«Мэр» Магілёва не паспявае адкрываць помнікі расійскім пабрацімам – сяброўства накаляецца

27 чэрвеня, у Дзень горада, у старшыні Магілёўскага гарвыканкама Сяргея Чарткова атрымаўся сапраўдны марафон цырымоній. За адзін дзень – тры адкрыцці, і ўсе тры прысвечаныя дружбе з расійскімі гарадамі-пабрацімамі.

Раніцай на пешаходнай Ленінскай – сквер «Яраслаўскі дворык» з дэлегацыяй, якая прыбыла з Яраслаўля. Праз некалькі гадзін – стэла Чалябінска на Алеі гарадоў-пабрацімаў каля гарвыканкама, якую адкрывалі разам з мэрам Чалябінска Аляксеем Лошкіным. Увечары – «Курган бессмяротнасці» ў Камсамольскім скверы, падарунак Бранска. У перапынку – канцэрт Цэнтральнага пагранічнага ансамбля ФСБ Расіі.

Тэмп цалкам зразумелы. Паводле афіцыйных даных гарвыканкама, у Магілёва 31 горад-пабрацім, і больш за два дзясяткі з іх знаходзяцца ў Расіі. Толькі за апошнія чатыры гады дадаліся Омск (2022), Грозны і Волагда (2023), Уладзівасток і Яраслаўль (2024), Чалябінск (2025) – больш, чым за ўсё папярэдняе дзесяцігоддзе.

Пасля 2022 года, калі пабрацімскія сувязі з заходнімі гарадамі фактычна замерлі, Магілёў стаў беларускай вітрынай «рэгіянальнай інтэграцыі» «саюзнай дзяржавы».

Праграма «Асноўных напрамкаў» на 2024-2026 гады проста прадпісвае нарошчваць міжмуніцыпальныя сувязі – цяпер яны матэрыялізуюцца ў скверах, стэлах і курганах з указальнікам «Расія».

Праблема ў Сяргея Чарткова ўжо хутчэй лагістычная. Алея гарадоў-пабрацімаў каля гарвыканкама запаўняецца вельмі хутка. Калі тэмп падпісанняў захаваецца, а пакуль падстаў тармазіць з сяброўствам няма, давядзецца або пашыраць алею, або адкрываць філіялы. І па прыкладзе яраслаўскага рабіць новыя «дворыкі»: чалябінскі, омскі, бранскі, грозненскі. Пешаходная Ленінская – вуліца не бязмежная.

На 2028 год ужо анансаваны ў адказ «Магілёўскі дворык» у Яраслаўлі, таму «бартарныя» абавязацельствы таксама назапашваюцца.

Жыхарам Магілёва застаецца пераглядаць ментальную карту горада: арыентавацца цяпер варта не толькі па знаёмых скрыжаваннях, але і па тым, які рэгіён Расійскай Федэрацыі сёння ў гасцях.

Фота «Магілёўскія ведамасці».

Аддзяленне амбасады Расіі з’явіцца ў Магілёве

Дыппрадстаўніцтвы Расіі цяпер будуць у кожным абласным горадзе Беларусі.

“Упэўнены, што адкрыццё на тэрыторыі горада аддзялення пасольства Расійскай Федэрацыі дазволіць яшчэ мацней умацаваць нашы ўзаемаадносіны!” – адзначыў старшыня Магілёўскага гарвыканкама Сяргей Чарткоў на сустрэчы з дарадцам-пасланнікам амбасады Расіі ў Беларусі Уладзімірам Ваньке. Дзе будзе месціцца гэтае аддзяленне, пакуль яшчэ не вызначана.

Магілёўскі граданачальнік таксама пахваліўся тым, што ў Магілёва ўстаноўлены сяброўскія адносіны з 25 гарадамі Расіі, а за 2025 год тавараабарот з расійскімі рэгіёнамі амаль наблізіўся да адзнакі ў 100 млрд расійскіх рублёў.

Расійскі госць у сваю чаргу заявіў, што ў Расіі прыйшлі “да разумення, што ў кожным абласным цэнтры павінны быць нашы прадстаўніцтвы”. Так, акрамя амбасады ў Мінску, ёсць генеральныя консульствы ў Брэсце і Гродна. Падобныя да аддзялення ў Магілёве будут адкрытыя прадстаўніцтвы ў Віцебску і Гомелі.

Фотаздымак: mogilev.gov.by

Магілёўскі граданачальнік не ведае, што рабіць з паркам каля Святога возера

Старшыня Магілёўскага гарвыканкама Сяргей Чарткоў распісаўся ў няведанні, што рабіць з вартым жалю паркам каля Святога возера.

