Беларускі правіцель прызначыў «кадры»: намесніка старшыні па пытаннях будаўніцтва і ЖКГ Магілёўскага аблвыканкама і трох старшынь райвыканкамаў. Лукашэнка правёў кадравыя ратацыі. Замест Генадзя Дэнгалева, які злятаў у Саудаўскую Аравію, а потым знік з гарызонту, намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама па будаўніцтве і ЖКГ стаў Ігар Клішо, які раней узначальваў абласны камітэт па архітэктуры і будаўніцтве. Намеснік старшыні Крычаўскага раёна Наталля Асмалоўская прызначана старшынёй Касцюковіцкага райвыканкама. Галоўны «дэпутат» Горак Максім Патапенка будзе кіраваць Слаўгарадскім раёнам. Першаму намесніку старшыні Кіраўскага райвыканкама давераны Чавускі раён.
Тэорыя адноснасці: у Хоцімску, арыентуючыся на ўзрост Лукашэнкі, лічаць 70 гадоў другой маладосцю і ненавідзяць дэмакратычнасць TikTok.
Хоцімскі журналіст Аляксандр Ляйчынскі, які завіс у думках дзесьці ў раёне ХХVII з’езда КПСС, паразважаў “пра ўнутраныя органы ўспрымання знешняй рэчаіснасці”.
Самы час – Ляйчынскаму 67 гадоў, і ўспрымаць навакольную рэчаіснасць з дапамогай унутраных органаў становіцца ўсё цяжэй.
Таму Аляксандр Ляйчынскі лічыць, што:
Савецкі Саюз прайграў капіталістычнаму лагеру ў вайне сэнсаў;
ад сусветна вядомага палітыка і “дзеда” Зянона Пазняка пара хаваць запалкі;
TikTok – прамы шлях да інфармацыйнага бясчынства;
у Беларусі можа быць прынята рашэнне пра стварэнне кібервойскаў, а Лукашэнка падтрымлівае гэтую ідэю.
Ляйчынскі, з яго загартоўкай у школе савецкай журналістыкі, у шоку ад таго, што любы ахвотны можа зняць на тэлефон звычайную для Беларусі сельскую дарогу, традыцыйна складзеную з ям і лужын, а пасля выкласці гэта без адпаведнага рашэння сельвыканкама ў інтэрнэт.
Само сабой, больш за ўсё хоцімскага пенсіянера напружвае бесшабашнасць сучаснай моладзі, якая мае магчымасць паведаміць усяму свету, што вяртаецца дадому падпітай.
Усе свае надзеі Ляйчынскі звязвае з магутнымі кібервойскамі Беларусі, якія абавязкова здабудуць перамогу над TikTok і прымусяць папулярную сацсетку распавядаць праваслаўнаму народу пра такія цікавыя рэчы, як падняцце зябліва і тонкая наладка плугоў у Хоцімску.
Узрост, узрост і яшчэ раз узрост. Менавіта ён не дазваляе такім, як Ляйчынскі і Лукашэнка, зразумець, што вайна сэнсу і бессэнсоўя даўно скончылася не на карысць савецкіх наратываў. Таксама як і двубой праўладных прапагандыстаў з незалежнымі СМІ на тэрыторыі TikTok. Мы проста ўмеем падаваць інфармацыю хутчэй, якасней і цікавей, чым дзедаўскія кібервойскі.
Ну, а што да Зянона Пазняка, дык у свае 81 год ён выглядае значна лепш, чым 70-гадовы Аляксандр Лукашэнка, ад якога хутка і запалкі хаваць не спатрэбіцца, бо ён да іх самастойна ўжо не дабярэцца.
З дэлегатамі з Магілёва, што выязджалі на лукашэнкаўскае “веча”, развітваліся так, быццам яны адляталі на Марс.
Дэпутатаў-дэлегатаў, што ехалі на ВНС з плошчы Леніна ў Магілёве, набілася ажно тры аўтобусы. Перад ад’ездам самапрызначаныя дэлегаты ўжо каторы раз распавялі пра свае надзеі на ўласнае лепшае жыццё, якое ім дасць зборышча падхалімаў Лукашэнкі.
Праслаўленне з’езда пачалося задоўга да яго пачатку. Дэлегаты з захапленнем распавядалі пра лёсавызначальныя рашэнні, якія будуць прыняты, у кожным адпаведным і неадпаведным месцы.
Сама адпраўка ў дарогу з плошчы Леніна выглядала даволі камічна. Многія дэлегаты з’явіліся з аб’ёмнымі чамаданамі: ехаць жа цэлых дзве гадзіны і вяртацца не хутка, таму без зменнай бялізны і варанай курыцы, загорнутай у прамаслены нумар “Магілёўскіх ведамасцей”, ніяк не абысціся.
