Жорсткая навальніца абрынулася на Магілёў і вобласць гэтай ноччу

Цэнтр горада завалены дрэвамі, парваныя лініі электраперадач. Аварыйныя брыгады працуюць па ўсёй Магілёўшчыне.

Штармавое папярэджанне, абвешчанае “Белгідраметам” на дзень 10 ліпеня пераўзышло ўсе чаканні. Мала таго, што пачалася навальніца яшчэ ноччу – у 02:13 “Белгідрамет” вымушаны быў тэрмінова абвяшчаць трывогу зноў – маштаб разбурэнняў аказаўся непараўнальным з усім, што мы бачылі ў папярэднія гады.

стыхія

Дрэвы з коранем выдзірала на цэнтральных вуліцах Магілёва. Заваленымі аказаліся ўчасті на вуліцы Першамайскай, праспекце Міра, на вуліцы Грышына каля “Алімпійца” – ды, лічы, па ўсім горадзе. Адбыліся шматлікія абрывы ліній электраперадач. З-за абрыву лініі, спыніліся тралейбуся ў раёне “Аблспажыўсяюза”, паведамляе тэлеграм-канал “Магілёў – мой горад!”. Кіроўцаў папярэдзілі, каб не карысталіся гэтым участкам дарогі на час рамонтных прац.
парвала правады
Стыхія ўдарыла перш за ўсё па ўсходу Беларусі, пацярпелі Магілёўская і Віцебская вобласці. Па краіне зараз працуе каля 60 рамонтных брыгад для пераадолення наступстваў стыхіі.

Фота: “Магілёў – мой горад!”

Новая паломка на магілёўскай чыгунцы

Працягваюцца праблемы на магілёўскай чыгунцы – сёння раніцай адбылася тэхнічная няспраўнасць цягніка на перагоне паміж Шкловам і Копыссю, паведамляе афіцыйны канал Беларускай чыгункі. Па гэтай прычыне са спазненнем будуць курсіраваць адразу тры пасажырскія цягнікі – Брэст-Полацк, Орша-Магілёў і Гродна/Орша-Камунары. Час спазнення складае ад палутара да двух з паловай гадзін.

Трэба падкрэсліць, што толькі ў траўні гэтага года ў магілёўскім аддзяленні Беларускай чыгункі быў уведзены асаблівы рэжым працы з-за праблем з бяспекай – пісалі mogilev.media. Прычынай строгіх мер сталі неаднаразовыя інцыдэнты з рухомым саставам у зоне адказнасці магілёўскага аддзялення – то забылі прыбраць тармазны башмак, то лакаматыў загарэўся.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц.

Каля 100 чалавек з Магілёўшчыны – “Кіберпартызаны” выклалі базу беларускіх наёмнікаў у арміі РФ

Новае папаўненне базы даных “Чорная мапа Беларусі” адбылося сёння. На сайт, які быў створаны “Кіберпартызанамі”, былі дабаўленыя каля 630 чалавек, грамадзян Беларусі, што бяруць удзел у расійскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Гэты спіс падрыхтаваны на падставе ўкраінскага спісу “Хачу жыць” – паведамляе Тэлеграм-канал “Кіберпартызанаў”. 

Можна пабачыць, што прыкладна адна шостая частка наёмнікаў, даныя якіх трапілі да даследвальнікаў, паходзіць з Магілёўшчыны. Найбольшая колькасць іх, натуральна, з Магілёва – 33 чалавекі” і з Бабруйска – 26. Усяго гэта каля 97 чалавек з нашага рэгіёна. Цалкам увесь спіс можна пабачыць тут. Для прагляду, неабходна выбраць у выплываючым меню пазіцыю “Наёмнікі РФ”.
наёмнікі РБ

Фота: Чорная мапа Беларусі

Ратавальнікі ў Магілёве вызвалілі рудое кацяня з лавушкі

Мілую гісторыю паказалі супрацоўнікі МНС у Магілёве. Тут з дапамогай спецсродкаў прыйшлося ўскрываць металічную трубу на вуліцы Піянерскай. У яе правалілася маленькае рудое кацяня і жаласліва мяўкала – адзначаюць у прэс-службе ведамства. Неабыякавыя грамадзяне пачулі кацяня і выклікалі ратавальнікаў. Паведамляецца, што псля вызвалення кацяня тут жа кінулася да сваёй мамы-коткі.

