Дзень памяці пакутнікаў Фірса, Леўкія і Калініка (праваслаўны каляндар).
У народзе верылі, што 27 снежня розная нечысць гуляе па зямлі. Лічылася, што яна не чапае добрых гаспадароў, таму ў хаце чысценька прыбіралі і мыліся самі.
Калі ў гэты дзень пераменлівае надвор’е, будзе адліга. Цёплы дзень прадвяшчае гарачае лета. Калі крумкачы збіраюцца ў чароды і громка крычаць, варта чакаць маразоў.
537 год. У Канстанцінопалі асвечаны Сабор Святой Сафіі.
Галоўны храмі Візантыйскай імперыі і ўсёй Усходняй хрысціянскай царквы, самы высокі ў хрысціянскім свеце на працягу 1000 гадоў. Імператар Візантыі Юстыніян I Вялікі, па загадзе якога архітэктары з Малой Азіі Анфімій Тралскі і Ісідар Мілецкі ўзвялі гэты сабор, сам заклаў першы камень у яго падмурак і строга кантраляваў будаўніцтва. Пры асвячэнні храма Юстыніян, абышоўшы яго вакол, усклікнуў: “Слава Богу, які прызнаў мяне годным здзяйснення такога цуду. Я перамог цябе, о, Саламон!”.
Вышыня Сафійскага сабора – 55,6 метраў, дыяметр купала – 31 метр. У 1453 годзе султан Мехмед II, які заваяваў Канстанцінопаль, загадаў ператварыць сабор у мячэць, стварыўшы пры гэтым асабіста першую малітву на славу Алаха. Да сабора прыбудавалі чатыры мінарэты, і сабор ператварыўся ў Вялікую мячэць Айя-Сафія, аднак большасць фрэсак і мазаік засталіся цэлымі. У 1935 годзе паводле дэкрэта Атацюрка Ая Сафія стала музеем. Помнік Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА (2020). З 2020 года зноўў мячэць. Усе мячэці ў свеце пабудаваны на ўзор Айя-Сафіі.

1633 год. Памёр Мялецій (Максім) Сматрыцкі.
Беларускі пісьменнік і рэлігійны дзеяч, праваслаўны архіепіскап Полацкі, Віцебскі і Мсціслаўскі (1620-1628). Вучыўся у Астрожскай, Віленскай, Лейпцыгскай, Вітэнбергскай акадэміях.
Адзін з набольш вядомых прыхільнікаў абнаўлення праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай, рэформы ўніяцкай царквы.
Спачатку быў зацятым абаронцай праваслаўя, членам Віленскага праваслаўнага брацтва, рэктарам кіеўскай брацкай школы, але пасля паломніцтва ў Іерусалім і Канстанцінопаль, прыняў Унію. Папа Урбан VIII у 1631 годзе прызначыў яго архібіскупам. Мялецій лічыў, што кароль і духоўныя ўлады павінны схіліць шляхту да ліквідацыі праваслаўных цэркваў і манастыроў у сваіх уладаннях.
Аўтар палемічных твораў на рэлігійную тэматыку, найбольш аўтарытэтнага падручніка па славянскім мовазнаўстве “Граматыка славенска, правільней сінтагма» (Еўе, 1618—1619) – узор для сербскай, харвацкай, румынскай і балгарскай граматык, неаднаразова перавыдавалася да XIX стагоддзя.

1827 год. Памёр Ян Голанд.
Беларускі кампазітар нямецкага паходжання, кіраўнік нясвіжскай капэлы, выкладчык музыкі ў Віленскім універсітэце.
Вядомы гамбургскі кампазітар, аўтар опер, сімфоній, кантат, музычных п’ес.
На пачатку 1780-х гадоў стаў дырыжорам нясвіжскай капэлы, ставіў у оперна-балетным тэатры Нясвіжа класічныя творы замежных і мясцовых аўтараў.
17 верасня 1784 года ў Нясвіжы адбылася прэм’ера оперы Я. Голанда «Агатка, або Прыезд пана» – адной з першых опер, што створаны і пастаўлены ў Беларусі ў XVIII стагоддзі, больш за 40 гадоў ішла на сцэнах тэатраў Рэчы Паспалітай.
У Нясвіжы ім напісаны опера «Чужое багацце нікому не служыць» і балет «Арфей і Эўрыдыка» («Арфей у пекле»).
Пасля 20-гадовай працы ў Нясвіжы, 23 гады выкладаў музыку ў Віленскім універсітэце, кіраваў універсітэцкім хорам і аркестрам, напісаў падручнік «Акадэмічны трактат аб сапраўдным мастацтве музыкі».
На сёння творы Голанда адноўлены на беларускай мове.
1890 год. У Магілёве нарадзіўся Саламон Лур’е.
Гісторык антычнасці і філолаг, даследчык гісторыі старажытнай Грэцыі і антычнай навукі. Адзін з найболей аўтарытэтных спецыялістаў у галіне гісторыі антычнай думкі, аўтар прац пра Дэмакрыта, антычны атамізм, гісторыю грэчаскай філасофіі.
1925 год. Памёр Зыгмунт Мінейка.
Кіраўнік паўстання 1863-1864 гадоў у Ашмянскім павеце. Ганаровы грамадзянін Грэцыі.
Лектар генуэзскай ваеннай школы. Паўстанцкі ваенны начальнік Ашмянскага павета, камандзір атрада. Быў палонены і прыгавораны рускімі карнікамі да расстрэлу. Адбываў катаргу ў Сібіры, з якой збег.
Скончыў акадэмію генштаба ў Парыжы, жыў у Асманскай імперыі і 20 гадоў будаваў чыгункі, масты, каналы ў Балгарыі, Фракіі Фесаліі і Эпіры. Удзельнік вайны Грэцыі з Турцыяй за Крыт (1891). Папулярызатар Алімпійскіх гульняў у Афінах. Аўтар успамінаў.
Яго зяць – Георгіяс Папандрэу-старэйшы (1888-1968) быў прэм’ер-міністрам Грэцыі, унук – Андрэас Папандрэу (1919-1996), быў прэм’ерам Грэцыі (1981-1989, 1993-1996), праўнук – Георгіяс Папандрэу-малодшы, быў прэм’ер-міністрам Грэцыі ў 2009-2011 гадах.
У гонар Мінейкі названыя сярэдняя школа пры пасольстве Польшчы ў Афінах, вуліца ў Ашмянах.