29 студзеня 2026 года прайшла сустрэча старшыні Магілёўскага гарвыканкама Магілёва Сяргея Чарткова з моладдзю з прамысловай сферы. Месцам сустрэчы быў абраны Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці.

Пасля таго, як Чаткоў пахваліўся тым, што ў Магілёве ў 2025 годзе, у прыватнасці, адрамантавалі амаль 300 тыс.м2 дарог і актыўна будуецца ўнутрыгарадская кальцавая дарога, ён паабяцаў, што сёлета адкрыецца новы падземны пераход, працягнецца масштабная змена аблічча Ленінскай вуліцы, а Святое возера ўжо амаль гатова стаць сучаснай зонай адпачынку.

Далей ад прысутных былі зададзеныя пытанні. Адно з якіх датычылася т.зв. парка 60-годдзя Вялікага Кастрычніка, ці, гаворачы нармальнай мовай – парка каля таго самага Святога возера. “Якія перспектывы ў парка 60-годдзя Кастрычніка?” – прагучала пытанне з залі.

Уцямнага адказу на такое пытанне Чарткоў не даў. “Перспектывы ёсць, але… рашаць будзеце вы!” – прызнаўшы уласную няздольнасць знайсці нейкае рашэнне па тэме парка, пачаў адказваць граданачальнік. “Давайце абвесцім конкурс ідэй – як магілёўцы бачаць гэта месца. Так што пачынайце фантазіраваць і прапаноўваць!” – пераклаў свае абавязкі лукашэнкаўскі прызначэнец на магілёўскае насельніцтва.

Праблемы парку пачаліся не ўчора. Закладзены ў 70-х гадах мінулага века як своеасаблівы прыродны шчыт супраць хімвалакноўскага забруджвання, ён ніколі не выконваў гэтую ролю. Бязглуздыя савецкія азеляніцелі пачалі саджаць дрэвы на былым тарфяніку, прысыпаным пясчанай глебай. У выніку за амаль 50 гадоў ніякіх магутных дубой-асілкаў ці высачэзных бяроз там не вырасла. Кволыя дрэвы сохнуць і на іх месцы праўладныя імітатары бурлівай дзейнасці ўторкваюць новыя саджанцы, якіх чакае такі ж самы лёс. Уласна ж парк пакрысе пачынае забудоўвацца – спачатку там з’явілася Магілёўская дзіцячая школа мастацтваў №3, потым касцёл Святога Антонія. 

Магчыма, парк каля Святога возера, які за амаль паўстагоддзя па-сапраўднаму так і не стаў паркам, у рэшце рэшт будзе па-просту забудаваны. А ўсё з-за таго, што фантазіі адносна яго перспектыў ў магілёўскай улады ніякіх няма.

Фотаздымак: ТГ “Магілёў – мой горад”

У Магілёве стварылі мабільныя групы для кантролю за скошваннем травы

Падрослая трава дала магілёўскім чыноўнікам новую нагоду для імітацыі бурлівай дзейнасці, бо цяпер можна стварыць спецыяльныя мабільныя групы для кантролю за гэтым працэсам.

Старшыня гарвыканкама Сяргей Чарткоў сабраў 3 чэрвеня 2025 года камунальнікаў, каб нагадаць: добраўпарадкаванне — справа сур’ёзная, хоць і не заўсёды патрабуе вялікіх капіталаўкладанняў, піша набліжаны да ўладаў горада тэлеграм-канал “Магілёў — мой горад”.

Асаблівы акцэнт зрабілі на скошванні травы, якое раптам стала справай дзяржаўнай важнасці. Недастаткова проста падстрыгчы газоны — цяпер за гэтым будуць сачыць мабільныя групы, створаныя ў Ленінскім і Кастрычніцкім раёнах. Магчыма, наступным крокам стане з’яўленне “спецыялістаў” па вымярэнні даўжыні травінак.

Мабільныя групы — гэта спецатрады паказнога клопату, якія патрулююць двары ў пошуках кустоў і газонаў, што ўхіляюцца ад добраўпарадкавання.

Працэс, безумоўна, важны. Асабліва калі трэба імітаваць актыўную дзейнасць без лішніх выдаткаў. Менавіта так выглядае сапраўдны магілёўскі падыход: калі не істотна, каб стала лепш — галоўнае, каб выглядала, быццам нехта заняты. І асабліва важна адлюстраваць гэта ў мясцовай прэсе — з 4 чэрвеня ў склад адной з мабільных груп увайдуць журналісты “Весніка Магілёва”.

Фотаздымак: “Магілёў — мой горад”