Віталіся так, быццам не сядзелі разам яшчэ днём у кабінетах аблвыканкама, а сустрэліся пасля доўгага расстання.
Фальшывая радасць у чаканні сустрэчы з Лукашэнкам магла б спаборнічаць па ўзроўні пастановачнасці са знакамітай сцэнай адыходу цеплахода “Міхаіл Святлоў”.
Хто ведае, што за лікаванне іх яшчэ чакае, калі дэлегаты вернуцца ў Магілёў, падзарадзіўшыся энергіяй ад састарэлага кіраўніка.
Узаемавыключальныя эканамічныя выкладкі Лукашэнкі заблыталі сельскі сход у Глускім раёне, дзе абмяркоўвалі пытанні аўтобусных зносін і вясковай лазні.
Старшыні глускага райвыканкама Аляксею Жураўлёву давялося аддувацца за трызненне, якое нясе самапрызначаны кіраўнік Беларусі.
Жураўлёў удзельнічаў у сельскім сходзе ў вёсцы Заволочыцы Глускага раёна. Калі ўзнялі пытанне пра перавозку людзей па маршруце Глуск-Бабруйск аўтобусамі бабруйскага філіяла аўтапарка №2 і маршруткай, высветлілася, што прыватнік запусціць маршрут у тэставым рэжыме і пралічыць яго эканамічную выгаду.
Ён будзе вазіць людзей з панядзелка па пятніцу, а аўтобус – па пятніцах, суботах і нядзелях.
Праблема ў тым, што людзям давядзецца апраўдваць чаканні маршрутчыка і часцей карыстацца транспартам. Інакш – ніякіх паездак не будзе.
І тут адзін з удзельнікаў сельскага сходу нагадаў старшыні райвыканкама словы Лукашэнкі пра тое, што аўтобус павінен хадзіць нават туды, дзе жыве адзін чалавек. Гэта прагучала як аргумент на карысць таго, што ўладам варта не чакаць рашэння прыватніка, а павялічыць колькасць рэйсаў дзяржаўнага аўтобуса.
Аляксею Жураўлёву давялося прывесці іншае выказванне Лукашэнкі – што лішніх грошай у дзяржавы няма. Адсюль выснова: аўтобусы дзяржаўнага прадпрыемства не збіраюцца вазіць паветра.
Падобная сітуацыя і з мясцовай лазняй – яе закрылі з-за эканамічнай немэтазгоднасці.
Сельскі сход нібыта «адзінагалосна» пагадзіўся з довадамі старшыні, але асадачак застаўся.
А як інакш? Эканоміка не слухае загадаў Лукашэнкі і пастаноў яго прадстаўнікоў на месцах. Таму і даводзіцца выкручвацца. Добра, што супярэчлівых выказванняў у Лукашэнкі хапае на ўсе выпадкі жыцця.
Начальніка аддзела статыстыкі Клімавіцкага раёна ўзнагародзілі медалём «За працоўныя заслугі».
Працоўныя заслугі начальніка аддзела статыстыкі Клімавіцкага раёна Рыты Дасюлі па заслугах ацаніў галоўны працаўнік Беларусі. Лукашэнка падпісаў указ аб узнагароджанні чыноўніцы, а медаль клімаўчанцы ўручыў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын.
Сярод мноства заслуг Дасюлі – дакладнасць інфармацыі па вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі сельскагаспадарчымі і іншымі арганізацыямі Клімавіччыны.
Нагода для заахвочвання, без слоў, важкая: Рыта Дасюля шмат гадоў працавала на розных пасадах, шчыра выконвала свае службовыя абавязкі і атрымлівала за гэта зарплату.
Адкрытым застаецца адно і тое ж пытанне: чаму ўсе, больш-менш значныя ўзнагароды ў Беларусі раздаюцца толькі чыноўнікам, а даяркам і механізатарам даводзіцца задавальняцца падачкамі ў выглядзе пахвальных артыкулаў у раённай прэсе?
Статыстыка – статыстыкай, але ж ці дыхаюць “пралетарыі разумовай працы” пылам на палях і стаяць па калена ў гразі на фермах?
Бо, калі па шчырасці, без гэтых людзей і статыстыкі ніякай бы не было.
Старшыня магілёўскіх «дэпутатаў» – у захапленні ад палёту Лукашэнкі па афрыканскай дузе і ўласнага галавакружэння ад «адкрытых перспектыў».
