Выхадзец з Магілёва выдаў навагодні нумар украінамоўнай газеты “Вісник”

Выхадзец з Магілёва Юрась Дзегцяроў выдае незалежную газету для ўкраінцаў. Надоечы выйшаў чарговы, гэтым разам пераднавагодні нумар.

“Наш зямляк з Магілёва, які жыве і валанцёрыць ва Украіне, выпускае незалежную газету для ўкраінцаў. У кожным выпуску ён асвятляе важныя падзеі ў Беларусі, што асабліва актуальна ў цяперашняй сітуацыі, калі рэжым Лукашэнкі актыўна падтрымлівае агрэсію супраць Украіны. Газета ў тым ліку рассылаецца ў дзяржаўныя органы і СМІ Украіны” – паведамляе тэлеграм-канал “Празрысты Магілёў”.

Паводле выходных дадзеных, гэтае каляровае выданне з’яўляецца органам ініцыятывы “Цэнтр супрацы беларусаў і ўкраінцаў”. Яе заснавалі беларускія і ўкраінскія актывісты і валанцёры. “Вісник” распаўсюджваецца бясплатна.

У новым 44-45 нумары на 16 старонках, сярод іншага, змешчаны расповяд камандзіра аднаго з падраздзяленняў Беларускага дабраахвотніцкага корпуса, асобных беларускіх дабраахвотнікаў ва Украіне, беларускай актывісткі з Кіева Ірыны Лукашэнка. Ёсць інфармацыя пра палітычны пераслед і рэпрэсіі ў Беларусі, у прыватнасці пра асуджэнне дзвюх магіляўчанак – Марыну Храмцову і Аляксандру Дуброўскую. Таксама апублікаваны звесткі пра гістарычныя падзеі, іншая інфармацыя.

Свежы нумар можна спампаваць тут.

Фотаздымак: “Вісник”

Былога фігуранта справы “Белага легіёну” змясцілі ў Магілёўскую турму

Былы фігурант справы “Белага легіёну” Сяргей Стрыбульскі затрыманы ў рамках крымінальнай справы. Цяпер ён у Магілёўскай турме.

Пра затрыманне Стрыбульскага ў рамках нейкай крымінальнай справы паведаміла выданню “Позірк” абазнаная крыніца. Паводлі яе, мужчыну затрымалі яшчэ 14 лістапада, ён адсядзеў два адміністрацыйных тэрміны, а з 12 снежня яго затрымалі па крымінальнай справе.

Паводле звестак крыніцы, цяпер Стрыбульскі знаходзіцца ў СІЗА турмы №4 у Магілёве. Яму, імаверна, выстаўленае абвінавачання паводле ч. 1 арт. 3614 КК (вярбоўка, іншае ўцягванне асобы ў экстрэмісцкую дзейнасць, навучанне, а таксама іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

У 2017 годзе Стрыбульскага затрымлівалі ў рамках гучнай справы “Белага легіёну”. Ён быў вызвалены пасля 99 дзён за кратамі. Тады справу закрылі праз адсутнасць складу злачынства.

Мужчына таксама быў затрыманы ўвосені 2021 года, тады ў яго канфіскавалі тэхніку і “пратэстную сімволіку”.

У 2022 годзе, паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра “Вясна”, Стрыбульскага затрымалі 23 сакавіка незадоўга да Дня Волі. На наступны дзень пасля затрымання ён быў арыштаваны на 15 сутак. Пасля мужчына распавёў сябрам, што пры затрыманні яго збівалі і фактычна катавалі токам.

Фотаздымак: Радыё Свабода

Бабруйчанін хацеў бачыць раку. Вось як адрэагаваў пракурор

І вярба ломкая, і вольха чорная. Усё пусціў пад сякеру бабруйчанін, які купіў участак у Светлагорскім раёне.

Светлагорскаму раённаму аддзелу Следчага камітэта давялося займацца абставінамі незаконнай высечкі дрэў у вёсцы Васілеўка на тэрыторыі, што прымыкае да прыватнага домаўладання.

