25 ліпеня ў гісторыі. Аблога Марыенбурга. Нарадзіліся Дз. Смольскі, А. Мілінкевіч. Дзень памяці У. Караткевіча, У. Высоцкага, Н. Арсенневай, Я. Брыля.

Дзень пажарнай аховы Беларусі. 

25 ліпеня 1853 года Мінская гарадская дума і губернскае праўленне зацвердзілі рашэнне аб утрыманні пажарнай часткі ў Мінску.

У гэты ж час, былі арганізаваны пажарныя часці ў Віцебску, Магілёве і іншых беларускіх гарадах.

Пры гэтым вядома, што яшчэ ў пачатку 1830 года ў Магілёве вызначылі часовыя памяшканні пад казармы і стайні, гарадскія ўлады прыступілі да камплектавання пажарнай каманды, прадставілі план і каштарысы на пабудову пастаяннай казармы і стайні для пажарнай часткі.

У гонар Дня пажарніка, 25 ліпеня 2014 года на Пажарным завулку Магілёва ў будынку XIX стагоддзя, дзе раней размяшчалася пажарная частка, адкрыўся Музей пажарнай службы Магілёўскай вобласці.

1410 год. Войскі Польшчы і ВКЛ пачалі аблогу Марыенбурга – сталіцы Тэўтонскага ордэна.

Каб замацаваць перамогу пасля Грунвальдскай бітвы, войскі акружылі сталіцу ордэна. 

Горад на р. Ногат у дэльце Віслы, заснаваны ў 1276 годзе як ордэнскі замак. Умацаваны замак быў самай вялікай крэпасцю ў Еўропе, пабудаванай ў гатычным стылі. Зараз польскі горад Мальбарк.

1434 год. На польскі сталец каранаваны Уладзіслаў III Варненчык (1424-1444).

Кароль польскі (1434-1444) і венгерскі (1440-1444), князь літоўскі (1434-1440) з дынастыі Ягелонаў.

У 1443 годзе разам з Янашам Хуньядзі ўзначаліў аб’яднанае польска-венгерскае войска ў вайне з асманамі, у 1444 заключыў перамір’е, якое спыніла наступленне туркаў на Балканы.

Загінуў у бітве пад Варнай (адсюль пасмяротная мянушка).

1840 год. Нарадзіўся Юльян Крачкоўскі (1840-1903).

Беларускі фалькларыст, этнограф, гісторык, педагог. Бацька вядомага савецкага ўсходазнаўца І. Крачкоўскага (1883-1951).

Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію, але адмовіўся ад духоўнага сану, займаўся педагагічнай дзейнасцю. Працаваў выкладчыкам Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, інспектарам народных вучылішч Тульскай губерні і Віленскай навучальнай акругі, дырэктарам Полацкай настаўніцкай семінарыі і Віленскага настаўніцкага інстытута, Туркестанскай настаўніцкай семінарыі.

У 1884 высланы з Туркестанскай настаўніцкай семінарыі з-за выяўлення там падазроных беларускіх гурткоў. Вярнуўся ў Вільню, у 1888-1902 старшыня Віленскай археаграфічнай камісіі.

Аўтар «Нарысаў быту заходнерускага селяніна» – першага падрабязнага даследавання сямейных і каляндарна-аграрных абрадаў беларусаў і выхавання дзяцей, зборніка «Быт заходнерускага селяніна», дзе змешчана больш за 200 песень, 90 прыказак, народных паданняў і казак, звесткі пра народную медыцыну, народныя стравы і народны каляндар беларусаў, пра пахавальныя абрады, «К истории старой Вильны» і «Топография г. Вильны в XVI и XVII века».

Памёр у 25 ліпеня 1903 года. Пахаваны на Еўфрасіннеўскіх могілках у Вільні.

1877 год. У Мсціславе памёр ураджэнец в. Гразівец (зараз – Чавускі раён) Іван Насовіч (1788-1877).

Беларускі філолаг, этнограф і фалькларыст.

Стваральнік «Слоўніка беларускай мовы», «Слоўніка беларускай гаворкі» (больш за 30 000 слоў), «Зборніка беларускіх прыказак».

Аўтар артыкулаў, прысвечаных песеннай культуры беларусаў.

Пераклаў з лацінскай мовы 3-томную працу «Старажытныя помнікі, што асвятляюць гісторыю Польшчы і Літвы», у якой адлюстраваны ўзаемадачыненні Польшчы і ВКЛ, асветлена гісторыя беларускіх зямель з 1217 да 1696 года.

1910 год. Нарадзіўся Генадзь Цітовіч (1910-1986).

