Пракуратура зацвердзіла абвінавачанне ў махлярстве ў дачыненні да 19-гадовага жыхара Магілёва, які некалькі месяцаў прадаваў у інтэрнэце білеты на канцэрты і хакейныя матчы, якіх у яго не было.
У сакавіку Следчы камітэт паведамляў прыкладна пра 70 пацярпелых, а ў ходзе расследавання было ўстаноўлена, што пацярпелі больш за 110 чалавек па ўсёй краіне.
Схема была простая. Малады чалавек размяшчаў на інтэрнэт-пляцоўцы аб’явы пра продаж білетаў, дамаўляўся з пакупнікамі пра перадаплату, атрымліваў перавод – і знікаў.
Ніякіх білетаў ён не перадаваў, бо іх проста не існавала.
Каб ускладніць адсочванне грошай, абвінавачаны прымаў пераводы не на сваю банкаўскую картку. Частка плацяжоў паступала на банкаўскія карткі сяброў, частка – на рэквізіты выпадковых прадаўцоў, у якіх ён пад выглядам аплаты тавараў выманьваў даныя картак. Гэта дазваляла доўгі час заставацца па-за полем зроку як пакупнікоў, так і самой пляцоўкі.
Агульная сума шкоды перавысіла 20 тысяч рублёў. Сваякі абвінавачанага ўжо вярнулі пацярпелым каля 12 тысяч.
Да суда абвінавачаны застаецца пад вартай.
Заўважым, што па-за межамі афіцыйнага паведамлення застаецца пытанне, якое само па сабе цягне на асобны сюжэт: на якой інтэрнэт-пляцоўцы размяшчаліся аб’явы і як мадэрацыя не заўважыла, што адзін акаўнт падманвае дзясяткі людзей?
Міжнародны дзень астэроіда (International Asteroid Day, з 2016 года).
Закліканы павысіць узровень дасведчанасці грамадскасці аб небяспецы сутыкнення з астэроідам і інфармаваць насельніцтва аб мерах па падтрыманні сувязі ў крытычнай сітуацыі. Астэроід перакладаецца як “зоркападобны”.
Дзень устаноўлены ў памяць прылёта Тунгускага вогненнага шара-баліду 30 чэрвеня 1908 года, а 7:00, які ўзарваўся над зямлёй на вышыні 5-10 км.
Выбухной хваляй у радыусе 40 км быў павалены лес, знішчаны звяры, пацярпелі людзі, узніклі пажары, пачалося “светлых начэй лета 1908 года”.
Выбух быў чутны за 1 000 км, узрыўная хваля рэгістравалася па ўсім свеце.
1655 год. Магілёў наведаў маскоўскі цар Аляксей Міхайлавіч (1629-1676).
Гэта адбылося на наступны год пасля пачатку 13-гадовай вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654-1667 гадоў і праз 10 месяцаў, як магілёўцы адчынілі браму маскоўскаму войску (25 жніўня 1654).
Праваслаўны магілёўскі шляхціц Вацлаў (Канстанцін) Паклонскі на пачатку вайны дабраўся да маскоўскага цара, прычым акурат 22 чэрвеня 1654 года, і сказаў яму, што быццам у Магілёве проста спаць і есці не могуць, усе мараць упасці пад справядлівую далонь цара Аляксея.
Ад такіх прыемных навін цар прысвоіў Паклонскаму чын палкоўніка, падарыў 40 сабалёў і 50 рублёў, загадаў сфарміраваць казацкі полк з магілёўцаў.
Але народнае магілёўскае каханне да цара Аляксею Міхайлавічу апынулася некалькі перабольшаным. Жыхары Магілёва хутка расчараваліся ў Маскве.
Падчас вайны Аляксей асабіста пабываў, акрамя Магілёва, у Віцебску, Полацку, Коўна, Гародні, Вільне.
1859 год. Француз Жан Блондэн прайшоў па канаце над Ніягарскім вадаспадам.
Пераход адважнага канатаходца на працягу 5 хвілін назіралі 5000 гледачоў.
Пазней ён ускладніў гэты трук: ішоў на хадулях, з завязанымі вачыма, у мяшку, каціў тачку, нёс на плячах свайго мэнэджара Гары Колкорда, усаджваўся на сярэдзіне, рыхтаваў і еў амлет.
1881 год. Нарадзіўся Павел Растаргуеў (1881-1959).
Беларускі мовазнаўца.
Правадзейны член Інбелкульта, доктар філалагічных навук, прафесар. У 1918 годзе чытаў курс лекцый беларускай мовы ў Беларускім народным універсітэце ў Маскве.
Вывучаў беларускія гаворкі, гаворкі расійска-беларуска-ўкраінскага памежжа, праблемы беларускай літаратурнай мовы.
На Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі 1926 года прапаноўваў афрыкаты дз і дж перадаваць літарамі сербскага алфавіта —ђ, ћ, а літару й замяніць літарай j – jэхаць, jолка, jунак, мaja.
Памёр 21 сакавіка 1959 года ў Навазыбкаве.
1898 год. Запушчаны электрычны трамвай у Віцебску.
Першы беларускі, на год раней, чым ў Маскве і на 9 гадоў, чым у Пецярбурзе. У Мінску трамвай з’явіўся толькі ў 1928 годзе.
