Магілёўскі фестываль са смакам моўнага калецтва

Магілёўскія ўлады анансавалі кулінарны фестываль, але яшчэ да таго, каб праславіць мясцовую кухню, яны перш наперш праславілі ўласную граматычную непісьменнасць. 

Тое, што з беларускай мовай у Беларусі вялікія праблемы, ні для каго не сакрэт. Беларускую мову цяжка пачуць, у прыватнасці, на магілёўскіх вуліцах. Часцей яе ўжываюць у розных назвах. Звычайна, такое рафінаванае, эпізадычнае беларускае слова можна сустрэць ад улад, калі яны хочуць падкрэсліць штосьці аўтэнтычнае. 

Вось і гэтым разам такое адбылося 9 чэрвеня, калі на сайце Магілёўскага гарвыканкама з’явілася абвестка, што з 24 чэрвеня па 6 ліпеня ў горадзе пройдзе кулінарны фестываль (цытата) “Пачастунак па-магілёўскі”. 

Калі б у тых, хто прыдумываў назву гэтага фестываля, былі б добрыя ацэнкі па беларускай мове ў школе, альбо настаўнікі беларускай мовы, якія яшчэ пакуль вучаць дзяцей гэтай знікаючай мове, не былі перш наперш зацікаўлены ў фальсіфікацыі галасаванняў, а імкнуліся б да распаўсюду пісьменнасці па-беларуску, то назва фестывала гучала б так: “Пачастунак па-магілёўску”.

“Па-магілёўскі” — гэта грубая моўная памылка, якой месца ў публічнай камунікацыі быць не павінна. Форма з суфіксам -скі — характэрная для рускай мовы (по-русски, по-могилевски), у беларускай жа мове ў такіх выпадках ужываецца суфікс -ску (па-беларуску, па-віцебску, па-гомельску). 

Варта адзначыць, што падобнае моўнае калецтва магілёўскіх улад праяўляецца не ўпершыню. Адзін з адносна нядаўніх (2017 года) прыкладаў – шыльда на Палацы культуры вобласці.

палац культуры

Скрыншот з сайта Магілёўскага гарвыканкама

Гісторык расказаў у Дудзя, як Манэргейма ледзь не забілі ў Магілёве

“Я стаю на тым самым пероне, дзе яшчэ не высахла кроў майго галоўнакамандуючага” – напісаў пра перабыванне ў Магілёве нацыянальны герой Фінляндыі Карл Густаў Манэргейм.

На канале Юрыя Дудзя выйшаў ролік з гісторыкам і вядучым падкаста “Закат империи” Андрэем Аксёнавым. У ім расійскі гісторык расказаў пра эпізод, калі ў Магілёве, на чыгуначным вакзале ледзь не абарвалося жыццё вайскоўца рускай арміі, падданага Вялікага княства Фінляндскага Карла Густава Манэргейма.

На момант Кастрычніцкай рэвалюцыі Манэргейм быў у Адэсе, з’яўляючыся  генерал-лейтэнантам рускай арміі, што ўдзельнічаў у Першай Сусветнай вайне. Лютаўскую рэвалюцыю, якая адбылася напярэдадні і пераследвала ідэі дэмакратызацыі грамадства, Карл Густаў Манэргейм сустрэў з натхненнем. Рэвалюцыя ж бальшавікоў выклікала ў яго непрыняцце і фінскі военачальнік першым часам імкнуўся аб’яднаць людзей дзеля супраціўлення Чырвонай арміі. Аднак, да свайго вялікага здзіўлення і расчаравання, сярод атачэння ён пераважна сустэў толькі скаргі на немагчымасць супрацьстаяць бальшавікам.

Будучы падданым Вялікага княства Фінляндскага, якое ў гэты час якраз абвясціла пра сваю незалежнасць, Манэргейм вырашыў вяртацца на радзіму. Шлях яго праходзіў па чыгунцы, праз горад Магілёў, дзе ў гэты час размяшчалася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандавання. 