1932 год. Увядзенне пашпартнай сістэмы ў СССР.
Падпісана пастанова ЦВК і Саўнаркама “Аб устанаўленні адзінай пашпартнай сістэмы па Саюзе ССР і абавязковай прапіскі пашпартоў”. Усе грамадзяне СССР ад 16 гадоў, якія пастаянна пражывалі ў гарадах, рабочых пасёлках, якія працавалі на транспарце, у саўгасах, абавязаны былі мець пашпарты. Сельскае насельніцтва краіны пашпартамі не забяспечвалася, за выключэннем тых, хто пражываў у 10 кіламетровай памежнай зоне.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года пашпарты ўнутры краіны былі адменены, пашпартная сістэма ліквідавана. Усім грамадзянам было дадзена права свабоднага перамяшчэння па ўсёй тэрыторыі краіны. Дэкрэт ад 20 ліпеня 1923 года “Аб пасведчанні асобы” забараняў патрабаваць ад грамадзян абавязковае прад’яўленне пашпартоў і іншых відаў на жыхарства, якія абмяжоўваюць іх права перамяшчацца.
У канцы 1920-х – пачатку 1930-х гадоў дзяржава канчаткова вярнула сабе кантрольныя функцыі, у тым ліку і кантроль за перамяшчэннем насельніцтва. Пашпарты не выдаваліся вайскоўцам, інвалідам і жыхарам сельскай мясцовасці.

1938 год. Указам Прэзідыума Вярхоўнай Рады СССР уведзена званне Героя Сацыялістычнай Працы.
Першым Героем Сацыялістычнай Працы стаў Іосіф Сталін. Усяго званне прысвоена 20 613 дзеячам, у тым ліку 201 – двойчы і 15 – тройчы. БССР была на 7 месцы па ўзнагародам – 549. Сярод трохразовых Герояў Сацыялістычнай Працы – ураджэнец Мінска акадэмік Я. Зяльдовіч, сярод двойчы Герояу – палітычны дзеяч А. Грамыка, авіканструктар П. Сухі, сярод 11 Героеў Савецкага Саюза і Сацыялістычнай Працы – П. Машэраў, К. Арлоўскі. Героямі Сацыялістычнай працы былі пісьменнікі К. Крапіва, І. Шамякін, В. Быкаў, П. Броўка, аграрнікі У. Бядуля, У. Ралько і іншыя.

1948 год. Арганізацыя выратавальнай службы ў Магілёве.
У гэты дзень выканаўчы камітэт Магілёўскага гарадскога Савета прыняў рашэнне «аб арганізацыі выратавальнай службы ў горадзе Магілёве».
2014 год. Кіраўніком Магілёўскага аблвыканкама прызначаны Уладзімір Даманеўскі.
Старшыня Магілёўскага аблвыканкама ў 2014 – 2019 гадах. Пасля вядомага скандала з “абасранымі каровамі” на малочна-таварнай ферме “Сліжы” Шклоўскага раёна Даманеўскі атрымаў вымову і быў зняты з пасады. Яго далейшы лёс невядомы.

2022 год. Развітанне з Віталём Еўмяньковым.
Магілёўскага журналіста, пісьменніка, кандыдата навук Віталя Еўмянькова не стала 25 снежня 2025 года. 27 снежня 2022 г. у рытуальным цэнтры на Першамайскай, 99 адбылося развітанне з ім, пасля чаго Віталь Еўмянькоў быў пахаваны на могілках у Косцінцы Магілёўскага раёна.





































































