4 ліпеня ў гісторыі. Незалежнасць ЗША. Пошукі Зямлі Саннікава. Разгон Цяньаньмэнь. Тэракт у Мінску. «Мядзведзіроўка» Беларусі.

1695 год. «4 липня… выпал великий снег и пролежал в Могилеве несколько дней» – гарадская хроніка.

1776 год. У амерыканскай Філадэльфіі на Другім Кантынентальным кангрэсе аднагалосна прынята Дэкларацыя незалежнасці ЗША.

Паводле дакумента, брытанскія калоніі у Паўночнай Амерыцы абвясцілі незалежнасць ад Вялікабрытаніі. Гэты дзень святкуецца ў ЗША як Дзень незалежнасці – дзень, калі Злучанымі Штатамі сталі называцца 13 калоній (13 палос на сцягу ЗША сімвалізуюць іх), якія ў выніку дзесяцігадовага супрацьстаяння і лютага змагання адстаялі сваю свабоду і права на дзяржаўнасць.

1783 год. На рынкавай плошчы ў французскім Аноне адбылася першая публічная дэманстрацыя паветранага шара братоў Мангальф’е.

Створаны імі паветраны шар уяўляў сабою злеплены з трывалай і тонкай паперы востраканечны мех з адкрытай гарлавінай у ніжняй частцы дыяметрам каля 11 м.

На ніжняй адтуліне была ўмацавана рашотка з вінаградных лоз, якая ўсталёўвалася на падмосткі. Пад падмосткамі было разведзена вогнішча з саломы. Гарачае паветра падняло шар аб’ёмам 600 кубаметраў на вышыню 2 000 м. Перш, чым апусціцца на зямлю, шар праляцеў больш за 1,6 км.

1890 год. Перапахаванне ў Вавельскім саборы у Кракаве Адама Міцкевіча (1798-1855).

Міцкевіч – самы  вядомы польскі паэт,  адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, асветнік, дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху.

Меў беларускае паходжанне, ураджэнец в. Завоссе (зараз Баранавіцкі раён). Парэшткі перавезлі ў Канстантынопаль.

У Навагрудку, Стамбуле працуюць дамы-музеі А. Міцкевіча; яго імем названы вуліцы, пастаўлены помнікі  ў шматлікіх гарадах Беларусі, Польшчы, Літвы, стаіць помнік у Парыжы.

Дом-музей А. Міцкевіча ў Навагрудку.

1900 год. Пачалася першая руская палярная экспедыцыя Э. Толя на шхуне “Зара” (1900-1903) па пошуках Зямлі Санікава.

У ёй удзельнічалі беларусы – зоагеограф Аляксей Бялыніцкі-Біруля (1864-1937), пазней – член-карэспандэнт АН СССР, геолаг Канстанцін Валасовіч (1869-1919). У якасці гідрофа працаваў лейтэнант Аляксандр Калчак, які стаў вядомым палітычным дзеячам, адміралам. 

У гонар беларусаў названы пяць геаграфічных аб’ектаў на поўначы Еўразіі.

Удзельнікі экспедыцыі. У верхнім радзе: трэці злева над Толем – Калчак (лічба 3). Другі рад: М. Каламійцаў, Ф. Матысен, Э. Толь, Г. Вальтар, Ф. Зееберг, А. Бяльніцкі-Біруля (5)

1922 год. У в. Бахацец (цяпер – Чавускі раён) нарадзіўся Ціхан  Жучкоў (1922-1987).

Савецкі лётчык-ас знішчальнай авіяцыі Ваенна-Марскога флота. Герой Савецкага Саюза. Падпалкоўнік.

З 1930 года жыў у Магілёве, у в. Нядашава, скончыў школу ў в. Амхавая Магілёўскага раёна. Працаваў на розных заводах Магілёва, скончыў аэраклуб.

З чэрвеня 1941 года ў войску. Скончыў Ваенна-марское авіявучылішча імя І. Сталіна. Удзельнічаў у прарыве блакады Ленінграда, у Ленінградска-Наўгародскай, Выбаргскай і Прыбалтыйскай аперацыях. Збіў асабіста 14 і ў складзе групы 11 самалётаў ворага, патапіў 1 катэр і спаліў 6 аўтамашын.

Пасля вайны служыў у ВМФ, у Кіеўскай ваеннай акрузе, у Групе савецкіх войскаў у Германіі і ў Далёкаўсходняй ваеннай акрузе. Памёр 9 сакавіка 1987 года.