Яшчэ трамваі працуюць ў Наваполацку і Мазыры.
Першы у Расійскай імперыі трамвай быў пушчаны ў Кіеве. А яшчэ раней трамвай пачаў працаваць у Львове (тады Аўстра-Венгрыя) – 3 мая 1880 года.
У Віцебску працуе музей трамвая. У Магілёве да рэвалюцыі таксама працаваў трамвай, але конны.
1905 год. Расстрэл царскімі карнікамі сялянскага выступлення ў в. Кішчыцы (зараз – Дрыбінскі раён).
Забіта 8, цяжка паранена 15 сялян.
Кішчыцы ўпершыню ўпамінаюцца ў 1643 годзе як сяло з царквой у Басейскім войтаўстве Шклоўскай воласці ў Аршанскім павеце ВКЛ.
Пакроўская царква ў Кішчыцах. У ёй адпяваліся забітыя.
1911 год. Нарадзіўся ліцвін Чэслаў Мілаш (1911-2004).
Польскі паэт, празаік, эсэіст, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры. Член Польскай АН у Кракаве. Пляменнік і вучань Оскара Мілаша. Яго брат Андрэй Мілаш казаў: «Мілашы – гэта такія самыя ліцвіны, як Міцкевіч, Гамбровіч, Голубеў, Ясеніца, Ваньковіч, Віткацы ці нават Пілсудскі. Чэслаў гаворыць пра сябе: „Я ліцвін польскай культуры“».
Скончыў Віленскія гімназію, універсітэт. Працаваў на Польскім Радыё ў Вільні, аднак быў звольнены па абвінавачанні ў падтрымцы інтарэсаў літоўцаў і беларусаў на радыё ў Варшаве.
У Варшаве перажыў нямецкую акупацыю. Працаваў ва ўніверсітэцкай бібліятэцы і ўдзельнічаў у падпольным літаратурным руху. Пасля паразы варшаўскага паўстання пераехаў у Кракаў.
Пасля вайны працаваў у Міністэрстве замежных спраў як аташэ па культуры польскага пасольства ў Нью-Ёрку і Парыжы. У 1951 годзе папрасіў у французскага ўраду палітычнага прытулку, у 1960 годзе пераехаў у ЗША, выкладаў славянскія літаратуры ў Каліфарнійскім універсітэце ў Берклі, Гарвардзе.
У камуністычнай Польшчы афіцыйна лічыўся здраднікам і рэнегатам. Вярнуўся ў Польшчу ў 1993 годзе.
Аўтар вершаў, паэм, зборнікаў на польскай, англійскай, французскай мовах, кніг эсэ, перакладаў, раманаў, аповесцей, успамінаў, «Гісторыі польскай літаратуры».
На беларускую мову яго творы перакладалі шматлікія літаратары, у тым ліку, Л. Баршчэўскі, Ю. Бушлякоў, А. Мінкін, А. Разанаў, М. Танк, А. Хадановіч.
1941 год. На заводзе імя Камінтэрна ў Варонежы сабраны першыя дзве баявыя пускавыя ўстаноўкі БМ-13 – “кацюшы”.
У пачатку ліпеня 1941 года была сфарміравана першая Асобная эксперыментальная батарэя палявой рэактыўнай артылерыі Чырвонай Арміі на чале з капітанам І. Флёравым, узброеная сям’ю баявымі ўстаноўкамі.
14 ліпеня 1941 года батарэя дала залп па захопленым фашысцкімі войскамі чыгуначным вузле Оршы.
У гонар гэтай падзеі ў Оршы створаны мемарыяльны комплекс «Кацюша».
1956 год. ЦК КПСС прынята пастанова “Аб пераадоленні культу асобы і яе наступстваў”.
У дакуменце ўзнята праблема барацьбы з культам асобы І. Сталіна, які “супярэчыць прыродзе сацыялістычнага ладу і тармозіць пасоўванне савецкага грамадства да камунізму.”
Пасля гэтага узведзеныя помнікі Сталіну сталі зносіць, здымаць шматлікія партрэты. У 1961 годзе ЦК КПСС прызнаў “немэтазгодным далейшае захаванне ў Маўзалеі саркафага з труной І. Сталіна”, прапанаваўшы перапахаваць яго каля Крамлёўскай сцяны.
1965 год. Нарадзіўся Лявон Юрэвіч.
Беларускі літаратуразнавец, крытык, бібліёграф, грамадскі дзеяч беларускай эміграцыі.
Архівіст Нью-Ёркскай публічнай бібліятэкі, сябар Беларускага інстытута навукі і мастацтва (Нью-Ёрк). Аўтар шматлікіх даследаванняў, у тым ліку «Беларуская мемуарная літаратура на эміграцыі», «Культура беларускага замежжа», «Роля беларускай дыяспары ў захаванні і развіцці беларускай культуры».
1969 год. Памёр Міхайла Грамыка (1885-1969).
Беларускі географ, геолаг, пісьменнік, вязень ГУЛАГу. Выхаванец Магілёўскай гімназіі.
