Функцыя праўладных прафсаюзаў – кантроль за гандлем

У Магілёве з пачатку года праўладныя прафсаюзы разгледзелі 11 скарг, датычных гандлю. 

Барацьба за правы працоўных не ўласціва Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Здараюцца, канечне, такія “прыкрыя” выпадкі, але, калі пазнаёміцца са зместам сайта Магілёўскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў, яны вельмі рэдкія, эпізадычныя і не прадстаўляюць нейкага трэнда.

Затое шмат інфармацыі пра турызм і т.зв. “народны кантроль”. Праўда, не зусім зразумела, які народ упаўнаважваў Федэрацыю прафсаюзаў займацца неўласцівымі для абаронцаў правоў працоўных функцыямі.

Так, ёсць у магілёўскіх прафсаюзаў грамадская прыёмная. З пачатку года яна сабрала ажно 11 скаргаў. Праўда, скаргі тычыліся не праблем з выкананнем працоўных праў, а праблем з правамі спажыўцоў. Навошта прафсаюзам абараняць правы спажыўцоў, калі ёсць, прынамсі, таварыства правоў спажыўцоў, адпаведныя дзяржаўныя структуры – невядома. Але для імітацыі бурлівай дзейнасці і нібыта запатрабаванасці ў сабе вельмі падыходзіць. 

“За кожнай з гэтых лічбаў канкрэтная жыццёвая сітуацыя: ад адсутнасці жытняга хлеба на паліцы да халадзільных камер без накрывак і несанкцыянаванага вулічнага гандлю. І за кожным зваротам – аператыўны выезд, перамовы, сумесныя маніторынгі з прадстаўнікамі ўлады”, – ганарліва распавядаюць праўладныя прафсаюзнікі пра сваю псеўдазначнасць.

Пра тое, што такая дзейнасць смеху вартая, мы ўжо пісалі ў артыкуле “Анекдот пра магілёўскі народны кантроль”. Але ўсё, насамрэч, не ўсё так смешна, бо высвечвае рэальны стан беларускай эканомікі, якая, насамрэч, ніякай рынкавай эканомікай не з’яўляецца і ніякай свабоды гандлю ў Беларусі няма. Сведчаннем чаго ёсць прыведзеныя ў прафсаюзнай нататцы прыклады.

“Адна з жыхарак Магілёва звярнулася са скаргай на адсутнасць у адным з гандлёвых аб’ектаў дзіцячага харчавання мясцовага вытворцы. Інспектары прафсаюзаў выязджалі ў краму, прыцягнулі аддзелы гандлю гарвыканкама і аблвыканкама. Загадчыца крамы патлумачыла: тавар заказвалі дадаткова, але ён аказаўся незапатрабаваным і сапсаваўся, тэрмін прыдатнасці ўсяго дзесяць сутак. Тым не менш пытанне было ўзята на кантроль, а пакупніку прапанавалі альтэрнатыўныя пазіцыі беларускіх вытворцаў. Іншы жыхар абласнога цэнтра паведаміў, што ў адной з крамаў гандлёвай сеткі немагчыма купіць палоўку хлеба. Адміністрацыя сеткі спаслалася на ўнутраныя санітарныя патрабаванні, але па выніках ўмяшання прафсаюзаў заказ паловак хлеба ў вытворцы быў павялічаны, патрэба пакупніка ўлічаная”, – пішуць імітатары клопату аб людзях.

“Мы шукаем рашэнне ў кожнай канкрэтнай сітуацыі. І гандлёвыя аб’екты, як правіла, ідуць насустрач, таму што разумеюць: задаволены пакупнік — гэта іх выгада”, – выказваюць прапісную ісціну прафсаюзнікі, тым самым пацвярджаючы, што гандлёвым аб’ектам у Беларусі гэты фактар увогуле нецікавы.

Фотаздымак: mogilev.1prof.by

Магілёўскія праўладныя прафсаюзы пранікліся мілітарызмам

Адсунуўшы абарону правоў чалавека на задні план, праўладныя прафсаюзы пачалі вучыць “абараняць Радзіму”.

У Магілёўскім каледжы будаўніцтва імя Старавойтава прафсаюзы правялі так званую дыялогавую пляцоўку, пра што паведамляе іх тэлеграм-канал. Тэмай гэтай пляцоўкі сталі не магчымыя парушэнні правоў будучых будаўнікоў пры паступленні на працу, і не спосабы барацьбы за працоўныя правы. У цэнтры ўвагі была служба і патрыятызм.

“Задача прафсаюза – не толькі абараняць працоўныя правы, але і выхоўваць, дапамагаць маладым людзям свядома падрыхтавацца да абароны Радзімы», – адзначыў старшыня абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў будаўніцтва Аляксандр Лісоўскі.

Зразумела, што весці такую падрыхтоўку без вайскоўцаў у цяперашняй Беларусі вельмі цяжка. Таму свае здольнасці будучым прадстаўнікам мірнай прафесіі будаўнікоў паказвалі спецназаўцы з Беларускай асацыяцыі ветэранаў падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння войск МУС “Гонар”, байцы атрада спецыяльнага прызначэння “Гром” пры падтрымцы вайскавой часткі 6713.

прафсаюзы

Без рытуальнага наведвання мемарыяльнага комплекса “Буйніцкае поле” і Музея славы Магілёўшчыны пры такой мілітарысцкай апрацоўцы будучых будаўнікоў, зразумела, не абыйшлося. Праўладныя прафсаюзнікі абяцаюць рабіць такія “дыялогавыя пляцоўкі” рэгулярнымі.

Фотаздымак: ТГ “Прафсаюзы Магілёўшчыны”

Магілёўская дзяржаўныя прафсаюзы хваляцца выбуховым ростам экскурсій

Паколькі барацьба за працоўныя правы не ў прыярытэце для праўладных прафсаюзаў, яны актыўна развіваюць турыстычную дзейнасць.

Як адзначаецца на сайце Магілёўскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў, за першыя дзесяць месяцаў 2025 года Магілёўская абласная арганізацыя прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму паставіла рэкорд па колькасці турысцка-экскурсійных паездак для сваіх сябраў.
Агульны лік за студзень-кастрычнік 2025 года дасягнуў ажно 133 праведзеных мерапрыемстваў. Сярод іх найбольшая колькасць – 92 экскурсіі – дзякуючы супрацы з прадпрыемствам “Магілёўтурыст”, якое мае дачыненне да туркампаніі “Беларустурыст”, якая ў сваю чаргу рэкламуецца на сайце Федэрацыі прафсаюзаў. 

У параўнанні з усім 2024 годам рост такой бесканкурэнтнай супрацы з афіляванай з праўладнымі прафсаюзамі туркампаніяй аказаўся больш чым 10-разовым – тады было ўсяго 9 выездаў. І гэта толькі ў прафсаюзнай арганізацыі работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму. Усяго ж галіновых прафсаюзных арганізацыі ў сістэме Магілёўскага аб’яднання прафсаюзаў – 14

Пры такім выбуховым росце турпаездак, кожнаму галіноваму прафсаюзу варта задумацца пра стварэнне уласнай туркампаніі. Першапачатковы капітал для гэтага  ўжо ёсць – прафсаюзныя ўзносы.