Гэты ўчастак набыў бабруйчанін, які доўгі час жыў і працаваў у Расіі і падышоў да добраўпарадкавання сваіх уладанняў з нядрэннай дзелавой хваткай і чыста расійскім самаўпраўствам.

Ён наняў брыгаду для зносу старых пабудоў і ўзвядзення новых, а таксама вырашыў добраўпарадкаваць тэрыторыю за межамі свайго ўчастка – зрабіць газон, пляж і прычал.

Васілеўка яшчэ не бачыла такіх гаспадарчых падыходаў і феадальных замашак.

Новы ўласнік аддаў загад спілаваць усе дрэвы ад плота дома да берага ракі, хаця гэта тэрыторыя адносіцца да зямель агульнага карыстання і СУП «Міхайлаўскае-агра». У выніку было знішчана 186 дрэў розных парод (вярба ломкая, вольха чорная, клён ясенелістны, груша, дуб). Шкода, нанесеная навакольнаму асяроддзю, склала 12 975 рублёў.

Улічваючы, што гэта першае злачынства 45-гадовага бабруйчаніна, якое не нясе вялікай грамадскай небяспекі, а таксама добраахвотнае кампенсаванне шкоды і шчырае раскаянне, пракурор дазволіў спыніць крымінальную справу і прыцягнуць вінаватага толькі да адміністрацыйнай адказнасці – штрафу.

Фота ведамаснага сайта Следчага камітэта.

Дзень у гісторыі. 21 снежня. Нарадзіліся Зан, Ракасоўскі, Чыгрынаў, Аладаў і Сталін

Карачун. Дзень паганскага ўшанавання Карачуна (Чарнабога). 

Прыпадае на дзень зімовага сонцавароту – самы кароткі дзень у годзе і адзін з самых халодных дзён зімы, у які, паводле павер’яў, і лютуе Карачун. 

Карачун – боства смерці, падземны бог, загадвае зімой і маразамі і кароціць светлы час сутак. Слугі грознага Карачуна – мядзведзі-шатуны, якія абарочваюцца ў бураны, і завеі-ваўкі. Лічылася, што па мядзведжаму жаданню і зіма сцюдзёная доўжыцца: павернецца мядзведзь у сваім бярлогу на іншы бок, значыць, і зіме роўна палову шляху да вясны прайсці засталося. Адсюль і прымаўка: “На Сонцавароце мядзведзь у бярлозе паварочваецца з аднаго боку на другі”. 

У народзе паняцце “карачун” у сэнсе пагібелі, смерці выкарыстоўваецца да гэтага часу. Кажуць, напрыклад: “прыйшоў яму карачун”, “чакай карачуна”, “задаць карачуна”, “хапіў карачун”.

Паступова ў народнай свядомасці Карачун зблізіўся з Марозам, які скоўвае сцюжай зямлю, нібы апускаючы яе ў смяротны сон. Але Мароз – проста валадар зімовых халадоў і больш бяскрыўдны вобраз, чым суровы Карачун.

Чорнабог

1796 год. Нарадзіўся Тамаш Зан

Беларускі і польскі паэт-рамантык, удзельнік рэвалюцыйнага руху, даследчык прыроды, музеязнавец.

Даследчык прыродных багаццяў Урала, вынаходнік залатых радовішчаў, аўтар карты Прыўральскага краю, справаздачаў для геаграфічнага таварыства. 

Адзін са стваральнікаў таварыства філаматаў, філарэтаў, сябра А. Міцкевіча, Я. Чачота, І. Дамейкі. 

Яго імя носяць гара на Паўднёвым Урале, вуліца ў  Гродне.

Памёр 19 ліпеня 1855 года.

Томаш Зан

1804 год. Прыняты Закон аб габрэях, якім нададзена свабода веравызнання, але вызначана мяжа аселасці ў заходніх губерніях Расійскай імперыі. 