Усе падрабязнасці спецыяльнай аперацыі па выратаванні кацяня можна пабачыць тут.

Фота: МНС, скрыншот 

Каб пасяліць сем чалавек у інтэрнат, Руслан Страхар зладзіў фарс з чырвонай стужкай

З другога боку стужкі, трохі здзіўленыя, стаялі яшчэ восем чалавек, якія ўжо і так жылі ў гэтым інтэрнаце.

У інтэрнаце прадпрыемства “Магілёўліфтмаш” на вуліцы Ціміразеўскай правялі невялікі касметычны рамонт. Тут падрыхтавалі для пражывання маладых спецыялістаў некалькі пакояў, а таксама ўпарадкавалі кухню і спортзал. Шараговую і будзённую ў прынцыпе справу кіраўніцтва прадпрыемства вырашыла, аднак, абставіць з максімальным пафасам. 

Сюды прыбыў на ўрачыстае адкрыццё з пераразаннем чырвонай стужкі сам ганаровы генеральны дырэктар “Магілёўліфтмаша” Руслан Страхар. Пікантнасці гэтай сітуацыі дадае той факт, што на гэтай самай прасторы, якую ўрачыста адкрывалі для новых жыльцоў, ужо пражывалі восем чалавек. З публікацыі не зразумела, па які бок чырвонай стужкі яны знаходзіліся падчас адкрыцця – магчыма, жылі звычайным жыццём у сваіх пакоях і са здзіўленнем назіралі за астатнімі.

“В общежитии ОАО «Могилевлифтмаш» на ул. Тимирязевской целый этаж отвели молодым специалистам, которые в этом году пополняют ряды лифтостроителей – піша пра мерапрыемства звязаны з “Веснікам Магілёва” тэлеграм-канал “Магілёў – мой горад!” – Сейчас там живут всего 8 человек, но буквально со дня на день будут заняты все 15 мест.”

Не абышлася ўрачыстасць і без дэманстрацыі сямейнай атмасферы, калі функцыянеры разам са сваімі падпарадкаванымі прыселі за стол і ўсміхнуліся, зазіраючы ў пустыя кубкі на стале.

пустая чашка

Зачараваныя чырвонай стужкай

Традыцыя адкрываць любую бздуру з пафасам і чырвонай стужкай зусім нядаўна стала прасоўвацца чыноўнікамі ў Беларусі. Пачынальнікам гэтага трэша лічыцца дэпутат Ігар Марзалюк, які ў 2019 годзе адкрываў у Магілёве з разразаннем чырвонай стужкі металічныя поручні. У сваю чаргу, ён, відавочна, натхніўся практыкамі расійскіх чыноўнікаў, якія даўно і з асалодай разразаюць чырвоныя стужкі на такіх мерапрыемствах, як адкрыццё сметніцы альбо аўтобуснага прыпынку.

Фота: “Магілёў – мой горад!”

Гісторыя магілёўца Яўгена Бойкі – ад фалькларыста да палітвязня

У сярэдзіне чэрвеня стала вядома аб асуджэнні за салідарнасць з палітвязнямі магілёўца Яўгена Бойкі. Сябры палітзняволенага ўпэўнены – яго руплівасць на карысць беларушчыны перажыве ўсё выпрабаванні, якія яму нясе лёс.

37-гадовы магілёвец Яўген Бойка — чалавек рэдкай шматграннасці, піша “Наша ніва”. Ён быў актывістам, збіральнікам фальклору, грамадскім дзеячам, бацькам двух сыноў і ініцыятарам беларусізацыі ў дзіцячых садках. Але ў верасні 2024 года яго затрымалі, а ў чэрвені 2025-га прысудзілі да пяці гадоў узмоцненага рэжыму – за дапамогу палітвязням. Блізкія кажуць: яго караюць за шматгадовую прысутнасць у актыўным беларускім грамадстве.

