У Чэрыкаве дрэнна ўтрымліваюць землі і не ўлічваюць пустыя дамы

Магілёўскі КДК знайшоў парушэнні ва ўтрыманні зямель і аб’ектаў Чэрыкаўскага раёна.

Камітэт дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці ў Чэрыкаўскім раёне выявіў шэраг недахопаў, якія датычацца навядзення парадку на зямлі.

Кантралёры знайшлі больш за 50 гектараў незадзейнічаных у гаспадарчым абароце зямель, 20 аварыйных аб’ектаў, звалкі бытавога і будаўнічага смецця, 43 пустыя дамы, не ўнесеныя ў рэестр.

Акрамя таго, кантралёрамі «ўстаноўлены недахопы ў рабоце з дзяржаўнай маёмасцю, арэндным жылым фондам, пры разглядзе зваротаў грамадзян і іншае».

Калі ўжо нават з «іншым» чыноўнікі Чэрыкава справіцца не змаглі, то чакаць ад іх перамог над «гэтым», відаць, не варта.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Тэмпы росту вытворчасці зафіксаваны ў крычаўскага УКПП «Камунальнік»

Сумна вядомы крычаўскі «Камунальнік» нечакана аказаўся перадавым прадпрыемствам – прадпрыемства нарасціла тэмпы росту вытворчасці.

Яшчэ зусім нядаўна пралікі УКПП «Камунальнік» разглядала нават раённая газета. Прадпрыемства не крытыкаваў толькі лянівы – за праблемы з ацяпленнем, уборкай снегу і вывазам смецця. 

Аказалася, што пры ўсім гэтым «Камунальніку» ўдалося павысіць тэмпы росту вытворчасці – да 105,2 працэнта ў параўнанні з 2024 годам.

Разам з тым у 2025 годзе «Камунальнік» незаконна атрымаў больш за 600 тысяч рублёў бюджэтных сродкаў і спрабаваў правесці закупку на 2,4 мільёна рублёў, якую КДК прызнаў незаконнай.

Тым не менш у каментарыях крычаўскіх карыстальнікаў «Тік-тока» прыкметная цікавая тэндэнцыя – людзі абараняюць дырэктара прадпрыемства Мікіту Іноземцава.

Ёсць верагоднасць, што малады і энергічны кіраўнік аказаўся не да спадобы старой крычаўскай гвардыі – «дэпутатам-кандыдатам» усіх магчымых скліканняў.

Фота раённай газеты.

На Магілёўшчыне дрэнныя фермеры і добрыя ўлады

Камітэт дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці высветліў, чаму праз трыццаць гадоў фермерства на Магілёўшчыне буксуе.

Закону аб сялянскіх гаспадарках у Беларусі ўжо больш за трыццаць гадоў. У 1991 годзе на яго ўскладалі вялікія надзеі. Аднак праз тры дзесяцігоддзі доля фермераў у агульным аб’ёме сельскагаспадарчай вытворчасці па-ранейшаму мізэрная – за 2024 год усяго 2,9 працэнта. 

Чаму фермерства дагэтуль не стала паўнавартаснай галіной і ў чым прычыны, асабліва ў Магілёўскай вобласці, спрабаваў разабрацца КДК рэгіёна.

Сацыялогія нібыта абнадзейвае: амаль 90 працэнтаў жыхароў Магілёўскай вобласці лічаць фермераў працавітымі, практычнымі і ініцыятыўнымі. Ім давяраюць як вытворцам якаснай прадукцыі. Аднак існуе шмат «але».

Фермеры хочуць роўных умоў, а КДК – больш гною

Як лічыць дырэктар абласнога Саюза фермераў Мікалай Шпакаў, асноўныя праблемы сялянскіх гаспадарак застаюцца ранейшымі:

  • мінеральныя ўгнаенні фермерам выдзяляюць па рэшткавым прынцыпе;
  • рэалізаваць ураджай наўпрост складана з-за слабой інфраструктуры;
  • востра не хапае рабочых рук;
  • мясцовыя ўлады не заўсёды ідуць насустрач і слаба ўзаемадзейнічаюць з КФГ.

