24-гадовы Даніла Чуль, былы палітвязень з Берасця, пяць месяцаў таму выйшаў на волю пасля чатырох гадоў зняволення. Амаль палову гэтага часу ён правёў у магілёўскай калоніі №15.
Зараз Даніла адаптуецца да жыцця ў Варшаве, але турэмны досвед працягвае моцна ўплываць на яго псіхалагічны і фізічны стан, піша Праваабарончы цэнтр “Вясна”.
Ад прысуду да ізаляцыі: як усё пачалося
Затрыманы ў сакавіку 2021 года ў Берасці і затым асуджаны па справе «Рэвалюцыйнага дзеяння», а таксама за ўдзел у пратэстах 2017-2018 гадоў супраць “дармаедскага” дэкрэта і будаўніцтва акумулятарнага завода, Даніла трапіў у сістэму, дзе палітычная неслухмянасць караецца паводле асаблівых правілаў.
Паводле яго, на другі дзень, як ён прыехаў у калонію, яго адправілі ў ШІЗА. Прычына – тапкі. Даніла не ведаў, што нельга заходзіць у іх да начальніка каранціну. Рапарт напісаў зэк. “Мне сказалі: калі ўбачым пра цябе інтэрв’ю, “раскруцім” на артыкул 410 КК (арганізацыя бунту)» – успамінае ён.
“Жоўтая бірка”: як дзейнічае сістэма прыніжэння
Палітвязні трапляюць у спіс «экстрэмістаў». Гэта значыць, знаходзяцца на дзясятым прафілактычным уліку і ў калоніі пазначаюцца «жоўтай біркай». Гэта своеасаблівы знак асуджанага, які падвяргаецца пастаяннаму кантролю і дыскрымінацыі.
Форма не тая, прычоска не такая, трошкі няголены – рапарт. Купіў боты ў турэмнай краме, і хоць усё ўзгоднена з адміністрацыяй, але ўсё адно пытаюцца. Усім можна, а табе нельга, распавядае Даніла.
З «жоўтай біркай» забаронена: чытаць асабістую літаратуру, наведваць клубы, глядзець фільмы, вучыцца, працаваць у начных зменах. Таксама, асуджаным даступныя толькі дзве базавыя велічыні на краму, што хапае хіба на тварог, каву і згушчонку.
«Ты можаш быць “лепшым экстрэмістам”, але ўсё роўна атрымаеш толькі дзве базавыя. Гэта абмежаванне не за паводзіны, а за статус» – тлумачыць ён.
Забароненыя кнігі і страх новага тэрміну
Абыходжанне з літаратурай – асобная тэма. У пэўны момант адміністрацыя пачала масава канфіскоўваць кнігі. Частка адпраўлялася ў бібліятэку, але многія спальваліся.
“Быў час, калі ва ўсіх канфіскоўвалі вялікую колькасць непажаданых кніг: праграмаванне, падручнікі, мовы, псіхалогія і псіхіятрыя. Можна было адправіць іх да сябе на склад, на свае рэчы, ці аддаць у бібліятэку. Нам казалі, што яны пойдуць ў фонд магілёўскай бібліятэкі. Але некаторыя кнігі, напрыклад аўтара Сапольскага, спальвалі ў кацельні. Таму што ў такіх кнігах усё вельмі добра распісваецца, праз што ты пачынаеш думаць – і крытычна думаць. У мяне быў размоўнік па польскай мове, а за месяц да гэтага нам сказалі, што калі ў кагосьці нешта ўбачаць, акрамя ангельскай, то выпішуць арт. 411 КК” – распавядае Чуль.
Медыцынская дапамога: толькі праз боль або бандэроль
Здароўе падчас зняволення таксама пагаршалася, і не толькі праз стрэс. Атрымаць лячэнне можна, але толькі цаной доўгага чакання і змагання з бюракратыяй.
Паводле былога палітвязня, каб вылечыць зуб, трэба даслаць фотапломбы, чакаць медбандэроль. Зуб ужо развальваецца, пакуль усё гэта пройдзе. “Мне вырвалі адзін, бо быў пульпіт. Гэта было хутка. Але два іншыя разваліліся» – расказвае былы палітвязень.
Звычайныя лекі – для абязбольваня і тыя, што шкодзяць печані – ёсць. Але патрэбныя вітаміны, антыбіётыкі, вочныя сродкі – толькі ад родных.