Яўген нарадзіўся ў Магілёве, вучыўся на гісторыка ў МДУ, захапіўся этнаграфіяй, ездзіў у экспедыцыі, супрацоўнічаў са Студэнцкім этнаграфічным таварыствам. У архіве яго аўдыёзапісаў – сведчанні больш як 100 чалавек з розных рэгіёнаў Беларусі: былыя сяляне, ліквідатары ЧАЭС, людзі, якія захоўвалі традыцыі і мову.

Яго выключылі з універсітэта пасля спробы абараніць аднакурсніцу падчас візіту КДБ. Ён удзельнічаў у вулічных акцыях, распаўсюджваў незалежныя выданні, чытаў лекцыі для моладзі, падтрымліваў ініцыятыву «Мова нанова» і вёў праект GarnySvit, дзе запісваў біяграфіі старых людзей для іх нашчадкаў. Яго ініцыятыва «Вялікая місія маленькай Ядзвігі» мела на мэце пашырыць ужыванне беларускай мовы ў садках.

Праз расчараванне ў палітыцы Яўген скіраваўся ў іншы бок: працаваў у ІТ, спрабаваў адкрыць краму ў вёсцы, пераехаў у Гомель, дзе жыў з сям’ёй. Але пасля 2020 года, калі беларуская адукацыя зноў апынулася пад ціскам, ён зноў вярнуўся да культурніцкіх праектаў і ўдзелу ў грамадскіх ініцыятывах.

У верасні 2024-га Яўгена затрымалі. Па інфармацыі «Белпола», за ім лічыцца дзевяць адміністрацыйных спраў. Яго звязалі з дапамогай фондам палітвязняў, і хоць удзел у палітыцы ён нібыта спыніў, мінулая біяграфія зрабіла яго мішэнню. 12 чэрвеня 2025 года Мінскі гарадскі суд прызначыў яму найцяжэйшае пакаранне з усіх абвінавачаных у гэтай справе.

«Ён заўжды казаў, што будзе прасвятляць беларусаў нават тады, калі ім гэта будзе не патрэбна», – узгадваюць сябры. Яўген за кратамі, але яны вераць, што яго беларушчына жыве і там – натхняе тых, хто побач.

Нагадаем, што 20 снежня 2024 года на праўладных медыя з’явілася відэа, у якім прапагандысты казалі пра затрыманых людзей па справе супрацы з Фондамі дапамогі. У выніку гэтай аперацыі на лаве падсудных апынуліся тры чалавекі, якіх затрымалі ў жніўні і верасні 2024 года. Справу супраць іх пачалі разглядаць 30 траўня 2025 года ў Менскім гарадскім судзе. 12 чэрвеня былі агучаны прысуды. Яўгену Бойку прысудзілі пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Фота: ПЦ “Вясна”

Асуджаную ўраджэнку Магілёва прызналі палітзняволенай

Праваабаронцы прызналі палітычнай зняволенай ураджэнку Магілёва Лідзію Гарохаву.

Паведамленне аб прызнанні дзяўчыны палітзняволенай, разам з яшчэ трыма чалавекамі – Дзмітрыем Мелехаўцом, Аляксандрам Гаршуновым і Вячаславам Малышавым, з’явілася 30 чэрвеня 2025 года на сайце Праваабарончага цэнтру “Вясна”.

“Мы лічым пераслед і пазбаўленне волі названых асоб палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі”, – гаворыцца ў паведамленні.

Праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць палітвязняў Дзмітрыя Мелехаўца, Аляксандра Гаршунова, Лідзію Гарохаву, Вячаслава Малышава і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх. Тое ж патрабаванне тычыцца іншых палітзняволеных. Таксама праваабаронцы патрабуюць спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Пад заявай падпісаліся сем праваабарончых арганізацый: Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Прававая ініцыятыва, Офіс па правах людзей з інваліднасцю, Lawtrend, Беларускі ПЭН, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Respect-Protect-Fulfill.

