У Бабруйску беларуска і італьянец узялі шлюб, не ведаючы мовы адзін аднаго

Незвычайнае вяселле адбылося 20 лістапада 2025 года ў Бабруйску. Там ажаніліся беларуска і італьянец, камунікуючы праз перакладчыцу.

Каханне без слоў

Беларуска Марынa Шчарбінка і італьянец Джавані П’юнна сказалі адзін аднаму «так», хоць ніхто з іх не размаўляе на мове сваёй палавінкі. На ўрачыстасці ім давялося карыстацца дапамогай перакладчыцы, што яшчэ больш падкрэсліла незвычайнасць падзеі, піша komkur.info.

Маладым ужо даўно за 40 (а жаніху і добра за 50), але для абодвух гэта першае вяселле. Марына да апошніх дзён жыла ў Бабруйску, працавала выкладчыцай і перакладчыцай польскай мовы. Джавані нарадзіўся ў Аўстраліі ў сям’і італьянскіх эмігрантаў, але ў яшчэ ў яго маленстве сям’я вярнулася ў Італію. Англійскай ён не валодае.

Зараз жаніх жыве ў цэнтральнай Італіі, у правінцыі Кампабаста, і працуе ў мэрыі мястэчка Сан-Джовані-ін-Гальда, дзе кіруе тэхнічным аддзелам – аналагам нашага аддзела гарадскога будаўніцтва.

Інтэрнэт і перакладчыкі

Нягледзячы на сталасць узросту, ні Марына, ні Джавані раней не стваралі сям’ю. «Мы доўга чакалі адзін аднаго» – прызнаюцца маладыя.

Пазнаёміліся яны праз шлюбныя агенцтвы, якія аб’ядноўваюць базы розных краін. Джавані кажа, што не шукаў славянку. “З першага фота яна мяне зачапіла вачыма” – прызнаецца ён. Марына смяецца: яе зачапіла яго лысіна і цёплая ўсмешка. 

Упершыню яны «сустрэліся» 6 студзеня 2024 года па Zoom, утрох з перакладчыкам. Марына была ў зялёнай сукенцы, Джавані – у зялёным швэдры. Пазней выявіліі яшчэ шмат дзіўных супадзенняў: напрыклад, абодва любяць падтаялае марожанае.

Далей яны перапісваліся самастойна, карыстаючыся анлайн-перакладчыкамі. У асноўным выходзілі на сувязь па чацвяргах – і нават незаўважна для сябе прызначылі вяселле таксама на чацвер.

Прыгоды дзеля сустрэчы

Ужывую яны ўпершыню сустрэліся ў сакавіку 2024 года ў Гародні, куды ўпускалі іншаземцаў без візы. Дзеля гэтага Джавані прыйшлося тэрмінова афармляць замежны пашпарт: каб паскорыць працэс, ён нават купіў білет на рэйс у Дубай, адкуль потым дабіраўся складаным маршрутам да Беларусі.

Пасля яны пачалі жыць на два дамы, наведваючы адзін аднаго. 23 сакавіка 2024 года Джавані прапанаваў Марыне стаць яго жонкай, і яна з радасцю пагадзілася.

“Я малілася Святой Рыце пра добрага мужа. – кажа нявеста – А яна з Італіі, трэба ж, і мужа знайшла ў Італіі. Мы ўжо былі ў яе ў храме і манастыры ў Кашшы – недалёка ад родных месцаў Джавані”.

Бабруйск вяселле

Планы на вяселле і жыццё

Перад цырымоніяй у ЗАГСе пара павянчалася ў бабруйскім касцёле. Там жа знайшлі яшчэ аднаго чалавека, які ведае італьянскую – ксяндза Андрэя Таўрука.

Спачатку маладыя думалі святкаваць у Італіі, але вырашылі зрабіць «двухсерыйнае» вяселле: пачаць у Беларусі, а працягнуць на радзіме жаніха.

Як яны разумеюць адзін аднаго?

