За значны ўнёсак. Клімавіцкую чыноўніцу ўзнагародзілі медалём

Начальніка аддзела статыстыкі Клімавіцкага раёна ўзнагародзілі медалём «За працоўныя заслугі».

Працоўныя заслугі начальніка аддзела статыстыкі Клімавіцкага раёна Рыты Дасюлі па заслугах ацаніў галоўны працаўнік Беларусі. Лукашэнка падпісаў указ аб узнагароджанні чыноўніцы, а медаль клімаўчанцы ўручыў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын.

Сярод мноства заслуг Дасюлі – дакладнасць інфармацыі па вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі сельскагаспадарчымі і іншымі арганізацыямі Клімавіччыны.

Нагода для заахвочвання, без слоў, важкая: Рыта Дасюля шмат гадоў працавала на розных пасадах, шчыра выконвала свае службовыя абавязкі і атрымлівала за гэта зарплату.

Адкрытым застаецца адно і тое ж пытанне: чаму ўсе, больш-менш значныя ўзнагароды ў Беларусі раздаюцца толькі чыноўнікам, а даяркам і механізатарам даводзіцца задавальняцца падачкамі ў выглядзе пахвальных артыкулаў у раённай прэсе?

Статыстыка – статыстыкай, але ж ці дыхаюць “пралетарыі разумовай працы” пылам на палях і стаяць па калена ў гразі на фермах?

Бо, калі па шчырасці, без гэтых людзей і статыстыкі ніякай бы не было.

Фота раённай газеты.

З ягадамі ў Магілёўскай вобласці ўсё ў парадку, а ў астатнім заняпад

Статыстыка паказвае: заняпад Магілёўшчыны ўжо не схаваць за лозунгамі.

Да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці статупраўленне Магілёўскай вобласці апублікавала цікавыя лічбы.

Сярэдні ўзрост работнікаў сельскагаспадарчай галіны Магілёўшчыны – 45,8 года.

У 2024 годзе сярод работнікаў галіны Магілёўскай вобласці 64,5 працэнта складалі мужчыны.

Узровень адукацыі аграрыяў выглядае так:

  • вышэйшую адукацыю маюць 13,4 працэнта работнікаў;
  • сярэднюю спецыяльную – 13,2 працэнта;
  • прафесійна-тэхнічную – 44,1 працэнта.

Вытворчасцю сельскагаспадарчай прадукцыі займаюцца:

  • сельгасарганізацыі – 78,9 працэнта;
  • асабістыя падсобныя гаспадаркі насельніцтва – 17,8 працэнта;
  • фермерскія гаспадаркі – 3,3 працэнта.

Намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата работнікаў сельскай гаспадаркі ў студзені-верасні 2025 года склала 1919,7 рубля, а ў работнікаў харчовай прамысловасці – 2400 рублёў.

Аб’ём вытворчасці асноўных відаў прадуктаў харчавання на душу насельніцтва склаў:

  • збожжа – 1001 кілаграм;
  • малака – 762 кілаграмы;
  • бульбы – 419 кілаграмаў;
  • яек – 375 штук;
  • гародніны – 235 кілаграмаў;
  • жывёлы і птушкі – 157 кілаграмаў;
  • пладоў і ягад – 55 кілаграмаў.

Прасцей кажучы, моладзь у вёску не ідзе, узровень адукацыі работнікаў сельскай гаспадаркі, нягледзячы на іх масіраваную падрыхтоўку, застаецца даволі нізкім, фермераў у Магілёўскай вобласці амаль што вынішчылі. Зарплата ў перапрацоўшчыкаў значна вышэйшая, чым у вытворцаў.

Затое на Магілёўшчыне ўсё яшчэ водзяцца ляшчы, ягады, грыбы. Што і трэба было даказаць.

Фота: “Магілёўскія ведамасці”.