Слаўгарадская ідылія: няма ні дарог, ні сапожніка

Слаўгарадскія ўлады даведаліся пра балючыя месцы вёскі. Месцы засталіся тымі ж, што і трыццаць гадоў таму.

У вёсцы Новая Слабада Слаўгарадскага раёна прайшоў сельскі сход, дзе жыхары і ўлады ў чарговы раз абмеркавалі тое, што гадамі не змяняецца: дарогі, пустазелле і старыя дрэвы, якія ніяк не спілоўваюцца. Размова атрымалася «прадметнай», але спіс праблем гучаў да болю знаёма.

Вяскоўцы паскардзіліся на разбітую дарогу, па якой дабрацца да суседніх населеных пунктаў можна хутчэй па памяці, чым па пакрыцці. 

Не лепшая сітуацыя і з участкамі, што зарастаюць пустазеллем, а сухастой тым часам ператвараецца ў патэнцыйную пагрозу пажараў. Старыя дрэвы таксама трымаюць інтрыгу: упадуць ці пачакаюць наступнай непагадзі.

На гэтым змрочным фоне дробнай выглядала яшчэ адна праблема: у горадзе няма сапожніка. Пры тым, што пры такіх дарогах попыт на яго паслугі, здавалася б, павінен быць стабільна высокім. Аднак жадаючых заняць вакансію пакуль не знайшлося, нягледзячы на шматлікія меры падтрымкі.

Фота районной газеты.

Глуск заблытаўся ў цытатах Лукашэнкі: аўтобус павінен хадзіць, але грошай няма

Узаемавыключальныя эканамічныя выкладкі Лукашэнкі заблыталі сельскі сход у Глускім раёне, дзе абмяркоўвалі пытанні аўтобусных зносін і вясковай лазні.

Старшыні глускага райвыканкама Аляксею Жураўлёву давялося аддувацца за трызненне, якое нясе самапрызначаны кіраўнік Беларусі.

Жураўлёў удзельнічаў у сельскім сходзе ў вёсцы Заволочыцы Глускага раёна. Калі ўзнялі пытанне пра перавозку людзей па маршруце Глуск-Бабруйск аўтобусамі бабруйскага філіяла аўтапарка №2 і маршруткай, высветлілася, што прыватнік запусціць маршрут у тэставым рэжыме і пралічыць яго эканамічную выгаду.

Ён будзе вазіць людзей з панядзелка па пятніцу, а аўтобус – па пятніцах, суботах і нядзелях.

Праблема ў тым, што людзям давядзецца апраўдваць чаканні маршрутчыка і часцей карыстацца транспартам. Інакш – ніякіх паездак не будзе.

І тут адзін з удзельнікаў сельскага сходу нагадаў старшыні райвыканкама словы Лукашэнкі пра тое, што аўтобус павінен хадзіць нават туды, дзе жыве адзін чалавек. Гэта прагучала як аргумент на карысць таго, што ўладам варта не чакаць рашэння прыватніка, а павялічыць колькасць рэйсаў дзяржаўнага аўтобуса.

Аляксею Жураўлёву давялося прывесці іншае выказванне Лукашэнкі – што лішніх грошай у дзяржавы няма. Адсюль выснова: аўтобусы дзяржаўнага прадпрыемства не збіраюцца вазіць паветра.

Падобная сітуацыя і з мясцовай лазняй – яе закрылі з-за эканамічнай немэтазгоднасці.

Сельскі сход нібыта «адзінагалосна» пагадзіўся з довадамі старшыні, але асадачак застаўся.

А як інакш? Эканоміка не слухае загадаў Лукашэнкі і пастаноў яго прадстаўнікоў на месцах. Таму і даводзіцца выкручвацца. Добра, што супярэчлівых выказванняў у Лукашэнкі хапае на ўсе выпадкі жыцця.

Фота раённай газеты “Радзіма”.