Даследчык радовішчаў нафты. Распрацоўшчык беларускай тэрміналогіі па геаграфіі, геалогіі, хіміі, падручнікаў «Пачатковая геаграфія», «Уводзіны ў навуку аб неарганічнай прыродзе». пошуках нафты на Палессі.
Аўтар кніг паэзіі, п’ес, якія ставіліся ў тэатрах. Аўтар успамінаў пра Янку Купалу, Якуба Коласа, А. Грыневіча.
2014 год. Памёр Сяргей Краўчанка (1949-2014).
Заслужаны артыст Беларусі, акцёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.
Сярод найлепшых яго роляў: Данілка («Раскіданае гняздо» Я. Купалы), Драгун («Парог» А. Дударава), Гайдук («Ідылія» В. Дуніна-Марцінкевіча), Захар («Апошні шанц» В. Быкава), Дамаш («Князь Вітаўт» А. Дударава).
2017 год. На вуліцы 50 год УЛКСМ у Бабруйску ўрачыста адкрыты Моладзевы парк.
Узведзены да 630-годдзя горада на пустцы паміж Палацам мастацтваў і ГЦ «Карона». У Парку ўсталяваны каланада з дзвюма аркамі, круглая ратонда для культмасавых мерапрыемстваў, фантан, лаўкі для адпачывальнікаў, дарожкі для пешых і велапрагулак, пасаджана пад тры сотні дрэваў і амаль 4 000 кустоў.
У міліцыю звярнулася жыхарка Магілёва: тэлефон яе 17-гадовага сына некалькі гадзін быў недаступны, а з дома зніклі ўсе сямейныя зберажэнні. Аператыўнікі хутка аднавілі ланцужок падзей.
Усё пачалося з паведамлення ў месенджары. Незнаёмка прадставілася супрацоўніцай паліклінікі і пад падставай удакладнення медыцынскіх даных распытала падлетка пра самаадчуванне, рост і вагу. Затым папрасіла назваць нумар тэлефона «для прывязкі да электроннай медыцынскай карты» і прадыктаваць код з SMS.
Неўзабаве юнаку патэлефанавалі нібыта з адзінага партала электронных паслуг. Паводле легенды, персанальныя даныя яго самога і бацькоў ужо выкарыстоўваюцца ў злачыннай схеме, а адзіны спосаб пазбегнуць крымінальнай адказнасці – «задэклараваць» усе наяўныя грошы, якія ёсць дома, і прывезці іх у Мінск.
Падлетак забраў сямейны сейф з 16 тысячамі рублёў і сеў у таксі да сталіцы. Па дарозе кіроўца звярнуў увагу на дзіўныя паводзіны пасажыра і паведаміў у міліцыю – менавіта гэта фактычна і ўратавала зберажэнні сям’і.
Паводле факта махлярства ўзбуджаная крымінальная справа. Следчыя ўстанаўліваюць усіх удзельнікаў злачыннай схемы.
27 чэрвеня, у Дзень горада, у старшыні Магілёўскага гарвыканкама Сяргея Чарткова атрымаўся сапраўдны марафон цырымоній. За адзін дзень – тры адкрыцці, і ўсе тры прысвечаныя дружбе з расійскімі гарадамі-пабрацімамі.
Раніцай на пешаходнай Ленінскай – сквер «Яраслаўскі дворык» з дэлегацыяй, якая прыбыла з Яраслаўля. Праз некалькі гадзін – стэла Чалябінска на Алеі гарадоў-пабрацімаў каля гарвыканкама, якую адкрывалі разам з мэрам Чалябінска Аляксеем Лошкіным. Увечары – «Курган бессмяротнасці» ў Камсамольскім скверы, падарунак Бранска. У перапынку – канцэрт Цэнтральнага пагранічнага ансамбля ФСБ Расіі.
Тэмп цалкам зразумелы. Паводле афіцыйных даных гарвыканкама, у Магілёва 31 горад-пабрацім, і больш за два дзясяткі з іх знаходзяцца ў Расіі. Толькі за апошнія чатыры гады дадаліся Омск (2022), Грозны і Волагда (2023), Уладзівасток і Яраслаўль (2024), Чалябінск (2025) – больш, чым за ўсё папярэдняе дзесяцігоддзе.
Пасля 2022 года, калі пабрацімскія сувязі з заходнімі гарадамі фактычна замерлі, Магілёў стаў беларускай вітрынай «рэгіянальнай інтэграцыі» «саюзнай дзяржавы».
Праграма «Асноўных напрамкаў» на 2024-2026 гады проста прадпісвае нарошчваць міжмуніцыпальныя сувязі – цяпер яны матэрыялізуюцца ў скверах, стэлах і курганах з указальнікам «Расія».
Праблема ў Сяргея Чарткова ўжо хутчэй лагістычная. Алея гарадоў-пабрацімаў каля гарвыканкама запаўняецца вельмі хутка. Калі тэмп падпісанняў захаваецца, а пакуль падстаў тармазіць з сяброўствам няма, давядзецца або пашыраць алею, або адкрываць філіялы. І па прыкладзе яраслаўскага рабіць новыя «дворыкі»: чалябінскі, омскі, бранскі, грозненскі. Пешаходная Ленінская – вуліца не бязмежная.