На волі без цэнзуры, але з наступствамі
У дзень вызвалення яго суправаджалі да самага шлагбаума. Усё было пад кантролем, каб не вынес інфармацыі, каб ніхто не зняў сустрэчу. Аднак першы дзень на волі ён успамінае з усмешкай: чатыры гадзіны тэлефанавання і адказаў усім, хто чакаў.
Цяпер ён у Польшчы, праходзіць курсы, рыхтуецца да сацыялізацыі. Але след, які пакінула «пенітэнцыярка», застаецца: рэзкія рэакцыі, перанапружанне, страх, зніжэнне зроку.
Паводле Данілы, чалавек пачынае глядзець на ўсё негатыўна, нават калі няма пагрозы. Але ён упэўнены, што хутка адаптуецца, верне сабе кантакт з жыццём. “І хацеў бы сказаць тым, хто выйшаў з турмаў і хоча сацыялізавацца, што не варта баяцца і перажываць з гэтай нагоды, гэта можа праходзіць даволі лёгка», падсумоўвае Даніла Чуль.
Кіберзлачыннасць працягвае расці ў Магілёве. Пра гэта заявіў на ААТ “Хімвалакно” прадстаўнік міліцыі Кастрычніцкага раёна горада.
Як паведамляе тэлеграм-канал прадпрыемства, днямі супрацоўнікаў вытворчасці нетканых палотнаў наведаў маёр міліцыі, старэйшы аперупаўнаважаны па супрацьдзеянню кіберзлачынствам Кастрычніцкага РАУС Андрэй Кальніш.
Паводле яго, статыстыка ў сферы кіберзлачыннасці няўмольна расце. Праўда, канкрэтных лічбаў парваахоўнік не прывёў. У той жа час прывёў прыклад, калі магілёўцу паступіў званок ад нібыта аператара МТС, а потым нібыта ад супрацоўніка Дзяржкантроля. Апошні настойваў, каб мужчына перавёў грошы на спецыяльны рахунак. Толькі дзякуючы пільнасці старонняй жанчыны, што ўбачыла сітуацыю, магілёвец не стаў ахвярай кібермахляроў.
Што ж тычыцца статыстыкі, то ў снежні 2024 года на Магілёўшчыне было зарэгістравана 1833 кіберзлачынстваў, паведамляў сайт аблвыканкама. А за першыя пяць месяцаў таго года іх колькасць вырасла больш чым ў два разы, пісала БелТА.
Маскоўскі тэатр “Собор” пакажа магілёўцам спектакль пра расійскага цара Пятра І, замоўчваючы пра яго зверствы ў дачыненні да Магілёва і яго жыхароў.
У верасні 2025 года, згодна з афішай на сайце Магілёўскага тэатра лялек, там з гастролямі выступяць маскоўскія артысты. Яны прадставяць аўтарскі праект мастацкага кіраўніка маскоўскага тэатра “Собор” Любові Талкалінай “Апошняя руская царыца”. У ім гаворка пойдзе пра ўзаемаадносіны Пятра I і яго першай жонкі Еўдакіі Лапухіной.
Пры гэтым у афішы расійскі імператар названы найвялікшым прадстаўніком дынастыі Раманавых. “Першы расійскі імператар і найбуйнейшы рэфарматар XVIII стагоддзя. Воін, мысліцель, бліскучы дыпламат і бязлітасны вяршыцель лёсаў сваіх падданых” – гаворыцца на сайце нібыта беларускага тэатра.
Магчыма, верасень для гастроляў расейцаў менавіта з гэтым спектаклем абраны не выпадкова. Менавіта ў верасні 1708 года расійскія войскі спалілі Магілёў па загадзе Пятра I.
Вось як гэта апісваецца ў «Магілёўскай хроніцы» Трафіма Сурта і Юрыя Трубніцкага: “У год 1708, месяца верасня, 8 [дня], на святога пакутніка Сазонта, напярэдадні нараджэння найсвяцейшай панны, пан Бог, які доўга цярпеў, караючы горад за нашы цяжкія грахі, дапусціў так, што горад Магілёў, нягледзячы на тое, што быў зрабаваны шведам, але застаючыся забудаваным дамамі, крамамі, на Божае свята ператварыўся за адзін дзень праз агонь у попел і тло, бо, паводле ўказу цара Пятра Аляксеевіча, маскоўцы, калмыкі і татары ў вышэйпамянёны дзень, разам з усходам сонца, акружылі горад з усіх бакоў. Пазачынялі брамы, па трывозе ўдарылі ў барабаны, а калі заўважылі – замак ужо гарыць.
