

17-тысячны горад згадваецца з 1439 года. Меўся замак, гандлёвы порт. У свой час належыў Л. Сапегу, у 1772-1776 гадах быў сталіцай Полацкага ваяводства. У горадзе працуюць прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі, дрэваапрацоўчай і харчовай прамысловасці, ГЭС.