1944 год. Савецкія войскі праз 4 дні баёў вызвалілі Полацк – найстаражытны горад краіны, “калыску” беларускай дзяржаўнасці, ад якога “пачаўся свет”.

31 вайсковае злучэнне атрымала назву “Полацкі”, больш за 30 воінаў – званне Герой Савецкага Саюза. Асаблівы гераізм праявілі 23 воіны-гвардзейцы 51-й стралковай дывізіі на чале з лейтэнантам А. Грыгор’евым. Іх гераізму прысвечана песня Ю. Візбара “Цана жыцця”.

1950 год. Пачало вяшчанне Радыё Свабодная Еўропа.

Першыя перадачы ішлі на чэшскай мове, потым колькасць моў паступова павялічвалася. 

Зараз у эфір радыёстанцыі выходзяць праграмы больш як на 20 мовах. Беларуская служба бярэ пачатак ад 20 мая 1954 года. На сядзібе ў Празе працуе 550 супрацоўнікаў.

1952 год. У ЗША памёр Язэп Варонка (1891-1952).

Беларускі палітычны дзеяч, журналіст, публіцыст. Першы старшыня Народнага сакратарыята БНР.

Міністр беларускіх спраў і сябра кабінета міністраў Літоўскай Рэспублікі (1918-1920), старшыня беларускага Чырвонага Крыжа, таварыства «Беларуская грамада ў Коўне».

У 1923 годзе з’ехаў у Чыкага. Узначальваў Беларуска-амерыканскую нацыянальную асацыяцыю, быў адным з кіраўнікоў Беларуска-амерыканскай нацыянальнай рады, выдаваў газету “Беларуская трыбуна”, вёў праграмы на чыкагскім радыё.

Займаўся выдавецкай і публіцыстычнай дзейнасцю. Аўтар брашур “Беларускае пытанне на момант Версальскай мірнай канферэнцыі. Гістарычна-палітычны нарыс”, “Беларускі рух ад 1917 да 1920 году. Кароткі агляд”.

Прытрымліваўся канцэпцыі «двух ворагаў» беларускага адраджэння — Расіі і Польшчы. вёў беларускія і рускія праграмы на чыкагскім радыё.

1989 год. Разгон кітайскімі вайсковымі падраздзяленнямі студэнцкай дэманстрацыі на плошчы Цяньаньмэнь у Пекіне.

Паводле заявы мэра Пекіна падчас “контррэвалюцыйнага мецяжу” загінулі больш за 200 чалавек з цывільнага насельніцтва, уключаючы 36 студэнтаў. Па дадзеных праваабаронцаў, аперацыя кітайскіх вайскоўцаў па “навядзенні канстытуцыйнага парадку” каштавала жыцця 3 500 жыхарам Пекіна, некалькі тысяч атрымалі раненні.

Адны студэнты патрабавалі дэмакратычных рэформаў, другія абураліся беспакаранасцю партнаменклатуры, трэція выступалі супраць інфляцыі і беспрацоўя. Але ўсіх аб’ядноўвала ідэя барацьбы з карупцыяй і лозунг “Далоў прадажных чынуш!”.

Сімвалам гэтых падзей сталі не ахвяры, а просты кітаец з авоськамі, які спыніў танкі на плошчы Цяньаньмэнь і ўтрымліваў іх на працягу паўгадзіны.

2008 год. А 00:25 у Мінску падчас святкавання Дня незалежнасці адбыўся тэракт.

Узрыў выбухнуў на гала-канцэрце пад час выступлення на сцэне Таісіі Павалій, каля стэлы “Мінск – горад-герой”. Ад узрыву самаробнай прылады ў літровым пакеце з-пад соку “Садачок”, якая была начыненая балтамі і гайкамі, ніхто не загінуў, але пацярпелі 54 чалавекі, шпіталізавана – 47.

У серыі тэрактаў (2005, 2008, 2011) былі абвінавачаны і пакараны смерцю ўраджэнцы Віцебска Дзмітры Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў.

2012 год. У Беларусі адбыўся “Плюшавы дэсант” альбо «мядзведзіроўка».

Акцыя шведскіх лётчыкаў, якія  перасяклі межы беларускай паветранай прасторы, праляцелі над Івянцом і даляцелі да мінскага Сухарава. 

Яны скідвалі з самалёта пакеты з парашутамі, на якія былі прывязаны цацкі ў выглядзе мядзведзяў з улёткамі, што заклікалі да выканання свабоды слова ў Беларусі.