Адчынілі брамы, прасілі літасці, але дарэмна, толькі далі гадзіну вольнага часу і прыставілі варту, пакуль пазносілі з ратушы ў склеп гарадскія кнігі. Тут калмыкі крамы адбіваюць, рабуюць, з другога канца паляць, заўважым, між іншым, людзей з адзення абабіраюць, грошы мацаюць, цэрквы адбіваюць, рабуюць і, калі ўжо, адным словам кажучы, загарэўся астрог, кінуліся на прадмесці і найперш абрабавалі багатыя дамы. А калі агонь заняўся з усіх бакоў, зрабаваўшы горад да асновы, ад’ехалі прэч”.
Амерыканец Олівер Окунь прыняў удзел у беларускім фестывалі ў Польшчы “Тутака”, каб упершыню паразмаўляць з вялікай колькасцю людзей па-беларуску.
Шлях да беларускай мовы праз гісторыю сям’і
У свеце, дзе ўсё часцей пераважае глабалізацыя і ўніфікацыя культур, асабліва ўражвае імкненне чалавека вярнуцца да каранёў і адкрыць для сябе мову сваіх продкаў. Менавіта такую гісторыю распавёў “Белсату” грамадзянін ЗША Олівер Окунь.
Олівер з’яўляецца дактарантам кафедры славянскіх моваў і літаратур Чыкагскага ўніверсітэта. Яго цікавасць да беларускай мовы ўзнікла не выпадкова. Ён прызнаецца: у ЗША многія людзі не ведаюць, адкуль яны паходзяць, і гэта стварае адчуванне адсутнасці ідэнтычнасці. Калі Олівер пачаў вывучаць сямейную гісторыю, яго бацька распавёў, што продкі паходзяць з Беларусі. Гэтак ён даведаўся, што 120 гадоў таму яго продкі, беларускія яўрэі, прыехалі ў ЗША з Магілёва.
У сям’і захаваліся паштоўкі, на якіх бачныя адрасы з Магілёва і тэксты на ідышы і беларускай мове. Гэта і стала штуршком: «Я хацеў размаўляць на той жа мове, на якой размаўлялі мае продкі» – кажа Олівер.
Музыка і літаратура як сродкі вывучэння
Беларуская мова не была прысутная ў яго сямейным асяроддзі. Бацькі і бабуля з дзядуляй размаўлялі толькі на англійскай, але захаваліся ўспаміны пра нацыянальныя стравы, напрыклад, бабуліны дранікі. Авалодаць мовай было няпроста: не хапала сістэматычных матэрыялаў, даводзілася самастойна шукаць граматыкі і тэксты. Олівер вывучаў творы класікаў, а менавіта, Янкі Купалы, Якуба Коласа, і асабліва яго ўразіла п’еса «Тутэйшыя».
Апроч літаратуры, вялікую ролю адыграла музыка. Ён прызнаецца, што захапляецца творчасцю Лявона Вольскага: «“Тры чарапахі” слухаю пастаянна». Музыка дапамагае не толькі лепш разумець мову, але і адчуваць беларускую культуру.
Пошук беларускамоўнага асяроддзя
Праз мову Олівер шукае не толькі лінгвістычныя веды, але і жывую сувязь з культурай. Ён наведаў фестываль “Тутака”, які ў чарговы раз прайшоў сёлета на Беласточчыне, каб апынуцца ў беларускамоўным асяроддзі. «На жаль, у мяне яшчэ не атрымалася паехаць у Беларусь, але на фестывалі было так, як быццам бы я быў у Беларусі – усе размаўлялі па-беларуску. Беларусы ўразілі сваёй дабрынёй і адкрытасцю» – кажа ён.
У Чыкага існуе беларуская дыяспара, але з-за геаграфічнай аддаленасці ад асноўных месцаў сустрэч Олівер рэдка бярэ ўдзел у мерапрыемствах.
Олівер заклікае ўсіх, хто хоча вывучыць беларускую мову, шукаць магчымасці для жывых зносін – фестывалі, літаратура, музыка, ютуб-каналы. Менавіта праз мову, лічыць ён, можна адчуць сябе часткай большай гісторыі і культуры.
