На Магілёўшчыне сялянам забараняюць дакранацца да тэхнікі

Механізаваныя атрады на Магілёўшчыне дапамагаюць аграрыям-чыноўнікам вырашаць кадравую праблему – і цяпер яны падзялілі работнікаў на сяле на дурняў і разумных. Разумныя будуць ездзіць на тэхніцы, а дурныя іх карміць.

Больш чым сумнеўнае выказванне Лукашэнкі пра тое, што ў створаных ім калгасах не ўмеюць абыходзіцца з тэхнікай, чыноўнікі збяднелых рэгіёнаў Беларусі ўспрынялі як прамое даручэнне і перасталі давяраць тэхніку дурням з сельгаспрадпрыемстваў на месцах, зрабіўшы стаўку на цэнтралізаваныя механізаваныя атрады.

Такім чынам, дзякуючы мехатрадам, на Магілёўшчыне быццам бы вырашаныя праблемы: 

  • ААТ «Прывольны агра» Слаўгарадскага раёна, дзе “с техникой и механизаторскими кадрами было негусто”;
  • кадраў на вёсцы “з пункту гледжання эканомікі”;
  • граматнай лагістыкі і тэхналагічнай дысцыпліны, якія “гарантуюць рэнтабельнасць ураджаю”.

За малазразумелымі і вельмі агульнымі фармулёўкамі пра “пункты гледжання эканомікі” і “рэнтабельнасць ураджаю” стаяць даволі канкрэтныя дзеянні. Землі сельгаспрадпрыемстваў на раёнах перадаюцца механізаваным атрадам, якія ў выніку становяцца паўнапраўнымі гаспадарамі ўраджаю і працягваюць багацець за кошт знясіленых калгасаў.

Усё таму, што “на сучаснай тэхніцы павінны працаваць прасунутыя механізатары, на ўзроўні інжынера”.

Фактычна ўлады прызналі, што навучыць хоць нечаму вартага механізатараў з сельскай мясцовасці Магілёўшчыны, Гомельшчыны і Віцебшчыны немагчыма – нават з дапамогай ботаў, як гэта некалі рабіў галоўны аграрый краіны ў сваім саўгасе “Гарадзец”.

Дарэчы, і для работнікаў сельгаспрадпрыемстваў занятак таксама знайшоўся, зразумела ж адпаведны іх сціплым здольнасцям: яны ўжо “забяспечваюць мехатрады жыллём, абедамі, палівам і аплачваюць працы”.

Фота “Беларусь Сегодня”.