На 2028 год ужо анансаваны ў адказ «Магілёўскі дворык» у Яраслаўлі, таму «бартарныя» абавязацельствы таксама назапашваюцца.
Жыхарам Магілёва застаецца пераглядаць ментальную карту горада: арыентавацца цяпер варта не толькі па знаёмых скрыжаваннях, але і па тым, які рэгіён Расійскай Федэрацыі сёння ў гасцях.
На 68-м годзе жыцця не стала магілёўскага паэта, старшыні абласнога аддзялення праўладнага Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандра Мікалаевіча Казекі. Ён быў родам з вёскі Новы Юзін Кіраўскага раёна, нарадзіўся ў сям’і ляснічага. Быхаўскія карані паэта – вёска Чычэвічы, дзе ён вучыўся ў мясцовай сельскай школе. Праз гады, ужо пасля доўгай вайсковай службы, ён вярнуўся сюды працаваць настаўнікам. Апошняя вядомая праца Аляксандра Мікалаевіча – песня «Пасярод цішыні», напісаная ім да 80-годдзя Перамогі. Аляксандр Казека пісаў на беларускай і рускай мовах. З-пад яго пяра выйшлі паэтычныя зборнікі «Душы маёй крыніца», «Мелодыя надзеі», «Час сяўбы», «Мядуніца», «Перакрыжаванні лёсаў», «Марыйка», «Песня роднай зямлі». У выдавецтве «Беларусь» рыхтаваўся да выхаду яго новы зборнік выбраных вершаў «Старажытны тракт. Вяртанне».
У партугальскім порце прышвартаваўся карабель, на борце якога ў ліку іншага заморскага тавара была дробна пасечаная чорная пацяруха з Кітая – чай.
Яе яшчэ звалі “кітайскай травой”, але мала хто тады ўяўляў, што гэта такое і як яна выглядае: еўрапейцам прыходзілася здавольвацца апавяданнямі вандроўцаў, мараплаўцаў і гандляроў. Звязана гэта было з тым, што чай у Кітаі лічыўся нацыянальным здабыткам, яго забаранялася вывозіць пад страхам смяротнага пакарання.
Стагоддзямі ён быў даступны толькі эліце і манахам. Заварачныя чайнікі з’явіліся ў XIV стагоддзі ў Кітаі разам з чайнай цырымоніяй. З развіццём гандлю і таварна-грашовых адносін манаполія Кітая на чай і чаяванне ўпала.
1660 год. Войскі Рэчы Паспалітай разграмілі рускіх захопнікаў пад Палонкай каля Навагрудка.
Войскі Рэчы Паспалітай – дывізія С. Чарнецкага (4 000 чалавек), харугвы П. Сапегі, А. Палубінскага і С. Кміціча (6 000) разбілі маскоўскае войска на чале з І. Хаванскім (быў царскім ваяводам у Магілёве ў 1656-1658 гг.).
Палонкаўская бітва – першая буйная перамога Рэчы Паспалітай на канцавым этапе вайны 1654-1667 гадоў, якая спыніла маскоўскую аблогу Ляхавіцкага замка і прывяла да вызвалення зямель ВКЛ па Дняпры і Дзвіне.
У 1994 годзе на месцы бітвы быў усталяваны памятны камень, у 2010 адбыўся фестываль з удзелам прадстаўнікоў рыцарскіх клубаў.
Гетман С. Чарнецкі (1599-1665).
1820 год. Даказана, што памідоры ядомыя. Да гэтага яны адназначна лічыліся атрутнымі.
Так, у кнізе “Поўнае кіраўніцтва па садоўніцтве”, выдадзенай у Даніі ў 1774 годзе, паведамлялася, што памідоры “вельмі шкодныя, бо зводзяць з розуму тых, хто іх есць”.
А ў 1776 годзе асабісты кухар Дж. Вашынгтона Джэймс Бэстлі спрабаваў атруціць будучага прэзідэнта, падаўшы яму на абед смажаніну, якая была багата ўпрыгожана свежымі памідорамі. Вашынгтон забабонамі не пакутаваў і з апетытам з’еў усё, тады як кухар быў настолькі ўпэўнены ў поспеху сваёй задумы, што адразу ж данёс камандуючаму ангельскімі войскамі аб хуткай смерці галоўнакамандуючага каланістаў.
Вашынгтон пражыў яшчэ 23 гады, а ліст Бэстлі чамусьці не патрапіў да адрасата і праляжаў у тайніку больш за 40 гадоў, пакуль не быў знойдзены ў тым жа 1820 годзе. Але калі крыху раней раскрытая таямніца патрэсла б уяўленне сучаснікаў жахлівасцю плана выкарыстання памідораў-забойцаў, то зараз яна выклікае толькі ўсмешкі.
1914 год. У Сараеве сербскім студэнтам Гаўрылам Прынцыпам забіты аўстра-венгерскі эрцгерцаг Франц Фердынанд.
Гэта паслужыла нагодай да пачатку 1 жніўня 1914 года Першай Сусветнай вайны (1914-1918).
Падчас гэтай вайны ў рускае войска былі прызваныя 900 000 беларусаў, з якіх загнула каля 70 000.
