Дзень пажарнай аховы Беларусі.
25 ліпеня 1853 года Мінская гарадская дума і губернскае праўленне зацвердзілі рашэнне аб утрыманні пажарнай часткі ў Мінску.
У гэты ж час, былі арганізаваны пажарныя часці ў Віцебску, Магілёве і іншых беларускіх гарадах.
Пры гэтым вядома, што яшчэ ў пачатку 1830 года ў Магілёве вызначылі часовыя памяшканні пад казармы і стайні, гарадскія ўлады прыступілі да камплектавання пажарнай каманды, прадставілі план і каштарысы на пабудову пастаяннай казармы і стайні для пажарнай часткі.
У гонар Дня пажарніка, 25 ліпеня 2014 года на Пажарным завулку Магілёва ў будынку XIX стагоддзя, дзе раней размяшчалася пажарная частка, адкрыўся Музей пажарнай службы Магілёўскай вобласці.
1410 год. Войскі Польшчы і ВКЛ пачалі аблогу Марыенбурга – сталіцы Тэўтонскага ордэна.
Каб замацаваць перамогу пасля Грунвальдскай бітвы, войскі акружылі сталіцу ордэна.
Горад на р. Ногат у дэльце Віслы, заснаваны ў 1276 годзе як ордэнскі замак. Умацаваны замак быў самай вялікай крэпасцю ў Еўропе, пабудаванай ў гатычным стылі. Зараз польскі горад Мальбарк.
1434 год. На польскі сталец каранаваны Уладзіслаў III Варненчык (1424-1444).
Кароль польскі (1434-1444) і венгерскі (1440-1444), князь літоўскі (1434-1440) з дынастыі Ягелонаў.
У 1443 годзе разам з Янашам Хуньядзі ўзначаліў аб’яднанае польска-венгерскае войска ў вайне з асманамі, у 1444 заключыў перамір’е, якое спыніла наступленне туркаў на Балканы.
Загінуў у бітве пад Варнай (адсюль пасмяротная мянушка).
1840 год. Нарадзіўся Юльян Крачкоўскі (1840-1903).
Беларускі фалькларыст, этнограф, гісторык, педагог. Бацька вядомага савецкага ўсходазнаўца І. Крачкоўскага (1883-1951).
Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію, але адмовіўся ад духоўнага сану, займаўся педагагічнай дзейнасцю. Працаваў выкладчыкам Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, інспектарам народных вучылішч Тульскай губерні і Віленскай навучальнай акругі, дырэктарам Полацкай настаўніцкай семінарыі і Віленскага настаўніцкага інстытута, Туркестанскай настаўніцкай семінарыі.
У 1884 высланы з Туркестанскай настаўніцкай семінарыі з-за выяўлення там падазроных беларускіх гурткоў. Вярнуўся ў Вільню, у 1888-1902 старшыня Віленскай археаграфічнай камісіі.
Аўтар «Нарысаў быту заходнерускага селяніна» – першага падрабязнага даследавання сямейных і каляндарна-аграрных абрадаў беларусаў і выхавання дзяцей, зборніка «Быт заходнерускага селяніна», дзе змешчана больш за 200 песень, 90 прыказак, народных паданняў і казак, звесткі пра народную медыцыну, народныя стравы і народны каляндар беларусаў, пра пахавальныя абрады, «К истории старой Вильны» і «Топография г. Вильны в XVI и XVII века».
Памёр у 25 ліпеня 1903 года. Пахаваны на Еўфрасіннеўскіх могілках у Вільні.
1877 год. У Мсціславе памёр ураджэнец в. Гразівец (зараз – Чавускі раён) Іван Насовіч (1788-1877).
Беларускі філолаг, этнограф і фалькларыст.
Стваральнік «Слоўніка беларускай мовы», «Слоўніка беларускай гаворкі» (больш за 30 000 слоў), «Зборніка беларускіх прыказак».
Аўтар артыкулаў, прысвечаных песеннай культуры беларусаў.
Пераклаў з лацінскай мовы 3-томную працу «Старажытныя помнікі, што асвятляюць гісторыю Польшчы і Літвы», у якой адлюстраваны ўзаемадачыненні Польшчы і ВКЛ, асветлена гісторыя беларускіх зямель з 1217 да 1696 года.
1910 год. Нарадзіўся Генадзь Цітовіч (1910-1986).
Беларускі кампазітар, дырыжор, фалькларыст, этнограф. Народны артыст СССР.
Вучыўся ва Універсітэце Стэфана Баторыя, скончыў Віленскую кансерваторыю.
Працаваў рэдактарам абласнога радыё, кансультантам Дома народнай творчасці ў Баранавічах, у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Стварыў у в. Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёна народны хор, рэарганізаваны ў Дзяржаўны народны хор БССР, яго кіраўнік да 1974 года.
Запісаў больш за 3 000 беларускіх (пераважна), украінскіх, польскіх, літоўскіх і іншых народных песень, танцаў, інструментальных найгрышаў.
Складальнік фальклорных зборнікаў. Аўтар 12 песень на ўласныя словы і вершы беларускіх паэтаў, больш за 60 апрацовак беларускіх народных мелодый.
Яго імя носіць Нацыянальны акадэмічны народны хор.
Памёр 21 чэрвеня 1986 года.
1913 год. Нарадзіўся Сяргей Астрэйка (1913-1937).
Беларускі паэт, перакладчык.
У 1928 годзе паступіў у Мінскі беларускі педагагічны тэхнікум. Восенню 1931 года разам з З. Астапенкам, У. Дудзіцкім, Л. Калюгам, С. Русаковічам, У. Сядурам і некаторымі іншымі «забастоўшчыкамі» за ўцёкі «з прарыву» па збіранні мерзлай бульбы ў калгасе выключаны з тэхнікума як «нацдэм».
Працаваў літрэдактарам выданняў БелНДІ прамысловасці, навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры і мастацтва БелАН, у Камісіі па складанні слоўнікаў.
Арыштаваны ДПУ БССР у 1933 годзе па справе «Беларускай народнай Грамады». Высланы ў Ірбіт Свярдлоўскай вобласці. У 1937 годзе зноў арыштаваны, 13 верасня, на наступны дзень, вынесены смяротны прысуд і 14 верасня расстраляны.
Вершы пачаў пісаць у час вучобы ў школе. У 1928 годзе па рэкамендацыі Цішкі Гартнага яго вершы з’явіліся ў газеце «Чырвоная змена». Паэму «Бенгалія» ўхваліў Янка Купала. У свае часы яе называлі «антысавецкай», бо меркавалася, што, апісваючы змаганне бенгальцаў з брытанскімі каланізатарамі, Астрэйка меў на ўвазе непасрэдна Беларусь.
У ссылцы зрабіў пераклад «Яўгенія Анегіна» А. Пушкіна, рукапіс не збярогся.
1922 год. У Краснаполлі нарадзіўся Ісаак Ваксман (1922-1943).
Герой Савецкага Саюза, камандзір артбатарэі, старшы лейтэнант
У 1938-1940 гадах працаваў настаўнікам у Краснаполлі, адначасова вучыўся завочна ў Днепрапятроўскім транспартным інстытуце.
У 1942 годзе скончыў курсы малодшых лейтэнантаў. Удзельнік баёў пад Сталінградам, на Доне, Украіне.
Вызначыўся ў баях пры фарсіраванні Дняпра восенню 1943 года. У баях за плацдарм у Запарожскай вобласці яго батарэя знішчыла 15 кулямётаў, танк, дзве аўтамашыны, больш за сотню гітлераўскіх салдат і афіцэраў.
Загінуў у баі 19 снежня1943 года у Запарожскай вобласці.
Яго імя прысвоена Беразнякоўскай СШ Краснапольскага раёна, вуліцы ў Краснаполлі. На доме ў райцэнтры, дзе ён жыў, усталявана мемарыяльная дошка.
1937 год. Нарадзіўся Дзмітрый Смольскі (1937-2017).
Беларускі кампазітар і педагог, Народны артыст. Заслужаны дзеяч мастацтваў, Лаўрэат Дзяржпрэміі, Кавалер Ордэна Ф. Скарыны, прафесар Беларускай акадэміі музыкі.
Аўтар шматлікіх сімфоній, опер, у тым ліку «Сівая легенда», «Францыск Скарына» і іншых.
Дыск з запісамі яго сімфоній, выдадзены брытанскай фірмай «Алімпія», быў прызнаны лепшым на конкурсе ў ЗША ў 1992 годзе.
Бацька вядомага музыканта-мультыінструменталіста Віктара Смольскага.
Памёр 29 верасня 2017 года.
1947 год. Нарадзіўся Аляксандр Мілінкевіч.