Габрэі маглі жыць толькі на пэўнай тэрыторыі ў 1 224 008 км² – значнай частцы Царства Польскага, Літвы, Беларусі, Бесарабіі, Латгаліі, якая была часткай Віцебскай губерні, а таксама частцы тэрыторыі сучаснай Украіны, якая адпавядае паўднёвым губерніям Расійскай імперыі, у Астраханскай і Каўказскай губерніях (да 1835 года). 

Паводле закона загадвалася ўсім габрэям запісвацца ў адзін з “станаў”: земляробаў, фабрыкантаў і рамеснікаў, купецтва, мяшчанства.

Фота: карта губерняў, якія ўвайшлі ў мяжу аселасці габрэяў.

рыса аседласці

1879 год. Нарадзіўся Іосіф Сталін

Савецкі палітычны і дзяржаўны дзеяч. Генеральны сакратар ЦК Усесаюзнай камуністычнай партыі (з 1922), кіраўнік савецкага ўрада, генералісімус. 

Сталін ствараў магутны культ ўласнай асобы і займаўся гэтым як прыярытэтнай тэмай усе гады свайго кіравання. 

Культ ствараўся шляхам правак біяграфіі, знішчэння сведкаў, стварэння новых падручнікаў, умяшання ў любыя навукі, мастацтва і культуру. Ідэя культу заключалася ў тым, каб увесь савецкі народ ўсім быў абавязаны партыі, дзяржаве і правадыру. І адным з аспектаў гэтай сістэмы «падарункаў» з’яўлялася неабходнасць выразы падзякі Сталіну, напрыклад, за сацыяльныя паслугі і наогул за ўсё, што ў цябе ёсць.

Памёр  5 сакавіка  1953 года.

Культ Сталіна развенчаны на ХХ з’ездзе КПСС (1956).

Іосіф Сталін

1890 год. Нарадзіўся Мікалай Аладаў

Беларускі кампазітар. Народны артыст БССР.

Скончыў Пецярбургскю кансерваторыю. Выкладаў у Дзяржаўным інстытуце музычнай культуры ў Маскве, Саратаўскай кансерваторыі, суарганізатар Беларускай кансерваторыі (1924), яе рэктар, прафесар. Член Беларускай песеннай камісіі.

Адзін з заснавальнікаў сімфанічнага, кантатнага, харавога, камерна-інструментальнага і камерна-вакальнага жанраў беларускай музыкі. Аўтар опер, кантаты «Над ракой Арэсай», дзесяці сімфоній, вакальных цыклаў на вершы Я. Купалы, М. Багдановіча, М. Танка, іншых музычных твораў.

Яго імем названа музычная школа ў Мінску. Усталявана мемарыяльная дошка.

Памёр 4 лютага 1972 года.

Мікалай Аладаў

1896 год. У беларускіх Целяханах нарадзіўся Канстанцін Ракасоўскі

Савецкі военачальнік, адзіны ў гісторыі маршал двух краін – СССР і Польшчы. Двойчы Герой Савецкага Саюза. Кавалер Ордэна Перамогі, вышэйшых узнагарод СССР, Польшчы, Францыі, Вялікабрытаніі, ЗША і іншых краін.

Са шляхецкага роду герба Гляўбіч або Окша. Герой Першай і Другой Сусветных, грамадзянскай войн. Георгіеўскі кавалер.

З кастрычніка 1917 года ў Чырвонай Арміі. У 1937-1940 гадах быў у турме пад следствам па абвінавачванні ў сувязях з польскай і японскай разведкамі.

Вялікую Айчынную вайну сустрэў камандзірам 9 механізаванага корпуса, генерал-маёрам. Камандаваў 4-й, 16-й  арміямі Заходняга фронту. Удзельнік абароны Масквы, Сталінградскай, Курскай бітваў, вызвалення Беларусі (правёў Бабруйскую, Мінскую і Люблін-Брэсцкую аперацыі), Польшчы, Берлінскай аперацыі, камандаваў Бранскім, Данскім, Цэнтральным, 1-м, 2-м Беларускімі франтамі.