У 1915-1918 гадах пад нямецкай акупацыяй была палова Беларусі, яшчэ палова была прыфрантавой зонай. Колькасць бежанцаў-беларусаў склала ад 1,5 да 2,2 мільёнаў. У 1915-1918 гадах у Магілёве знаходзілася руская Стаўка галоўнакамандуючага.
1919 год. Падпісаны Версальскі мірны дагавор: афіцыйна завершылася Першая Сусветная вайна і ўтворана Ліга Нацый.
Ліга Нацый – пэўны правобраз ААН.
Ліквідавана ў 1946 годзе. Мэты Лігі Нацый: раззбраенне, прадухіленне ваенных дзеянняў, забеспячэнне калектыўнай бяспекі, урэгуляванне спрэчак паміж краінамі, паляпшэнне якасці жыцця на планеце.
1923 год. Нарадзіўся Уладзімір Чантурыя (1923-1988).
Беларускі архітэктар, гісторык архітэктуры, доктар архітэктуры, прафесар.
Працаваў у інстытуце «Белдзяржпраект», у Беларускім політэхнічным інстытуце.
Аўтар навуковых прац, прысвечаных даследаванню і прапагандзе архітэктурнай спадчыны Беларусі, фундаментальных «Гісторыі архітэктуры Беларусі да 1917 г.», «Атлас помнікаў архітэктуры і мемарыяльных комплексаў Беларусі» і іншых.
Кіраваў абмерамі помнікаў беларускай архітэктуры (1954-1970) і абследаваннем гістарычных гарадоў БССР (1970-1982).
1941 год. Без сур’ёзных перашкод нямецкія танкі і мотапяхота ўвайшлі ў Мінск, Мар’іну Горку, Бабруйск.
З 28 чэрвеня 1941 да 3 ліпеня 1944 года сталіца БССР знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. У горадзе і наваколлях было створана 9 лагераў і яўрэйскае гета, дзе было знішчана больш за 400 000 чалавек.
1942 год. Пры цьмяных абставінах у Маскве загінуў народны паэт Беларусі Янка Купала (1882-1942).
Упаў у лесвічны пралёт з 10 паверха гасцініцы «Масква».
Існуе тры версіі – няшчасны выпадак, самагубства, і найбольш верагодная, забойства. Афіцыйнай версіяй была абвешчана першая – няшчасны выпадак, быццам Купала ўпаў выпадкова. Аднак вышыня парэнчаў у гасцініцы “Масква” гэтаму пярэчыць. Папулярнай была таксама версія пра самазабойства, аднак яна не стыкуецца з паводзінамі паэта перад смерцю – у бадзёрым настроі, ён пакінуў сваіх сяброў у нумары гатэля, каб “кое з кім пагаваыць”. На забойства і супраціўленне Купалы перад смерцю ўказвае тое, што на месцы, адкуль адбылося падзенне, застаўся адзін яго туфель.
Пахаваны на Ваганькаўскіх могілках у Маскве.
Неаднаразова з 1921 года падвяргаўся рэпрэсіям і ганенням з боку савецкіх уладаў.
Лесвічны пралёт у гасцініцы “Масква”
1944 год. Савецкія войскі пад час аперацыі “Баграціён” вызвалілі ад нямецка-фашысцкіх войск Магілёў, Быхаў, Асіповічы, Клічаў, Круглае, Крупкі, Лепель, Старыя Дарогі.
1947 год. У памяць аб Янку Купале імем народнага паэта названа беларуская гімназія ў нямецкім Рэгенсбургу.
Гэта адбылася ў 5-ю гадавіну трагедыі.
8-класная гімназія адчынілася 10 снежня 1945 года ў лагеры для перамешчаных асоб з мэтай падрыхтоўкі беларускай моладзі для паступлення ў ВНУ. Працавала да 1950 года: у 1947/1948 у Міхельсдорфе, у 1949/1950 – у Розенгайме, у астатнія – у Рэгенсбургу.
Пры гімназіі існавала вучнёўская бурса, дзе жылі дзеці без бацькоў, дзейнічала скаўцкая арганізацыя, працавалі літаратурны, драматычны, спартыўны гурткі.
Адбылося 5 выпускаў. У розны час гімназію ўзначальвалі А. Орса, М. Рагажэцкі, А. Вініцкі.
Аўген Калубовіч. Выкладчык беларускай мовы і літаратуры гімназіі, прэм’ер-міністр Урада БНР.
1988 год. Ураджэнцу г. Магілёва Андрэю Мельнікаву (1968-1988) пасмяротна прысвоена званне Герой Савецкага Саюза.
Гераічна загінуў у Афганістане.
Прататып галоўнага героя расійскай кінастужкі “9 рота” (2005).
СШ №28 г. Магілёва носіць яго імя. У школьным музее экспануецца яго кулямёт.
1991 год. Савет Эканамічнай Узаемадапамогі (СЭУ) спыніў свае існаванне.
Гэта адбылося на 46-й сесіі арганізацыі ў Будапешце.
СЭУ (1949-1991) – адказ на амерыканскі “план Маршала” па адбудове пасляваеннай Еўропы. У розны час у СЭУ уваходзіла 11 сацыялістычных краін. У рамках СЭУ рэалізаваны праекты: нафтаправод “Дружба”, адзіная энергасістэма “Мір”, вытворчасць “Ікаруса” і іншыя.