У час падарожжа Манэргейма якраз адбыліся самыя драматычныя падзеі ў гісторыі Стаўкі. Сюды прыбыў прапаршчык Крыленка, прызначаны бальшавікамі ў якасці новага галоўнакамандуючага. Папярэдняга кіраўніка Стаўкі, генерала Духоніна, рэвалюцыйныя матросы забілі на пероне магілёўскага чыгуначнага вакзала, калі ён прыйшоў з візітам да Крыленкі. духонін забойства

Забойства Духоніна – панарама ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі“Я стаю на тым самым пероне, дзе яшчэ не высахла кроў майго галоўнакамандуючага” – прыводзіць успаміны Манэргейма Андрэй Аксёнаў. І вакол будучага фінскага нацыянальнага героя ў гэты час было шмат рэвалюцыйных салдат, якія маглі ў любы момант паўтарыць з ім тое, што было зроблена з Духоніным. “А ён – гвардзейскі афіцэр, у яго выпраўка.” – тлумачыць пагрозу гісторык – “І яго могуць проста за гэта забіць. І там было некалькі момантаў, калі ён знаходзіцца літаральна на грані таго, што яго заб’юць”.

Фота: mannerheim-museo.fi

У магілёўскім Сараканайску пракуратура выкапала косці ахвяр Халакосту ды так і пакінула

Верагодна, у хуткім часе сюды пачнуць прыводзіць школьнікаў, як у музей пад адкрытым небам, і расказваць пра “генацыд беларускага народа”.

Карыстальнік папулярнай суполкі ў Facebook “Магілёў – горад, які быў…” Сяргей Шышкоў апублікаваў фотаздымкі з раскопак у лясным масіве ў Сараканайску – гэта прыватны сектар на заходняй ускраіне абласнога цэнтра, каля Казіміраўкі. На здымках бачна, што раскапаная была вялікая траншэя, даўжынёй у некалькі дзясяткаў метраў. На дне траншэі – рэшткі чалавечых ахвяр. На гэты момант чалавечыя косці так і застаюцца ляжаць пад адкрытым небам, а тэрыторыя раскопак агароджаная засцерагальнай стужкай.

Сараканайск

Гэты лес – месца масавых растрэлаў яўрэяў у 1941 годзе, таму, найбольш верагодна, што гэтае месца якраз ёсць брацкай магілай ахвяр Халакосту. Больш дакладна гэта можна будзе высветліць па прадметным шэрагу, што суправаджае пахаванне. Рэшткі вопраткі, абутку, асабістыя рэчы могуць даць інфармацыю пра дакладны час пахавання, і нават пра нацыянальны склад ахвяр. 

Сараканайск косці

Аднак, прадбачым, што па нядаўняй беларускай традыцыі, месца смутку і жалобы ператворыцца ў інструмент ідэалагічнай апрацоўкі насельніцтва. Сюды, відаць, ужо ў хуткім часе пачнуць вадзіць школьнікаў, каб расказаць ім пра “генацыд беларускага народа” падчас Другой Сусветнай вайны, ігнаруючы тэму Халакосту – як гэта ўжо робіцца ў Палыкавічах.

Фота: “Магілёў – горад, які быў…”

Былому магілёўскаму палітвязню паведамілі аб спыненні яго адміністрацыйнай справы

Экс-палітвязень з Магілёва Валянцін Лабачоў паведаміў аб спыненні ў адносінах да яго адміністрацыйнай справы, датычнай парушэння заканадаўства аб замежнай бязвыплатнай дапамозе.

Пра спыненне справы Лабачоў паведаміў у Фэйсбуку, размясціўшы фотаздымак з ліста з Ленінскага РУУС Магілёва за подпісам Аляксандра Пушына, і суправадзіўшы пытаннем “Сябры,як вам такі прышпіл?”.

Згодна паведамленню з міліцыі, пастанова аб спыненні справы аб адміністрацыйным правапарушэнні вынесена па заканчэнні падрыхтоўкі справы да разгляду.