Камандуючы Парадам Перамогі ў Маскве (24 чэрвеня 1945 года). Міністр нацыянальнай абароны Польшчы (1949-1956), стваральнік польскай арміі, намеснік старшыні Савета Міністраў Польшчы.

Памёр 3 жніўня 1968 года. Урна з прахам пахаваная ў Крамлёўскай сцяне.

У гонар маршала ўстаноўлены помнікі у Маскве,  Валгаградзе і яшчэ 9 гарадах Расіі, каля польскага горада Лягніца, названы вуліцы, плошчы ў многіх гарадах Расіі (36), Беларусі (12, у тым ліку ў Бабруйску, Мінску), Украіны (8).

У Польшчы перайменавана былая нямецкая вёска Рогзаў у Ракасова, у горадзе Кашалін яго імя носіць раён.

Канстанцін Ракасоўскі

1902 год. Прыём у эксплуатацыю чыгуначнай станцыі Магілёў I

З 19 па 21 снежня 1902 г. спецыяльная камісія пад старшынствам старшага інжынера В. Панова аглядала і прымала ў эксплуатацыю новую станцыю на лініі Віцебск – Жлобін у Магілёве.

Магілёў І

1913 год. Упершыню надрукавана крыжаванка. 

З’явілася ў газеце “New York World”  за аўтарствам Артура Уіна. 

Мела ромбападобную форму і не мела звыклых нам пустых клетак – словы чыталіся як па вертыкалі, так і па гарызанталі. Поспех крыжаванкі быў ашаламляльным. Чытачы засыпалі рэдакцыю варыянтамі новай галаваломкі. 

У 1923 годзе ў ЗША тыражом у 750 тысяч экземпляраў выйшаў першы зборнік крыжаванак, а праз год першая “еўрапейская” крыжаванка выйшла ў адной з лонданскіх газет. 

Даследчыкам сустракаліся знаходкі, падобныя на крыжаванку, датаваныя яшчэ I-IV стагоддзямі на нашай эры. У прыватнасці, падчас раскопак у Пампеях, была выяўлена галаваломка, якая дзіўна нагадвае сучасную крыжаванку. Датуецца  79 годам н. э.

первый кроссворд

1918 год. У Гродна ў складзе літоўскіх узброеных сіл створаны Першы беларускі полк.

Першыя камандзіры палка – палкоўнікі М. Лаўрэнцьеў, К. Езавітаў. 

Меў 1057 чалавек, у тым ліку 600 стралкоў, батальён пры гарадской камендатуры, кавалерыйскі эскадрон, кулямётны ўзвод, узвод грэнадзёраў. 

Служылі беларусы, рускія, літоўцы, фарміравалася  яўрэйская нацыянальная рота.

Да мундзіра беларусы прыладжвалі бела-чырвона-белыя стужкі ў колер беларускага нацыянальнага сцяга

Фота: Кавалерыя Першага беларускага палка каля камендатуры Гродна.

Першы беларускі полк

1934 год. У в. Вялікі Бор  Касцюковіцкага раёна нарадзіўся Іван Чыгрынаў

Беларускі пісьменнік, драматург, перакладчык, публіцыст. Народны пісьменнік.

Працаваў у газеце «Прыпяцкая праўда», у выдавецтве Акадэміі Навук, часопісе «Полымя»,  сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў, старшынёй праўлення Беларускага фонду культуры, галоўным рэдактарам часопіса «Спадчына».

Член Дзяржаўнай камісіі па расследванні злачынстваў у Курапатах.

Аўтар вершаў, кніг апавяданняў і аповесцей, п’ес,  пенталогіі раманаў: «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужыя», «Вяртанне да віны», «Не ўсе мы згінем» (1996).

Адзін з аўтараў сцэнарыя шматсерыйнага тэлевізійнага фільма «Руіны страляюць…» (пастаўлены ў 1973).