Прасцей кажучы, спачатку ўсімі пералічанымі дабротамі ўлады спрабуюць забяспечыць свае стратныя калгасы, а фермерам дастаецца тое, што застаецца – нічога.

КДК абвінавачвае фермераў у тым, што яны амаль не займаюцца жывёлагадоўляй, і праз гэта няма арганікі для ўгнаення палёў.

У 2024 годзе фермеры Магілёўскай вобласці ўнеслі ў сем разоў менш арганічных угнаенняў, чым належыць. Мінеральных угнаенняў – на трэць менш, чым буйныя гаспадаркі. Вынік – знясіленне глебаў і нізкая ўраджайнасць: з гектара ў сярэднім збіраюць у 1,6 раза менш прадукцыі, чым у дзяржаўных арганізацыях.

Ключавое слова тут – «належыць». Ды і поспехі дзяржаўных арганізацый з іх масіраванай падтрымкай настолькі сціплыя, што наўрад ці іх можна ставіць у прыклад.

Як выйсце: фермерства – толькі шырма

Камітэт дзяржаўнага кантролю зафіксаваў дзясяткі выпадкаў, калі КФГ фактычна не вялі сельскагаспадарчай дзейнасці, але карысталіся ўсімі прадугледжанымі для фермераў ільготамі. Паводле вынікаў праверкі, чвэрць буйных КФГ атрымліваюць выручку зусім не з палёў, а з пабочнага бізнесу – ад лесанарыхтовак, грузаперавозак, арэнды і нават правядзення карпаратываў.

У Быхаўскім раёне фермерская гаспадарка зарабіла 1,8 мільёна рублёў, аказваючы выключна лесагаспадарчыя паслугі. У іншым выпадку прадпрымальнік закупляў бульбу ў вытворцаў і перапрадаў яе з нацэнкай, удвая большай за дазволеную.

Парушэнні тычацца і падатковай справаздачнасці. У Асіповіцкім раёне кіраўнік КФГ выплачваў заробкі праз падстаўнога ІП, заніжаючы выручку. У Касцюковічах кіраўнік гаспадаркі пяць гадоў запар прадаваў прадукцыю за наяўныя, не адлюстроўваючы здзелкі ў справаздачах – толькі бульбы было рэалізавана на 3 мільёны рублёў. У Івацэвіцкім раёне прадукцыя афармлялася як прыватныя продажы, каб атрымаць з бюджэту надбаўкі – 27 тысяч рублёў. У некаторых выпадках узбуджаныя крымінальныя справы.

Ключавыя ініцыятывы КДК – зноў адміністрацыйныя

Камітэт дзяржаўнага кантролю прапанаваў «аздаравіць» фермерскі сектар. Сярод ключавых ініцыятыў:

  • абнаўленне закона аб сялянскіх гаспадарках з магчымасцю ліквідацыі непрацуючых КФГ;
  • перагляд падатковых ільгот: прымяняць іх толькі да выручкі ад сельскагаспадарчай вытворчасці;
  • кантроль за дзяржаўнай падтрымкай і новыя механізмы яе прадастаўлення;
  • стымулы для жывёлагадоўлі і прыярытэтных напрамкаў;
  • ўцягванне буйных КФГ у рэалізацыю сацыяльных праектаў;
  • жорсткае захаванне патрабаванняў па захаванні ўрадлівасці зямель.

Лукашэнка ўжо падтрымаў гэтыя прапановы. Урад і аблвыканкамы атрымалі даручэнне ліквідаваць выяўленыя праблемы. Лічыцца, што справа зрушылася з месца.

Гэтым граблям ужо трыццаць гадоў

Меры, якія выглядаюць разумнымі – гэта тыя самыя граблі, на якія Беларусь наступае ўжо трыццаць гадоў. Наўрад ці яны прывядуць да кардынальных зменаў.