Валянцін Лабачоў, грамадскі і палітычны актывіст, быў асуджаны на 1 год і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму паводле ч. 2 арт. 368 Крымінальнага кодэксу (абраза Лукашэнкі).

Як паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”, магілёвец у чэрвені 2020 года размясціў карцінку ў адным з забароненых тэлеграм-каналаў з надпісам, які насіў, на думку дзяржаўнага абвінавачвання, абразлівы характар у адрас Аляксандра Лукашэнкі. Падчас працэсу высветлілася, што лінгвістычная экспертыза неадназначна расцаніла надпіс на малюнку і не палічыла, што ён непасрэдна абражае гонар і годнасць Лукашэнкі.

23 сакавіка 2022 г. МУС уключыў яго ў спіс “грамадзянаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці”. Палітвязень утрымліваўся ў турме №4. Адбываў пакаранне ў наваполацкай калоніі №1. Валянцін выйшаў на волю 17 лютага 2023 г. Зараз жыве ў Польшчы ў статусе палітычнага ўцекача.

Фота: Праваабарончы цэнтр “Вясна”

З’явілася 3D-рэканструкцыя магілёўскай Алейнай брамы

З тым, як магла выглядаць Алейная брама ў Магілёве, цяпер можна пазнаёміцца праз яе 3D-рэканструкцыю.

Як паведамляе тэлеграм-канал “Спадчына”, 3D-рэканструкцыю пабудовы XVII стагоддзя зрабіў яго падпісчык.

Для таго, каб пабачыць аб’ёмную выяву, якую можна да таго ж пакруціць у розныя бакі, трэба зайсці на сайт “Алейная брама ў AR”.

Алейная брама ў Магілёве была збудавана ў 1646 годзе. Назву атрымала ад дзвюх крам, якія прылягалі да яе, і дзе гандлявалі ільняным і канапляным алеем. Брама ўяўляла сабой квадратнае ў плане масіўнае 3-х яруснае збудаванне: на першым ярусе была ўязная арка, на другім – каплічка з вузкімі вокнамі, на трэцім – байніцы.

алейная брама
Алейная брама на акварэлі Юзафа Пешкі, канец XVIII стагоддзя

Брама знаходзілася ў земляным вале пры ўездзе на рыначную плошчу горада з боку Дняпра. Твор архітэктуры рэнэсансу. У першай палове XIX стагоддзя ўлады Расійскай імперыі зруйнавалі браму.

брама магілёў
Алейная брама на акварэлі Мікалая Львова, канец XVIII ст.

Загалоўнае фота: скрын з сайта “Алейная брама ў AR”.

Узламалі “Сіламер” – а магілёўцы абураны несправядлівай гульнёй, а не крадзяжом

У Магілёве ўламалі гульнявы апарат і скралі адтуль грошы. Аднак негатыўная рэакцыя некаторых магілёўцаў аказалася скіравана на ўладальніках такіх апаратаў, а не на ўзломшчыкаў.

3 чэрвеня 2025 года, як паведаміў тэлеграм-канал магілёўскай міліцыі, у Ленінскі РУУС звярнуўся прадстаўнік адной з арганізацый горада, які распавёў, што было выкрадзена каля 1 300 рублёў. Аказалася, што да здарэння датычныя два прыяцелі: раней судзімыя 27-гадовы і 25-гадовы мясцовыя жыхары. Маладыя людзі мелі патрэбу ў грашах і вырашылі такім хутка падзарабіць. 

“Яны прыйшлі ў гандлёвы цэнтр, узламалі гульнявы апарат “Сіламер” і забралі з яго ўсе грошы, якія пасля патрацілі на асабістыя патрэбы. У дачыненні да фігурантаў следчымі распачатая крымінальная справа” – гаворыцца ў паведамленні.