Пераклаў з рускай мовы «Аптымістычную трагедыю» У. Вішнеўскага.

Памёр 5 студзеня 1996 года.

У яго гонар на будынку СШ № 6 г. Магілёва ўстаноўлена мемарыяльная дошка.

Іван Чыгрынаў

1979 год. Нарадзіўся Вадзім Махнеў

Беларускі вясляр. 

На Летніх Алімпійскіх гульнях 2004 у Афінах атрымаў бронзавы медаль у дыстанцыі 2500 м у каяку сярод мужчын у пары з Раманам Петрушэнкам.

На Летніх Алімпійскіх гульнях 2008 у Пекіне заваяваў залаты медаль у дыстанцыі 1000 м у каяку сярод мужчын у чацвёрцы з Р. Петрушэнкам, А. Абалмасавым і А.Літвінчуком, а таксама бронзавы медаль у дыстанцыі 2500 м у каяку сярод мужчын у пары з Р.Петрушэнкам.

Вадзім Махнеў

1981 год. Пайшоў з жыцця  Міхаіл Забэйда-Суміцкі

Беларускі спявак, педагог.

Кар’еру пачаў у Харбінскай оперы. Выступаў у Міланскай оперы, «Ла Скала», актыўна гастраляваў па гарадах Заходняй Беларусі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Чэхаславакіі, Германіі.

Не жадаў называць сябе вялікім польскім спеваком, прызнаючы толькі адно права – звацца беларускім. Запісаў грампласцінкі з апрацоўкамі беларускіх народных песень. У 1963 годзе даў аншлагавыя канцэрты ў шматлікіх гарадах БССР, у тым ліку ў Магілеве.

Пахаваны на пражскіх Ольшанскіх могілках.

У яго гонар названа вуліца ў Маладзечне.

Зубэйда-Суміцкі

1991 год. Кіраўнікі 11 былых савецкіх рэспублік у Алма-Аце прынялі Дэкларацыю аб утварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Спыненне існавання СССР. 

На першай сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў СНД, якая прайшла 30 снежня 1991 года ў Мінску, было падпісана «Часовае пагадненне аб Савеце кіраўнікоў дзяржаў і Савеце кіраўнікоў урадаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў», паводле якога засноўваўся вышэйшы орган арганізацыі — Савет кіраўнікоў дзяржаў. У далейшым у сталіцы Беларусі размясціліся каардынуючыя органы СНД.

Арганізацыйны этап стварэння СНД завяршыўся ў 1993, каля 22 студзеня ў Мінску быў прыняты «Статут Садружнасці Незалежных Дзяржаў» – асноватворны дакумент арганізацыі.

Стварэнне СНД

2012 год. Апошні дзень календара майя. 

Калі б не была гэтая індзейская цывілізацыя знішчана еўрапейцамі, яны растлумачылі б, чаму цыклічнасць створанага імі календара ніяк не звязана з канцом свету.

каляндар майя

Магілёўскіх беспрацоўных прымусілі прыбіраць тэрыторыю дзіцячага садка

Дармовая рабочая сіла беспрацоўных была выкарыстана гэтым разам для ўборкі тэрыторыі дзіцячага садка.

У Кастрычніцкі РАУС Магілёва выклікалі дзве катэгорыі людзей: непрацуючых грамадзян і грамадзян, якія знаходзяцца на разнастайным уліку ў гэтым райаддзеле. Афіцыяльная прычына – правядзенне так званага прафілактычнага мерапрыемства. Для большага пускання пылу ў вочы нават запрасілі прадстаўнікоў з упраўлення па занятасці, Цэнтра псіхіятрыі і наркалогіі, а таксама ратавальнікаў.