Марына адказвае з усмешкай: «Я вучу італьянскую! Хоць я крыху гультайка, таму да гэтай пары вучу». “Любоў размаўляе сэрцам праз вочы” – сцвярджае Джавані.

Маладыя плануюць жыць у Італіі, бо праца Джавані патрабуе яго прысутнасці. Але Бабруйск яны абяцаюць наведваць часта. 

Фотаздымак: komkur.info

 

Клімавіцкі брыгадзір аддзелаўся “хатняй хіміяй” за гібель пастуха

Дапушчаны да працы пастух загінуў пры пераходзе жывёлы праз раку. Ён не толькі не меў кваліфікацыі, а наогул не працаваў на гэтым прадпрыемстве.

У чэрвені 2025 года, працуючы брыгадзірам ў адным з сельгаспрадспрыемстваў Клімавіцкага раёна супрацоўнік дапусціў да пасьбы жывёлы грамадзяніна, які не меў да гэтага неабходнай кваліфікацыі. Больш за тое, гэты чалавек увогуле не меў якіх-кольвечы ведаў, датычных тэхнікі бяспекі і ахове працы пры выкананні такога роду дзейнасці, і нават не працаваў у тым сельгаспрадпрыемстве. 

Усё гэта высветліў Клімавіцкі райсуд, калі разлядаў справу аб смерці пастуха, які патануў пры перагоне статка праз раку.

Брыгадзір цалкам прызнаў сваю віну, і суд быў да яго надзвычай паблажлівы. За ўсё яго дзеянні, якія пацягнулі смерць падначаленага, абвінавачаны атрымаў два гады “хатняй хіміі” з забаронай на тры гады займаць кіруючыя пасады.

Прысуд пакуль у законную сілу не ўступіў.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Камунальнікі Быхава самі ствараюць умовы для ўзнікнення несанкцыянаваных звалак

У Быхаве камеры фотазапісу зафіксавалі парушальнікаў, а заадно і месца, у якое несанкцыянаваная звалка гарманічна ўпісваецца.

У Быхаве змагаюцца з несанкцыянаванымі звалкамі фотапасткамі, караюць грамадзян за парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства і сыплюць прымаўкамі кшталту «Не сарыце там, дзе жывяце» або «Чыста не там, дзе прыбіраюць». Пры гэтым галоўным змагаром са смеццем лічыцца мясцовае УКП «Быхаўскі жылкамгас».

Раённая газета паведамляе, што «на мінулым тыдні аб’ектывы фотакамер зафіксавалі адразу некалькі парушэнняў. Быхаўчане на асабістым аўтатранспарце вывезлі бярвенне, будаўнічае смецце і старую мэблю на кантэйнерныя пляцоўкі, размешчаныя на Белагорскіх могілках і прызначаныя для рытуальных патрэб».

Камеры фотафіксацыі аказаліся справай аб’ектыўнай. Яны зафіксавалі не толькі парушальнікаў і іх смецце, але і агульны выгляд тэрыторыі вакол так званай пляцоўкі.

Чаго грахі ўтойваць? Першае жаданне, якое выклікае гэтае месца – акурат выкінуць тут смецце, бо маслам кашы ўжо не сапсуеш, а горш, чым ёсць, ужо не будзе.

Ледзь жывая агароджа могілак, пад’езд, які выглядае як выдатная ілюстрацыя бездарожжа – усё гэта таксама сфера адказнасці камунальнікаў.

Трэба адзначыць, што закрытыя Белагорскія могілкі – даўні галаўны боль мясцовых уладаў.

Ніякія камеры фотафіксацыі не выправяць бязладдзя, што пануе на габрэйскіх пахаваннях. Цытаванне народных мудрасцяў не дапаможа разабрацца з аварыйнымі дрэвамі-гігантамі, што не спілоўваліся дзесяцігоддзямі, а лоўля парушальнікаў ніяк не паўплывае на стан агароджы.

Дарэчы, быхаўчанам даўно абяцалі новыя могілкі: з добрымі пад’ездамі, распланаванымі дарожкамі і іншымі элементамі цывілізацыі.