Фермерства як форма прыватнага прадпрымальніцтва патрабуе рынкавай логікі, мінімальнага дзяржаўнага ўмяшання і свабоды распараджацца вынікамі сваёй працы.

Сялянства – усё ж разнавіднасць капіталізму, і яно не можа развівацца ў краіне з планавай, сацыялістычнай эканомікай.

І пакуль улады будуць адміністрыраваць дзейнасць фермераў, тыя будуць займацца чым заўгодна – ад перавозак да арэнды, ад гандлю лесам да арганізацыі карпаратываў, але не фермерствам як такім.

Фота: “Беларусь сегодня”.

Чыноўнікам Магілёўскай вобласці не дазволілі «распілаваць» бюджэт

У пяці раёнах Магілёўшчыны былі аплачаны работы, якія не выконваліся.

Магілёўшчына, як заўсёды, на сваёй хвалі. Улады рапартуюць пра работы, якія і не думаюць выконваць, бяруць пад іх грошы з бюджэту, а потым Камітэт дзяржаўнага кантролю ўстанаўлівае, што выяўлены парушэнні.

Кантралёры КДК Магілёўскай вобласці праверылі тое, як у пяці раёнах рэгіёна выконваецца даручэнне Лукашэнкі па зносе невыкарыстоўваемых аб’ектаў сельгасарганізацый, і ўстанавілі, што пры зносе 35 невыкарыстоўваемых будынкаў за кошт бюджэту былі аплачаны работы, якія не выконваліся. Такім чынам «было выдаткавана» больш за 250 тысяч бюджэтных  рублёў.

Акрамя таго, выяўлены выпадкі, калі з-за невывезеных будаўнічых адходаў вызваленыя землі не рэкультываваліся і не ўцягваліся ў гаспадарчы абарот.

Грашовыя сродкі ў поўным аб’ёме вернуты ў бюджэт, участкі вызвалены ад будаўнічага смецця.

І на гэтым чарговая гісторыя з спробай «распілу» бюджэту скончылася. Шкада, што няма статыстыкі, прысвечанай таму, колькі бюджэтных грошай стаўленікам Лукашэнкі ўдалося ўнесці ў дзюбах.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Завышэнне коштаў выяўлена ў глыбінцы і ў Магілёве

КДК праверыў крамы Краснапольшчыны і абласны рынак – парушэнні паўсюль.

У прыватнай краме Краснапольшчыны кантралёры абласнога КДК устанавілі завышэнне гандлёвых надбавак на непрадуктовыя тавары ў 1,2 раза.

Прадпрымальнікі ў Краснаполлі не толькі завышалі ў 3,8 раза надбаўкі на гародніну і садавіну, але і гандлявалі антыабледзяняльнікам, не маючы на яго дазвольных дакументаў.

Гандляры на рынку ў абласным цэнтры завышалі надбаўкі на:

імпартныя памідоры – 37 і 44 працэнты замест дазволеных 15 працэнтаў;

айчынныя агуркі – 38 працэнтаў замест дазволеных 30 працэнтаў.

Цэны прыведзены ў адпаведнасць з заканадаўствам.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

У Крычаве пастаянна ўзнагароджваюць «дэпутатку», месца якой – на лаве падсудных

Начальніца планава-эканамічнага аддзела крычаўскага «Камунальніка» ўшанавана чарговай граматай за «вялікі асабісты ўклад», у той час як усе яе «заслугі» ўяўляюць вузка-судовы інтарэс.

Штатную «дэпутатку» Крычава Святлану Галаўнёву ўзнагароджваюць пастаянна. У пачатку 2023 года яна атрымала падзячны ліст абласнога «савета дэпутатаў», які падзякаваў начальніцу планава-эканамічнага аддзела УКПП «Камунальнік» «за шматгадовую і добрасумленную працу».