Гісторыю Олівера можна лічыць прыкладам таго, як асабістае адкрыццё можа стаць мостам паміж пакаленнямі і кантынентамі. Яго шлях да беларускай мовы ўвасабляе не проста лінгвістычны вопыт, а глыбокае культурнае вяртанне.
Сёння праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала палітзняволенымі яшчэ 20 чалавек. Сярод іх магілёвец Віталь Чавусаў.
Акрамя таго, што Віталь прадпрымальнік і дырэктар рэкламнай фірмы, ён таксама лідэр дударскага гурту «Ліндэрс». Пра гэта паведамляе Радые Свабода.
Нагадаем, што магілёвец быў асуджаны да 4 гадоў зняволеньня па справе «Беларускага Гаюна» напрыканцы траўня 2025 года. Падрабязнасці справы пакуль невядомыя. Ён знаходзіцца ў магілёўскай турме №4.
Праваабаронцы ў сваёй заяве аб прызнанні 20 чалавек палітвязнямі патрабуюць ад лукашэнкаўскай улады неадкладна вызваліць іх і ўсіх астатніх палітзняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі.
Як узнік Музей гісторыі Магілёва і чаму ў такім «музейным» горадзе, як Гродна, няма паўнавартаснага музея горада? Як наогул з’яўляюцца музеі гарадоў і дзе яны ёсць у Беларусі? І якімі яны павінны былі б быць? Праблемы і перспектывы гарадскіх музеяў у Беларусі ў падкасце «Усход-Захад» абмяркоўваюць краязнаўцы Аляксей Шота з Гродна і Аляксей Бацюкоў з Магілёва. Другі выпуск серыі размоваў можна паглядзець тут, а ніжэй – кароткі пераказ падкаста.
Музей горада: для чаго ён патрэбны
Музей горада — гэта не проста яшчэ адзін музей у спісе ўстаноў. Яго задача — зафіксаваць і прадставіць унікальную гісторыю і ідэнтычнасць пэўнага месца. Краязнаўцы адзначаюць, што ідэя такіх музеяў у Беларусі пачала развівацца толькі ў 1990-х гадах. У гэты час гарады і райцэнтры ўсвядомілі патрэбу паказаць сваю аўтэнтычнасць і «музеефікаваць» мясцовую гісторыю.
Аднак галоўнай праблемай заўсёды было фінансаванне: хто будзе ўтрымліваць музей, на чый баланс ён патрапіць. Музей — справа нятанная і хтосьці мусіць за яго плаціць.
Аляксей Бацюкоў: У 90-х аказалася, што ў нас шмат розных краязнаўчых музеяў, розных музеяў з манекенамі, або прыродазнаўчых, з пудзіламі мядзведзяў і іншых жывёл. У нас шмат музеяў мемарыяльных. Усякіх музейных пакояў шмат у школах. Усяго шмат, музейных матэрыялаў шмат, а вось уласна гісторыі нацыянальнай, гісторыі беларускага народа вобмаль. Гэта была тады вельмі балючая тэма.
Вось як паўставаў музей горада на прыкладзе Магілёва. Спачатку было толькі рашэнне стварыць музей — у 1990 годзе ён паўстаў на паперы. Толькі праз пару гадоў з’явіўся першы супрацоўнік, потым дадаліся іншыя. З часам выдзелілі гістарычны будынак, стварылі фондасховішча, перадавалі археалагічныя знаходкі. Але такі шлях, калі горад сам бярэ на сябе фінансаванне новага ўласнага музея, у Беларусі пакуль што — рэдкасць.
Будынкі, калекцыі і канцэпцыі — чым мусіць вылучацца музей горада?
На думку абодвух вядучых падкаста, гарадскі музей павінен быць менавіта на балансе горада — інакш яго ўтрыманне нават цяжка ўявіць. Але такіх выпадкаў вельмі мала: нават не ва ўсіх абласных цэнтрах у Беларусі ёсць музеі горада: у Віцебску і Гродне іх дагэтуль няма. Часта функцыю такога музея выконвае раённы краязнаўчы музей або нейкі філіял. Але музей уласна горада — гэта ўсё ж іншае.