Аднак рэакцыя некаторых магілёўцаў не была такой, якой, пэўна, чакалі ў міліцыі. Адзін з карыстальнікаў Фэйсбука ў групе “Могилев Live” задаўся пытаннем, калі пачнуць прыцягваць да адказнасці ўладальнікаў падобных апаратаў за махлярства.

“Колькі дзіцячых слёз праліта, пасля таго як дзіця ўкінуў манету і нічога не адбываецца. А тэлефоны тэхпадтрымкі ніколі ніхто не падымае. Хто праверыць наладу апаратаў, дзе нібыта можна выйграць каштоўныя прызы калі своечасова націснеш кнопку? Бо яны першапачаткова настроены на пройгрыш” – напісаў карыстальнік пад нікам Павел Струновіч.

Фота з адкрытых крыніц

У Магілёве стварылі мабільныя групы для кантролю за скошваннем травы

Падрослая трава дала магілёўскім чыноўнікам новую нагоду для імітацыі бурлівай дзейнасці, бо цяпер можна стварыць спецыяльныя мабільныя групы для кантролю за гэтым працэсам.

Старшыня гарвыканкама Сяргей Чарткоў сабраў 3 чэрвеня 2025 года камунальнікаў, каб нагадаць: добраўпарадкаванне — справа сур’ёзная, хоць і не заўсёды патрабуе вялікіх капіталаўкладанняў, піша набліжаны да ўладаў горада тэлеграм-канал “Магілёў — мой горад”.

Асаблівы акцэнт зрабілі на скошванні травы, якое раптам стала справай дзяржаўнай важнасці. Недастаткова проста падстрыгчы газоны — цяпер за гэтым будуць сачыць мабільныя групы, створаныя ў Ленінскім і Кастрычніцкім раёнах. Магчыма, наступным крокам стане з’яўленне “спецыялістаў” па вымярэнні даўжыні травінак.

Мабільныя групы — гэта спецатрады паказнога клопату, якія патрулююць двары ў пошуках кустоў і газонаў, што ўхіляюцца ад добраўпарадкавання.

Працэс, безумоўна, важны. Асабліва калі трэба імітаваць актыўную дзейнасць без лішніх выдаткаў. Менавіта так выглядае сапраўдны магілёўскі падыход: калі не істотна, каб стала лепш — галоўнае, каб выглядала, быццам нехта заняты. І асабліва важна адлюстраваць гэта ў мясцовай прэсе — з 4 чэрвеня ў склад адной з мабільных груп увайдуць журналісты “Весніка Магілёва”.

Фотаздымак: “Магілёў — мой горад”

Старшыня Цэнтрвыбаркама заклікаў магілёўскіх студэнтаў чытаць савецкія кнігі

Прафесар Праабражэнскі ў “Сабачым сэрцы” не раіў звяртаць увагу на савецкае друкаванае слова. Старшыні ЦВК Ігару Карпенку бліжэй пазіцыя іншага персанажа – камуністычнага актывіста Швондзера.

На мінулым тыдні ў Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Куляшова прыехаў старшыня Цэнтрвыбаркама, былы лідэр Кампартыі Беларусі Ігар Карпенка. Згодна з інфармацыяй на сайце Магілёўскага абвыканкама, гэта была інфармацыйная сустрэча. 

“Мерапрыемства прайшло ў фармаце дыялогу, і студэнты змаглі задаць пытанні Ігару Васільевічу, якія іх цікавілі. У ходзе абмеркавання былі ўзняты такія тэмы, як ўзрослая цікавасць маладога пакалення да палітыкі, дзейнасць ЦВК па-за электаральнай кампаніяй, важнасць вывучэння гісторыі. Таксама было абмеркавана пытанне грамадзянскай адказнасці моладзі. Напрыканцы сустрэчы старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі парэкамендаваў некалькі кніг, абавязковых для чытання, сярод якіх “Маладая гвардыя” і “Як гартавалася сталь” – гаворыцца ў паведамленні.