Беларускі кампазітар, дырыжор, фалькларыст, этнограф. Народны артыст СССР.

Вучыўся ва Універсітэце Стэфана Баторыя, скончыў Віленскую кансерваторыю. 

Працаваў рэдактарам абласнога радыё, кансультантам Дома народнай творчасці ў Баранавічах, у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Стварыў у в. Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёна народны хор, рэарганізаваны ў Дзяржаўны народны хор БССР, яго кіраўнік да 1974 года.

Запісаў больш за 3 000 беларускіх (пераважна), украінскіх, польскіх, літоўскіх і іншых народных песень, танцаў, інструментальных найгрышаў. 

Складальнік фальклорных зборнікаў. Аўтар 12 песень на ўласныя словы і вершы беларускіх паэтаў, больш за 60 апрацовак беларускіх народных мелодый.

Яго імя носіць Нацыянальны акадэмічны народны хор.

Памёр 21 чэрвеня 1986 года.

1913 год. Нарадзіўся Сяргей Астрэйка (1913-1937).

Беларускі паэт, перакладчык.

У 1928 годзе паступіў у Мінскі беларускі педагагічны тэхнікум. Восенню 1931 года разам з З. Астапенкам, У. Дудзіцкім, Л. Калюгам, С. Русаковічам, У. Сядурам і некаторымі іншымі «забастоўшчыкамі» за ўцёкі «з прарыву» па збіранні мерзлай бульбы ў калгасе выключаны з тэхнікума як «нацдэм».

Працаваў літрэдактарам выданняў БелНДІ прамысловасці, навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры і мастацтва БелАН, у Камісіі па складанні слоўнікаў. 

Арыштаваны ДПУ БССР у 1933 годзе па справе «Беларускай народнай Грамады». Высланы ў Ірбіт Свярдлоўскай вобласці. У 1937 годзе зноў арыштаваны, 13 верасня, на наступны дзень, вынесены смяротны прысуд і 14 верасня расстраляны.

Вершы пачаў пісаць у час вучобы ў школе. У 1928 годзе па рэкамендацыі Цішкі Гартнага яго вершы з’явіліся ў газеце «Чырвоная змена». Паэму «Бенгалія» ўхваліў Янка Купала. У свае часы яе называлі «антысавецкай», бо меркавалася, што, апісваючы змаганне бенгальцаў з брытанскімі каланізатарамі, Астрэйка меў на ўвазе непасрэдна Беларусь.

У ссылцы зрабіў пераклад «Яўгенія Анегіна» А. Пушкіна, рукапіс не збярогся.

1922 год. У Краснаполлі нарадзіўся Ісаак Ваксман (1922-1943).

Герой Савецкага Саюза, камандзір артбатарэі, старшы лейтэнант

У 1938-1940 гадах працаваў настаўнікам у Краснаполлі, адначасова вучыўся завочна ў Днепрапятроўскім транспартным інстытуце.

У 1942 годзе скончыў курсы малодшых лейтэнантаў. Удзельнік баёў пад Сталінградам, на Доне, Украіне.

Вызначыўся ў баях пры фарсіраванні Дняпра восенню 1943 года. У баях за плацдарм у Запарожскай вобласці яго батарэя знішчыла 15 кулямётаў, танк, дзве аўтамашыны, больш за сотню гітлераўскіх салдат і афіцэраў.

Загінуў у баі 19 снежня1943 года у Запарожскай вобласці.

Яго імя прысвоена Беразнякоўскай СШ Краснапольскага раёна, вуліцы ў Краснаполлі. На доме ў райцэнтры, дзе ён жыў, усталявана мемарыяльная дошка.

1937 год. Нарадзіўся Дзмітрый Смольскі (1937-2017).

Беларускі кампазітар і педагог, Народны артыст. Заслужаны дзеяч мастацтваў, Лаўрэат Дзяржпрэміі, Кавалер Ордэна Ф. Скарыны, прафесар Беларускай акадэміі музыкі.

Аўтар шматлікіх сімфоній, опер, у тым ліку «Сівая легенда», «Францыск Скарына» і іншых.

Дыск з запісамі яго сімфоній, выдадзены брытанскай фірмай «Алімпія», быў прызнаны лепшым на конкурсе ў ЗША ў 1992 годзе.

Бацька вядомага музыканта-мультыінструменталіста Віктара Смольскага.

Памёр 29 верасня 2017 года.

1947 год. Нарадзіўся Аляксандр Мілінкевіч.

Беларускі навуковец, грамадскі дзеяч і палітык, краязнавец. Кандыдат фізіка-матэматычных навук.