Беларускі навуковец, грамадскі дзеяч і палітык, краязнавец. Кандыдат фізіка-матэматычных навук.
Загадваў кафедрай Сеціфскага ўніверсітэта (Алжыр), быў дацэнтам Гродзенскага ўніверсітэта. Яго кандыдатура разглядалася на пасаду рэктара Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.
У 2006 годзе ўдзельнічаў у выбарах прэзідэнта Беларусі ў якасці адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл і заняў 2-е месца. Узначальваў Рух «За Свабоду». Паводле Нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч, Мілінкевіч – прыклад беларуска-польскага інтэлігента.
1954 год. Нарадзілася Валянціна Аколава (1954-2013).
Беларуская паэтэса, перакладчыца.
Скончыла Полацкае музычна-педагагічнага вучылішча імя Ф. Скарыны, працавала настаўніцай у Ветрына Полацкага раёна, у наваполацкім Палаца культуры нафтавікоў, карэспандэнтам газеты «Знамя новостройки» трэста № 16 «Нафтабуд», у рэдакцыі радыёвяшчання Наваполацкага аб’яднання «Палімір», у выдавецтве «Юнацтва», у газеце «Знамя юности». Пачала пісаць вершы ў 8-гадовым узросце, паэтычны дар пераняла ад песеннага таленту сваёй маці. Аўтар шматлікіх зборнікаў паэзіі, паэмы-п’есы «Палачанка Інгрэна, альбо Вяртанне Скарыны».
Паасобныя вершы пакладзены на музыку.
Памерла 24 снежня 2013 года.
1980 год. Памёр Уладзімір Высоцкі (1938-1980).
Савецкі і рускі паэт, артыст і спявак. Аўтар больш за 700 песень і вершаў. Сыграў 20 роляў у тэатры і 30 ў кіно.
Род Высоцкіх паходзіць з в. Сялец, што на Пружаншыне, прозвішча можа быць звязана з назвай г. Высокае Камянецкага раёна.
Ягоны дзед, таксама Уладзімір Сямёнавіч, ураджэнец Брэста. Высоцкі добра ведаў пра свае беларускія карані і часта бываў у Беларусі.
Летам 1965 года ён даў некалькі канцэртаў на прыватных сядзібах Магілёва (падчас здымак у Бабруйску фільма “Я родам з дзяцінства”), у жніўні 1969, пры здымках фільма «Сыны ідуць у бой», ён з М. Уладзі жыў у в. Літоўка каля Навагрудка (у 2012 годзе ў ім усталяваны помнік Высоцкаму).
Магілёвец Міхась Булавацкі зрабіў пераклады вершаў Высоцкага на беларускую мову.
1984 года. Памёр Уладзімір Караткевіч (1930-1984).
Беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, сцэнарыст, класік беларускай літаратуры.
Першы беларускі пісьменнік, які звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыву. Найбольш вядомыя яго творы: «Дзікае паляванне караля Стаха», «Сівая легенда», «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Чорны замак Альшанскі», «Зямля пад белымі крыламі»..
Па яго творах пастаўлены шматлікія спектаклі, знята 9 мастацкіх фільмаў, напісаны музычныя творы.
1997 год. У Нью-Ёрку памерла Наталля Арсеннева (1903-1997).
Беларуская паэтэса, перакладчыца, драматург.
Вязень ГУЛАГу. Дзеяч беларсукай эміграцыі ў ЗША.
На яе верш «Малітва» была напісана музыка кампазітарам Міколам Равенскім – з’явіўся гімн «Магутны Божа», у гонар якога названы фестываль духоўнай музыкі ў Магілёве.
У 1995 годзе гэтую песню прапаноўвалася зрабіць дзяржаўным гімнам Беларусі.
2006 год. Памёр Янка Брыль (1917-2006).
Народны пісьменнік Беларусі. Ганаровы член НАНБ.
Служыў у польскай марской пяхоце, быў беларускім партызанам. Працаваў у часопісах «Маладосць», «Полымя», рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі, старшынёй Беларускага таварыства «СССР – Канада», член Беларускага ПЭН-цэнтра.
Унікальнай у сусветнай літаратуры стала створаная Я. Брылём разам з А. Адамовічам і У. Калеснікам дакументальная аповесць «Я з вогненай вёскі…».
Брылю належаць словы: «Калі б беларуса прымусіць быць беларусам, які б атрымаўся выдатны беларус!».
У гонар пісьменніка названы вуліцы ў Мінску і польскай Гдыні.