Пагаварыўшы на тэму шкоды алкаголя, беспрацоўных, якія цяпер у Беларусі называюцца незанятымі ў эканоміцы, прымусілі прыбраць тэрыторыю дзіцячага садка. Іх дармовую працу міліцыянты ахарактаразавалі як “аказалі садзейнічанне ДУА «Дзіцячы садок № 47»”. Цікава, што няма інфармацыі аб “садзейнічанні” гэтаму дзіцячаму садку другой групы запрошаных на размову – тых, хто стаіць на розным уліку ў міліцыі. Пэўна, яны папросту пайшлі дадому, не праявіўшы так званую карысную ініцыятыву дармовай працы.

Фотаздымак: mogilev.mvd.gov.by

У Магілёве вадзіцель таксі абакраў пасажыра

Паездка на таксі ў нецвярозым стане каштавала магілёўцу яго ноўтбука.

Магілёвец вырашыў скарыстацца таксі, каб даехаць увечары дадому. Магчыма, усё было б добра, калі б пасажыр не быў на падпітку і ў выніку забыў свой ноўтбук коштам 2000 рублёў у салоне аўтамабіля.

Толькі раніцой ужо дома, абудзіўшыся пасля п’янага сна, ён зразумеў, што ноўтбука ў яго няма. Не дапамог нават званок вадзіцелю таксі, бо той аказаўся з хітрынкай, і паведаміў, што ніякіх рэчаў у яго ніхто не пакідаў.

Насамрэч, усё аказала іначай – вадзіцель папросту вырашых скарыстацца пакінутым у салоне таксі ноўтбукам, каб потым прадаць яго. Праўда, як сцвярджаюць у Ленінскім РУУС Магілёва, зрабіць ён гэта не паспеў. І гэта толькі дзякуючы таму, што ўладальнік оргтэхнікі своечасова звярнуўся ў міліцыю. Там хоць і ўзбудзілі крымінальную справу на вадзіцеля-вора, але і намякнулі, што той, хто забыў свой ноўтбук у грамадскім месцы, тым самым справакаваў злачынства.

Фотаздымак: astv.ru

Новы рэкорд гігантызму пастаўлены. На гэты раз – “ЧЗ”-сырок ад “Бабушкінай крынкі”

Сырок вагой амаль дзесяць пудоў зрабіў філіял «Асіповіцкі» ААТ «Бабушкіна крынка». Кожны ахвотны можа адламаць сабе кавалачак.

У пабудаваным для Беларусі свеце ілюзій усе жывуць паводле ўяўленняў Лукашэнкі пра добры лад жыцця: чарка да шкваркі, прэмія – нявестцы, ГУБАЗіК – грамадзянам.

Не апошняе месца ў гэтай сістэме займаюць прадпрыемствы, якія або суцэльна стратныя, або, як “Бабушкіна крынка”, заўсёды прыбытковыя за кошт выкупленай за капейкі сыравіны АПК.

У імкненні неяк вылучыцца “моцныя гаспадарнікі” не могуць прыдумаць нічога дасціпнага, апроч як зрабіць доўгую каўбасу, дранік велізарнай плошчы ці прыгатаваць бочку з юшкай, якой можна накарміць увесь ахрышчаны свет.

Цяпер манія гігантызму дайшла і да глазіраваных сыркоў.

Для выставы дасягненняў лукашэнкаўскай Беларусі супрацоўнікі філіяла «Асіповіцкі» ААТ «Бабушкіна крынка» падрыхтавалі гіганцкі тварожны сырок вагой амаль дзесяць пудоў.

Паводле меркавання вытворцаў, гэты пачварны сырок:

  • дэманструе якасць і магчымасці беларускай харчовай прамысловасці;
  • багацце беларускага аграпрамысловага комплексу ў цэлым.

Яшчэ б. Бо для яго спатрэбілася зрабіць вялікую форму, размаляваць тварог чырвонымі і зялёнымі фарбавальнікамі, а потым яшчэ і заліць усё гэта шакаладнай глазурру – амаль нанатэхналогіі.

Сырок-монстр – не проста экспанат на выставе. Ім частуюць усіх ахвотных дэлегатаў УНС. Зразумела, гэтых аматараў смачна паесці пераконваць не даводзіцца.