У Магілёве з пачатку года праўладныя прафсаюзы разгледзелі 11 скарг, датычных гандлю.
Барацьба за правы працоўных не ўласціва Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Здараюцца, канечне, такія “прыкрыя” выпадкі, але, калі пазнаёміцца са зместам сайта Магілёўскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў, яны вельмі рэдкія, эпізадычныя і не прадстаўляюць нейкага трэнда.
Затое шмат інфармацыі пра турызм і т.зв. “народны кантроль”. Праўда, не зусім зразумела, які народ упаўнаважваў Федэрацыю прафсаюзаў займацца неўласцівымі для абаронцаў правоў працоўных функцыямі.
Так, ёсць у магілёўскіх прафсаюзаў грамадская прыёмная. З пачатку года яна сабрала ажно 11 скаргаў. Праўда, скаргі тычыліся не праблем з выкананнем працоўных праў, а праблем з правамі спажыўцоў. Навошта прафсаюзам абараняць правы спажыўцоў, калі ёсць, прынамсі, таварыства правоў спажыўцоў, адпаведныя дзяржаўныя структуры – невядома. Але для імітацыі бурлівай дзейнасці і нібыта запатрабаванасці ў сабе вельмі падыходзіць.
“За кожнай з гэтых лічбаў канкрэтная жыццёвая сітуацыя: ад адсутнасці жытняга хлеба на паліцы да халадзільных камер без накрывак і несанкцыянаванага вулічнага гандлю. І за кожным зваротам – аператыўны выезд, перамовы, сумесныя маніторынгі з прадстаўнікамі ўлады”, – ганарліва распавядаюць праўладныя прафсаюзнікі пра сваю псеўдазначнасць.
Пра тое, што такая дзейнасць смеху вартая, мы ўжо пісалі ў артыкуле “Анекдот пра магілёўскі народны кантроль”. Але ўсё, насамрэч, не ўсё так смешна, бо высвечвае рэальны стан беларускай эканомікі, якая, насамрэч, ніякай рынкавай эканомікай не з’яўляецца і ніякай свабоды гандлю ў Беларусі няма. Сведчаннем чаго ёсць прыведзеныя ў прафсаюзнай нататцы прыклады.
“Адна з жыхарак Магілёва звярнулася са скаргай на адсутнасць у адным з гандлёвых аб’ектаў дзіцячага харчавання мясцовага вытворцы. Інспектары прафсаюзаў выязджалі ў краму, прыцягнулі аддзелы гандлю гарвыканкама і аблвыканкама. Загадчыца крамы патлумачыла: тавар заказвалі дадаткова, але ён аказаўся незапатрабаваным і сапсаваўся, тэрмін прыдатнасці ўсяго дзесяць сутак. Тым не менш пытанне было ўзята на кантроль, а пакупніку прапанавалі альтэрнатыўныя пазіцыі беларускіх вытворцаў. Іншы жыхар абласнога цэнтра паведаміў, што ў адной з крамаў гандлёвай сеткі немагчыма купіць палоўку хлеба. Адміністрацыя сеткі спаслалася на ўнутраныя санітарныя патрабаванні, але па выніках ўмяшання прафсаюзаў заказ паловак хлеба ў вытворцы быў павялічаны, патрэба пакупніка ўлічаная”, – пішуць імітатары клопату аб людзях.
“Мы шукаем рашэнне ў кожнай канкрэтнай сітуацыі. І гандлёвыя аб’екты, як правіла, ідуць насустрач, таму што разумеюць: задаволены пакупнік — гэта іх выгада”, – выказваюць прапісную ісціну прафсаюзнікі, тым самым пацвярджаючы, што гандлёвым аб’ектам у Беларусі гэты фактар увогуле нецікавы.
Зневажанні, збіцці, беспадстаўныя пакаранні – усё гэта рэаліі жыцця палітычных зняволеных у магілёўскай калоніі №15, вынікае з расповяду двух былых палітвязняў.
Праваабарончы цэнтр «Вясна» да Міжнароднага дня ў падтрымку ахвяраў катаванняў апублікаваў успаміны праваабаронцы Валянціна Стэфановіча і яшчэ аднаго былога палітвязня, імя якога не раскрываецца з меркаванняў бяспекі.
Новыя сведчанні з’явіліся праз некалькі месяцаў пасля смерці 36-гадовага палітвязня Андрэя Паднябеннага, які ў верасні 2025 года загінуў у штрафным ізалятары магілёўскай калоніі.
Ціск пасля этапу
Паводле былых зняволеных, асаблівае стаўленне да палітвязняў пачыналася яшчэ ў каранціне. Валянцін Стэфановіч распавядае, што новапрыбылых прымушалі падпісваць абавязацельствы аб выкананні правілаў унутранага распарадку. Адмова магла стаць падставай для змяшчэння ў штрафны ізалятар.
Іншы былы палітвязень сцвярджае, што ў 2025 годзе адміністрацыя ўжо патрабавала ад палітычных пісаць тлумачальныя нават за выкарыстанне жаргонных слоў. За адмову, паводле яго слоў, пагражалі ШІЗА, новай крымінальнай справай паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі) і фізічным гвалтам.