Але ў чым канцэпцыя: што павінна быць у музеі горада, чым ён адрозніваецца ад звычайнага гісторыка-археалагічнага музея? Тут важна, каб экспазіцыя была скіравана менавіта на гарадскую гісторыю, каб яна расказвала пра жыццё і развіццё пэўнай супольнасці, а не толькі пра археалогію, прыроду ці асобныя падзеі.
Музей заўсёды пачынаецца з калекцыі — але не менш важна, як яе падаюць. У Брэсце, напрыклад, музей размешчаны ў каларытным былым будынку польскай адміністрацыі, у былым урадавым квартале, у Гомелі асновай стаў паляўнічы домік, у Магілёве — гістарычная ратуша, цэнтр колішняга самакіравання горада.
Але часам музеі становяцца проста наборам экспанатаў, а не цэнтрам асэнсавання гарадской гісторыі. У Беларусі часта сустракаецца практыка «напампоўвання» музея рознымі філіяламі, каб скараціць адміністрацыйныя выдаткі. Так, у Мінску ў склад музея горада ўваходзяць шэраг філіялаў, многія з якіх мала звязаныя непасрэдна з гісторыяй горада.
Як з музеяў кралі шахматы і… танкі
Галоўнае адрозненне, якое заўважаюць аўтары падкаста паміж беларускімі і заходнееўрапейскімі музеямі, — гэта камунікацыя і ўцягненне наведвальнікаў. У Беларусі музей — часта закрытая прастора, дзе наведвальнікі проста глядзяць на экспанаты, а работнікі мусяць сачыць за бяспекай. У заходніх краінах больш распаўсюджана канцэпцыя адкрытага музея, дзе чалавек самастойна выбудоўвае маршрут і ўступае ў дыялог з экспазіцыяй.
Хаця, трэба прызнаць, зараз у Беларусі музейшчыкі стараюцца па магчымасці, хаця б час ад часу, ствараць для наведнікаў інтэрактыў.
Справядліва і тое, што адсутнасць кантролю можа прывесці да праблем. І ў Гродне, і ў Магілёве былі выпадкі крадзяжоў з музеяў. Напрыклад, у Гродне з гісторыка-археалагічнага музея ў 2004 годзе скралі адзін з сімвалаў калекцыі — шахматную фігуру, знойдзеную на раскопках замка ў 1930-я. Вярнуць яе ўдалося толькі праз чатыры гады, калі злодзей спрабаваў яе прадаць.
Шахматная ладдзя, знойдзеная ў час раскопак у Гродне ў 1930-х. Фота: harodnia.com
У музеі гісторыі Магілёва быў цікавейшы выпадак — з мемарыяльнага комплексу «Буйніцкае поле» спрабавалі скрасці нямецкі танк.
Аляксей Бацюкоў: Чалавек сказаў, што ён вязе танк на здымкі на «Беларусьфільм». Падцягнуў цягач і звёз яго. А супрацоўнік музея гісторыі Магілёва, які ў гэты час працаваў на Буйнічах, яшчэ дапамагаў яму, бо паверыў, што сапраўды забіраюць для кіно. Мужчына адвёз танк кіламетраў на 50 у нейкую вёску і схаваў. Яго потым знайшлі, канешне.
Нямецкі танк PanzerBefehlswagen III Ausf E1, скрадзены з Буйніцкага поляТаму баланс паміж адкрытасцю і бяспекай — асобная задача для кожнага музея.
Як павінны выглядаць і функцыянаваць сучасныя музеі горада
Музей — гэта не статычная «скарбонка», упэўненыя вядучыя падкаста. Гэта жывы працэс, які патрабуе добрых спецыялістаў і сталай навуковай работы. Сёння актуальная тэндэнцыя — не проста расказваць пра вялікія падзеі, дасягненні ці «лічбы», а паказваць гісторыю праз лёсы канкрэтных людзей, праз гісторыі штодзённасці, больш гуманістычным спосабам.
Важна, каб экспазіцыю ствараў прафесійны экспазіцыйны мастак, а не проста работнікі музея. Менавіта ад таленту і падыходу спецыялістаў залежыць, ці будзе музей «жывым» і цікавым для наведвальнікаў.
Кадравы і фінансавы дэфіцыт
Кадравае і фінансавае забеспячэнне — адна з галоўных праблем беларускай музейнай справы. У большасці выпадкаў музеі фінансуюцца «па астаткавым прынцыпе», а грошы трапляюць у канцы года, калі трэба «асвоіць бюджэт». Гэта не дае магчымасці планаваць развіццё і падтрымліваць належны ўзровень працы.
