У міліцыю звярнулася жыхарка Магілёва: тэлефон яе 17-гадовага сына некалькі гадзін быў недаступны, а з дома зніклі ўсе сямейныя зберажэнні. Аператыўнікі хутка аднавілі ланцужок падзей.
Усё пачалося з паведамлення ў месенджары. Незнаёмка прадставілася супрацоўніцай паліклінікі і пад падставай удакладнення медыцынскіх даных распытала падлетка пра самаадчуванне, рост і вагу. Затым папрасіла назваць нумар тэлефона «для прывязкі да электроннай медыцынскай карты» і прадыктаваць код з SMS.
Неўзабаве юнаку патэлефанавалі нібыта з адзінага партала электронных паслуг. Паводле легенды, персанальныя даныя яго самога і бацькоў ужо выкарыстоўваюцца ў злачыннай схеме, а адзіны спосаб пазбегнуць крымінальнай адказнасці – «задэклараваць» усе наяўныя грошы, якія ёсць дома, і прывезці іх у Мінск.
Падлетак забраў сямейны сейф з 16 тысячамі рублёў і сеў у таксі да сталіцы. Па дарозе кіроўца звярнуў увагу на дзіўныя паводзіны пасажыра і паведаміў у міліцыю – менавіта гэта фактычна і ўратавала зберажэнні сям’і.
Паводле факта махлярства ўзбуджаная крымінальная справа. Следчыя ўстанаўліваюць усіх удзельнікаў злачыннай схемы.
Фота ілюстрацыйнага характару.