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, медыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Сяргей Канавалаў

Асуджаны да 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафу ў 9600 рублёў.

Праваабаронцы называюць Канавалава «рэйкавым партызанам». Паводле іх, на закрытым працэсе яго абвінавацілі ў «наўмысных дзеяннях, накіраваных на ўзбуджэнне нацыянальнай і іншай сацыяльнай варожасці» і «падрыхтоўцы да ўчынення акту тэрарызму і наўмыснаму прывядзенню ў непрыдатны стан сродкаў сувязі». 

Старшыняваў на працэсе суддзя з Віцебску Яўген Буруноў.

Канавалаў працаваў на Віцебскай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі чыгункі. 6 сакавіка 2022 году яго схапілі за «падрыхтоўку акту тэрарызму». Згодна з дадзенымі МУС, мужчына нібыта планаваў пашкодзіць сістэмы, якія адказваюць за бяспеку чыгуначнага руху.

7 ліпеня КДБ унёс Канавалава ў «спіс тэрарыстаў».

Яму 50 гадоў. Праваабарончай супольнасцю ён прызнаны палітзняволеным.

Павел Белагалоў

Асуджаны да 2,5 гадоў калоніі агульнага рэжыму і штрафу ў 3,2 тысячы рублёў.

Паводле праваабаронцаў, нагодай для крымінальнага пераследу сталі каментары пра «справу Зельцара».

Справу на жыхара Магілёва разглядаў суд Дрыбінскага раёну.

Інцыдэнт з Зельцарам адбыўся 28 верасня 2021 году. У КДБ тады паведамілі, што ў Мінску падчас рэйду быў смяротна паранены супрацоўнік ведамства. Сілавікі ў адказ адкрылі агонь і застрэлілі жыхара кватэры.

Пазней стала вядома, што ім аказаўся Андрэй Зельцар, супрацоўнік кампаніі EPAM Systems.

За каментары ў сацсетках у «справе Зельцара» затрымалі ўжо каля 200 чалавек.

Арсеній Дзядок

Асуджаны да 3 гадоў абмежавання волі ва ўстанове адкрытага тыпу – «хіміі».

Паводле праваабаронцаў, справу на 19-гадовага хлопца разглядаў суд Савецкага раёну Мінску.

Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэстах 2020 году. Ён, нібыта, «блакаваў рух грамадскага транспарту і выкрыкваў лозунгі».

Сцяпан Латыпаў

На 2 гады пераводзяць адбываць пакаранне на турэмны рэжым.

Паводле праваабаронцаў, зрабіць больш жорсткімі ўмовы пакарання для Латыпава пастанавіў суд Івацэвіцкага раёну. Працэс быў распачаты з ініцыятывы адміністрацыі папраўчай калоніі № 22.

Праваабаронцы пішуць, што на знак пратэсту супраць парушэння сваіх правоў у няволі Латыпаў «глытаў лязо і рэзаў вену на руцэ». За гэта атрымаў 17 дзён штрафнога ізалятару.

Праваабарончай супольнасцю Латыпаў прызнаны палітзняволеным.

Дзмітрый Семчанка

Асуджаны на 15 дзён адміністрацыйнага арышту.

Паводле праваабаронцаў, былога тэлевядоўцу і экс-кіраўніка прэзідэнцкага пула на АНТ абвінавацілі ў «дробным хуліганстве».

Ягоную жонку, Юлію, аштрафавалі на 960 рублёў (30 базавых велічыняў) за рэпосты з «экстрэмісцкіх» каналаў.

Абодвух схапілі 15 верасня.

Семчанка ўжо няволіўся пад адміністрацыйным арыштам у верасні 2020 году. Тады яго кінулі за краты таксама на 15 дзён.

Уладзіслаў Багамольнікаў

Асуджаны на 15 дзён адміністрацыйнага арышту.

Паводле праваабаронцаў, нагодай для пераследу сталі, нібыта, пашырэнні допісаў з «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў.

Святар славуты тым, што праводзіў службу на «Плошчы Перамен» па Раману Бандарэнку. Таксама ён абвяшчаў галадоўку ў падтрымку палітвязня Ігара Лосіка.

Багамольнікаў – выкладчык Мінскай духоўнай акадэміі.

Андрэй Ільеня

Асуджаны на 10 дзён адміністрацыйнага арышту.

Праваабаронцам пра зняволенне журналіста «Прэсбола» стала вядома ад яго калегі. Што стала нагодай для арышту не вядома.

Ільеня каментуе матчы чэмпіянату Беларусі на беларускай мове.