Аднак усе планы рухнулі пасля затрымання ў сакавіку дырэктара УКП «Быхаўскі жылкамгас».

А цяпер улады Быхава выкарыстоўваюць казкі пра фотафіксацыю, каб адцягнуць увагу насельніцтва ад сапраўды значных праблем, якія яны не ў стане вырашыць.

Фота быхаўскай раённай газеты “Маяк Прыдняпроўя”.

Прызначаны новыя старшыні Асіповіцкага, Хоцімскага і Краснапольскага раёнаў

Усе яны маюць прамое дачыненне да ранейшых правалаў.

Усе новыя кіраўнікі трох раёнаў Магілёўшчыны – выпускнікі сельскагаспадарчай акадэміі. У іх шмат дыпломаў аб «вышэйшай адукацыі» і не менш правалаў на ранейшых месцах працы.

Дыплом за дыпломам

Краснапольскі раён узначаліў ураджэнец Чавусаў Аляксандр Яфімчыкаў. На ягоным прыкладзе зразумела, адкуль у беларускіх кіраўнікоў бяруцца па тры дыпломы. Сельскагаспадарчую акадэмію ён скончыў у 2006 годзе, а ўжо ў 2007 атрымаў другі дыплом. Само сабой, у набор уваходзіць і акадэмія кіравання.

Яфімчыкаў працаваў галоўным аграномам, старшынёй двух сельгаспрадпрыемстваў, першым намеснікам старшыні Касцюковіцкага райвыканкама і нават два гады ўзначальваў Чавускі райвыканкам. А пасля – раптоўна пайшоў у фермерства.

Яфімчыкаў

Хоцімскі старшыня стаў Асіповіцкім

Для Геворга Мелканяна прызначэнне старшынём Асіповіцкага райвыканкама – крок уверх, бо Хоцімскі раён не самы прэстыжны ў вобласці. 

Мелканян працаваў інжынерам-гідратэхнікам у Чачэрску, узначальваў сельскагаспадарчае прадпрыемства «Батвінава» і нават Чачэрскі фізкультурна-спартыўны клуб «Ураджай».

Пазней ён пераехаў у Бабруйскі раён, дзе з 2016 года працаваў намеснікам дырэктара і дырэктарам ПМК-84. 

У ліпені 2021 года яго прызначылі старшынём Бабруйскага раённага савета «дэпутатаў», а потым – кіраўніком Хоцімшчыны.

МелканянУ Хоцімску – Дзівакоў

Ураджэнцу Слаўгарада Аляксандру Дзівакову – 50 гадоў. Сельскагаспадарчую акадэмію ён скончыў у 1997 годзе і пачаў кар’еру чыноўніка інспектарам па ахове працы ў райсельгасхарчы Лёзненскага райвыканкама. 

Пасля працаваў у аблсельгасхарчы і быў першым намеснікам старшыні Шклоўскага райвыканкама.

Хоцімшчына далёка не самы «перадавы» раён вобласці, аднак цяпер Дзівакоў атрымаў даволі самастойную пасаду.

Дзівакоў

На першы погляд замена Лукашэнкам адразу трох кіраўнікоў раёнаў – сур’ёзны кадравы крок. Аднак біяграфіі Яфімчыкава, Мелканяна і Дзівакова сведчаць: вялікіх прарываў ні ў Асіповічах, ні на Краснапольшчыне, ні на Хоцімшчыне чакаць не даводзіцца.

Урэшце, Лукашэнка, мяняючы шыла на мыла, гэтага і не чакае. Пры прызначэнні ён не выпадкова заўважыў: усе прызначаныя кіраўнікі маюць прамое дачыненне да раней дапушчаных правалаў.

Фота: mogilev.in.

Пад Вейнам лось праваліўся ў калодзеж на пустыры

Лася, што праваліўся ў калодзеж пад аграгарадком Вейна, даставалі ратавальнікі.

