Прызначаны новыя старшыні Асіповіцкага, Хоцімскага і Краснапольскага раёнаў

Усе яны маюць прамое дачыненне да ранейшых правалаў.

Усе новыя кіраўнікі трох раёнаў Магілёўшчыны – выпускнікі сельскагаспадарчай акадэміі. У іх шмат дыпломаў аб «вышэйшай адукацыі» і не менш правалаў на ранейшых месцах працы.

Дыплом за дыпломам

Краснапольскі раён узначаліў ураджэнец Чавусаў Аляксандр Яфімчыкаў. На ягоным прыкладзе зразумела, адкуль у беларускіх кіраўнікоў бяруцца па тры дыпломы. Сельскагаспадарчую акадэмію ён скончыў у 2006 годзе, а ўжо ў 2007 атрымаў другі дыплом. Само сабой, у набор уваходзіць і акадэмія кіравання.

Яфімчыкаў працаваў галоўным аграномам, старшынёй двух сельгаспрадпрыемстваў, першым намеснікам старшыні Касцюковіцкага райвыканкама і нават два гады ўзначальваў Чавускі райвыканкам. А пасля – раптоўна пайшоў у фермерства.

Яфімчыкаў

Хоцімскі старшыня стаў Асіповіцкім

Для Геворга Мелканяна прызначэнне старшынём Асіповіцкага райвыканкама – крок уверх, бо Хоцімскі раён не самы прэстыжны ў вобласці. 

Мелканян працаваў інжынерам-гідратэхнікам у Чачэрску, узначальваў сельскагаспадарчае прадпрыемства «Батвінава» і нават Чачэрскі фізкультурна-спартыўны клуб «Ураджай».

Пазней ён пераехаў у Бабруйскі раён, дзе з 2016 года працаваў намеснікам дырэктара і дырэктарам ПМК-84. 

У ліпені 2021 года яго прызначылі старшынём Бабруйскага раённага савета «дэпутатаў», а потым – кіраўніком Хоцімшчыны.

МелканянУ Хоцімску – Дзівакоў

Ураджэнцу Слаўгарада Аляксандру Дзівакову – 50 гадоў. Сельскагаспадарчую акадэмію ён скончыў у 1997 годзе і пачаў кар’еру чыноўніка інспектарам па ахове працы ў райсельгасхарчы Лёзненскага райвыканкама. 

Пасля працаваў у аблсельгасхарчы і быў першым намеснікам старшыні Шклоўскага райвыканкама.

Хоцімшчына далёка не самы «перадавы» раён вобласці, аднак цяпер Дзівакоў атрымаў даволі самастойную пасаду.

Дзівакоў

На першы погляд замена Лукашэнкам адразу трох кіраўнікоў раёнаў – сур’ёзны кадравы крок. Аднак біяграфіі Яфімчыкава, Мелканяна і Дзівакова сведчаць: вялікіх прарываў ні ў Асіповічах, ні на Краснапольшчыне, ні на Хоцімшчыне чакаць не даводзіцца.

Урэшце, Лукашэнка, мяняючы шыла на мыла, гэтага і не чакае. Пры прызначэнні ён не выпадкова заўважыў: усе прызначаныя кіраўнікі маюць прамое дачыненне да раней дапушчаных правалаў.

Фота: mogilev.in.

У Горках тыдзень не маглі адрамантаваць парваную трубу

Служба 115 не прымала заяўку, а да дыспетчараў было проста не дазваніцца. “Нажаль, негатыўна спрацаваў чалавечы фактар” – патлумачылі ў вадаканале.

На працягу тыдня ў раёне чацвёртага корпуса сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках з-пад зямлі біла вада – паведамляе “Горацкі веснік”. Прарыў трубы здарыўся ў раёне 16 жніўня, і ў той жа дзень карэспандэнт выдання спрабавала датэлефанавацца ў дыспетчарскую службу водаканала. Там проста не бралі слухаўку. Не адказвалі і па іншым, альтэрнатыўным нумары, які падказалі ў цэнтральнай дыспетчарскай службе Магілёўскага абласнога водаканала. Дазваніцца атрымалася да “115”, і там, здавалася, заяўку прынялі. 

Але так толькі здавалася. Праз два дні ўсё той жа паток вады біў з месца прарыву, а на тэрыторыі Акадэміі пачало ўтварацца невялікае азярцо. На паўторны званок у “115” дыспетчар раздражнёна патлумачыў, што падчас папярэдняга званка быў не прыём заяўкі, а кансультацыя, і толькі з другога разу была аформленая скарга.

