«Мэр» Магілёва не паспявае адкрываць помнікі расійскім пабрацімам – сяброўства накаляецца

27 чэрвеня, у Дзень горада, у старшыні Магілёўскага гарвыканкама Сяргея Чарткова атрымаўся сапраўдны марафон цырымоній. За адзін дзень – тры адкрыцці, і ўсе тры прысвечаныя дружбе з расійскімі гарадамі-пабрацімамі.

Раніцай на пешаходнай Ленінскай – сквер «Яраслаўскі дворык» з дэлегацыяй, якая прыбыла з Яраслаўля. Праз некалькі гадзін – стэла Чалябінска на Алеі гарадоў-пабрацімаў каля гарвыканкама, якую адкрывалі разам з мэрам Чалябінска Аляксеем Лошкіным. Увечары – «Курган бессмяротнасці» ў Камсамольскім скверы, падарунак Бранска. У перапынку – канцэрт Цэнтральнага пагранічнага ансамбля ФСБ Расіі.

Тэмп цалкам зразумелы. Паводле афіцыйных даных гарвыканкама, у Магілёва 31 горад-пабрацім, і больш за два дзясяткі з іх знаходзяцца ў Расіі. Толькі за апошнія чатыры гады дадаліся Омск (2022), Грозны і Волагда (2023), Уладзівасток і Яраслаўль (2024), Чалябінск (2025) – больш, чым за ўсё папярэдняе дзесяцігоддзе.

Пасля 2022 года, калі пабрацімскія сувязі з заходнімі гарадамі фактычна замерлі, Магілёў стаў беларускай вітрынай «рэгіянальнай інтэграцыі» «саюзнай дзяржавы».

Праграма «Асноўных напрамкаў» на 2024-2026 гады проста прадпісвае нарошчваць міжмуніцыпальныя сувязі – цяпер яны матэрыялізуюцца ў скверах, стэлах і курганах з указальнікам «Расія».

Праблема ў Сяргея Чарткова ўжо хутчэй лагістычная. Алея гарадоў-пабрацімаў каля гарвыканкама запаўняецца вельмі хутка. Калі тэмп падпісанняў захаваецца, а пакуль падстаў тармазіць з сяброўствам няма, давядзецца або пашыраць алею, або адкрываць філіялы. І па прыкладзе яраслаўскага рабіць новыя «дворыкі»: чалябінскі, омскі, бранскі, грозненскі. Пешаходная Ленінская – вуліца не бязмежная.

На 2028 год ужо анансаваны ў адказ «Магілёўскі дворык» у Яраслаўлі, таму «бартарныя» абавязацельствы таксама назапашваюцца.

Жыхарам Магілёва застаецца пераглядаць ментальную карту горада: арыентавацца цяпер варта не толькі па знаёмых скрыжаваннях, але і па тым, які рэгіён Расійскай Федэрацыі сёння ў гасцях.

Фота «Магілёўскія ведамасці».