Фота “Магілёўскія ведамасці”.

У Клімавіцкім раёне хлопец выкраў “мазгі” ў пасяўнога агрэгата

У Клімавіцкім раёне 28-гадовы беспрацоўны мясцовы жыхар выкраў электронныя блокі кіравання з пасяўнога агрэгата. Сеялка стаяла на мехдворы і, як звычайна, не ахоўвалася. Узятае абсталяванне раскрадальнік калгаснай маёмасці прадаў знаёмаму. Шкода, паводле падлікаў міліцыі, склала 1500 рублёў.

Здавалася б, дабро перамагло зло, але калі ўчытацца ў сухія радкі міліцэйскай зводкі і вылучыць з яе ключавыя словы, можна пабачыць тое, што адбываецца ў сельскай глыбінцы Магілёўшчыны – 28 гадоў, беспрацоўны, скраў дэталі ад калгаснай сеялкі, якая безгаспадарліва стаяла на вуліцы. Каментары тут, відавочна, лішнія.

Фота: скрыншот тэлеграм-канала “Міліцыя Магілёўшчыны”.

Магілёў на «БелЭкспа»: у трэндзе – “Трафімава крыніца”

Магілёўшчына згуляла “джокерам” на выставе “БелЭкспа” – выставіла “Трафімаву крыніцу”, нібыта звязаную з дзедам Лукашэнкі.

Шмат цікавых экспанатаў можна было пабачыць на выставе ў міжнародным выставачным цэнтры «БелЭкспа».

Магілёўшчына актыўна ўдзельнічала ў мерапрыемстве і дамаглася “глыбокага пагружэння ў багатую спадчыну, жывыя рамёствы і самабытную атмасферу народных традыцый”.

Сярод галоўных напрамкаў пагружэння – гістарычныя помнікі, што распавядаюць пра слаўнае мінулае рэгіёна.

Мабыць, галоўным экспанатам стаў макет, так званай, “Трафімавай крыніцы”.

Легенду пра дзеда Лукашэнкі, які, прадчуваючы з’яўленне геніяльнага ўнука, добраўпарадкаваў крыніцу, стварылі прапагандысты, выдаліўшы з біяграфіі шклоўскага самародка усе падазроныя факты і дадаўшы новыя. 

А вось стваральнікі макета забяспечылі яго дваістасным надпісам надпісам: “П’еш ваду – памятай пра крыніцу”.

Што яна павінна азначаць – нецяжка здагадацца. Маўляў, не забывай, да чаго дакранаешся.

Але трактаваць гэты заклік можна і словамі Алёнушкі, якая папярэджвае Іванушку пра тое, што той можа стаць казляняткам. І народная мудрасць пра калодзеж, у які плюнуць нельга, але вельмі хочацца, таксама дарэчы.

Фота: “Магілёскія ведамасці”

У Горках служба таксі папалася на зарплатах “чорным налам”

У Горках вадзіцелі таксі атрымлівалі заробак наяўнымі ў канвертах, за гэта фірму пакарала падатковая інспекцыя.

Падатковая інспекцыя ў ходзе праверкі прыватнай фірмы па перавозках таксі выявіла, што да гэтай працы прыцягваліся вадзіцелі без заключэння адпаведных працоўных альбо грамадска-прававых дагавароў. Фірма выплаціла гэтым людзям 208,4 тыс. рублёў “чорным налам” у якасці заробку. Адпаведна, падаходны падатак з гэтых зарплат уплачаны не быў. 

Падаткавікі накіравалі паведамленне фірме, каб яна ў добраахвотным парадку ўплаціла нядоімку ў бюджэт, аднак гэтага зроблена не было. У выніку цяпер у прымусовым парадку будзе спагнана 52,7 тыс. рублёў, у тым ліку 41 тыс. падаходнага падатку.

Фотаздымак з адкрытых крыніц