Горки водоканал
Па стане на 19 жніўня

20 жніўня пытанне пракаментаваў ужо начальнік водаканалізацыйнага ўчастка Горацкага раёна філіяла «Магілёўскі водаканал» УПКП ВКХ «Магілёўаблводаканал» Ігар Сільвестраў:

– Мы ў курсе дадзенай аварыі, заяўка ад службы 115 была перададзена 18 жніўня. На жаль, наш участак не мае ўласнай дыспетчарскай службы, усе нашы спецыялісты знаходзяцца ў пастаянных раз’ездах па працоўных пытаннях, бо вельмі вялікі аб’ём работ у горадзе і ў вёсцы. Таму датэлефанавацца па стацыянарных нумарах сапраўды бывае цяжка. Што ж тычыцца парыву, то ён дастаткова шырокі і складаны. І ў гэтай сітуацыі ёсць як аб’ектыўныя, так і суб’ектыўныя прычыны. Акрамя ўсяго, нажаль, негатыўна спрацаваў чалавечы фактар. Усё гэта разам паўплывала на тэрміны рамонтных работ.

20 жніўня, як паведамляе “Горацкі веснік”, заяўка была нарэшце закрытая. Прарыў ліквідавалі. 

горки академия

Фота: “Горацкі веснік”

Горацкая сельгасакадэмія апратэставала артыкул незалежнага СМІ пра п’янства яе студэнтаў

Навучэнцы акадэміі п’юць па вечарах на беразе ракі Аршанкі, ламаюць таблічкі і разносяць клумбы – суд пастанавіў абвергнуць гэтую інфармацыю.

Артыкул пра праблемы на адным з самых папулярных пляжаў у Горках выйшаў на старонках незалежнага медыярэсурса horki.info гэтым летам. У матэрыяле пад назвай “Выяснили, что нового в этом году на любимой Оршанке, и как работается спасателям” журналісты рэгіянальнага СМІ далі слова старшаму матросу-выратавальніку Сяргею Кажэка. Ён эмацыйна распавёў выданню пра асноўныя цяжкасці, з якімі сутыкаецца выратавальная служба падчас працы на месцах адпачынку.

Сярод іншага, Сяргей Кажэка выказаўся пра паводзіны маладых людзей, якіх ён ідэнтыфікаваў як студэнтаў Горацкай сельгасакадэміі. Прыводзім урывак з абскарджанага матэрыялу з захаваннем мовы і правапісу арыгіналу.

“…самая большая проблема – это студенты. – заявіў выратавальнік Сяргей Кажэка – Они частенько устраивают на берегу пивной бар. На замечания реагируют безразличием, и это в лучшем случае. Чаще вступают в дискуссию, “качают права”, могут даже отправить по известному адресу… Как правило, они приходят ближе к девяти вечера, пьют, едят, развлекаются. По утрам после таких компаний матросы находят на берегу сломанные таблички, мусор, женские туфли, белье. За прошлую неделю они выкопали и сожгли прямо на пляже ограждение наших клумб из автопокрышек. Свернули набок козырек беседки. Пытались вытянуть и передвинуть подальше ограничительные буйки в воде. …ректорат по воспитательной работе нашей академии – займитесь своими студентами. Держать их в рамках просто уже нет сил…”

У адказ на гэтую публікацыю адміністрацыя ўстановы адукацыі “Беларуская дзяржаўная ордэнаў Кастрычніцкай рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчая акадэмія” падала ў суд Горацкага раёна Магілёўскай вобласці позву аб абароне дзелавой рэпутацыі.

Горацкі суд вынес рашэнне “прызнаць не адпаведнымі рэчаіснасці і якія ганяць дзелавую рэпутацыю ўстановы адукацыі “Беларуская дзяржаўная ордэнаў Кастрычніцкай рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчая акадэмія”” звесткі з матэрыяла horki.info. Адпаведны артыкул незалежнае СМІ размясціла на сваім сайце, а публікацыю “Выяснили, что нового в этом году на любимой Оршанке, и как работается спасателям” адрэдагавала, прыбраўшы адтуль пасаж выратавальніка пра студэнтаў.


horki.info – гэта незалежны рэгіянальны рэсурс, які асвятляе навіны Горацкага, Дрыбінскага і Мсціслаўскага раёнаў Магілёўскай вобласці, а таксама Горацкай сельгасакадэміі. Сайт працуе з 2007 года, а таксама журналісты партала выдаюць папяровую версію, газету “УзГорак”, якая вольна прадаецца ў паштовых аддзяленнях рэгіёна.


Фота: horki.info