Старшыня Магілёўскага абласнога савета «дэпутатаў» Аляксандр Гарошкін дэталёва прааналізаваў нядаўнія візіты Лукашэнкі да афрыканскіх плямёнаў і прыйшоў да шакавальных высноў. Гарошкін перакананы, што сямейныя туры беларускага дыкатара сведчаць:
пра імкненне Беларусі да дыверсіфікацыі знешніх сувязяў і ўмацавання сваіх пазіцый на міжнароднай арэне;
пра тое, што беларускія кампаніі атрымалі новыя магчымасці для выхаду на рынкі М’янмы, Амана і Алжыра;
пра тое, што праведзеныя бізнес-форумы і «круглыя сталы» спрыялі наладжванню прамых кантактаў і абмену вопытам;
пра тое, што візіты садзейнічаюць паспяховаму прасоўванню нацыянальных інтарэсаў і забеспячэнню ўстойлівага развіцця краіны.
Ключавое слова тут, канешне – дыверсіфікацыя. Прасцей кажучы, здольнасць Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі правільна размяркоўваць сямейны капітал і Аляксандра Рыгоравіча Гарошкіна – граматна размяркоўваць хлусню ў сваіх ліслівых заявах.
Бо ніякіх бізнес-форумаў і «круглых сталоў» праводзіць нават не збіраліся. Усе візіты Лукашэнкі па шырокай афрыканскай дузе праходзілі ў выключна вузкім, сямейным коле.
Але Гарошкіна можна зразумець. Будаўніцтвам паветраных замкаў ён займаецца не таму, што наіўна верыць у тое, быццам бы Алжыр дапаможа ўпарадкаваць Магілёў без крымінальшчыны сярод чыноўнікаў, а Аман укладзе інвестыцыі ў стратныя калгасы вобласці.
Проста ад колькасці лапшы, павешанай на вушы магілёўцаў, залежыць асабісты дабрабыт Гарошкіна. Афрыканская дуга – далёка, а мяккае крэсла ў абласным савеце «слуг народа» – пад рукой. Сядзячы ў ім, можна беспакарана хлусіць электарату пра што заўгодна. Нават пра шырокую Лімпапо, дзе гуляе Гіпапо.
Усе яны маюць прамое дачыненне да ранейшых правалаў.
Усе новыя кіраўнікі трох раёнаў Магілёўшчыны – выпускнікі сельскагаспадарчай акадэміі. У іх шмат дыпломаў аб «вышэйшай адукацыі» і не менш правалаў на ранейшых месцах працы.
Дыплом за дыпломам
Краснапольскі раён узначаліў ураджэнец Чавусаў Аляксандр Яфімчыкаў. На ягоным прыкладзе зразумела, адкуль у беларускіх кіраўнікоў бяруцца па тры дыпломы. Сельскагаспадарчую акадэмію ён скончыў у 2006 годзе, а ўжо ў 2007 атрымаў другі дыплом. Само сабой, у набор уваходзіць і акадэмія кіравання.
Яфімчыкаў працаваў галоўным аграномам, старшынёй двух сельгаспрадпрыемстваў, першым намеснікам старшыні Касцюковіцкага райвыканкама і нават два гады ўзначальваў Чавускі райвыканкам. А пасля – раптоўна пайшоў у фермерства.
Хоцімскі старшыня стаў Асіповіцкім
Для Геворга Мелканяна прызначэнне старшынём Асіповіцкага райвыканкама – крок уверх, бо Хоцімскі раён не самы прэстыжны ў вобласці.
Мелканян працаваў інжынерам-гідратэхнікам у Чачэрску, узначальваў сельскагаспадарчае прадпрыемства «Батвінава» і нават Чачэрскі фізкультурна-спартыўны клуб «Ураджай».
Пазней ён пераехаў у Бабруйскі раён, дзе з 2016 года працаваў намеснікам дырэктара і дырэктарам ПМК-84.
У ліпені 2021 года яго прызначылі старшынём Бабруйскага раённага савета «дэпутатаў», а потым – кіраўніком Хоцімшчыны.
У Хоцімску – Дзівакоў
Ураджэнцу Слаўгарада Аляксандру Дзівакову – 50 гадоў. Сельскагаспадарчую акадэмію ён скончыў у 1997 годзе і пачаў кар’еру чыноўніка інспектарам па ахове працы ў райсельгасхарчы Лёзненскага райвыканкама.
Пасля працаваў у аблсельгасхарчы і быў першым намеснікам старшыні Шклоўскага райвыканкама.
Хоцімшчына далёка не самы «перадавы» раён вобласці, аднак цяпер Дзівакоў атрымаў даволі самастойную пасаду.
На першы погляд замена Лукашэнкам адразу трох кіраўнікоў раёнаў – сур’ёзны кадравы крок. Аднак біяграфіі Яфімчыкава, Мелканяна і Дзівакова сведчаць: вялікіх прарываў ні ў Асіповічах, ні на Краснапольшчыне, ні на Хоцімшчыне чакаць не даводзіцца.