“Без фармальнай нагоды садзяць у ШІЗА на 15 сутак. У прыватнасці гэтым займаецца начальнік атрада № 1 (“каранцін”) У.С. Сычыкаў. У выпадку адмовы могуць збіць. Работнік па прозвішчы Кіслы тут праяўляе асаблівую стараннасць. Большасць з тых, каго прывезлі з СІЗА даседжваць невялікія рэшткі тэрмінаў (месяц-паўтара), дзякуючы намаганням турэмшчыкаў, праводзяць у ШІЗА. Таксама пагражаюць ужываннем арт. 411 КК з прадаўжэннем тэрміну на год, а таксама “прысваеннем” так званага “нізкага статусу”. Відавочна, былы начальнік Аляксей Лазарэнка быў у курсе ўсіх працэсаў”, – распавёў Валянцін Стэфановіч.
Парушэнні і пакаранні
Абодва былыя вязні адзначаюць, што дысцыплінарныя спагнанні сталі асноўным спосабам ціску. Па словах Стэфановіча, супрацоўнікі настойвалі на тым, каб асуджаныя пісалі тлумачальныя з прызнаннем віны, нават калі гаворка ішла пра фармальныя або надуманыя парушэнні. Калі ён зразумеў, што гэта не ўплывае на рашэнні адміністрацыі, то перастаў іх пісаць.
Былыя палітвязні таксама сцвярджаюць, што ў калоніі практычна ўсім палітычным прысвойвалі статус «злоснага парушальніка рэжыму». Гэта пазбаўляла магчымасці разлічваць на амністыю, умоўна-датэрміновае вызваленне і істотна абмяжоўвала іх правы.
Асобныя правілы для палітычных
Паводле сведчанняў былых зняволеных, палітвязням забаранялася наведваць спартыўныя секцыі, гурткі, вывучаць замежныя мовы, карыстацца большасцю магчымасцяў, даступных іншым асуджаным.
Асобныя праверкі праводзіліся і для тых, хто быў пастаўлены на так званы дзясяты прафілактычны ўлік як «схільны да экстрэмісцкай дзейнасці». Пад гэты статус, як сцвярджаецца, траплялі не толькі асуджаныя па палітычных артыкулах, але і людзі, якіх раней прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у пратэстах 2020 года.
“Для ўсіх “жоўтабіркавых” на дзясятым прафуліку ў выходныя і непрацоўныя дні ў 10:00 у лакальных участках ажыццяўляецца агляд вонкавага выгляду. Тут асаблівую стараннасць праяўляе кантралёр Аляксей Кудзелка. Ён паводзіць сябе надзвычай нахабна і напышліва, чапляючыся літаральна да ўсяго. Для палітычных кнігі на замежных мовах наогул забароненыя, як і любыя секцыі і гурткі”, – кажа былы палітвязень.
Пагрозы і правакацыі
Валянцін Стэфановіч сцвярджае, што адміністрацыя выкарыстоўвала не толькі афіцыйныя меры ўздзеяння, але і негалосныя правілы турэмнай субкультуры.
Паводле яго слоў, асобных палітвязняў ставілі перад выбарам: пагадзіцца на прыніжальныя патрабаванні або атрымаць новую крымінальную справу за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі.
“Гэта пагрозы пераводу ў “нізкі статус” і ў сувязі з гэтым арганізацыя правакацый. Былі выпадкі, калі палітвязняў заганялі ў “нізкі статус” пад пагрозай прымянення арт. 411. Яго паставілі перад выбарам: “Альбо ідзі мый прыбіральні, альбо мы ўзбудзім крымінальную справу паводле арт. 411, табе накінуць тэрмін і будзеш далей сядзець”. Некаторыя людзі ламаліся і выконвалі такія патрабаванні.
Асабіста супраць мяне таксама ладзілі такія правакацыі. Адразу вынеслі спагнанні аб пазачарговым дзяжурстве, пасля знялі з промкі сярод працоўнага дня, прывялі ў атрад і сказалі: “У вас сёння пазачарговае дзяжурства па прыборцы санузла”. Сказалі вымыць падлогу ў памяшканні з умывальнікамі, на якой была разліта нейкая белая брыда. Бакі для смецця таксама ёй былі аблітыя. Яны, відаць, думалі, што я праз няведанне пачну выціраць гэтыя бакі, але гэта праца толькі “нізкага статусу”. Я адмовіўся і сказаў, што не буду гэта прыбіраць. Мне пагражалі, але я застаўся на сваім.
Такім чынам, адміністрацыя месцаў пазбаўлення выкарыстоўвае неафіцыйныя правілы з крымінальнага свету ў мэтах аказання ціску, у тым ліку на палітзняволеных”, – азначае Стэфановіч.
Адказнасць адміністрацыі
Былыя палітвязні сцвярджаюць, што фізічны і псіхалагічны ціск быў сістэмным. Паводле назіранняў Валянціна Стэфановіча, у 15-ай калоніі 99% палітзняволеных прысвойвалі статус “злосных парушальнікаў рэжыму”, што цягнула за сабой дадатковыя абмежаванні.
Ён адзначае, што быў сведкам прымянення гвалту да іншых зняволеных і падчас дакументавання называў прозвішчы супрацоўнікаў, якіх лічыць датычнымі да гэтага. На яго думку, усё, што адбывалася ў калоніі, адбывалася з ведама яе тагачаснага начальніка Аляксея Лазарэнкі.
Першы дзень у праграме святкавання Дня горада адзначалі ў Магілёве ўчора, у пятніцу 26 чэрвеня. На Святым возеры прайшоў оўпен-эйр «ALFA SUNSET» з удзелам дыск-жакеяў. Потым асноўныя гулянні перамясціліся на набярэжную Дубравенкі. Тут пад самы закат сонца сабраўся агромністы натоўп, які па маштабах можна параўнаць хіба толькі з магілёўскімі пратэстамі 2020 года.
На Дубравенцы быў адкрыты пявучы фантан, які заяўляецца як унікальны для Беларусі. Струмяні вады могуць дасягаць 25 метраў, агульную атмесферу стварае таксама аб’ёмны гук.
Праграма святкаванняў Дня горада на 27 чэрвеня наступная:
11.00 — забаўляльна-гульнёвая праграма «Нашы ўсмешкі — табе, Магілёў» (адкрытая пляцоўка па зав. Гогаля, 2);
11.00 — канцэртна-забаўляльная праграма «Квітней, мой беларускі край!» (адкрытая пляцоўка па вул. А. Куляшова, 20);
12.00–18.00 — выстава-кірмаш рамеснікаў «Магілёўскі сувенір», выстава-прэзентацыя прадпрыемстваў горада «Нашы дасягненні — табе, Магілёў!», фестываль марожанага «Салодкі Магілёў» (Камсамольскі сквер);
12.00–18.00 — свята настрою «Магілёў са смакам» (вул. Ленінская);
12.00–18.00 — тэрыторыя натхнення «Табе, наш Магілёў» (плошча Зорак);
15.00 — канцэрт Цэнтральнага памежнага ансамбля Федэральнай службы бяспекі Расійскай Федэрацыі (УК «Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы»);
15.00–17.00 — культурна-забаўляльнае мерапрыемства «Код культуры» (адкрытая пляцоўка па вул. Церахіна-Златавусцінскага);
16.20 — урачыстае адкрыццё стэл, якія сімвалізуюць пабрацімскія адносіны паміж горадам Магілёвам і гарадамі Чэлябінскам і Екацярынбургам (пляцоўка каля Магілёўскага гарадскога выканаўчага камітэта);
16.40 — адкрыццё малой архітэктурнай формы «Курган неўміручасці», перададзенай у дар гораду Магілёву ад горада-партнёра Бранска (Камсамольскі сквер з боку вуліцы Першамайскай).
Тэатральны сквер
12.00–18.00 — літаратурная платформа «Магілёў на старонках гісторыі» (Тэатральны сквер);
15.00 — душэўны канцэрт «Класіка ў Тэатральным» у выкананні Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь — Магілёўскай гарадской капэлы (Тэатральны сквер);
17.00 — музычныя сустрэчы «Караоке пад аркестр у Тэатральным» у выкананні духавога аркестра ДУК «Магілёўскія гарадскія аркестры» (Тэатральны сквер).
Парк у Падніколлі
12.00–21.00 — святочныя гулянні «Магілёўскія традыцыі» (парк у Падніколлі);
13.00 — фестываль паветраных змеяў «Стракатнае неба» (парк у Падніколлі);
23.15 — акцыя «Ноч вялікага кіно» (парк у Падніколлі).
14.00–14.30 — адкрыццё Яраслаўскага дворыка (пляцоўка ў двары рэлігійнай арганізацыі «Іўдзейская рэлігійная абшчына “Хабад” у г. Магілёве»).
Плошча Адзінства
Цягам дня — арт-галерэя «Магілёў вачыма сяброў», «Магілёў вачыма дзяцей» (плошча Адзінства);
12.00–14.00 — святочная канцэртная праграма «Магілёў сустракае сяброў» (плошча Адзінства);
14.00–15.00 — канцэртная праграма ўдзельнікаў шоу «Фактар. BY. Дзеці» (плошча Адзінства);
15.00–16.00 — канцэртная праграма «Табе, любімы Магілёў!». Творчы праект «Стыль нашага горада» (дэфіле — дэманстрацыя вырабаў і касцюмаў майстроў і рамеснікаў горада, адзення, абутку, сумак і галантэрэі вядомых брэндаў горада і Рэспублікі Беларусь) (плошча Адзінства);
17.00 — інтэрактыўная гульня «Вау Музычнае лато» (плошча Адзінства).
13.00 — святочная праграма «Нашы таленты — табе, родны Магілёў!» (адкрытая пляцоўка каля корпуса № 2 УА «Магілёўская дзяржаўная гімназія-каледж мастацтваў імя Яўгена Глебава», вул. Крыленкі, 12);
19.00–23.00 — святочны канцэрт «Магілёў — гэта Мы!», прысвечаны Дню горада Магілёва, з удзелам расійскага музычнага выканаўцы Лёшы Свіка, расійскага дыджэйскага дуэта «Swanky Tunes», дыджэя Krase (плошча Славы);
23.00 — святочны феерверк «Расквітней! Магілёў!» (набярэжная ракі Дняпро).