«Горад-музей» як канцэпцыя: ілюзія ці рэальная перспектыва?
Гродна часта называюць «горад-музей», але ў рэчаіснасці гэта пакуль што толькі слоган. Яго паўтаралі не раз і ў 1980-х, і ў 2010-х. Ідэю дзесяцігоддзямі абмяркоўвалі на розных форумах, але яна дагэтуль не мае матэрыяльнага ўвасаблення. Падобным чынам абвяшчалі горадам-музеем Мсціслаў на Магілёўшчыне. Але і там далей слоганаў справа не пайшла.
Каб горад сапраўды стаў «музеем», трэба захоўваць старыя кварталы і дамы, проста перастаць зносіць тое, што захавалася, — але такі падыход пакуль не стаў нармальнай практыкай у беларускіх гарадах. Наадварот, часта старыя дамы і дворыкі знішчаюцца, а на іх месцы з’яўляюцца новыя «пад капірку» будынкі.
Аляксей Шота: У Гродне ёсць цэлыя раёны, якія можна было б музеефікаваць. Той жа самы знакаміты гродзенскі Новы свет, які можна было б зрабіць музеем па прынцыпе скансэна. Але звычайна ўсе размовы пра гэта заканчваюцца на тым, што чыноўнікі кажуць, што драўляная архітэктура гэта халупы і гэта стар’ё. Хаця прыклады рэстаўрацыі вельмі старых драўляных будынкаў ёсць і ў Гродне. Самы стары драўляны будынак Беларусі – лямус былога Брыгіцкага манастыра — падымалі на дамкраты, там вельмі сур’ёзная праца была па захаванні. Але гэта было тады, калі маглі ездзіць польскія спецыялісты і рабіць усё за грошы польскага міністэрства культуры і спадчыны. Зараз, думаю, было б ужо не правярнуць такую гісторыю.
Нават рэстаўрацыя гістарычных будынкаў у Беларусі часта звязана з заменай арыгінала на копію. Так здарылася, напрыклад, у савецкія часы з домам Элізы Ажэшкі ў Гродне, так адбываецца і зараз са старымі камяніцамі ў горадзе.
Якім павінен быць музей горада і дзе яго бракуе
Па меркаванні аўтараў падкаста, музеі горада павінны быць у кожным абласным цэнтры, у тым ліку ў Гродне і Віцебску, дзе пакуль што такіх устаноў няма. А таксама ў буйных раённых цэнтрах. Але для гэтага патрэбныя не толькі сродкі, але і разуменне: музей — гэта цэнтр вывучэння, захавання і асэнсавання гарадской гісторыі, месца дыялогу і стварэння супольнай памяці.
У якасці цікавага прыкладу новай формы музея Аляксей Бацюкоў прапаваў ідэю «музея на колах» — пераабсталяванага цягніка, які ездзіў бы па маршруце і адначасова служыў бы месцам захавання і перадачы памяці пра лакальную гісторыю. Такі цягнік хадзіў з Асіповічаў у адну з бліжэйшых вёсак, але гэты маршрут ужо скасавалі.
Суд Ленінскага раёна горада Магілёва ў чарговы раз унес у спіс “экстрэмісцкіх матэрыялаў” сайт нашага выдання і некалькі сацыяльных сетак. Праўда, пераблытаўшы рэсурс з іншым выданнем, але гэта не павінна здзіўляць – беларускія сілавікі ўжо даўно блытаюць mogilev.media з 6tv.by. Гэтым разам, як паведамляе БАЖ, у рэспубліканскі “Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў” трапілі:
Раней наша выданне ўжо двойчы абвяшчалася “экстрэмісцкім”. Той жа самы суд Ленінскага раёна даваў такое званне нашаму сайту і соцсеткам 22 снежня 2023 года. тады ў “Спіс” трапілі сайты mogilev.media i mogilev.news, а таксама:
Напачатку ліпеня ў мемарыяльным комплексе «Буйніцкае поле» адбылося адкрыццё «Музея Славы Магілёўшчыны». Музей амаль цалкам прысвечаны толькі нямецка-савецкай вайне.