Загадваў кафедрай Сеціфскага ўніверсітэта (Алжыр), быў дацэнтам Гродзенскага ўніверсітэта. Яго кандыдатура разглядалася на пасаду рэктара Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта

У 2006 годзе ўдзельнічаў у выбарах прэзідэнта Беларусі ў якасці адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл і заняў 2-е месца. Узначальваў Рух «За Свабоду». Паводле Нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч, Мілінкевіч – прыклад беларуска-польскага інтэлігента.

1954 год. Нарадзілася Валянціна Аколава (1954-2013).

Беларуская паэтэса, перакладчыца.

Скончыла Полацкае музычна-педагагічнага вучылішча імя Ф. Скарыны, працавала настаўніцай у Ветрына Полацкага раёна, у наваполацкім Палаца культуры нафтавікоў, карэспандэнтам газеты «Знамя новостройки» трэста № 16 «Нафтабуд», у рэдакцыі радыёвяшчання Наваполацкага аб’яднання «Палімір», у выдавецтве «Юнацтва», у газеце «Знамя юности». Пачала пісаць вершы ў 8-гадовым узросце, паэтычны дар пераняла ад песеннага таленту сваёй маці. Аўтар шматлікіх зборнікаў паэзіі, паэмы-п’есы «Палачанка Інгрэна, альбо Вяртанне Скарыны». 

Паасобныя вершы пакладзены на музыку.

Памерла 24 снежня 2013 года.

1980 год. Памёр Уладзімір Высоцкі (1938-1980).

Савецкі і рускі паэт, артыст і спявак. Аўтар больш за 700 песень і вершаў. Сыграў 20 роляў у тэатры і 30 ў кіно.

Род Высоцкіх паходзіць з в. Сялец, што на Пружаншыне, прозвішча можа быць звязана з назвай г. Высокае Камянецкага раёна.

Ягоны дзед, таксама Уладзімір Сямёнавіч, ураджэнец Брэста. Высоцкі добра ведаў пра свае беларускія карані і часта бываў у Беларусі.

Летам 1965 года ён даў некалькі канцэртаў на прыватных сядзібах Магілёва (падчас здымак у Бабруйску фільма “Я родам з дзяцінства”), у жніўні 1969, пры здымках фільма «Сыны ідуць у бой», ён з М. Уладзі жыў у в. Літоўка каля Навагрудка (у 2012 годзе ў ім усталяваны помнік Высоцкаму).

Магілёвец Міхась Булавацкі зрабіў пераклады вершаў Высоцкага на беларускую мову.

1984 года. Памёр Уладзімір Караткевіч (1930-1984).

Беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, сцэнарыст, класік беларускай літаратуры.

Першы беларускі пісьменнік, які звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыву. Найбольш вядомыя яго творы: «Дзікае паляванне караля Стаха», «Сівая легенда», «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Чорны замак Альшанскі», «Зямля пад белымі крыламі»..

Па яго творах пастаўлены шматлікія спектаклі, знята 9 мастацкіх фільмаў, напісаны музычныя творы.

1997 год. У Нью-Ёрку памерла Наталля Арсеннева (1903-1997).

Беларуская паэтэса, перакладчыца, драматург.

Вязень ГУЛАГу. Дзеяч беларсукай эміграцыі ў ЗША.

На яе верш «Малітва» была напісана музыка кампазітарам Міколам Равенскім – з’явіўся гімн «Магутны Божа», у гонар якога названы фестываль духоўнай музыкі ў Магілёве.

У 1995 годзе гэтую песню прапаноўвалася зрабіць дзяржаўным гімнам Беларусі.

Н. Арсеннева і Максім Танк, Вільня, 1936

2006 год. Памёр Янка Брыль (1917-2006).

Народны пісьменнік Беларусі. Ганаровы член НАНБ.

Служыў у польскай марской пяхоце, быў беларускім партызанам. Працаваў у часопісах «Маладосць», «Полымя», рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі, старшынёй Беларускага таварыства «СССР – Канада», член Беларускага ПЭН-цэнтра.

Унікальнай у сусветнай літаратуры стала створаная Я. Брылём разам з А. Адамовічам і У. Калеснікам дакументальная аповесць «Я з вогненай вёскі…».

Брылю належаць словы: «Калі б беларуса прымусіць быць беларусам, які б атрымаўся выдатны беларус!».

У гонар пісьменніка названы вуліцы ў Мінску і польскай Гдыні.

Дзень у гісторыі: 20 верасня. Нарадзілася Наталля Арсеннева. Адкрыты Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы. Пачала выходзіць газета «Беларус»

1764 год. Нарадзіўся Юзаф Коцел.

Дзяржаўны дзеяч, палкоўнік, адзін з кіраўнікоў паўстання 1794 года.