Сёння непадалёк ад аграгарадка Вейна лось праваліўся ў калодзеж і не змог выбрацца самастойна. І не дзіва: мяркуючы па памерах калодзежа, з яго не выбраўся б нават звычайны магілёўскі чыноўнік сярэдняга звяна, які налаўчыўся праходзіць паміж струменьчыкамі дажджу і не намакаць.

Жывёле дапамаглі супрацоўнікі МНС. «Магілёўскія ведамасці» паведамляюць, што «сумеснымі намаганнямі яны паднялі лася са збудавання».

Для лася ўсё скончылася шчасліва. Чаго не скажаш пра патэнцыйных ахвяраў гэтага небяспечнага пустыра. Каму належыць «збудаванне» ў раёне Вейна і чаму ямка, у якую вольна правальваецца цэлы лось, не агароджана або не засыпаная? 

Як там наш год добраўпарадкавання, пра які трашчаць на кожным вуглу?

аграгарадок Вейно

Фота: «Магілёўскія ведамасці».

Рачны порт “Бабруйск” ліквідуецца

Рачны порт “Бабруйск” ліквідуецца, становіцца ўчасткам Рэчыцкага рачнога порта і значна памяншае сваю працу.

Рачны порт “Бабруйск”, які больш за паўстагоддзе быў адным з транспартных аб’ектаў Прыпяцка-Бярэзінскай воднай сістэмы, спыняе сваё існаванне ў ранейшым выглядзе. У сувязі з цяжкім фінансавым становішчам прынятае рашэнне ліквідаваць прадпрыемства шляхам далучэння да Рэчыцкага рачнога порта ў якасці асобнага ўчастка. 

Рачны порт у Бабруйску ў цяперашнім выглядзе існаваў з 1970 года і першапачаткова прымаў грузы, якія паступалі па рацэ. Аднак абмяленне Бярэзіны і змяншэнне загрузкі прывялі да таго, што порт фактычна перайшоў на здабычу пяску – асноўнага матэрыялу для мясцовых будаўнічых прадпрыемстваў. Бабруйскія рачнікі намывалі яго ў раёнах Даманава, Стасеўкі, Парычаў і Светлагорска. Навігацыя традыцыйна працягвалася ад красавіка да лістапада.

Як паведаміў komkur.info галоўны інжынер РТУП «Рачное параходства» Аляксандр Дзядкоў, у сувязі са стратнасцю порта было прынята рашэнне аб яго ліквідацыі як самастойнай адзінкі. Адзіны спосаб захаваць хоць частку функцый – далучэнне да Рэчыцы. Пры новым статусе порт усё ж можа працягваць перавозку і перагрузку грузаў, калі дазволіць узровень вады ў рацэ.

У канцы 2024 года ў Рэчыцу для рамонту былі дастаўленыя буксірны цеплаход 1990 года выпуску і земснарад 1987 года. У 2025 годзе за кошт пазабюджэтнага інвестфонду Мінтранса правялі рамонт баржы-пляцоўкі і земснарада, прыпісанага да бабруйскага порта.

Аднак сёлетняя восень аказалася беднай на палаводдзе. Даставіць адрамантаваную тэхніку ў Бабруйск пакуль немагчыма, бо судны не могуць прайсці па абмялелай Бярэзіне. Пры гэтым ёсць спадзяванні, што ў навігацыю 2026 года флот усё ж будзе працаваць на перавозцы будаўнічага пяску на бабруйскім участку.

Раней у порце працавала каля 30 чалавек. Пасля змянення статусу засталіся 15. Гэта ахоўнікі, докеры і механізатары. Аляксандр Дзядкоў перакананы, што вопыт супрацоўнікаў будзе запатрабаваны і ў далейшым.

Што ж да запатрабаванасці порта, то адзін з ключавых яго партнёраў, Бабруйскі завод буйнапанэльнага домабудаўніцтва сёлета быў вымушаны купляць пясок у Жлобіне з-за таго, што флот знаходзіўся на рамонце. Раней аб’ёмы паставак складалі ад 300 да 1000 тон на тыдзень. Цяпер жа завод рыхтуецца запусціць уласны пясчаны кар’ер у прыгарадзе Бабруйска, што дазволіць яму стаць менш залежным ад рачнога порта.

Фотаздымак: komkur.info

Горацкі МНС-нік паспрабаваў патлумачыць з’яўленне ў горадзе таблічак “Укрыццё”

Таблічкі з надпісам “Укрыццё” ўсхвалявалі жыхароў недалёкага ад Расіі райцэнтра. Начальнік мясцовага аддзела па надзвычайных сітуацыях паспрабаваў іх супакоіць.

Нагадаем, што яшчэ ў кастрычніку ў Горках мясцовыя жыхары ўбачылі новыя шыльды з указаннем адлегласці да ўкрыццяў. Узнікла меркаванне, што гэта звязана з актыўнасцю расійскіх дронаў, якія час ад часу залятаюць у Беларусь.

Нават у чат-бот мясцовай раёнкі звярнуўся мужчына, які быў занепакоены з’яўленнем у горадзе такіх таблічак. “Заўважыў ужо некалькі такіх пазначэнняў: каля бальніцы, кінатэатра і ў раёне акадэміі. Як убачыў, то стала крыху страшна” – адзначае мясцовы жыхар.

Начальнік Горацкага райаддзела МНС Дзмітрый Казлоў даў тлумачэнні. Ён адзначыў, што з’яўленне ўказальнікаў «Укрыццё» каля мясцовай бальніцы, кінастудыі, у раёне акадэміі і ў іншых месцах не звязана з надзвычайнымі здарэннямі і з’яўляецца планавымі працамі па сістэматызацыі і ўліку аб’ектаў грамадзянскай абароны.

Паводле інструкцыі па ўтрыманні такіх збудаванняў прадугледжваецца іх абазначэнне і пазначэнне шляхоў падыходу да іх. Укрыцці існавалі ў Горках заўсёды, але цяпер «у ходзе кантрольных мерапрыемстваў гэтыя аб’екты былі прыведзены ў адпаведнасць з патрабаваннямі інструкцыі».

Праўда, начальнік РАНС не патлумачыў, чаму менавіта цяпер былі праведзены «кантрольныя мерапрыемствы». 

Фотаздымак: gorkiv.by

На Шклоўшчыне дырэктар сельгаспрадпрыемства браў хабар за выплату заробку

Тры гады зняволення з адтэрміноўкай на два гады атрымаў былы дырэктар сельгаспрадпрыемства, які браў хабар ад будаўнікоў за сваёчасовую аплату іх працы.

Як высветліў Шклоўскі суд, будаўнічая брыгада летам гэтага года фарбавала малочна-таварныя комплексы на гэтым сельгаспрадпрыемстве. Па ўсім відаць, што атрымаць сумленна заробленыя грошы на Шклоўшчыне не так проста, раз людзі гатовыя за гэта нават даваць хабар. Таму яны дамовіліся з дырэктарам на тое, што ён будзе своечасова выплочваць заробак па дамове аб аказанні паслуг, і за гэта сам атрымае грошы. Грошы ад будаўнікоў ён атрымаў двойчы – ў чэрвені 1000 рублёў і ў жніўні 2000 рублёў.

У рэшце рэшт звесткі аб хабарніку дайшлі да праваахоўных органаў, а потым і да суда. Гэты суд прызнаў былога ўжо дырэктара вінаватым у атрыманні хабару. Абвінавачаны сваёй віны не ўкрываў, прызнаўся ў злачынстве і аддаў усе незаконна атрыманыя грошы дзяржаве.

У выніку суд у Шклове прысудзіў яму тры гады калоніі са штрафам у 12 600 рублёў і пяцігадовай забаронай займаць кіруючыя пасады. Пазбаўленне волі па прысудзе адтэрмінавана на два гады. Вырак пакуль не ўступіў у законную сілу.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Галоўны рэдактар слаўгарадскай газеты паказала школьнікам найкарацейшы шлях да ШІ

Галоўрэд слаўгарадскай раёнкі Вікторыя Гарадзецкая, якая пастаянна пазычае ідэі ў нейрасеткі, вучыла дзяцей мысліць самастойна. 

Пра Вікторыю Гарадзецкую, што ўзначаліла газету «Прысожскі край» пасля дзясяткаў гадоў напружанай працы першым сакратаром слаўгарадскай ячэйкі БРСМ, мы распавядалі не раз. Актывістка вядомая тым, што любіць спяваць і ствараць тэксты для газеты, якія на 90 працэнтаў напісаныя чатам GPT. Пасля таго, як mogilev.media некалькі разоў злавілі Гарадэцкую за гэтым заняткам, галоўрэд зайшла з козыраў і закрыла доступ да капіравання старонак ведамаснага сайта газеты «Прысожскі край». Гэты чыста дзіцячы і зусім бескарысны з пункту гледжання карыстальнікаў учынак сведчыць не толькі пра ўзровень ведаў Вікторыі Гарадэцкай у справах камп’ютарных, але і пра тое, што праўладныя СМІ Магілёўшчыны баяцца пільнай увагі незалежнай прэсы да сваіх «цяп-ляп» артыкулаў.

А верная сяброўка штучнага інтэлекта тым часам адправілася да школьнікаў 9 «Б» класа СШ №2 на «інтэрактыўную перазагрузку». Толькі ў адным Гарадзецкая аказалася правай, калі вешала падлеткам лапшу на вушы – “цифровой след, как и печатное слово, остается навсегда”. Што, уласна кажучы, для галоўнай акулы слаўгарадскай журналістыкі, факт вельмі сумны.

Вынік сустрэчы яшчэ раз паказаў, што суровую школу БРСМ Гарадзецкая прайшла не дарма: “ученики 9 «Б» на общем собрании постановили: их класс должен быть обязательно подписан на «РАЙОНКУ»”.

Вынікі свайго дыялогу з навучэнцамі Вікторыя Гарадэцкая неадкладна адлюстравала ў чарговым артыкуле, выдаўшы новы перл, відавочна, абышоўшыся без GPT – “перо журналиста дополняется искренним интересом нового поколения”. Вось такое друкаванае слова, пра якое так і падмывае сказаць некалькімі непрыдатнымі да друку словамі.

Фота раённай газеты «Прысожскі край».

У Крычаўскім раёне бізнес умацоўвае пазіцыі

Нягледзячы на тое, што “Тыдзень беларускага бізнесу” доўжыцца ўсяго чатыры дні, у Крычаўскім раёне ён паспяхова папаўняе бюджэт.

Крычаўскія журналісты пацікавіліся ў начальніка аддзела эканомікі райвыканкама, як ідуць справы з прадпрымальніцтвам у рэгіёне.

Цікаўнасць была зусім не фармальнай. З учорашняга дня ў Беларусі стартаваў “Беларускі тыдзень прадпрымальніцтва”, які, чамусьці, працягнецца толькі чатыры дні.

Высветлілася, што:

  • паступленні ў бюджэт за студзень-верасень 2025 года ад суб’ектаў гаспадарання малога і сярэдняга прадпрымальніцтва раёна склалі 7,23 мільёна рублёў, або 123 працэнты да аналагічнага перыяду 2024 года;
  • удзельная вага ў агульным аб’ёме падатковых паступленняў ад такіх суб’ектаў гаспадарання склала 33,9 працэнта, што больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года – тады паказчык ледзь перавышаў 15 працэнтаў.

Прыкладна такая ж сітуацыя і ў іншых раёнах Магілёўшчыны.

Можна толькі ўявіць, што было б, калі б прадпрымальніцтва ў Беларусі не выкаранялася ўсімі магчымымі спосабамі, а ягоны “тыдзень” сапраўды складаўся, як у Бібліі, з сямі дзён.

Фота ілюстратыўнага характару з адкрытых крыніц