Калі зазірнуць на сайт музея (на якім нават няма беларускай версіі), то згодна схеме маршруту па экспазіцыі, слава Магілёўшчыны ўмяшчаецца толькі на невялікім адрэзку часу – ад канца 1930-х гадоў да пасляваенных працоўных будняў. Ёсць адна зала, прысвечаная жыхарам вобласці, якія ўдзельнічалі ў ганебнай і бясслаўнай для Савецкага Саюза вайне ў Афганістане, і на гэтым усё.
“Ці ёсць у музеі ўнікальныя экспанаты? Мяркуючы па інфармацыі дзярж-СМІ, то іх амаль няма. У двухпавярховым музеі – бутафорскія скульптуры (чырвонаармейцы, мірныя жыхары, ворагі), здымкі ўдзельнікаў вайны, супрацьтанкавая міна, курыльная люлька пісьменніка Канстанціна Сіманава…”, – піша тэлеграм-канал арганізацыі “Беларускі інстытут публічнай гісторыі”. Паводле яго, экспазіцыя носіць прапагандысцкі характар. Напрыклад, у першых дзвюх залах з назвай «Магілёў даваенны» – фігуры курсантаў школы НКУС.
У новым музеі абсалютна няма згадкі пра іншыя імгенні вайсковай славы, што здараліся на землях Магілёўшчыны ці з удзелам магілёўскіх ваяроў. Няма нічога пра славутага военачальніка, графа “на Шклове Мышы і Быхаве” Яна Караля Хадкевіча, які здабыў неверагодную перамогу над шведамі пад Кірхгольмам. Няма нічога пра Магілёўскае паўстанне 1661 года, калі жыхары горада знішчылі цэлы гарнізон маскоўскіх акупантаў. Няма інфармацыі пра спаленне Магілёва і іншых навакольных гарадоў расійскім царом Пятром І і іх наступную адбудову. Таксама не адлюстроўваюцца падзеі вайны 1812 года на тэрыторыі вобласці і абласнога цэнтра. Нічога не распавядаецца пра Першую Сусветную вайну, напрыканцы якой мяжа паміж краінамі – Германіяй і Савецкай Расіяй – прайшла па Дняпры праз цяперашні Магілёў.
У TikTok з’явіўся ролік з пралётам БПЛА, падобным на расійскі баявы дрон, зняты над Магілёвам у раёне Слаўгарадскай шашы. Акрамя характэрнага сілуэту, лёгка пазнаецца яго гук, за які падобныя лятальныя апараты празвалі “мапедамі”.
Гледзячы па роліку, яго аўтар знаходзіўся ў прыватным сектары Магілёва, здымаючы відэа з пралётам дрона. У кадр трапіў сам апарат, чуваць крык дзіцёнка: “Як блізка!”. У каментарах знайшлося некалькі чалавек, што бачылі БПЛА над Магілёвам таксама.
Іншыя каментатары пішуць, што дрон – грамадзянскі, пушчаны для фіксацыі наступстваў учорашняй навальніцы. Але гэта супярэчыць словам аўтара роліка, які адзначае, што здымаў відэа яшчэ за дзень да ўрагану.
Каментатары з іншай катэгорыі сыплюць на аўтара пагрозы.
Гэта ўжо не першая фіксацыя беспілотных апаратаў над Магілёвам. Пра ранейшы такі выпадак mogilev.media пісалі 12 сакавіка.
Пакуль вядома толькі пра адну ахвяру начнога ўрагану, што абрынуўся на Магілёў.
Што здарылася
Трагедыя адбылася каля 2-й гадзіны ночы ў раёне рачнога порта на Дняпры. Паводле папярэдніх звестак, 32-гадовая жанчына разам з мужам прыехалі на бераг ракі на рыбалку. Калі пачалася непагадзь, пара паспрабавала схавацца пад дрэвам.
Аднак моцны парывісты вецер паваліў дрэва проста на плед, дзе ляжалі муж і жонка. На месца здарэння хутка прыбылі ратавальнікі і даставалі пацярпелую з-пад дрэва ўжо без прытомнасці.
Медыкі канстатавалі смерць
Лекары, якія прыбылі на месца, правялі рэанімацыйныя мерапрыемствы, але, на жаль, выратаваць жанчыну не ўдалося — смерць была канстатаваная на месцы.
Ідзе праверка
На месцы працавала следча-аператыўная група. У цяперашні момант праводзіцца праверка. Следчы камітэт высвятляе ўсе абставіны трагедыі, у тым ліку прычыны і ўмовы, што маглі спрыяць гібелі жанчыны.