Як піша Mayday, на сустрэчу нагналі студэнтаў і выкладчыкаў, прычым некаторым навучэнца паручылі задаць патрэбныя пытанні. Сярод іх, зразумела, не магло быць такіх, чаму абавязковым для прачытання павінна быць савецкая прапагандысцкая літаратура, а не напрыклад “Сабачае сэрца” Булгакава, якое добра адлюстроўвала рэчаіснасць часоў усталявання савецкай улады. Магчыма таму, што такі камічны персанаж як камуністычны актывіст Швондзер і цяперашні глава беларускага ЦВК Ігар Карпенка маюць аднолькавы светапогляд, а прафесар Праабражэнскі раіў не чытаць савецкіх газет.

Фота: сайт Магілёўскага аблвыканкама

Ураджэнку Магілёва асудзілі за “заклікі да санкцый”

30-гадовую Лідзію Гарохаву, якая займалася касплэем і працавала ў Менску, асудзілі за нібыта «заклікі да прычынення шкоды Рэспубліцы Беларусь».

Лідзія родам з Магілёва, вучылася ў ліцэі №1 на філалагічным профілі скончыла яго ў 2011 годзе. Пра гэта паведамляе “Наша ніва”.

Потым дзяўчына пераехала ў Мінск, дзе ў ў Вышэйшым дзяржаўным каледжы сувязі (цяпер — Беларуская дзяржаўная акадэмія сувязі) атрымала спецыяльнасці тэхніка паштовай сувязі і маркетолага-эканаміста. Пасля яшчэ завочна адвучылася на эканаміста. Працавала менеджарам па продажах, у вольны час захаплялася касплэем, малявала і актыўна вяла сацсеткі, дзе публікавала свае вобразы і творы.

Прысуд быў вынесены ў траўні 2025 года, а 30 траўня імя Лідзіі Гарохавай уключылі ў афіцыйны спіс так званых «экстрэмістаў». Змест абвінавачванняў не раскрываецца, бо суд праходзіў без публічнасці. Па інкрымінаваным артыкуле (ч. 3 ст. 361 КК РБ) жанчыне пагражала ад 4 да 12 гадоў зняволення. Дакладны тэрмін не агалошваецца, але вядома, што яна ўжо знаходзіцца ў калоніі. 

На гэты момант імя жанчыны адсутнічае ў спісе палітзняволеных.

Фота: “Наша Ніва”

У Магілёве судзяць замежнага “мастака” за надпісы на будынках – здагадайцеся, якія

У Магілёве перад судом паўстане 26-гадовы замежны грамадзянін, які распаўсюджваў на сценах рэкламу інтэрнэт-крамы наркотыкаў. Абвінавачанне засяроджана, аднак, яшчэ і на шкодзе, нанесенай маёмасці і грамадскаму выгляду горада.

Пракуратура Магілёва накіравала ў суд крымінальную справу супраць 26-гадовага замежнага грамадзяніна. Яму інкрымінуецца псаванне маёмасці ў грамадскіх месцах.

Устаноўлена, што ў снежні 2024 года абвінавачваны атрымаў аплачанае заданне – наносіць надпісы з рэкламай інтэрнэт-крамы, дзе незаконна прадаюцца наркатычныя рэчывы і псіхатропныя сродкі.

У Кастрычніцкім раёне горада ён выкарыстаў 27 аэразольных балонаў з фарбамі розных колераў, каб нанесці рэкламныя надпісы на агароджы чатырох прадпрыемстваў і ўстаноў.

Такія дзеянні абумовілі зніжэнне эстэтычных характарыстык аб’ектаў і неабходнасць правядзення аднаўленчых работ. Урон, нанесены злачынствам, склаў больш за 340 рублёў, паведамляе служба інфармацыі пракуратуры Магілёўскай вобласці.

Праваахоўнікі затрымалі абвінавачанага на месцы здзяйснення злачынства. Сваю віну ён прызнаў у поўным аб’ёме і кампенсаваў нанесеную шкоду, аднак мера стрымання – заключэнне пад варту – пакінута пракурорам без змен.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крынiц.