Нагадаем, што 30-гадовую Лідзію Гарохаву, якая займалася касплэем і працавала ў Менску, асудзілі за нібыта «заклікі да прычынення шкоды Рэспубліцы Беларусь». Лідзія родам з Магілёва, вучылася ў ліцэі №1 на філалагічным профілі скончыла яго ў 2011 годзе.

Прысуд быў вынесены ў траўні 2025 года, а 30 траўня імя Лідзіі Гарохавай уключылі ў афіцыйны спіс так званых «экстрэмістаў». Змест абвінавачванняў не раскрываецца, бо суд праходзіў без публічнасці. Па інкрымінаваным артыкуле (ч. 3 ст. 361 КК РБ) жанчыне пагражала ад 4 да 12 гадоў зняволення. Дакладны тэрмін не агалошваецца, але вядома, што яна ўжо знаходзіцца ў калоніі.

Фота: “Наша Ніва”

Магілёўскім камунальнікам набылі кітайскія рабатызаваныя газонакасілкі

Незвычайная для Магілёўшчыны прылада — рабатызаваныя газонакасілкі — з’явілася ў камунальных служб.

Пра новую пакупку паведаміў тэлеграм-канал старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі. Паколькі для Магілёўшчыны такія апараты — рэч наватарская, то выпрабаваць, як яны ўключаюцца-выключаюцца, прыйшоў сам так званы “губернатар”.

«У дапамогу камунальным службам абласнога цэнтра набылі рабатызаваныя газонакасілкі на гусенічным ходзе з дыстанцыйным кіраваннем», — радасна паведамляе Ісачанка.

Зыходзячы з тэхнічных характарыстык газонакасілак R550 і R800 (а менавіта адной з такіх мадэляў кіраваў кіраўнік Магілёўскага аблвыканкама), яны прызначаныя для прыватнага і паўпрафесійнага выкарыстання. Гэта значыць, што яны выконваюць базавыя функцыі і могуць эфектыўна працаваць на ўмерана складаных участках. У той час як, напрыклад, нямецкая газонакасілка падобнага тыпу ІRUS Deltrak 2.5 прызначаная для прафесійнага выкарыстання, мае большую магутнасць, шырыню скошвання і здольная працаваць на больш стромкіх схілах, што робіць яе прыдатнай для камунальных службаў і буйных прадпрыемстваў. Праўда, розніца ў кошце істотная: калі R800 каштуе прыкладна 2700 долараў, то ІRUS Deltrak 2.5 — ад 50 тысяч еўра.

Але санкцыі і сяброўства з Кітаем выбару не пакідаюць.

Фотаздымак: телеграм-канал Исаченко ОНЛАЙН

Магілёў працягвае святкаваць Дзень горада – фота

Сёння, 29 чэрвеня ў Магілёве працягваюцца святочныя мерапрыемствы з нагоды Дня горада. На вуліцы Ленінскай з 12 гадзіны і да 18.00 праходзіць выстава-кармаш рамеснікаў, а таксама стаяць палаткі з пачастункамі. Моладзевае свята праходзіць таксама ў парку ў Падміколлі.

Вечарам гараджан чакае яшчэ канцэрт Магілёўскай гарадской капэлы ў Тэатральным скверы (пачатак у 16.00) і выступленне духавога аркестра ў скверы 40-гаддзя Перамогі (з 18.00 да 20.00).




ленінская
праспект міра
тэатральны
падміколле
кошты
сувеніры
ленінская магілёў

Як прайшоў Дзень горада ў Магілёве – атмасферныя фота

Пабывалі на Дні горада ў Падмікольскім парку. Перадаем вам настрой дажджлівага свята праз гэтую невялікую падборку.

Асноўнай пляцоўкай свята стаў парк у Падміколлі. Тут размясціліся гандлёвыя палаткі з шашлыкамі і рознымі пачастункамі. А 12.00 у парку стартаваў забег “Магілёў, бягом за львом”. Нягледзячы на дажджлівае надвор’е, мерапрыемства сабрала пару дзясяткаў наведвальнікаў, а некаторыя з удзельнікаў забегу нават крэатывілі з вобразамі льва.










день города