У канцы 2025 года Святлана Аляксандраўна зноў была адзначана. На гэты раз яна атрымала падзякі Магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых саветаў дэпутатаў. Падстава – актыўная і плённая “дэпутацкая” і грамадская дзейнасць.

Фармулёўкі толькі на першы погляд здаюцца абцякальнымі. На самай справе Галаўнёва вельмі карысная – і тым, што па родзе службы асабліва нікуды не лезе, і тым, што заўсёды гатовая сфальсіфікаваць выбары любога ўзроўню.

Уласна кажучы, справа нават не ў Галаўнёвай. Проста на яе прыкладзе лёгка ўбачыць, наколькі нахабна, ужо нічога не саромеючыся, улады Беларусі дэманструюць народу, што ад яго меркавання нічога не залежыць.

Прыклад. У 2019 годзе начальніцу аддзела «Камунальніка» вылучыў у выбарчую камісію працоўны калектыў прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Крычаўскім раёне, які, відавочна, добра ведаў пра заслугі Галаўнёвай.

А вось вынікі галасаванняў 2020, 2022 і 2025 гадоў Святлана Галаўнёва падрабляла ўжо ў статусе старшыні ўчастковых выбарчых камісій.

А як жа ўсё ж-такі з заслугамі Галаўнёвай на яе асноўнай пасадзе?

Пра іх сказана ў зводках абласнога Камітэта дзяржаўнага кантролю:

Пры жаданні, спіс ашуканстваў крычаўскага УКПП «Камунальнік» можна працягваць. Ці магла начальніца ПЭА не ведаць пра тое, што адбываецца на яе прадпрыемстве?  На жаль, ведала і ўдзельнічала ў фінансавых махінацыях з такім жа імпэтам, з якім фальсіфікавала волевыяўленне крычаўскіх выбарцаў.

Фота раённай газеты «Крычаўскае жыццё».

Калгасам Магілёўшчыны новыя землі не патрэбны – са старымі б разабрацца

КДК Магілёўскай вобласці выявіў нежаданне прадпрыемстваў АПК уцягваць землі ў абарот і скажэнне аператыўнай справаздачнасці.

Меліяраваныя землі “не выкарыстоўваюцца з-за бяздзейнасці сельгасарганізацый-землекарыстальнікаў” – да такой сумнай высновы прыйшлі кантралёры магілёўскага КДК.

Так, меліяраваныя ў 2023 годзе землі ААТ «Мірны-Агра» Чаўскага раёна зараслi пустазеллем, а ў СПК «Гігант» Бабруйскага раёна з 2024 года не ўцягнута ў сельскагаспадарчы абарот больш за 100 гектараў зямель пасля правядзення культуртэхнічнай меліярацыі на меліярацыйнай сістэме «Ала».

За нелюбоў да сістэмы “Ала” у прыватнасці і да выкарыстання меліяраваных зямель у цэлым, да адказнасці прыцягнута сем чалавек.

Работа актывізавана, але… Калі калгасы ўцягваюць землі ў абарот толькі пад прымусам, то гэта значыць, што яны не надта ў іх маюць патрэбу. 

Падобна на тое, што новыя землі сельгаспрадпрыемствам Магілёўскай вобласці і задарма не цікавыя – ім бы са старымі разабрацца. Вось такая актывізацыя па-лукашэнкаўску.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Прадпрыемства ў Магілёве выкупіла б/у пагрузчык на 35% даражэй за новы

Магілёўскае прадпрыемства выкупіла ў арэндадаўца стары электрапагрузчык на 35 працэнтаў даражэй за кошт новага аналага.  І гэта не адзінкавы выпадак.

Камітэт дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці выяўляе чарговыя факты «эканамічна немэтазгодных» выдаткаў з боку дзяржаўных прадпрыемстваў.