Пасол Вальнага Сойму ад Ашмянскага павета. У 1794 годзе ўвайшоў у склад Найвышэйшай Літоўскай Рады.

Пасля паўстання эміграваў у Вену.

1810 год. Нарадзіўся Плацыд Янкоўскі.

Пісьменнік, перакладчык, уніяцкі і праваслаўны святар.

Валодаў 10 мовамі.

З сялянамі размаўляў па-беларуску.

Аўтар аповесцяў, апавяданняў, гумарэсак, краязнаўчых, біяграфічных нарысаў, якія былі папулярнымі ў Беларусі і Літве.

У 2006 у Беларусі ўпершыню выдадзены яго «Записки сельского священника», дзе сабраныя нарысы і ўспаміны з апошняга перыяду жыцця.

1903 год. Нарадзілася Наталля Арсеннева.

Паэтэса, перакладчыца, драматург.

Дзеяч беларускай эміграцыі ў ЗША.

Была рэпрэсаваная савецкімі карнымі органамі.

На верш Арсеньевай «Малітва» кампазітар Мікола Равенскі напісаў музыку. Першыя радкі твору далі назву магілёўскаму фестывалю хрысціянскай духоўнай музыкі – «Магутны Божа».

У 1995 годзе гэты твор прапаноўвалі зрабіць дзяржаўным гімнам Беларусі.

1943 год. Нарадзілася Ніна Мацяш.

Паэтэса і перакладчыца.

Аўтарка зборнікаў паэзіі, перакладаў, казак, п’ес для тэатру лялек «Прыгоды трох парасят», «Крок у бессмяротнасць», тэлесцэнарыяў пра творчасць В. Бялыніцкага-Бірулі «Пясняр роднай прыроды» і Р. Кента «Гэта я, госпадзі».

Перакладала з нямецкай, польскай, французскай.

1945 год. Адкрыты для наведнікаў Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы.

Прысвечаны жыццю і творчасці класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы.

Заснаваны ў 1944 годзе.

Мае філіялы ў вёсках Харужанцы, Вязынка, Ляўкі і Яхімоўшчына.

Адзін са старэйшых літаратурных музеяў Беларусі, які даследуе, збірае і інтэрпрэтуе літаратурную спадчыну класіка беларускай літаратуры.

Збіральнікам музейных рэліквіяў, стваральнікам установы і першым дырэктарам музеяў была жонка Янкі Купалы – Уладзіслава Луцэвіч, заслужаны дзеяч культуры Беларусі.

1950 год. Пачала выходзіць газета «Беларус».

Выдаецца ў Нью-Ёрку Беларуска-амерыканскім задзіночаннем.

Газета падае матэрыялы з жыцця беларускай эміграцыі, аналітычныя карэспандэнцыі пра становішча на Беларусі, нарысы па беларускай гісторыі, творы беларускіх пісьменнікаў-эмігрантаў, успаміны.

Распаўсюджваецца ў ЗША, Канадзе, Вялікай Брытаніі, Аўстраліі, Польшчы, Беларусі.

1959 год. Нарадзіўся Яўген Паплаўскі.

Кампазітар, педагог.

Ініцыятар Мінскага Міжнароднага фестывалю сучаснай камернай музыкі суарганізатараў і дырэктар нацыянальнага тэатральна-канцэртнага аб’яднання «Беларуская капэла», музычны рэдактар Беларускага інстытуту праблем культуры.

Стыпендыят Польскага Урада, працаваў у Гданьскай Акадэміі музыкі імя Станіслава Манюшкі над творам для сімфанічнага аркестра «Барбара Радзівіл» і на Студыі электраакустычнай музыкі Акадэміі музыкі ў Кракаве над уласным творчым праектам.

Аўтар кантаты «Бацькаўшчына» на вершы Ніла Гілевіча, Ларысы Геніюш, сімфанічных твораў «Quo vadis?», «Lux aetema» памяці Францыска Скарыны, «Барбара Радзівіл», канцэрта «Мой ціхі дом» на вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Ларысы Геніюш, вакальных цыклаў на вершы Алеся Гаруна, Максіма Багдановіча.

2021 год. Памерла Валянціна Петрачкова.

Актрыса.

Усё жыццё аддала служэнню ў Беларускаму тэатру імя Якуба Коласа.

Мела больш дзясятка роляў у тэатральных пастаноўках, мастацкіх фільмы «У жніўні 44-га», «Белыя адзенні», «Плач перапёлкі», «Паляванне на апошняга жураўля», «Знак бяды», «Новая зямля», «Палеская хроніка», «Людзі на балоце».


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў