Шаснаццаць судзімасцяў. У Магілёве затрымалі аўтамабільнага злодзея

У сорак два гады ў магілёўца – шаснаццаць судзімасцяў за крадзяжы. Яго злавілі ў сямнаццаты раз.

У міліцыю звярнуўся адзін з членаў гаражнага кааператыву ў Магілёве. Ён выявіў, што шкло яго аўтамабіля разбітае, а з салона скрадзеныя калонкі.

Следча-аператыўная група ўстанавіла, што адбылася серыя аналагічных крадзяжоў. Злачынец пранік у пяць аўтамабіляў і скраў відэарэгістратар, набор інструментаў, радыятар, махавік рухавіка і іншыя рэчы агульным коштам больш за тысячу рублёў.

На месцы злачынства былі знойдзеныя сляды абутку. Менавіта па гэтых слядах праваахоўнікі выйшлі на беспрацоўнага магілёўца. Мужчына аказаўся рэцыдывістам, за плячыма якога – 16 судзімасцяў. Ён прызнаў сваю віну. Частку скрадзенага канфіскавалі. Некаторыя рэчы ён паспеў здаць у пункт прыёму металалому. У ходзе следства таксама ўстаноўлена, што фігурант двойчы краў грошы ў сваіх знаёмых.

Суд прысудзіў аўтазлодзея да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў ІК строгага рэжыму з прымусовым лячэннем ад хранічнага алкагалізму.

Ніякіх маральных высноў з гэтай гісторыі не зробіш. Выпадак унікальны. Шаснаццаць судзімасцяў – гэта не выпадковасць, а цалкам свядома абраны жыццёвы шлях.

Фота: «Магілёўскія ведамасці».