Вось толькі два прыклады:

  • выдаткі аднаго з прадпрыемстваў на выкарыстанне арэнднага экскаватара за паўтара года перавысілі 335 тысяч рублёў – сумы, якой з лішкам хапіла б на набыццё новага экскаватара;
  • іншае прадпрыемства пасля двух гадоў арэнды выкупіла ў арэндадаўца электрапагрузчык на 35 працэнтаў даражэй за кошт новага пагрузчыка.

Матэрыялы кантролю будуць ацэнены з пункту гледжання закону, але нават без юрыдычнай ацэнкі зразумела: дзяржаўная ўласнасць, пра якую так клапоцяцца беларускія ўлады – далёка не найлепшы спосаб дасягнення эканамічнага дабрабыту.

Прызначаных зверху «моцных гаспадарнікаў» так і цягне ці проста прамарнаваць сродкі, ці ўвязацца ў мутную здзелку, ці банальна нешта скрасці.

Фотоа іллюстратыўнага характара з адкрытых крыніц.

Крычаўскія камунальнікі працуюць толькі пасля ўмяшання КДК

Калі б не ўмяшанне Камітэта дзяржкантроля, заяўкі грамадзян на выпраўленне камунальных праблем у Крычаўскім раёне дагэтуль не былі б выкананыя.

Тры месяцы спатрэбілася крычаўскім камунальнікам на замену няспраўнага газавага катла ў арэндным жыллі ў аграгарадку Бель-1. Уладальніца жылля звярнулася ва УКПП “Камунальнік” яшчэ ў чэрвені гэтага года з просьбай замяніць непрацуючае абсталяванне, паведамляе КДК Беларусі. Тры месяцы заява ляжала на сталах камунальных чыноўнікаў, пакуль яны нібыта ніяк не маглі ўзгадніць з аблвыканкамам пытанне фінансавання замены няспраўнага катла.

Калі да крычаўскіх камунальнікаў прыйшоў КДК з чарговай праверкай, ён выявіў факт такой валакіты і толькі тады работнікі “Камунальніка” хуценька падрыхтавалі пакет дакументаў у аблвыканкам, і новы кацёл был пастаўлены да пачатку ацяпляльнага сезона.

Таксама КДК выявіў, што камунальнікі праігнаравалі заяву жыхара Крычава, які прасіў ліквідаваць шчыліны на фасадзе дома, што засталіся пасля рамонта. Таксама пасля таго рамонту парушылася цеплаізаляцыя дома. Камунальнікі толькі далі адпіску, што нібыта ўсё ў парадку. І толькі пасля ўмяшання Дзяржкантроля паслярамонтныя недахопы былі ліквідаваныя.

У выніку такой працы пяцёра службовых асоб “Камунальніка” былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці.

Фотаздымак: krichev-jkh.by

У крамах Магілёўшчыны зноў пратэрміноўка і завышэнне цэн

Шэраг парушэнняў выяўлены КДК у гандлёвых аб’ектах Бабруйска, Касцюковіцкага і Хоцімскага раёнаў.

Кантралёры КДК Магілёўскай вобласці праверылі гандлёвыя аб’екты і выявілі шэраг парушэнняў:

  • у трох гандлёвых аб’ектах ІП горада Бабруйска дапушчана завышэнне цэн больш чым на 30 найменняў харчовых тавараў;
  • на некаторыя тавары адсутнічалі дакументы, што пацвярджаюць іх набыццё, якасць і бяспеку;
  • у двух гандлёвых аб’ектах (Касцюковічы і Хоцімск) выяўлены тавары з пратэрмінаваным тэрмінам прыдатнасці на суму больш за 270 рублёў;
  • выяўлены факты неабгрунтаванага спагнання платы за спажывецкую ўпакоўку не ўпакаваных вытворцам тавараў.

Сітуацыя, увогуле, не новая. Хочацца толькі адзначыць, што, распавядаючы пра праверку, дзяржаўнае СМІ зрабіла акцэнт на парушэннях, дапушчаных індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Не вельмі верыцца, што ў крамах аблспажыўсаюза, які знаходзіцца пад абаронай уладаў, парушэнні ўжо выкаранены.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.