Урэшце, Лукашэнка, мяняючы шыла на мыла, гэтага і не чакае. Пры прызначэнні ён не выпадкова заўважыў: усе прызначаныя кіраўнікі маюць прамое дачыненне да раней дапушчаных правалаў.
Механізаваныя атрады на Магілёўшчыне дапамагаюць аграрыям-чыноўнікам вырашаць кадравую праблему – і цяпер яны падзялілі работнікаў на сяле на дурняў і разумных. Разумныя будуць ездзіць на тэхніцы, а дурныя іх карміць.
Больш чым сумнеўнае выказванне Лукашэнкі пра тое, што ў створаных ім калгасах не ўмеюць абыходзіцца з тэхнікай, чыноўнікі збяднелых рэгіёнаў Беларусі ўспрынялі як прамое даручэнне і перасталі давяраць тэхніку дурням з сельгаспрадпрыемстваў на месцах, зрабіўшы стаўку на цэнтралізаваныя механізаваныя атрады.
Такім чынам, дзякуючы мехатрадам, на Магілёўшчыне быццам бы вырашаныя праблемы:
ААТ «Прывольны агра» Слаўгарадскага раёна, дзе “с техникой и механизаторскими кадрами было негусто”;
кадраў на вёсцы “з пункту гледжання эканомікі”;
граматнай лагістыкі і тэхналагічнай дысцыпліны, якія “гарантуюць рэнтабельнасць ураджаю”.
За малазразумелымі і вельмі агульнымі фармулёўкамі пра “пункты гледжання эканомікі” і “рэнтабельнасць ураджаю” стаяць даволі канкрэтныя дзеянні. Землі сельгаспрадпрыемстваў на раёнах перадаюцца механізаваным атрадам, якія ў выніку становяцца паўнапраўнымі гаспадарамі ўраджаю і працягваюць багацець за кошт знясіленых калгасаў.
Усё таму, што “на сучаснай тэхніцы павінны працаваць прасунутыя механізатары, на ўзроўні інжынера”.
Дарэчы, і для работнікаў сельгаспрадпрыемстваў занятак таксама знайшоўся, зразумела ж адпаведны іх сціплым здольнасцям: яны ўжо “забяспечваюць мехатрады жыллём, абедамі, палівам і аплачваюць працы”.
Аднафаміліца Аляксандра Лукашэнкі аказалася на трэцім месцы ў спаборніцтве маладых спецыялістаў Чавускага раёна.
Конкурс дзяўчат на званне лепшага спецыяліста адыходзячага года прайшоў у Чавусах. Сярод дзевяці ўдзельніц была Ангеліна Лукашэнка, урач агульнай практыкі раённай бальніцы.
Лепшыя дзяўчыны раёна распавядалі пра сябе, асабістыя дасягненні, першыя дні працы на першым працоўным месцы, спявалі, танчылі, чыталі вершы, паказвалі напісаныя імі карціны і чыталі вершы ўласнага сачынення.
Ангеліна Лукашэнка прадставіла гумарыстычны нумар, які ўразіў журы, але аказалася толькі на трэцім месцы.
Відавочна, лепшую дзяўчыну Чавус выбіралі сумленна, у адрозненне ад выбараў кіраўніка краіны.
Там Лукашэнка, апынаючыся на трэцім і наступных месцах, у выніку заўсёды выходзіў на першае. Напэўна таму, што журы ў выглядзе выбарчых камісій, у гэтым выпадку, асаблівай ролі не адыгрывала.
Будучы «мэрам» Бабруйска, чыноўнік вызначыўся актыўнасцю ў сацыяльных сетках.
Асабліва гучнай была адна заява. Яна вартая таго, каб прывесці тэкст даслоўна:
“лично я считаю необходимым всех работников органов государственного управления, принимавших участие в борьбе с красно-белой чумой (начиная с лета 2020 года), прировнять к ветеранам Великой Отечественной. Без ложной скромности заявляю, что я и мои коллеги совершили не меньший подвиг, чем наши деды и прадеды в борьбе с немецко-польским геноцидом нашего народа!”.
Ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Студнеў пакуль не стаў. Затое яго нахабнае і зневажальнае да высокага звання салдат Вялікай Айчыннай вайны выказванне пачулі «воіны святла» ў атачэнні Лукашэнкі.
Аляксандра Студнева паднялі да ўзроўню абласнога цэнтра, а потым – і да міністэрскага. Нягледзячы, нават, на тое, што чыноўніку тэрмінова патрэбная трэцяя вышэйшая адукацыя: пасля двух першых ён піша слова «приравнять» з граматычнай памылкай.
У Бабруйску, «прировненный» да міністра, Аляксандр Студнеў хутка разабраўся з падтапленнем падвала жылога дома і ценямі ад будынкаў у агародзе.
Падвал, як і чакалася, адрамантуюць праз год, а цені пакуль застануцца на ранейшых месцах.